КРОС ((Kross) Яан) (н. 19.2.1920, Талін),

эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1971). Нар. пісьменнік Эстоніі (1985). Скончыў Тартускі ун-т (1944). Друкуецца з 1938. Аўтар зб-каў паэзіі «Абагачальнік вугалю» (1958), «Каменныя скрыпкі» (1964), «Цудоўныя справы вяршыць дождж» (1969), «Паток і трохзубец» (1971), якім уласцівы інтэлектуалізм, вострае адчуванне дыялектыкі жыцця. У тэтралогіі «Паміж трыма пошасцямі» (1970—80), раманах «Нябесны камень» (1973), «Імператарскі вар’ят» (1978), «Ракверэскі раман» (1981), «Раскопкі» (1990) гісторыя Эстоніі падаецца ў сац.-філас. і маральна-этычным плане. Пераклаў на эст. мову творы Я.Купалы, Г.Гейнэ, Ф.Шылера, А.Грыбаедава. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.Базарэвіч, А.Вольскі. Прэмія Эстоніі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1982.

Я.Крос.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕР ((Cooper) Леон Нейл) (н. 28.2.1930, г. Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1975). Скончыў Калумбійскі ун-т (1951). З 1958 ва ун-це Браўна ў г. Провідэнс (з 1962 праф.), дырэктар Ін-та мозга і нейронных сістэм гэтага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, звышправоднасці, нейронных сетках, біял. асновах памяці і навучання. У 1956 адкрыў з’яву ўтварэння электронных пар у металах (Купера эфект). У 1957 разам з Дж.Бардзіным і Дж.Р.Шрыферам стварыў мікраскапічную тэорыю звышправоднасці (тэорыя Бардзіна—Купера—Шрыфера). Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Рус. пер. — Физика для всех. Т. 1—2. М., 1973—74.

М.М.Касцюковіч.

Л.Купер.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТА́НІЧ (Вольга) (сапр. Мешчаракова Вольга Іванаўна; н. 6.3.1963, г. Качканар Свярдлоўскай вобл., Расія),

бел. пісьменніца. Скончыла Гомельскі ун-т (1987). Працавала ў выд-ве «Мастацкая літаратура», на Бел. радыё, з 1998 у штотыднёвіку «7 дней». Друкуецца з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. У цэнтры твораў вобраз жанчыны-сучасніцы з яе рамантызмам, самаахвярнасцю, філас. асэнсаваннем рэчаіснасці: паэт. зб-кі «Птушыным шляхам» (1990), «Начное сонца» (1994), аповесці «Эдэм пачынаецца летам» (1995), «Па вузкай дарозе ў цесную браму» (1997), апавяданні «Казка пра сяржанта Міхасёва», «Пакіньце яго плакаць», «У прымрак самоты, у звабны адчай...». Аўтар п’есы «Ружы для чужога кахання» (1995), публіцыст. артыкулаў, эсэ.

Т.Р.Ермаковіч.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАГА,

старажытнарускі горад на р. Волхаў (цяпер с. Старая Л. Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл.). Згадваецца ў рус. летапісах і скандынаўскіх сагах. Да 10 ст. апорны пункт на шляху «з варагаў у грэкі», у 11—15 ст. крэпасць і рамесна-гандл- цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі, з 1478 — Маскоўскага вялікага княства. Эканам. значэнне страціла пасля буд-ва паўн. порта ў Архангельску, ваеннае захоўвала да 17 ст. У 1703 Пётр I перанёс горад у вусце Волхава (Новая Л.). На месцы стараж. Л. захаваліся рэшткі землянога вала, каменнай крэпасці, тры царквы 12—15 ст. з фрагментамі фрэсак. Раскопкі вядуцца з 1880-х г.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХТ ((Laht) Уна) (н. 30.4.1924, г. Валга, Эстонія),

эстонскі пісьменнік. Зб-кам сатыр. вершаў «Малочныя зубы» (1954), «Запламбаваныя малочныя зубы» (1956), «Вэнджаныя вугры і росныя ружы» (1960), «Мая родная даматканая глуш» (1973), «Ружовы шум» (1981) і інш. уласцівы актуальнасць тэматыкі і сатыр. вастрыня. Аўтар зб-каў гумарэсак і фельетонаў «Літаратурныя пародыі» (1969), навел «Ліквідацыя бардэля» (1974), прозы «На падножным корме» (1982), у якіх своеасабліва спалучаны сатыр. і рамант. элементы, п’ес. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў У.Шахавец.

