МУ́РАМА,
роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.
т. 11, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКАВІ́Т (англ. muscovite ад Muscovy Масковія — стараж назва Расіі, адкуль М. быў завезены ў краіны Еўропы),
мінерал групы слюд, складаны гідраксідалюмасілікат калію, KAl2[AlSi3O10](OH, F)2. Крышталізуецца ў манакліннай, зрэдку трыганальнай сінганіях. Утварае кароткаслупкаватыя і пласціністыя крышталі, ліставатыя, лускаватыя і інш. агрэгаты. У тонкіх пласцінах бясколерны, у больш тоўстых набывае шэрае, ружаватае, жаўтаватае, зеленаватае адценні. Бляск шкляны, на плоскасцях спайнасці перламутравы і серабрысты. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см5. Магматычнага і метамарфічнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў буд., хім., гумаватэхн., фарфоравай, электра- і радыёпрамысловасці.
т. 11, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЭ́ЖКА (Віктар Іванавіч) (н. 28.7.1937, с. Кольгенфельд Растоўскай вобл., Расія),
расійскі кінасцэнарыст. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Укр. паліграф. ін-т (1961), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1968). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Добры дзень і бывай!» (1973), «Вас чакае грамадзянка Ніканорава», «Багна» (абодва 1978, апошні з Р.Чухраем), «Радня», «Палёты ў сне і наяве» (абодва 1982, за апошні Дзярж. прэмія СССР 1987), «Курачка Раба» (1994) і інш., у якіх узнімаюцца маральныя праблемы сучаснасці, узаемадзеяння грамадства і асобы. Яны адметныя спалучэннем драм., эксцэнтрычных і лірыка-камічных элементаў.
В.А.Войніч.
т. 11, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА, Мяшчора. У цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны, паміж рэкамі Клязьма (на Пн), Масква (на ПдЗ), Ака (на Пд), Судагда і Колп (на У), у межах Маскоўскай, Уладзімірскай і Разанскай абл. Расіі. Алювіяльна-зандравая плоская раўніна (выш. 80—130 м на Пд, 120—130 м на Пн). Складзена з водна-ледавіковых і рачных пяскоў і суглінкаў. Рэкі — Бужа, Цна, Поля, Гусь, Пра і інш. Шмат азёр (Шатурскія, Спас-Клепікаўскія) і балот (Шатурскія, Тугалескі Бор, Гусеўскія і інш.). Мяшаныя лясы, на пясках — хваёвыя бары, па далінах рэк — лугі. Характэрны ландшафты аполляў.
т. 11, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў СССР у 1920—30-я г., адна з форм аўтаноміі. Ствараліся там, дзе нац. меншасці прадстаўлялі невял., але кампактную групу насельніцтва. Знаходзіліся ў складзе саюзных і аўтаномных рэспублік, краёў і абласцей. У РСФСР было каля 100 Н.р., гал. чынам у Якуціі, Бурат-Манголіі, Усх. Сібіры, Амурскай вобл., Далёкаўсходнім краі. У 1990-я г. Н.р. у Расіі адноўлены (напр., створаны Нямецкі Н.р. у Алтайскім краі, 1991, Азоўскі ням. Н.р. у Омскай вобл., 1992). На Беларусі ў 1932—37 існаваў Польскі нацыянальны раён у БССР.
т. 11, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 30.6.1932, Масква),
расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1960). З 1957 гал. дырыжор аркестра Рус. нар. хору імя М.Пятніцкага, з 1960 — Ансамбля нар. танца СССР. З 1973 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Аркестра рус. нар. інструментаў. З 1985 адначасова выкладае ў Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1991 праф.). Першы выканаўца пералажэнняў для аркестра рус. нар. інструментаў многіх твораў муз. класікі, сучасных рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэмія СССР 1991.
т. 11, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́МЛАДЗІНА»
(сербскае моладзь),
«Аб’яднанне сербскай моладзі», культурна-асветніцкая і грамадска-паліт. арг-цыя ў Сербіі і Ваяводзіне (уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі) у 1866—72. Аб’яднала культ.-асв. гурткі студэнтаў і інтэлігенцыі і абвясціла сябе прадстаўнічым органам усіх паўд.-слав. народаў; падтрымлівала кантакты з балг. нац.-вызв. рухам, культ. дзеячамі Чэхіі, Славакіі, Расіі. З 1870 у складзе «О.» аформілася рэв.-дэмакр. плынь на чале з С.Маркавічам, якая імкнулася ператварыць «О.» ў рэв. паліт. партыю. У 1871 «О.» забаронена ўладамі Сербіі і Аўстра-Венгрыі, але яшчэ некаторы час існавала тайна.
