комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫКУЛІ́ (франц. mâchicoulis),
навясныя байніцы, размешчаныя ў верхняй частцы сцен і вежаў абарончых збудаванняў. Развіліся з абламаў. Давалі магчымасць абаронцам кантраляваць прастору непасрэдна каля сцен, весці агонь. са стралковай зброі, кідаць каменне, ліць вар, смалу і інш. У 10—16 ст. пашыраны ў абарончым дойлідстве Зах. Еўропы, у 16—17 ст. — на Беларусі (замак у г.п. Мір, цэрквы-крэпасці ў вёсках Мураванка Шчучынскага і Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл.). З развіццём артылерыі М. страцілі абарончыя функцыі, выкарыстоўваліся як элемент арх. дэкору ў афармленні малых арх. форм, касцёлаў, сядзібных дамоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Дзейнічала ў 1899—1918. Адкрыта як 8-класная (8-ы клас педагагічны). Утрымлівалася за кошт сродкаў гар. думы і платы за навучанне. Выкладаліся: рус., ням., франц. і лац. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, музыка, танцы, гімнастыка. Выкладчыцкі корпус: начальнік, гал. наглядчыца і 15 класных, 3 законанастаўнікі, 20 выкладчыкаў. У гімназіі працавалі выхаванцы ун-таў Пецярбурга, Юр’ева, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскай духоўнай акадэміі і жаночай гімназіі, Царскасельскага жаночага вучылішча, Херсонскіх пед. і Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пензенскага маст. вучылішча. Сярод навучэнцаў С.М.Станюта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТРА́ЛЬ ((Mistral) Фрэдэрык) (8.9. 1830, Меян, Францыя — 25.3.1914),
правансальскі паэт; адзін з кіраўнікоў руху фелібраў, якія мелі на мэце адраджэнне правансальскай л-ры, мовы і культуры. Паэзія М. развівалася пад уплывам рамантызму (зб. «Залатыя астравы», 1876; «Збіранне аліў», 1912). На фалькл. аснове стварыў паэмы «Мірэйо» (1859), «Паэма пра Рону» (1897) і інш. Аўтар правансальска-франц. слоўніка «Скарб Фелібрыжа» (1879—87). Для яго твораў характэрны багацце фалькл. матэрыялу, рамантычнасць, ідэалізацыя нар. жыцця. Зрабіў вял. ўклад у развіццё нац. л-ры і мовы. Нобелеўская прэмія 1904 (разам з Х.Эчэгарай-і-Эйсагірэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНАЯ ЭКАНО́МІЯ,
навука, якая вывучае асновы грамадскай вытв-сці, законы яе функцыянавання і развіцця, праблемы вытв-сці, размеркавання, абмену, спажывання матэрыяльных затрат на розных ступенях развіцця грамадства. Тэрмін «П.э.» ўвёў франц. эканаміст А.Манрэцьен («Трактат палітычнай эканоміі», 1615). Як самастойная навука сфарміравалася ў перыяд станаўлення капіталізму і атрымала развіццё ў працах прадстаўнікоў класічнай школы (У.Пеці, Ф.Кенэ, А.Сміт, Д.Рыкарда і інш.). У сярэдзіне 19 ст. ўзнікла марксісцкая П.э. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склаліся аўстр., кембрыджская, матэм. і інш. школы П.э. Асн. кірункі сучаснай эканам. думкі: кейнсіянства, інстытуцыяналізм, неакласічны кірунак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́Н (франц. ponton ад лац. pons мост),
1) прасцейшы плывучы сродак, што выкарыстоўваецца ў пантонных парках у якасці плывучых апор наплаўных мастоў або паромаў, а таксама для падтрымання на вадзе розных устройстваў (докаў, пад’ёмных кранаў, прычалаў, землечарпалак і інш.) ці правядзення караблёў з глыбокай асадкай па мелкаводным фарватэры. П. бываюць адкрытыя і закрытыя (з палубай), самаходныя і тыя, якія буксіруюцца. Робяць П. з дрэва, металу, пластмасы, прагумаванай тканіны, жалезабетону.
