сістэма заканадаўчых, арганізацыйных і санітарна-тэхн. мерапрыемстваў па прадухіленні забруджвання навакольнага асяроддзя і абмежаванні ўздзеяння неспрыяльных фактараў асяроддзя на здароўе насельніцтва. На Беларусі праблемамі С.а. займаюцца Мін-ва аховы здароўя, санітарна-эпідэміялагічная служба і яе падраздзяленні, Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш. Вядзецца сацыяльна-гігіенічны маніторынг, у т. л. назіранні за выкідамі шкодных прамысл. рэчываў. Даюцца рэкамендацыі па рацыянальным размяшчэнні прадпрыемстваў, укараненні неабходных тэхналогій, дапушчальнай колькасці ў навакольным асяроддзі прамысл. выкідаў і інш. Пытанні С.а. рэгламентуюць: Кодэкс Беларусі аб зямлі (1990), законы «Аб ахове атмасфернага паветра» (1981), «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва» (2000) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГРЭГА́ЦЫЯ (ад позналац. segregatio аддзяленне),
палітыка прымусовага аддзялення груп насельніцтва па расавых або этнічных прыкметах; адна з форм расавай дыскрымінацыі. Існавала ў шэрагу краін (ЗША, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі і інш.) да 2-й пал. 20 ст. ў адносінах да «каляровага» нас. (эмігрантаў, карэнных жыхароў і інш.). Практыкавалася забарона жыць у адных раёнах горада з «белым» насельніцтвам, наведваць прызначаныя для «белых» школы, тэатры, бальніцы, гасцініцы і г.д., карыстацца адным транспартам. У наш час С. спынена як палітыка, што супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, Статуту ААН, Міжнар. канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Міжнар. пактам аб правах чалавека, Міжнар. канвенцыі аб спыненні апартэіду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́ЕР Юрый Фёдаравіч (17.1.1890, Кіеў — 3.8.1971),
расійскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1919). З 1916 артыст аркестра, у 1923—63 дырыжор балетных спектакляў у Вял. т-ры ў Маскве. Удзельнічаў у пастаноўках балетаў: «Чырвоны мак» (1927; з 1957 пад назвай «Чырвоная кветка») і «Медны коннік» (1949) Р.Гліэра, «Полымя Парыжа» (1933) і «Бахчысарайскі фантан» (1936) Б.Асаф’ева, «Дон Кіхот» (1940) Л.Мінкуса, «Папялушка» (1945) і «Рамэо і Джульета» (1946) С.Пракоф’ева, «Гаянэ» (1957), «Спартак» (1958) А.Хачатурана. Аўтар кн. «Аб сабе, аб музыцы, аб балеце» (1970). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1947, 1950.