ДЭРЫВА́ЦЫЯ (ад лац. derivatio адвядзенне, адхіленне),
1) у гідратэхніцы — сукупнасць абходных вадаводаў, па якіх вада з ракі, вадасховішча ці інш. вадаёма падводзіцца да станцыйнага вузла ГЭС, помпавай станцыі (пры ірыгацыі), інш. аб’ектаў, а таксама адводзіцца ад іх. Бывае безнапорная (каналы, безнапорныя тунэлі, латакі) і напорная (трубаправоды, напорныя тунэлі). Д. энергетычная будуецца з нахілам, значна меншым за нахіл ракі, — каб рознасць гідраўлічных нахілаў вадавода і ракі стварыла напор, неабходны для работы гідратурбін (гл.Гідраэлектрычная станцыя).
2) У балістыцы — сістэматычнае бакавое адхіленне снарадаў і куль ад плоскасці стральбы (праходзіць вертыкальна праз вось канала ствала) пад уплывам уласнага вярчэння, супраціўлення паветра і сілы цяжару. Большае з павелічэннем далёкасці стральбы, стромкасці траекторыі і скорасці вярчэння снарада (кулі). Улічваецца пры падрыхтоўцы да стральбы здапамогайспец. табліц.
Дэрывацыя снарада: 1, 2, 1′, 2′ — траекторыя і яе праекцыі; 3, 4 — дэрывацыя на траекторыі і ў пункце падзення; O, C — пункты вылету і падзення снарада; δ — вугал атакі; ω — вуглавая скорасць вярчэння снарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ від мадуляцыі ваганняў, у выніку якой нясучыя ваганні (гарманічныя ці паслядоўнасць імпульсаў) набываюць выгляд кароткачасовых радыёімпульсаў або паслядоўнасці відэаімпульсаў (гл.Відэасігнал, Імпульс электрычны). Ажыццяўляецца здапамогай імпульсных мадулятараў. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, гідра- і радыёлакацыі, аптычнай сувязі, радыёсувязі, тэлеметрыі, тэлекіраванні і інш.
Пры І.м. перададзены сігнал можа змяняць розныя параметры зыходнай паслядоўнасці імпульсаў: амплітуду (амплітудна-імпульсная мадуляцыя), зрушэнне імпульсаў у часе без змены іх працягласці (фазава-імпульсная), працягласць імпульсаў (шыротна-імпульсная). Пры імпульсна-кодавай мадуляцыі розным відам перададзенага сігналу адпавядаюць розныя кодавыя групы імпульсаў. У гідра- і радыёлакацыйных прыладах выпрамяняюцца пакеты (акустычныя ці радыёімпульсы) высокачастотных ваганняў канечнай працягласці з агінальнай, якая мае форму відэаімпульсу. Магчыма камбінаванае выкарыстанне І.м. розных відаў.
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Да арт.Імпульсная мадуляцыя: а — зыходны перадавальны сігнал; б — нясучыя імпульсныя відэаваганні; в — відэасігнал з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй; г — гарманічныя нясучыя ваганні; д — радыёімпульсы з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТАНА́ЦЫЯ (ад лац. intono гучна вымаўляю) у мовазнаўстве, сукупнасць фанет. сродкаў (мелодыка, інтэнсіўнасць, тэмбр, працягласць і інш.), што служаць для афармлення фразы і асобных яе частак у адзінае цэлае. Здапамогай І. маўленне падзяляецца на адрэзкі (сінтагмы, фразы), якія з’яўляюцца пэўным фанет., сінтакс. і сэнсавым адзінствам. Існуе І. апавядальная, пытальная, пералічальная, клічная і інш. У бел. мове вядомы розныя тыпы інтанацыйных канструкцый, кожны з якіх мае свае фанет. якасць і здольнасць перадаваць сэнсавыя адрозненні сказаў з аднолькавым сінтакс. і лексічным складам. Кожная інтанацыйная канструкцыя мае свой цэнтр — лагічны націск. Зрух яго перадае розныя сэнсавыя адрозненні ўнутры сказа («Мы сустрака́емся заўтра? — Мы́ сустракаемся заўтра? — Мы сустракаемся за́ўтра?»). Параўнанне І. бел. фраз з адпаведнымі фразамі роднасных слав. моў вылучае яе тыпалагічныя і спецыфічныя рысы, адзначае больш павольны тэмп бел. маўлення, асаблівы характар інтэнсіўнасці ў апавядальных фразах.
