індывідуальны лікавы каэфіцыент ацэнкі палітычнай, грамадскай, культурнай і іншай дзейнасці як розных арганізацый, так і асобнага чалавека; выводзіцца на аснове галасавання, сацыялагічных апытванняў, анкет або паказчыкаў дасягненняў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,
сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.
І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл.Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл.Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БА,
чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.
Літ.:
Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;
Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;
Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 1987;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,
антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасцісацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам.дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв.к-т» на чале з С.Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.М.Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.Д.Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс.чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс.чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс.чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т ВАДЫ́ на Зямлі, бесперапынны замкнёны працэс цыркуляцыі вады ў атмасферы, гідрасферы і зямной кары; частка кругавароту рэчываў на Зямлі. Разам з цеплаабаротам і агульнай цыркуляцыяй атмасферы — адзін з асн. кліматаўтваральных фактараў. Адбываецца пад уплывам сонечнай радыяцыі і дзеяннем сілы цяжару. Складваецца з выпарэння вады з паверхні водных аб’ектаў, глебы, расліннага покрыва, пераносу яе паветр. плынямі з месца выпарэння, кандэнсацыі пары і выпадзення атм. ападкаў, перамяшчэння вады па схілах і рэчышчах часовых вадацёкаў (паверхневы сцёк), а пасля інфільтрацыі — у тоўшчы глеб і грунтоў (падземны сцёк). Асн. маса вады выпараецца з паверхні Сусв. акіяна і на яго ж выпадае, а частка пераносіцца паветр. плынямі на сушу. К.в. бывае малы (толькі над акіянамі — акіянічны ці толькі над мацерыком — мацерыковы) і вялікі (уключае акіян і сушу). Колькаснае выяўленне К.в. — водны баланс Зямлі. Некаторыя элементы К.в. могуць мяняцца пад уплывам дзейнасці чалавека. Напр., утварэнне вадасховішчаў і арашэнне павялічвае выпарэнне, асушэнне балот і азёр памяншае яго, адбор падземных вод на водакарыстанне павялічвае паверхневы сцёк і гэтым паскарае К.в.; забруджванне атмасферы паскарае раставанне снегу вясной, наяўнасць ядраў кандэнсацыі садзейнічае выпадзенню ападкаў, каналізацыя рэк паскарае сцёк. Аказваюць уплыў штучнае папаўненне запасаў падземных вод, эрозія глеб і проціэразійныя мерапрыемствы, інтэнсіфікацыя с.-г.дзейнасці і інш.
Тэр. Беларусі ахоплена працэсамі вялікага К.в., якія ўвасабляюцца ў выпарэнні вады ў трапічных і субтрапічных шыротах Атлантычнага ак., зах. пераносе вільгаці на мацярык, кандэнсацыі і выпадзенні ападкаў і наступных этапах цыклічнага руху вады. Адначасова адбываюцца працэсы малога К.в. — частку ападкаў складае вільгаць, перанесеная з акіяна і тая, што ўжо выпадала ў Зах. Еўропе. Магчымы працэсы ўнутрырэгіянальнага выпарэння ападкаў на З Беларусі, пераносу іх у выглядзе вадзяной пары і выпадзення на У рэспублікі. На тэр. Беларусі выпадае прыкладна 146 км³ ападкаў, каля 112 км³ выпараецца, 34 км³ прыпадае на рачны сцёк.
Схема кругавароту вады на Зямлі: 1 — выпарэнне з паверхні акіяна; 2 — выпадзенне ападкаў на паверхню акіяна; 3 — выпадзенне ападкаў на паверхню сушы; 4 — выпарэнне з паверхні сушы; 5 — паверхневы і падземны сцёк у рэкі; 6 — рачны сцёк у акіян; 7 — падземны сцёк у акіян або бяссцёкавую вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.
Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абагульня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., што.
1. Знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад. Трэба вучыць маладога аўтара абагульняць факты і рабіць з іх пэўныя філасофскіх вывады.Чорны.// Знаходзіць што‑н. вернае пераймання ў дзейнасці розных людзей, прадпрыемстваў, устаноў і рабіць гэта здабыткам усіх. Абагульняць вытворчы вопыт.// Пераносіць рысы адной з’явы на ўсе падобныя ёй. Навошта абагульняць.
2. Назіраючы за пэўнай катэгорыяй людзей, знаходзіць характэрнае і на падставе гэтага ствараць мастацкі вобраз; тыпізаваць. Пісьменніку трэба ўмець абагульняць жыццёвыя з’явы і факты ў мастацкіх вобразах і іх узаемаадносінах.
3. Аб’ядноўваць, злучаць у нешта адзінае. Абагульняць напевы адзінай мелодыяй.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пульс, ‑у, м.
1. Хвалепадобны рытмічны рух сценак крывяносных сасудаў, які выклікаецца выштурхваннем крыві з сэрца. У нейкі крытычны момант у .. [парадзіхі] пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімуму.Шамякін.// Месца, дзе адчуваецца, намацваецца гэты рух. Нахіліўшыся над хворай, Аліса Іванаўна ўзяла яе руку, намацала пульс.Марціновіч.
2.перан.; чаго або які. Рытм, тэмп чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і г. д.). З надыходам вечара пульс жыцця на аэрадроме не толькі не сцішаўся, але яшчэ і пачынаў біцца хутчэй.Шахавец.Сюды сыходзіліся ўсе ніці ад дзеючых часцей і злучэнняў фронту, і тут асабліва поўна адчуваўся баявы пульс вайны.Дудо.
[Ад лац. pulsus — штуршок.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіндыка́т, ‑а, М ‑каце. м.
1. Адна з форм капіталістычных манаполій, аб’яднанне прадпрыемцаў, якое бярэ на сябе ажыццяўленне ўсёй камерцыйнай дзейнасці (вызначэнне цэн, збыт прадукцыі і пад.) пры захаванні вытворчай і юрыдычнай самастойнасці кожнага з яго прадпрыемстваў. Ні адзін чалавек не пазбаўляецца намі маёмасці без асобага дзяржаўнага закону аб нацыяналізацыі банкаў і сіндыкатаў.Ленін.
2. Назва прафесіянальных саюзаў у Францыі і некаторых іншых краінах. У гмаху, дзе размяшчаецца ўпраўленне французскага хрысціянскага сіндыката, ёсць адзін пакой для эмігранцкага аддзела.Прокша.
3. У СССР на пачатку нэпу — аб’яднанне трэстаў пэўнай галіны прамысловасць якое вяло планавую закупку і збыт прадукцыі.
[Фр. syndicat ад грэч. syndikos — які дзейнічае сумесна.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́расць, ‑і, ж.
1. Перыяд жыцця пасля сталасці, калі паступова адбываецца аслабленне дзейнасці арганізма. Старасць прыгнула яго крэпкі стан і кінула на твар і на высокі лоб цэлую сетку маршчын.Колас.Раней была нейкая надзея, старасць забывалася і знаходзіліся сілы...Мележ.Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла старасць.Чарнышэвіч.
2. Доўгачасовае існаванне; зношанасць. Мяне .. [Бычыха] не чапала, мабыць з-за таго, што хадзіла цераз вуліцу ў наш калодзеж па ваду, бо свой падгніў ад старасці.Кулакоўскі.Сям-там ляжалі поперак дарогі велізарныя дрэвы, што паваліліся ад старасці.Маўр.
•••
На старасці год — у пажылым узросце, у старыя гады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)