архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,
жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.
Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн.ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.
Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;
Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧЫСАРА́Й,
горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч. прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.
Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.
Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
вялікая дадатная структура на ЗРускай пліты з высокім заляганнем крышт. фундамента. Займае цэнтр. і паўн.-зах. часткі тэр. Беларусі і паўн.-ўсх. Польшчы. Вылучаецца па ізагіпсе -500 м у падэшве, у скляпеністай ч. па ізагіпсе -300 м. Выцягнутая з У на З на 350 км, пры шыр. 40—120 км. Абмежавана на Пд Падляска-Брэсцкай упадзінай, Палескай седлавінай і Прыпяцкім прагінам, на У і ПнУ Жлобінскай седлавінай і Аршанскай упадзінай, на Пн Латвійскай седлавінай, на ПнЗ Балтыйскай сінеклізай, на З Варшаўскай упадзінай.
Фарміравалася ад позняга пратэразою да антрапагену ўключна. У скляпенні крышт. фундамент залягае на абс. адзнаках -50 — +87 м, на схілах апускаецца на глыб. 500—700 м, на З 1500—2000 м. Ён складзены з архейскіх і ніжнепратэразойскіх метамарфізаваных, ультраметамарфізаваных і вывергнутых парод. Платформавы чахол утвораны з верхнепратэразойскіх, палеазойскіх і меза-кайназойскіх парод. Найб. паднятая частка Беларускай антэклізы вылучаецца як Цэнтральна-Беларускі масіў, на якім развіты толькі неагенавыя і антрапагенавыя адклады. На Беларускай антэклізе вядомы падпарадкаваныя структуры — пахаваныя выступы фундамента (Бабаўнянскі, Бабруйскі, Вілейскі, Івацэвіцкі, Мазурскі), грабен (Валожынскі) і монакліналі (Прыбалтыйская і Прыаршанская). У крышт. фундаменце Беларускай антэклізы выяўлены Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых рудаў і Аколаўскае радовішча жалезістых кварцытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЗМ,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ВЕЛЬ (Wawel),
назва ўзгорка ў Кракаве, на левым беразе Віслы, на Пд ад Старога горада. У пач. 9 ст. тут існаваў умацаваны горад. З 11 ст. па 1564 Вавель — гал. каралеўская рэзідэнцыя. Вядомы комплексам помнікаў архітэктуры 10—17 ст.: ратонда Дзевы Марыі (2-я пал. 10 ст.), каралеўскі замак (13—17 ст.) з рэнесансавым аркадным унутр. дваром (1502—16, арх. Ф.Ф’ёрэнціна, Б.Берэчы), заламі ў стылях готыкі, рэнесансу і барока (у т. л. «Пасольская» зала з разной столлю, упрыгожанай т.зв. Вавельскімі галовамі, 1531—35 і з 1925, скульпт. К.Дунікоўскі), гатычны кафедральны сабор (14 ст., магільны склеп польск. каралёў, епіскапаў і вядомых дзеячаў нац. гісторыі — А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, Ю.Пілсудскага, Т.Касцюшкі і інш.) з раманскай крыптай св. Леанарда (каля 1100), рэнесансавай капліцай Жыгімонта I (1517—33) і шматлікімі надмагіллямі (работы Ф.Штоса, Яна Міхаловіча і інш.). У замку — Дзярж.маст. зборы (у т. л. вавельскія габелены; звон Жыгімонта). У архіве кашт. рукапісы 12 ст. Вавель занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Савицкая В.И. Краков. М., 1975. С. 121—169.
Вавель. Гатычны кафедральны сабор.Вавель. Агульны выгляд замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗ, лём (Ulmus),
род кветкавых раслін сям. вязавых. Каля 45 відаў. Многія віды вяза вядомы пад назвамі бераст, карагач, лём і інш. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды: вяз гладкі, або звычайны (Ulmus laevis); голы, або горны (Ulmus glabra); малы, або грабалісты, бераст, карагач (Ulmus minor); шурпаты (Ulmus scabra). Растуць як дамешак у падросце і другім ярусе пераважна ў шыракалістых лясах на глебах з праслойкамі карбанатаў, асабліва ў далінах рэк. У паўд. раёнах трапляецца разнавіднасць вяза малога з коркавымі нарасцямі на ствалах і галінках, якую іншы раз разглядаюць як асобны від — вяз коркавы (Ulmus suberosa). У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны 10 відаў, з іх у зялёным будаўніцтве выкарыстоўваюцца вяз амерыканскі (Ulmus americana), прысадзісты (Ulmus pumila) і чырвоны (Ulmus rubra).