т. 11, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК ВАЕ́ННЫ,
ваенна-паліт. саюз або пагадненне дзяржаў для сумесных дзеянняў у вырашэнні агульных паліт., эканам. і ваен. задач. Ствараюцца пераважна ў мірны час.
Блокі ваенныя існавалі са стараж. часоў. У гісторыі найб. вядомыя блокі ваенныя: ваен. саюз Францыі, Даніі, Швецыі, Галандыі і італьян. дзяржаў супраць Іспаніі ў Трыццацігадовай вайне 1618—48, «Паўночны саюз» (Расія, Данія, Рэч Паспалітая, Саксонія, пазней Францыя і Турцыя), які выступіў супраць Швецыі ў Паўночнай вайне 1700—21, і інш. Да 1-й сусв. вайны ўтварыліся 2 асн. блокі ваенныя: Траісты саюз 1882 (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія); яму процістаялі ваен. саюз Францыі і Расіі (1892) і Антанта — саюз Вялікабрытаніі і Францыі (1904), якія ў 1907 аб’ядналіся ў «Траістую згоду» («Траістая Антанта) — саюз Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны створаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт» 1936 паміж Германіяй і Японіяй, да якога далучыліся ў 1937 Італія, у 1939 Венгрыя, Іспанія і інш. Яму процістаяла антыгітлераўская кааліцыя (1942), у якую ўвайшлі Вялікабрытанія, ЗША, СССР, Францыя і інш. (усяго 26 краін). У перыяд «халоднай вайны» ўзнікла сістэма блокаў ваенных, гал. сярод якіх Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО, 1949) і Варшаўскі дагавор 1955 (распушчаны ў 1991). Створаны таксама Арганізацыя дагавору Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО, 1954), Арганізацыя Цэнтральнага дагавору (1955), Азіяцка-Ціхаакіянскі савет (АЗПАК, 1966), Ціхаакіянская ваенная групоўка (АНЗЮС, 1971).
т. 3, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,Аляксандраўскі Брэсцкі кадэцкі корпус, з 1857 Аляксандраўскі кадэцкі корпус, сярэдняя ваенна-навуч. ўстанова закрытага тыпу для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей да вайск. службы. Існаваў у 1842—63 у Брэсце. Засн. на сродкі казны, а таксама памешчыкаў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губ. Найменне «Аляксандраўскі» — у гонар Аляксандра II, будучага імператара, які ў 1849—55 быў гал. начальнікам (шэфам) кадэцкіх карпусоў Расіі. Размяшчаўся ў пераабсталяваным будынку бернардзінскага кляштара на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці. Разлічаны на 400 навучэнцаў (кадэтаў). На вучобу прымаліся дзеці дваран, штаб- і обер-афіцэраў ва ўзросце 9,5—11,5 года. Выкладаліся агульнаадук. прадметы за курс гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія вучылішчы. У сувязі з пачаткам Крымскай вайны 1853—56 і абвяшчэннем ваен. становішча ў Брэсцкай крэпасці Брэсцкі кадэцкі корпус у 1854 пераведзены ў Маскву, а ў 1860 — у Вільню, дзе ў 1863 у сувязі з рэформай ваенна-навуч. устаноў скасаваны. Многія з выхаванцаў корпуса пазней сталі дзеячамі рэв. руху ў Расіі, кіраўнікамі і ўдзельнікамі паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы, у т. л. П.І.Адамовіч, Я.В.Дамброўскі, Я.Ф.Кульчыцкі, Б.В.Люгайла, І.А.Падбельскі, З.У.Падлеўскі, Б.С.Паўловіч, Я.А.Пыдзеўскі, М.В.Сакалоў, А.Г.Стаброўскі, П.Ф.Уладычанскі і інш.
Ш.І.Бекцінееў, Н.М.Кірылава.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦО́ВЫ,
дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.
Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.
т. 4, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)