група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш.нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,
традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАЎ (Канстанцін Сяргеевіч) (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РСКІ ((Konarski) Шыман) (17.3.1808, в. Дабкішкі Аўгустоўскага пав., Польшча — 11.3.1839),
дзеяч нац.вызв. руху ў Польшчы, Літве і Беларусі. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У складзе корпуса ген. Хлапоўскага ўдзельнічаў у баях каля Гайнаўкі, Ліды, Вільні. Пасля паражэння паўстання жыў у Прусіі, Францыі. У 1833 удзельнічаў у ваен. экспедыцыі. якую рыхтаваў Ю.Заліўскі. Арыштаваны аўстр. ўладамі ў Кракаве, але адпушчаны. Жыў у Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі. Зблізіўся з Х.Лялевелем. Адзін са стваральнікаў арг-цый «Маладая Польшча» (1834) і «Садружнасць польскага народа» (1835). У 1834 у Парыжы выдаваў двухтыднёвік «Północ» («Поўнач»). У 1835 вярнуўся ў Кракаў, потым нелегальна ў Расію. Дзейнічаў на Украіне, Беларусі і ў Літве, меў на мэце падрыхтоўку паўстання супраць царскага самадзяржаўя. Стварыў некалькі тайных ячэек арг-цыі «Садружнасць польскага народа», наладзіў сувязь з афіцэрамі і салдатамі царскай арміі ў Вільні, Бабруйску, Брэсце. У маі 1838 арыштаваны, расстраляны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),
расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1506.
Адбылася 5 жн. на р. Лань каля Клецка паміж войскам ВКЛ на чале з М.Л.Глінскім і войскам крымскіх татар, якое ўзначальвалі Беці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя. 6—7-тысячнае войска ВКЛнекалькі гадзін вяло перастрэлку з 12—13 тыс. татар. За гэты час былі падрыхтаваны 2 гаці, па якіх коннікі ВКЛ пачалі пераправу. Татары атакавалі правае крыло, што першым перайшло цераз Лань, і нанеслі яму вял. страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на 2 часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкр. шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней. К.б. — першая вял. перамога ВКЛ над крымскімі татарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»
(«Covent Garden»),
оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькісамаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.Вагнер, Ф.Вейнгартнер, О.Клемперэр, А.Коўтс, Г.Малер, Ф.Мотль, Г.Рыхтэр, Б.Хайтынк, А.Мелік-Пашаеў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.Бічэм, К.Ранкль, Р.Кубелік, К.Дэйвіс, Г.Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МА,
памяшканне, будынак ці яго частка, прызначаныя для гандлю. У Беларусі вядома з часу вылучэння рамёстваў у самаст. галіну гасп. дзейнасці. У гарадах 10—12 ст. К. існавалі ў рамесніцкіх пасадах. У 15—16 ст. вакол дзярж. і прыватнаўласніцкіх таргоў фарміраваліся гандлёва-рамесніцкія паселішчы з вял. колькасцю К. Паводле арх.-планіровачнай і функцыянальнай будовы вылучалася некалькі тыпаў К.: невял. будынак з гандл. памяшканнем і каморай; 1- ці 2-павярховы будынак, які спалучаў уласна К., жыллё рамесніка-гандляра і яго майстэрню; памяшканне ў комплексе гандлёвых радоў на плошчы горада ці мястэчка. Адметнасцямі К. з’яўляліся ганак з адкрытай галерэяй, аканіцы, падвойныя дзверы з жал. заваламі для запірання дзвярэй, маляваныя шыльды на шчыце-франтоне. К., змыкаючыся дахамі, галерэямі, утваралі шчыльную забудову вуліцы ці плошчы. У гарадах, якія мелі магдэбургскае права, нярэдка былі аб’яднаны з будынкам ратушы. У наш час К. наз. невял. гандл. памяшканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС (ням. Löss),
аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш.Гл. таксама Лёсападобныя пароды.