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя аднадомныя ветраапыляльныя дрэвы і кусты з шырокацыліндрычнай густой кронай. Лісце суцэльнае, чаргаванае, двухзубчастае з ланцэтнымі прылісткамі. Кветкі двухполыя, дробныя, непрыкметныя, у пучках або галоўках. Цвітуць ранняй вясной да распускання лісця. Плод — сухі сціснуты крылападобны арэшак (крылатка). Выкарыстоўваюцца для азелянення і ў дэкар. садоўніцтве, добра пераносяць падстрыганне, перасадку, маюць шмат садовых формаў. Драўніна ідзе на сталярныя вырабы, вытв-сць мэблі і інш. Добрыя дубільнікі, меданосы і перганосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНЫ,
вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ашмяны—Ліда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 29 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 150 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 1500 ж., 478 двароў (1996).
У 15—16 ст.вядомы як Геранёны Мураваныя. З 1433 двор Гаштольдаў. На мяжы 15—16 ст. пабудаваны Геранёнскі замак, у 1519 — Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл. З 1520 мястэчка Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. З 16 ст. ўласнасць вял. князёў ВКЛ. У 17—18 ст. цэнтр староства. У 1-й пал. 18 ст. рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—38 дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—63) атрымалі магдэбургскае права (паводле інш. крыніц, у 1630-я г.), мелі герб. З 1795 у Рас. імперыі, у Ашмянскім пав. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У пач. 20 ст. 316 ж. З 1922 у складзе Польшчы, у Ашмянскім пав. З 1939 у БССР, у Іўеўскім р-не, з 1940 цэнтр сельсавета. У 1963—79 у Жылёўскім с/с. У 1970 — 397 жыхароў.
Сярэдняя і муз. школы, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Мікалаеўскі касцёл, руіны замка (15—16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬДЫІ (ад ням. Gilde карпарацыя),
у перыяд. ранняга сярэдневякоўя ў Еўропе розныя аб’яднанні (эканам., паліт., рэліг., пазней купецкія) для абароны інтарэсаў сваіх членаў. У Англіі і інш. краінах Еўропы гільдыямі называліся таксама аб’яднанні гар. рамеснікаў — цэхі. У Зах. Еўропе раннія гільдыі згадваюцца ў крыніцах 7—8 ст. У канцы 11 — пач. 12 ст. ў сувязі з развіццём гандлю ў Англіі, Германіі, Фландрыі, Францыі ўзніклі купецкія гільдыі, якія ствараліся з мэтай абароны купцоў і тавараў у дарозе, узаемадапамогі, атрымання гандл. Прывілеяў, манапалізацыі гандлю. На Беларусі т.зв. купецкія сотні вядомы з 12 ст. ў Полацку і Віцебску. У 17—18 ст. купецкія арг-цыі ў рамесна-гандл. цэнтрах ВКЛ, у т. л. ў Полацку, Віцебску, Магілёве, Мінску, Пінску, Слуцку, называліся брацтвамі. Сход выбіраў 3 старшын — адм. і судовы орган брацтва. Рашэнні старшын і сходу зацвярджала гарадская рада. Пасля далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) на Беларусь пашыралася дзеянне рэгламенту Гал. магістрата, які абавязваў ствараць гільдыі ва ўсіх гарадах. У залежнасці ад велічыні капіталу купецтва падзялялася на тры гільдыі. Гільдзейскае купецтва мела шэраг прывілеяў. У 1863 трэцяя гільдыя скасавана. З развіццём капіталізму роля гільдыі паменшала, але падзел купецтва на гільдыі існаваў да 1917.