ДЗЁННІК,

штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).

З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.​Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.​К.​Кюхельбекера, публіцыста АС.​Суворына, пісьменнікаў В.​Скота, Стэндаля, Т.​Шаўчэнкі, Ф.​Дастаеўскага, Л.​Талстога, А.​Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж. бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.​Філіповіча, С. і Б.​Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.​Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.​Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.​Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.​Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.

В.​І.​Атрашкевіч.

т. 6, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЭ́Р (Рэйнгольд Морыцавіч) (11.1.1875, Кіеў — 23.6.1956),

савецкі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900). З 1913 праф. (з 1914 дырэктар) Кіеўскай, з 1920 Маскоўскай кансерваторый. У сваёй творчасці прадаўжаў традыцыі рус. муз. класікі (лініі эпічнага сімфанізму). Аўтар 5 опер, якія мелі вял. значэнне для развіцця муз. культуры Азербайджана і Узбекістана (у т. л. «Шахсенем», 1927; «Лейлі і Меджнун», 1940, і «Гюльсара», 1949, абедзве з Т.​Садыкавым). З 7 яго балетаў асабліва значныя «Чырвоны мак» (паст. 1927, пазней «Чырвоная кветка»; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паст. 1933 і 1950), «Медны коннік» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Тарас Бульба» (1952), «Дачка Кастыліі» (1955). Аўтар праграмных сімф. твораў, у т. л. 3-я сімфонія «Ілья Мурамец» (1911), сімф. карціна «Запарожцы» (1921), паэма «Запавет» (1929), канцэртаў, у т. л. для арфы (1938) і каларатурнага сапрана (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) з аркестрам, інстр. ансамбляў (за 4-ы квартэт Дзярж. прэмія СССР 1948), п’еса для фп., скрыпкі, віяланчэлі з фп., рамансаў і песень, музыкі да драм. спектакляў. Старшыня Усерас. т-ва драматургаў і кампазітараў (1924—30).

Літ.:

Бэлза И. Р.​М.​Глиэр. М., 1962;

Р.​М.​Глиэр: Статьи. Воспоминания. Материалы. Т. 1—2. М.; Л., 1965—67;

Гулинская З.К. Р.​М.​Глиэр. М., 1986.

Р.М.Гліэр.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),

найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.

Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).

Літ.:

Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

ахоўныя геал. аб’екты, якія маюць навук., навук.-асв. ці гіст.-мемар. значэнне. Да іх адносяцца прыродныя і штучныя унікальныя агаленні горных парод, адметныя гляцыядыслакацыі, валуны, валунна-галечныя кангламераты, пячоры, скалы, выхады мінералаў і інш.

Вылучаюць тыпы геалагічных помнікаў прыроды: стратыграфічныя, палеанталагічныя, тэктанічныя, гідрагеалагічныя, горна-гіст. і інш. Вывучэнне геалагічных помнікаў прыроды дазваляе ўдакладніць стратыграфію, вызначыць літалагічныя асаблівасці парод, знайсці выкапнёвыя рэшткі фауны і флоры, выявіць этапы развіцця жывёльнага і расліннага свету ў геал. мінулым, ацаніць перспектывы азначанай тэр. на некат. карысныя выкапні; многія з іх абвешчаны зонамі рэкрэацыі і масавага турызму.

На Беларусі 102 геалагічныя помнікі прыроды: 18 агаленняў, 2 выхады кангламератаў, 82 валуны ці іх зборы. У ліку геал. агаленняў: Роскае геалагічнае агаленне, Новы Крупец, азёрныя, азёрна-балотныя і тарфяныя адклады александрыйскага міжледавікоўя ў яры Калодзежны Роў, муравінскага міжледавікоўя Збарова, Дарашэвічы, Мурава, Самастрэльнікі, Цімошкавічы, Заслаўе, Лоеўскае геалагічнае агаленне, агаленні часу паазерскага зледзянення Камарышкі і Студзянец, тарфянік Сінюха і інш. З валуноў і кангламератаў найб. вядомыя «Асілак», Вялікі Камень, Камень Багушэвіча, Камень-волат, Камень філарэтаў, Расколаты камень, валунна-галечны кангламерат у Калодзежным Рове на паўд. ускраіне г. Гродна і інш.