Літ.:
Фанетыка беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1989;
Николаева Т.М. Фразовая интонация славянских языков. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФАРМАЦЫ́ЙНЫЯ МО́ВЫ,
спецыялізаваныя сістэмы абазначэнняў, якія ствараюцца для аптымізацыі падачы інфармацыі з мэтай яе назапашвання, перадачы і перапрацоўкі; разам зміжнар.мовамі-пасрэдніцамі складаюць штучныя дапаможныя мовы. Характарызуюцца вял. камунікатыўнымі магчымасцямі з-за адсутнасці ў іх шматзначнасці, аманіміі і сінаніміі. Маюць пэўныя слоўнікі (гл.Дэскрыптар, Тэзаўрус) і правілы граматыкі, што забяспечвае адназначныя запіс інфармацыі і алгарытмічнае распазнаванне (атаясамліванне) запісаных рознымі спосабамі фактаў.
Вылучаюць 3 асн. падкласы І.м.: інфарм.-кіруючыя — алгарытмічныя мовы, якія ствараюцца для запісу камандаў ад чалавека да камп’ютэра (больш за 500 моў; гл.Мова праграміравання); інфарм.-лагічныя для фармалізацыі паняццяў пэўнай галіны ведаў здапамогайспец. сімвалаў; інфарм.-пошукавыя для запісу інфармацыі, яе назапашвання і дакладнай выдачы па запыце карыстальніка (больш за 1 тыс. моў, напр., алфавітна-прадметныя каталогі, патэнтныя класіфікацыі, міжнар. лічбавая універсальная класіфікацыя ў бібліятэчнай справе).
Літ.:
Москович В.А. Информационные языки. М., 1971;
Котов Р.Г., Якушин Б.В. Языки информационных систем. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЛІРО́ЎКА (ад лац. copulare злучаць),
спосаб прышчэплівання раслін чаранком. Найб. пашыраны спосаб размнажэння пладовых дрэў і кустоў.
Пры простай К. (таўшчыня прышчэпы і прышчэпка да 1,5 см) на ніжніх канцах чарапка і галінкі робяць аднолькавыя па велічыні гладкія косыя зрэзы даўж. 3—4 см і накладваюць адзін на адзін так, каб іх камбіяльныя слаі супалі па ўсёй даўж. зрэзаў, шчыльна абвязваюць месца прышчэплівання плёнкай, цалкам закрываючы зрэзы. Верхні зрэз на прышчэпленым чаранку замазваюць садовым варам. Пры палепшанай К. сувязь прышчэпы з прышчэпкам больш трывалая, што дасягаецца здапамогай язычкоў, якія робяцца на адлегласці 1/3 ад ніжняга канца зрэзу на прышчэпе і на чаранку. Іх шчыльна прыкладваюць адзін да аднаго такім чынам, каб чаранок прасунуўся ўніз па зрэзе на прышчэп і ніжні канец зрэзу на чаранку супаў з пачаткам косага зрэзу на прышчэпе; потым месца прышчэплівання апрацоўваюць, як і пры простай К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),
ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета зінш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт.тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне здапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,
паліграфічная машына для вырабу тэкставых друкарскіх форм. Дазваляе механізаваць і аўтаматызаваць асн. аперацыі наборных працэсаў.