2) Метал. або тканінныя ёмістасці, якія выкарыстоўваюцца для пад’ёму патанулых суднаў (прадметаў). П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у пач. 17 ст. ў галандскай арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́Н (франц. partisan) у міжнародным праве, асоба, якая з’яўляецца ўдзельніцай партызанскага руху і змагаецца ў складзе партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі, што занята праціўнікам або кантралюецца рэакцыйным рэжымам; адносіцца да камбатантаў. П. абапіраюцца на падтрымку мясц. насельніцтва, з якога пераважна папаўняюцца партызанскія фарміраванні. П. таксама становяцца ваеннаслужачыя, што засталіся ў тыле ворага або спецыяльна пасланы для вядзення баявых дзеянняў. Яны арганізаваныя, узначальваюцца асобай, якая адказвае за падначаленых, маюць адметны знак, адкрыта носяць зброю, у баявых дзеяннях захоўваюць нормы міжнар. права, якія прымяняюцца ў перыяд узбр. канфліктаў. Гэтыя палажэнні замацаваны рэзалюцыямі Ген. Асамблеі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Ж (франц. passage літар. праход, пераход),
1)у музыцы — паслядоўнасць гукаў у хуткім тэмпе (з 16 ст.), характэрная для віртуознай музыкі і цяжкая для выканання. Бываюць гамападобныя, акордавыя і мяшаныя. У віртуозных творах буйнейшых кампазітараў напоўнены значным меладычным зместам (фп. эцюды Ф.Ліста, Ф.Шапэна).
2) У архітэктуры — тып гандл. ці дзелавога будынка, у якім магазіны, канторскія памяшканні размешчаны ярусамі па баках шырокага праходу з зашклёным пакрыццем. Будавалі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Еўропе.
3) Адзін з відаў верхавой язды — высокая рытмічная рысь.
4) У пераносным сэнсе — нечаканае здарэнне, дзіўны паварот справы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́НСТВА САСТА́ВУ ЗАКО́Н,
закон, паводле якога кожнае пэўнае злучэнне хімічнае, незалежна ад спосабу яго атрымання, складаецца з адных і тых жа элементаў і суадносіны іх мас пастаянныя. Сфармуляваны ў пач. 19 ст.франц. хімікам Ж.Прустам. Устанаўленне П.с.з. істотна паўплывала на фарміраванне асноў атамна-малекулярнага вучэння. У пач. 20 ст. М.С.Курнакоў паказаў, што акрамя злучэнняў пэўнага саставу (дальтанідаў) існуюць злучэнні пераменнага саставу (берталіды), якія не падпарадкоўваюцца П.с.з. (напр., металіды). Далейшае развіццё ўяўленняў аб берталідах прывяло да таго, што П.с.з. разглядаецца як асобны выпадак агульных заканамернасцей, што апісваюць састаў хім. злучэнняў (гл.Стэхіяметрыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСПЕКТЫ́ВА (франц. perspective ад лац. perspicio ясна бачу) у геаметрыі, метад адлюстравання аб’ёмных цел на плоскасці (ці інш. паверхні), які ўлічвае іх прасторавую структуру і аддаленасць іх асобных частак ад назіральніка. Адрозніваюць П.: лінейную — на плоскасці, панарамную — на ўнутр. паверхні цыліндра, ку́пальную — на ўнутр. паверхні сферы і інш. Аснова П. — цэнтр. праекцыя (гл.Праекцыя).
Для атрымання перспектыўнага відарыса прадмета з выбранага пункта прасторы (цэнтра П., у якім знаходзіцца назіральнік) праводзяць прамяні праз кожны бачны пункт дадзенага прадмета. На шляху прамянёў ставяць паверхню; на перасячэнні прамянёў з паверхняй атрымліваюць відарыс прадмета.