Літ.:

Ляўкоў Э.А., Карабанаў А.К. Праблемы вылучэння геалагічных і геамарфалагічных помнікаў прыроды ў Беларусі // Літасфера. 1995. № 3.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,

працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц. атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп. дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд. т вуглякіслага газу CO2, 700 млн. т інш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн. т.

Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАГЕАГРА́ФІЯ (ад зоа... + геаграфія),

геаграфія жывёл, раздзел біягеаграфіі, які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым відаў жывёл, іх экалагічных груповак і заканамернасці іх пашырэння на зямным шары.

Першыя звесткі па З. з’явіліся ў працах Арыстоцеля, Плінія Старэйшага і інш.; асабліва хутка назапашванне інфармацыі ішло ў эпоху вял. геагр. адкрыццяў 15—17 ст. Спробы падзелу паверхні Зямлі на асобныя зоагеагр. прасторы рабіліся ў 1-й пал. 19 ст. Вял. значэнне для развіцця З. мелі працы вучоных: англ. Ф.​Склетэра, А.​Уолеса, рас. М.​А.​Северцава, Л.​С.​Берга, Л.​А.​Зянкевіча, М.​А.​Мензбіра, П.​П.​Сушкіна і інш.

На Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1920-х г. (А.​У.​Фядзюшын, У.​В.​Станчынскі). Стан жывёльнага свету (віды і групоўкі млекакормячых, птушак, рыб, насякомых, паразітычных членістаногіх, водных беспазваночных) вывучалі І.​М.​Сяржанін, Фядзюшын, М.​С.​Долбік, П.​І.​Жукаў, І.​К.​Лапацін, В.​І.​Мержаеўская, Т.​Р.​Іанісіяні, І.​Ц.​Арзамасаў, І.​В.​Чыкілеўская, М.​М.​Драко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш. На падставе даных З. вучоныя складаюць схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюць рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах.

Літ.:

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры пач. 17 ст. Мае рысы ранняга барока. Пабудаваны каля 1600 у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. Станіславам Кішкам. У 1631 мсціслаўскі ваявода Мікалай Кішка засн. пры касцёле кляштар бернардзінцаў. Будынкі спалены ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пазней адноўлены. Складаецца з Петрапаўлаўскага касцёла і жылога корпуса (захаваліся зах. і часткова ўсх. крылы будынка), Кляштар аддзелены ад вуліцы насыпам, які меў абарончае значэнне.

Касцёл — трохнефавы двухвежавы храм. Гал. фасад сім. кампазіцыі аздоблены тонкімі пілястрамі і завершаны 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі і фігурным атыкавым франтонам паміж імі. У 2-й пал. 18 ст. гал. фасад часткова перабудаваны. Касцёл асвячоны ў 1787. У 19 ст. да паўн. сцяны касцёла прыбудавана капліца. У інтэр’еры 6 алтароў 2-й пал. 18 ст. Гал. алтар мураваны, двух’ярусны, раскрапаваны калонамі і пілястрамі, размаляваны пад мармур. Сцены і скляпенні размаляваны ў 1-й пал. 20 ст. Жылы корпус пабудаваны каля 1633. Двухпавярховы будынак утвараў прамавугольны ў плане ўнутр. двор. Вуглавыя памяшканні выступалі з агульнага прамавугольнага абрысу плана. У інтэр’еры ўсх. крыла будынка печ, абліцаваная тэракотавай кафляй 17 ст. з раслінным і геам. арнаментам. У 1858 кляштар зачынены.

А.​А.​Ярашэвіч, В.​В.​Церашчатава.

Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў.