Падзяляюцца на машыны метал. набору (радковаадліўныя лінатыпы і літараадліўныя манатыпы, якія даюць набор у выглядзе гранак ці звярстаных палос — старонак выдання), наборна-друкавальныя машыны (падобныя на пішучыя машынкі, але са шрыфтамі рознай шырыні), фотанаборныя машыны (з іх дапамогай атрымліваюць фатаграфічны відарыс тэксту н. плёнцы ў выглядзе гранак ці звярстаных палос) і машыны электроннага набору (настольныя выдавецкія сістэмыз персанальнымі ЭВМ, адпаведнымі праграмамі да іх і перыферыйнымі прыладамі — прынтэрамі, сканерамі і інш.). Падрыхтоўка праграм кіравання наборнымі апаратамі ажыццяўляецца на наборна-праграмавальных апаратах. Гл. таксама Камп’ютэрныя сістэмы выдавецкія.
Наборныя машыны: а — наборны літараадліўны аўтамат (манатып); б — схема фотасекцыі наборна-фатаграфавальнай сістэмы з шрыфтаносьбітам (аўтамат тыпу «Лінатрон»): А — сканіруючая частка (1 — сканіруючая электронна-прамянёвая трубка-ЭПТ; 2 — аптычная сістэма; 3 — шрыфтаносьбіт з фоталітарамі, 4 — кандэнсарная сістэма, 5 — фотапамнажальнікі); Б — фатаграфавальная частка (6 — узнаўляльная ЭПТ, 7 — аптычная сістэма, 8 — люстэрка, 9 — аб’ектыў, 10 — фотаматэрыял, 11 — растравая лінейка, 12 — фотадатчык).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,
высокаспецыялізаваныя органы, здапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.
Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ,
адзін з відаў поля фізічнага, здапамогай якога перадаюцца электрамагнітныя ўзаемадзеянні. У вакууме характарызуецца напружанасцю эл. поля і магн. індукцыяй, у асяроддзі — эл. зрушэннем і напружанасцю магн. поля.
Асобныя выпадкі Э.п. — электрастатычнае поле (ствараецца нерухомымі зарадамі) і магнітнае поле (ствараецца нерухомымі праваднікамі з пастаянным эл. токам або пастаяннымі магнітамі). ЗМаксвела ўраўненняў вынікае, што пераменныя магн. і эл. палі ўзаемазвязаны, а іх прасторавае размеркаванне ў часе вядзе да ўзнікнення электрамагнітных хваль. Законы Э.п. узаемадзеянне і рух у ім зараджаных часціц вывучае класічная электрадынаміка. Э.п. падпарадкоўваецца суперпазіцыі прынцыпу, яно характарызуецца энергіяй, імпульсам і момантам імпульсу, для якіх выконваюцца адпаведныя захавання законы. У квантавай фізіцы Э.п. разглядаюць як «газ» элементарных часціц — фатонаў; квантавыя ўласцівасці Э.п. (гл.Комптана эфект, Фотаэфект) вывучае квантавая электрадынаміка. Гл. таксама Магнетызм.
Літ.:
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968;
Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. 7 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКАБСО́Н Еўна, гадзіннікавы майстар і механік 18 ст. Мяркуецца, што Я. быў адным з рамеснікаў, запрошаных у Нясвіж Міхалам Казімірам Радзівілам. У 1760-я г. вынайшаў і сканструяваў лічыльную машыну — першае з вядомых на тэр.б.СССРвыліч. прыстасаванне Машына мела лічыльны механізм, прызначаны для складання і аднімання лікаў ад 1 да 109, прынцып дзеяння якога заснаваны на класічнай схеме зубчастых перадач, а таксама лічбавыя шкалы і надпісы на ням. і польскай мовах. Множанне ажыццяўлялася паслядоўнымі складаннямі лікаў, дзяленне (з астаткам ці без) — паслядоўнымі адніманнямі. Выкарыстоўваліся арыгінальныя спосабы набору (уводу) лікаў здапамогайспец. ключоў і фіксацыі прамежкавых вынікаў вылічэнняў. Экзэмпляр машыны Я. захоўваецца ў калекцыі навук. інструментаў Музея імя М.В.Ламаносава ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Майстров Л.Е., Ченакал В.Л. Старейшая счетная машина // Вопр. истории естествознания и техники. 1969. Вып. 1 (26);
Апокин И.А., Майстров Л.Е. Развитие вычислительных машин. М., 1974;
Гутер Р.С., Полунов Ю.П. От абака до компьютера. М., 1975.