ГЕАТЭРМА́ЛЬНАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

тып цеплавой электрастанцыі, якая пераўтварае глыбіннае цяпло Зямлі ў эл. энергію. Эканамічна выгадныя ў рэгіёнах з дастатковымі рэсурсамі тэрмальных вод (найб. высокія т-ры падземных вод у вулканічных раёнах, дзе яны выходзяць на паверхню ў выглядзе перагрэтай пары). У геатэрмальнай электрастанцыі выкарыстоўваюцца прамая (пара паступае прама ў турбіну), непрамая (з папярэдняй ачысткай пары ад агрэсіўных газаў) і змешаная тэхнал. схемы атрымання электраэнергіі. Перавагі геатэрмальнай электрастанцыі перад традыцыйнымі ЦЭС — адсутнасць кацельні, палівападачы, меншы сабекошт атрыманай энергіі.

Глыбіннае цяпло ўтвараецца ў выніку радыеактыўнага распаду, хім. рэакцый і інш. працэсаў, што адбываюцца ў зямной кары (гл. Геатэрмія). Т-ра падземных вод і горных парод павялічваецца на 1 °C пры паглыбленні на 33 м (гл. Геатэрмічная ступень) і на глыб. 5 км складае каля 160 °C. Геатэрмальныя электрастанцыі працуюць у ЗША, Італіі, Японіі, Новай Зеландыі, Ісландыі. У СССР першая геатэрмальная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт пушчана ў 1966 на поўдні Камчаткі, да 1980 яе магутнасць даведзена да 11 МВт. На Беларусі перспектыўныя на ўтрыманне тэрмальных вод раёны Прыпяцкай упадзіны, але практычнае іх выкарыстанне праблематычна. Як магчымая можа разглядацца сістэма «гарачыя скальныя пароды» (ГСП), пры якой на глыбіню да 4 км у свідравіну трэшчынаватых парод напампоўваецца вада, што ад кантакту пад ціскам з ГСП набывае т-ру да 180 °C і больш. Яна выходзіць праз іншую свідравіну і пераўтвараецца ў тэхнал. пару.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Выморков Б.М. Геотермальные электростанции. М., Л., 1966.

У.​Л.​Драгун.

Схема геатэрмальнай электрастанцыі: 1 — свідравіна; 2 — кандэнсацыйная турбіна; 3 — электрычны генератар; 4 — градзірня; 5 — кандэнсатар; 6 і 7 — цыркуляцыйная і вакуумная помпы.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМІ́Я, геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло),

раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.

Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.

Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.​Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.​А.​Любімава.

На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (П.​П.​Атрошчанка, Л.​А.​Цыбуля і інш.).

Літ.:

Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;

Geothermal Atlas of Europe. Gotha, 1991/92.

У.​І.​Зуй.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖУ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

стратэгічныя наступальныя дзеянні сав. і манг. войск і сіл флоту 9 жн. — 2 вер. ў час савецка-японскай вайны 1945. Праведзена войскамі Забайкальскага (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.​Я.​Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​А.​Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.​А.​Пуркаеў) Далёкаўсх. франтоў, манг. Нар.-рэв. арміі (маршал Х.​Чайбалсан) ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам (адм. І.​С.​Юмашаў) і Амурскай флатыліяй (контр-адм. Н.​В.​Антонаў) з мэтай разграміць яп. Квантунскую армію (ген. А.​Ямада), вызваліць Паўн.-Усх. Кітай (Маньчжурыю) і Паўн. Карэю, паскорыць завяршэнне 2-й сусв. вайны. Супраць яп. групоўкі (больш за 1 млн. чал., каля 1,2 тыс. танкаў, каля 5,4 тыс. гармат, 1,8 тыс. самалётаў, 25 караблёў і інш. сілы) дзейнічалі сав. і манг. войскі колькасцю больш за 1,5 млн. чал., больш за 26 тыс. гармат і мінамётаў, каля 5,3 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, 5,2 тыс. самалётаў, 93 баявыя караблі асн. класаў. 9—20 жн. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на некалькіх напрамках і прасунуліся на тэр. Паўн.-Усх. Кітая з 3 на 400—800 км, з У і Пн на 200—300 км. Пасля 20 жн. сав. часці працягвалі наступленне ў глыб Маньчжурыі і завяршылі разгром яп. групоўкі. Паражэнне яп. войск стварыла ўмовы для правядзення Паўднёва-Сахалінскай аперацыі 1945 і Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945. У час М.а. вызначыліся беларусы ген.-маёр Г.С.Здановіч, падпалк. М.А.Ласкуноў і інш.