т. 7, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́РЭР ((Cassirer) Эрнст) (28.7.1874, г. Вроцлаў, Польшча — 13.4.1945),

ням. філосаф, прадстаўнік марбургскай школы неакантыянства. Праф. (1919—33) і рэктар (1930—33) Гамбургскага ун-та. З 1933 у эміграцыі. Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гнасеалогіі і філасофіі культуры. У створанай ім тэорыі паняццяў аспрэчваў аб’ектыўны змест навук. абстракцый, сцвярджаў, што існуе адзіны «свет культуры», у якім матэрыяльная рэчаіснасць падпарадкоўваецца шэрагу прынцыпаў «чыстага мыслення»; апошнім надаваў значэнне канстытуцыйных, г.зн. стваральных пачаткаў усяго, што існуе. Адмаўляў аб’ектыўны сэнс катэгорый прасторы і часу, а прычынныя сувязі паміж рэчамі і з’явамі прадстаўляў у якасці функцыянальных залежнасцей. Суб’ектыўныя па сваёй прыродзе стваральныя пачаткі К. называў «сімвалічнымі функцыямі» і ўзводзіў іх на ўзровень вышэйшых каштоўнасцей. Паводле К., чалавек стварае сімвалы, таму навук. і пазнавальная дзейнасць людзей з’яўляецца адной з форм «сімвалічнага мыслення», якое распаўсюджваецца і на інш. «сімвалічныя формы» (мову, міфы, рэлігію, мастацтва, гісторыю, філасофію). Разнастайныя галіны культуры К. разглядаў як самастойныя і незалежныя. Даследаваў філасофію Г.​Лейбніца, І.​Канта, Р.​Дэкарта, філас. ідэі Адраджэння, Асветніцтва і інш. Аўтар прац: «Праблема пазнання ў філасофіі і навуцы новага часу» (т. 1—4, 1906—57), «Філасофія сімвалічных форм» (т. 1—3, 1923—29) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь и учение Канта. СПб., 1997.

В.​І.​Боўш.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКІ ПАЦЯРЫ́К»,

помнік арыгінальнай стараж.-рус. л-ры; зборнік дыдактычных апавяданняў пра жыццё манахаў і гісторыю Кіева-Пячэрскага манастыра. Першапачатковая рэдакцыя складзена ў 1220—30-я г. Захавалася некалькі спісаў пач. 15—17 ст., упершыню надрук. ў Кіеве (1661).

Аснову складаюць пасланні ўладзімірскага і суздальскага епіскапа Сімона і кіева-пячэрскага манаха Палікарпа, у канцы далучаны 9 і 11 навел пра манахаў-падзвіжнікаў. Відавочна, у сярэдзіне 13 ст. ў «К.-П.п.» уключаны «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Пахвала» Сімона, «Слова» пра будаўніцтва пячэрскай царквы, выпіскі з «Аповесці мінулых гадоў» пра ўзнікненне манастыра. Дапоўнены новымі творамі ў старэйшай з вядомых Арсеньеўскай рэдакцыі 1406, таксама Феадосіеўскай сярэдзіны 15 ст., Касіянаўскай 1462, выкарыстаны Пячэрскі летапіс пач. 12 ст. і інш. У пацерыку ўслаўляюцца стараж.-рус. будаўнікі, мастакі і царк. дзеячы манастыра, сцвярджаецца яго вял. значэнне як агульнага культ.-рэліг. цэнтра Кіеўскай Русі. Асн. крыніца твораў — мясц. легенды і паданні. Некат. сюжэты, вобразы, матывы ўзыходзяць да візант. пацерыкоў і Бібліі, аднак вызначаюцца маст. арыгінальнасцю У творах арганічна спалучаюцца ўрачысты стыль жыцій са строгім выкладам летапісных апавяданняў, казачная фантастыка з гістарычна сапраўдным; жыва і рэалістычна апісаны побыт і норавы манахаў, прыведзены каштоўныя гіст. факты і звесткі.

Публ.:

Памятники литературы Древней Руси, XII в. М., 1980.

Літ.:

История русской литературы. Т. 1. М., 1980.

т. 8, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,

1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст. вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс. т, экіпаж да 800 чал. (гл. іл. да арт. Карабель ваенны).

2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст. вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.

З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл. Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс. т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).

Літ.:

Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;

Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.

У.​Я.​Калаткоў.

Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)