Тв.:

Рус. пер. — Соленый огурец. М., 1956;

В одном лице. М., 1960;

Банановый корабль в сиреневом тумане, и другое — с мягким прибалтийским акцентом. Таллин, 1985.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),

старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучаснікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».

Тв.:

Рус. пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.

т. 9, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАК ((Leacock) Стывен Батлер) (30.12. 1869, Суонмур, Вялікабрытанія — 28.3.1944),

канадскі пісьменнік-гумарыст. Д-р філасофіі (1903). Скончыў ун-ты ў Таронта (1891) і Чыкага (1903). У 1903 праф. ун-та ў Манрэалі. Пісаў на англ. мове. Дэбютаваў зб. гумарыстычных апавяд. «Літаратурныя ляпсусы» (1910). У зб-ках «Абсурдныя навелы» (1911), «Вясёлыя гісторыі пра маленькі гарадок» (1912), «Вар’яцкія выдумкі» (1918), «Гогенцолерны ў Амерыцы» (1919), «Парад смеху» (1940) высмейванне ўласцівых чалавеку заган з элементамі сац. крытыкі. Аўтар літ.знаўчых прац «Ч.Дзікенс, яго жыццё і творчасць» (1933), «Гумар і чалавецтва» (1937) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Юмористические рассказы. М.; Л., 1967;

Как стать миллионером. М., 1991.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Аляксандр Юзаф) (каля 1575—1616),

военачальнік ВКЛ, стваральнік лёгкай нерэгулярнай кавалерыі — лісоўчыкаў. Вайсковую службу пачаў пад камандаваннем Я.Патоцкага, удзельнічаў у кампаніі 1599—1600 супраць валашскага гаспадара Міхала, у Кірхгольмскай бітве 1605 са шведамі. У 1607 далучыўся да войска Лжэдзмітрыя II. На чале данскіх казакоў рабіў рэйды па тэр. Расіі, захапіў Разань, Суздаль, Каломну і інш. Пад камандаваннем Я.П.Сапегі ўдзельнічаў у аблозе Масквы і Троіца-Сергіевай лаўры. Пасля паражэння Лжэдзмітрыя II на службе ў Жыгімонта III, удзельнічаў у зняцці аблогі рус. войск са Смаленска ў 1614—15, у 1615 арганізаваў паход у Северскія землі. За ўдалыя вайсковыя аперацыі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.

У.М.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Ніко) (Мікалай Мерабавіч; 29.9.1880, с. Чунешы, Грузія — 25.5.1944),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Горную акадэмію ў Леобене (Аўстрыя; 1907). У творчасці імкнуўся асэнсаваць праблемы гісторыі і сучаснасці. Яго апавяданні і аповесці вылучаюцца майстэрствам стварэння вобразаў, перадачай духу эпохі: «Рыцары», «Грозны валадар» (абедзве 1912), «Ліхалецце» (1914—19) і інш. Гісторыка-рэв. аповесць «З сцежак на рэйкі» (1928) пра барацьбу груз. народа ў 1905—07. Аповесці «Непакорныя» (1943) і «Вяртанне былога палоннага» (1944) пра Вял. Айч. вайну. Аўтар цыкла навел «Разбураныя гнёзды» (1916), аповесці «Скульптар» (1936) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — С тропинок на рельсы: Повести и рассказы. М., 1981.

Літ.:

Жгенти В. Н.Лордкипанидзе. Тбилиси, 1958.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ХВІЦКАЯ (Міра) (Марыя) Аляксандраўна (1.12.1869, С.-Пецярбург — 9.9.1905),

руская паэтэса. Сястра Н.А.Тэфі. Скончыла Аляксандраўскі ін-т (1888) у Маскве. Друкавалася з 1888. Першы зб. «Вершы» (1896; Пушкінская прэмія АН). Асн. тэма творчасці — каханне. Лірыцы Л. уласцівы культ прыгажосці, апяванне свабоднага пачуцця, экзатызм, цікавасць да фальклору, легенды, міфа. Аўтар драм. паэм «Два словы», «На шляху да Усходу», «Вандэлін», «In nomine Domini» («У імя Бога», усе 1900—04) і інш. на сярэдневяковыя і біблейскія тэмы. Многія яе вершы пакладзены на музыку Р.Гліэрам, С.Танеевым і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—5. М.; СПб., 1896—1904;

у кн.: Царицы муз: Рус. поэтессы XIX — нач. XX вв. М., 1989.

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)