галасі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; незак.
1. Голасна плакаць, прыгаворваючы (пры выражэнні гора, крыўды і пад.). Раманіха, схапіўшыся рукамі за галаву, галасіла: — А сын ты мой... А што ж з табой зрабілі. Чарнышэвіч. [Сястра].. павісла мне на грудзі і галосіць: «Казічак, братка!». Васілевіч.
2. што і без дап. Уст. Выконваць абрадавыя песні-плачы (звычайна ў час пахавальнага ці вясельнага абрадаў). Галасіць на магіле.
3. Абл. Голасна крычаць, аднастайна выкрыкваць што‑н. — Тхор! Тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе. Колас.
4. перан. Ствараць гукі, падобныя на галашэнне. Галасіла ў сотню труб Над чарапічным дахам замець. Танк.
•••
Голасам галасіць — гучна, з енкам і выкрыкамі плакаць (ад болю, вялікага гора і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
капе́ж, капяжу і капяжа, м.
1. ‑у. Каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх. Трымаўся мароз, хоць сярод дня капяжы са стрэх выбівалі ў снезе на прызбах конаўкі. Шамякін. // Падзенне капель талага снегу. Учора і ўначы была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Карпаў. // Абл. Ледзяшы на стрэхах. Як весткі вясны, на стрэхах хат павіслі сіняватыя капяжы. Навуменка.
2. ‑а. Ніжні край страхі, даху, які выдаецца над сцяной. У вокны дождж буйны зазвоніць І з капяжоў руччом сцякае І снег жыўцом ён паядае. Колас.
3. ‑а. Месца падзення капель са стрэх. Сціх дождж, чуваць было, як ск[оч]ваюцца са страхі марудныя кроплі, звонка падаюць у капяжы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нябо́га, ‑і, м. і ж.
1. Абл. ДМ ‑бозе, ж. Дачка брата або сястры; пляменніца. [Цётка Вера:] — Ну от і ты прыйшла, ягадка мая! Цэлы тыдзень вачэй не паказаць! І гэта нябога называецца. Паслядовіч.
2. ж. Разм. Ласкавы або спачувальны зварот да малодшай па гадах. [Аўген:] — Дык не гаруй, мая нябога — Яшчэ аб’явіцца твой брат. Колас. — Ты, нябога, яшчэ маладая, каб мяне вучыць, — пакрыўджана абазваўся.. [дзед на Маню]. Васілевіч.
3. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑бозе, Т ‑ай (‑аю), ж. Разм. Той (тая), хто выклікае спагаду і жаль; бядак, сірата. З табой сняданне папалам падзелім, каб падужэла ты ў сваёй дарозе, каб весялей было табе, нябозе. Дубоўка. Мікіта захварэў. На ложку скурчыўся, нябога. Стагнаў, крактаў, гарэў... Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвалі́на, ‑ы, ж.
1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.
2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́печак, ‑чка, м.
1. Месца, пляцоўка перад чалеснікамі печы. На руках [маці] данесла яго да прыпечка, а як узяла на вілкі і падняла, каб падаць яго далей у печ, рукі задрыжалі, закружылася галава і чыгун перавярнуўся. Галавач. [Люда] расклала на прыпечку з трэсак агеньчык. Хадкевіч.
2. Выступ печы або дашчаны насціл каля печы, на якім можна сядзець або ставіць што‑н.; прымурак. На прыпечку змардаваная гаспадыня, вурк[очучы] верацяном, цягне бясконцую, як жыццёвая нягода, нітку. Зарэцкі. Андрэйка скочыў на прыпечак, потым на печку і, натужыўшыся, галавою ўзняў адну дошчачку, другую і шмыгануў на дах... Кавалёў.
3. Абл. Выемка для вуголля, попелу ў печы. Аўгінка вымятала памялом печ. Старанна згарнуўшы вуголле ў прыпечак, пачала класці дровы. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стоўп 1, стаўпа, м.
Абл. Сцірта, торп. Ціток узлез на жытні стоўп і адразу ўбачыў, што снапы каля сцяны паварушаны. Лобан. / у вобразным ужыв. Сваю ноч верасень дасыпае дзе-небудзь у гумне, на стаўпе духмянага мурагу. Васілевіч.
стоўп 2, стаўпа, м.
1. Спец. Вежа або калона. Александрыйскі стоўп.
2. Тое, што і слуп (у 2 знач.). Даўно ўжо зышла на зямлю .. цёплая летняя ноч, і залацісты стоўп ад поўнага месяца лёг на люстраную гладзь шырокай Волгі. Багдановіч.
