МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),

узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАВА (Людміла Іванаўна) (н. 29.5.1939, г.п. Руба Віцебскага гарсавета),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1964), працуе ў гэтым т-ры. Характарная актрыса. Створаныя вобразы вызначаюцца псіхал. абгрунтаванасцю, выразным пластычным малюнкам, дакладнай моўнай характарыстыкай. У камед. ролях ужывае прыёмы гратэску, сатыр. завостранасць, буфанаду. Лепшыя ролі ў бел. і класічным рэпертуары: Казюра («Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Ульяна («Трывога» А.​Петрашкевіча), Маці («Парог» А.​Дударава, «...Таму, што люблю...» А.​Паповай паводле п’есы «Дзень карабля»), Цвяткова («Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага), Матруна («Улада цемры» Л.​Талстога), Кісельнікава («Багна» А.​Астроўскага), Далгова («Касатка» А.​Талстога), Інеса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка). Знялася ў кіна- і тэлефільмах «Нядзельная ноч», «Паводка», «Людзі на балоце», «Подых навальніцы».

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНЯК ((Poźniak) Тэлесфар) (н. 28.11.1932, в. Трапалава Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

польскі літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Вроцлаўскі ун-т (1955), з 1983 яго праф., заг. аддзела рус. і інш. слав. л-р Ін-та слав. філалогіі. Даследуе ўсх.-слав. л-ры. Аўтар манаграфій «Дастаеўскі ў коле рускіх сімвалістаў» (1969), «Дастаеўскі і Усход» (1992), артыкулаў пра М.​Гогаля, А.​Астроўскага, А.​Чэхава, М.​Шолахава, Л.​Лявонава і інш. Вывучае творчасць К.​Чорнага, бел. сав. паэзію ваен. часу, польск. матывы ў творчасці Я.​Купалы, польска-бел. літ. сувязі, рэцэнзуе працы бел. літ.-знаўцаў. Аўтар «Анталогіі беларускай літаратуры XIX — пачатку XX ст.» (1993), «Анталогіі беларускай паэзіі XX ст.» (1997), гіст. нарыса «Беларуская літаратура» ў кн. «Гісторыя еўрапейскіх літаратур» (т. 3, ч. 1, 1989).

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

наблі́зіць, ‑бліжу, ‑блізіш, ‑блізіць; зак.

1. каго-што. Прысунуць блізка да каго‑, чаго‑н. [Палагея] наблізіла твар да самай шыбы. Шамякін. // Зрабіць больш блізкім у прасторавых адносінах, змясціць блізка або бліжэй да чаго‑н. Наблізіць вытворчасць да крыніц сыравіны. □ [Грушэўскі:] — Горад трэба наблізіць больш да прыроды. Мурашка.

2. перан., што. Зрабіць такім, які адпавядае інтарэсам, патрабаванням каго‑, чаго‑н. Уся работа з’езда [пісьменнікаў Беларусі] была прасякнута імкненнем наблізіць літаратуру да надзённых задач сучаснасці. Гіст. бел. сав. літ.

3. што. Зрабіць больш блізкім па часу, паскорыць надыход чаго‑н. Сваімі баявымі справамі партызаны і падпольшчыкі намнога наблізілі час вызвалення Беларусі. «Маладосць».

4. каго. Дапусціць да больш блізкіх адносін з кім‑, чым‑н. Здарэнне з Максімам не аддаліла ад яго Веру, а наадварот, наблізіла. Машара.

5. каго-што. Зрабіць падобным на каго‑, што‑н., блізкім да каго‑, чаго‑н. Наблізіць пераклад да арыгінала. □ Каб наблізіць сваю ролю да ролі прамоўцы на сходзе, Пракоп кашлянуў, устаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́РКУШ (Алесь) (сапр. Козік Аляксандр Барысавіч; н. 28.5.1960, г. Жодзіна Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік, выдавец. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1987). Уваходзіў у літ. аб’яднанне «Тутэйшыя». Стваральнік Т-ва вольных літаратараў (1993). Заснаваў выдавецкую суполку «Полацкае ляда», выдае літ. альманах «Ксэракс беларускі», серыю «Паэзія новай генерацыі». У яго вершах (зб-кі «Вяртанне», 1988; «Тайніца», 1991, з П.​Бурдыкам; «Крылы ператворацца ў карэнні», 1993; «Развітанне з Танталам», 1994) інтэлектуальная заглыбленасць, псіхалагізм, матывы міфалогіі.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМАЛО́ЎСКАЯ (Зоя Васілеўна) (н. 1.3.1923 г. Орша),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1954 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца вострым адчуваннем характарнай адметнасці і эмац. стану, арганічным жыццём у вобразе. Сярод роляў: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Ульяна («Трывога» А.​Петрашкевіча), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф.​Гарсія Лоркі), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі).

т. 2, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРО́ШЧАНКА (Алег Аляксандравіч) (н. 19.7.1940, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Д-р с.-г. н.(1987), праф. (1989). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1962), працуе ў ім. Навук. працы па лясной таксацыі, імітацыйным мадэляванні і геаінфармацыйных сістэмах у лясной гаспадарцы. Распрацаваў кірункі камп’ютэрызацыі, праграмнае забеспячэнне па стварэнні аўтаматызаванай сістэмы ўліку лясной гаспадаркі Беларусі.

Тв.:

Научно-технические достижения в лесоустройстве за рубежом и их использование в Белоруссии. Мн., 1989.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ДНАР (Іван Васілевіч) (н. 20.7.1940, с. Доўгае Закарпацкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі цвёрдага цела. Д-р хім. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ужгарадскі ун-т (1964). З 1969 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1983 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. даследаванні па цвёрдых растворах шматкампанентных сістэм, вырошчванні монакрышталёў складаных паўправадніковых матэрыялаў і вывучэнні іх фіз.-хім. і цеплафіз. Уласцівасцяў.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЧО́К (Яўген Зіноўевіч) (н. 14.2.1940, г.п. Смілавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Растоўскі-на-Доне пед. ін-т (1964). З 1970 у Бел. эканам. ун-це. Даследуе праблемы навук.-тэхн. дзейнасці і яе сац. вынікі. Аўтар дапаможніка для студэнтаў («Філасофія». 2 выд., 1995).

Тв.:

Познавательное действие // Социальное действие. Мн., 1980;

НТР: Становление, сущность, развитие. Мн., 1987;

Производительная сила знания // Социальная сила знания. Мн., 1991.

т. 3, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫНЕ́Ц (Вячаслаў Іванавіч) (н. 2.7.1948, в. Ятвезь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Яго творы вызначаюцца выразнасцю малюнка, глыбокім псіхалагізмам персанажаў: цыкл трыптыхаў «Поры года» (1977), «Пад старой грушай», «Зімовы пейзаж» (абодва 1980), «Ахвяра», «Мёртвая вёска», «Багаты сусед», «Антрапагенны ландшафт», серыя «Дварнягі» (1990—96) і інш. Аформіў кнігі: «Беларускія народныя казкі» (1993), казкі братоў Грым «Чарадзейная хатка» (1994) і інш.

В.Валынец. Пад старой грушай. 1980.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)