ЛІЯФІ́ЛЬНАСЦЬ І ЛІЯФО́БНАСЦЬ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю, phobos страх),
характарыстыкі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння рэчыва і вадкага асяроддзя, у якім яно знаходзіцца. У выпадку ўзаемадзеяння рэчыва з вадой Л. і л. наз.гідрафільнасцю і гідрафобнасцю, у выпадку непалярных вадкасцей (алей, тлушч) — алеяфільнасцю (ліпафільнасцю) і алеяфобнасцю (ліпафобнасцю).
Ліяфільнасць паказвае наяўнасць значнага ўзаемадзеяння рэчыва, а таксама паверхні цвёрдага цела, асобных часцінак (гл.Дысперсныя сістэмы) з малекуламі асяроддзя, якое магчыма з-за блізкасці іх хім. прыроды ці абумоўлена ўтварэннем паміж імі трывалых вадародных, электрастатычных ці каардынацыйных сувязей. Ліяфобнасць — паняцце супрацьлеглае ліяфільнасці і паказвае на слабое ўзаемадзеянне паміж рэчывам і вадкім асяроддзем. Ліяфільнасцю абумоўлены змочванне вадкасцямі цвёрдых паверхняў, растварэнне рэчываў у вадкасцях, экстракцыя рэчываў вадкасцямі з цвёрдых цел і раствораў. Паняцці Л. і л. могуць быць аднесены таксама да малекул і асобных частак (груп) адной малекулы, напр., малекулы паверхнева-актыўных рэчываў утвораны гідрафільнымі палярнымі групамі і алеяфільнымі вуглевадароднымі ланцугамі. Л. і л. можна змяняць хім. мадыфікаваннем паверхні (напр., «прышчэпкай» да паверхні цвёрдага цела ліяфільных ці ліяфобных функцыян. груп, увядзеннем у сістэму паверхнева-актыўных рэчываў), што дазваляе кіраваць уласцівасцямі паверхняў і дысперсных сістэм. Рэгуляванне Л. і л. выкарыстоўваецца ў многіх галінах тэхнікі і хім. тэхналогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІХЕ́ЙСТВА,
рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНО́ГІ (Petromyzones),
падклас (атрад) пазваночных кл. кругларотых. 3 сям., 7 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных марскіх і прэсных водах. Прахадныя М. жывуць у моры, на нераст мігрыруюць у рэкі; у жылых ручаёвых М. жыццёвы цыкл адбываецца ў прэснай вадзе. На Беларусі 3 віды: М. рачная (Lampetra fluviatilis), М. ручаёвая еўрапейская (L. planeri) — у бас. рэк Зах. Буг, Зах. Дзвіна, Нёман; М. ўкраінская (L. mariae, або Eudontomyzon mariae) — у бас. рэк Дняпро і Нёман. Бел.мясц. назвы: верацёнка, відун, вугрыца, вярцёлка, мянёга і інш.
Даўж. да 1 м, маса да 3 кг. Цела вугрападобнае, голае. Шкілет храстковы. Спінных плаўнікоў 1 або 2. Шчэлепных адтулін па 7 э кожнага боку. Вочы развітыя, ёсць цемянное вока, здольнае рэагаваць на святло. Рот лейкападобны, на дне прысмоктвальнага дыска; на языку і дыску рагавыя зубы. Сэрца двухкамернае. Многія віды — эктапаразіты рыб. Угрызаюцца ў цела рыбы, смокчуць кроў, выядаюць мышцы і вантробы. Кормяцца таксама беспазваночнымі, лічынкі — водарасцямі, дэтрытам. Пасля нерасту гінуць. З ікры вылупляецца пескарыйка, якая праз 3—4 гады ператвараецца ў дарослую М. Ядомыя. Другарадны аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОХАПАДО́БНЫЯ (Bryophyta),
аддзел вышэйшых споравых раслін. Каля 27 тыс. відаў. 3 класы: антацэротавыя імхі, пячоначныя імхі, лістасцябловыя імхі. Вядомыя з карбону. Пашыраны ўсюды. Растуць на прыродных (глеба, камяні, кара дрэў і кустоў, лісце і сцёблы раслін, слаявіна лішайнікаў, пладовыя целы грыбоў) і антрапагенных (розныя збудаванні з каменю, цэменту, дрэва, саломы, на палях і агародах) субстратах. Уваходзяць у склад першасных раслінных згуртаванняў, уплываюць на мікраклімат, рэгулююць водны рэжым, ахоўваюць глебу ад эрозіі з’яўляюцца торфа- і глебаўтваральнікамі, садзейнічаюць забалочванню с.-г. угоддзяў, пагаршаюць якасць лугоў. На Беларусі каля 430 відаў.
Невял. (ад 1 мм да некалькіх сантыметраў) пераважна шматгадовыя расліны. Вегетатыўнае цела (падзеленае на сцябло і лісце або ў выглядзе слаявіны) прымацоўваецца да субстрату рызоідамі. У жыццёвым цыкле пераважае гаметафіт; спарафіт абмяжоўваецца спораўтварэннем, прымацаваны да гаметафіту і поўнасцю або часткова паразітуе на ім. У цыкле развіцця адзначаецца правільнае чаргаванне пакаленняў (спарафіта і гаметафіта), развіта таксама вегетатыўнае размнажэнне (ч.цела ці спецыялізаванымі органамі). У залежнасці ад размяшчэння генератыўных органаў бываюць аднадомныя, двухдомныя і шматдомныя. Сляпая галіна развіцця вышэйшых раслін. Вывучае М. брыялогія.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи, плауны, хвощи, папоротники, голосеменные растения. М., 1978;