3. перан. Іран. Важны дзеяч, значная службовая асоба. Стаўпы грамадства. □ Раней, бывала, «стаўпы парадку» і кроку не ступяць, каб не наведаць яго; ніколі, бывала, не абыходзілася, каб на Марціна не склалі пратакола або не ўшпілілі штрафу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. на каго-што, у каго-што і без дап. Уважліва паглядзець, прыгледзецца, стараючыся разгледзець, убачыць што‑н. [Старшына] ўскочыў, яшчэ ўгледзеўся ў далёкі сцямнелы краявід. Быкаў. Хадоська недаверліва ўгледзелася ў Захарыху і паспакайнела — нічога страшнага, жанчына як жанчына. Мележ. Шура ўгледзеўся на дзядзьку, як на нейкі дзіўны прывід. Ставер. [Хлопцы] ўгледзеліся — заяц! Сядзіць сабе і глядзіць на іх, вылупіўшы вочы. Маўр.
2. у каго-што. Не зводзячы вачэй, нерухома глядзець куды‑н., на каго‑, што‑н.; уставіцца, утаропіцца. [Каця] падклала пад галаву рукі і ўгледзелася ў цёмна-сіняе акно. Гаўрылкін.
3. з кім. Абл. Убачыцца, сустрэцца з кім‑н. асабіста. З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына. Не стрэўся з дачкою, Не ўгледзеўся з сынам. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цалкі́, ‑оў; адз. няма.
Абл.
1. Яечня, у якой жаўткі не змешваюцца з бялкамі. Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала І надта ж добра частавала: Спячэ «цалкоў» на скавародцы, І так, бывала, наясіся, Што хоць на пупіку круціся. Колас. Неўзабаве мы сядзелі за круглым сталом — яна глядзела на мяне сваімі мр[о]йнымі вачамі і карміла: падала яешню з цалкоў, тварог на сподку і шклянку салодкага малака. Чыгрынаў.
2. Цэлая бульба, вараная ў лупінах. Ціт наліў пляменніку кубак першаку і паказаў на закусь, якую тут жа разгарнуў на складзеным у некалькі столак абрусе. То былі хлеб, сала цыбуля, бульбяныя, яшчэ цёплыя, цалкі. Кавалёў.
3. Зерні канапель, якія застаюцца цэлымі нястоўчанымі. Канапляныя цалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Ліцца, біць маленькімі струменьчыкамі. У ранішняй цішыні чуваць, як са звонам цыркае ў даёнкі малако. Дуброўскі. Густы дробны дожджык цыркае зверху, цягнецца золкай павуцінай. Бядуля. // каго. Абл. Даіць. Маці ў хляве цыркала.. карову ды ўсё прыгаварвала, каб тая добра стаяла на адным месцы. Каваль.
2. Пляваць цераз зубы. Андрэй.. цыркаў праз зубы ў агонь. Пташнікаў. З-за трактара паяўляецца Хведар. Ён стаіць, адставіўшы нагу, раз-пораз цыркае слінай. Асіпенка.
3. Стракатаць (пра насякомых, птушак). Спалохана цыркалі і зноў змаўкалі сонныя птушкі. Курто. Стаяла цішыня, толькі цыркалі конікі і ледзь чутна шапацела трава. Федасеенка.
4. Даваць, выдаваць, важыць патроху, невялікімі порцыямі. Сястра трохі памагае, але што — цыркае па кропельцы. Янкоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
А́СТРАХАНЬ,
горад у Расіі, цэнтр Астраханскай вобл., у дэльце р. Волга. 508,0 тыс. ж. (1994). Рачны і марскі порт, чыг. вузел, аэрапорт. Цэнтр рыбалоўства і рыбаапрацоўкі. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкатажная, абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне і суднарамонт, вытв-сць кавальска-прэсавага, халадзільнага абсталявання і інш.). Развіта дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, хім. прам-сць, 4 ВНУ. НДІ рыбнай гаспадаркі і акіянаграфіі.
Першыя звесткі пра Астрахань як татарскую вёску Аштархан (на правым беразе Волгі за 12 км ад сучаснай Астрахані) адносяцца да 13 ст. У 1395 спалена войскам Тамерлана. У 1459—1556 гал. горад Астраханскага ханства. У 1557 далучана да Расіі. У 1558 у Астрахані пабудавана рус. крэпасць. У 1605—06 захоплена і разрабавана данскімі і церскімі казакамі, у 1670 — войскамі С.Разіна. З 1717 губ. горад, з 1785 абл. горад Каўказскага намесніцтва. У 1-й чвэрці 18 ст. тут створаны ваен. флот, адміралцейства, верфі, порт. З 1943 цэнтр Астраханскай вобласці. Захаваўся крэмль (1580—1620) з Успенскім (1698—1710) і Траецкім (канец 16—18 ст.) саборамі і інш. помнікі архітэктуры. Карцінная галерэя, музей.
т. 2, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)