Літ.:

Белобородов А.П. Прорыв на Харбин. М., 1982;

Котенев А.Я. На Забайкальском фронте: Док. повести, очерки. М., 1985;

Кривель АМ. Это было на Хингане. М., 1986.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАЕ МО́РА,

бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб. шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас. р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд. т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд. ч. — здабыча мінер. солей.

А.​М.​Матузка.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЕ АДГАЛІНАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКАЙ ГРАДЫ́,

сістэма ўзвышшаў у паласе краявых ледавіковых утварэнняў на З Беларусі; фізіка-геагр. раён Заходне-Беларускай правінцыі. Займае цэнтр. ч. Гродзенскай, паўн.-ўсх. ч. Брэсцкай абл., заходзіць на тэр. Польшчы. Мяжуе з Нёманскай нізінай, Капыльскай градой, Баранавіцкай і Прыбугскай раўнінамі. Працягваецца з 3 на У на 200 км, з Пн на Пд на 15—100 км, пл. 10,2 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м над узр. м., найб. 323 м (Замкавая гара).

Складаецца з сярэдняўзгорыстых і буйнаўзгорыстых узвышшаў (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, гл. адпаведныя арт.), падзеленых папярочнымі, часам скразнымі далінамі, лагчынамі, ярамі. Рэльеф утвораны пераважна з адкладаў дняпроўскага і сожскага ледавікоў, магутнасцю 150—235 м. Інтэнсіўна праяўлены гляцыядыслакацыі, трапляюцца адорвені мелавых і неагенавых парод. Марэнныя грады чаргуюцца з платопадобнымі ўчасткамі, месцамі перакрытымі лёсападобнымі пародамі, магутнасцю 2—5 м. На ўскраінах узвышшаў дробна- і сярэдняўзгорысты рэльеф са спадзістымі схіламі, які пераходзіць у плоскія зандравыя раўніны. У цэнтр. ч. ўзвышшаў пераважае градава-ўзгорысты і буйнаўзгорысты рэльеф з купалападобнымі вяршынямі, завалуненымі схіламі і забалочанымі міжузгорыстымі катлавінамі. Глыб. расчлянення 30—50 м/км². Развіта плоскасная і лінейная эрозія, трапляюцца суфазійныя формы рэльефу. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, мел, мел і мергель цэментныя, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Гідраграфічная сетка прадстаўлена на крайнім ПнЗ р.Нёман, на астатняй тэрыторыі яго прытокамі; Моўчадзь, Шчара з Мышанкай, Сэрвач, Зальвянка, Рось, Свіслач і інш. Найб. воз. Свіцязь. Глебы дзярнова-падзолістыя слабаападзоленыя, дзярнова-палева-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярновыя перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя і інш. Пад лесам 27,5% тэр. Мяшаныя дубровы і ельнікі, хваёва-дубовыя лясы, баравыя хвойнікі, на забалочаных мясцінах алешнікі. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. Заказнікі: Навагрудскі, Свіцязянскі, Слонімскі.

Г.​П.​Рудава.

т. 12, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЧ,

рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р. Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.

Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пісклё, п(склёпак піскпёнык, піскля, піскля праснак. пісклянём піскляня ’кураня’, * птушаня’ (ТСБМ, Мік., Мядзв., Касп., Нас., Мат. Маг., Мат. Гом.; талач., Шатал.; паўн.-усх., ДАБМ, к. 296; докш., глыб., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл., астрав., Сцяшк. Сл.; Бяльк.), піскля ’куранё, дзіця’, (Юрч. СНЛ); ’дзіця’ (Нік. Очерки), пісклепіка ’птушаня’ (Бяльк.), піскля ’плаксівая жанчына’ (сміл., Жыв. сл.; Шат.), піскля ’піскун, піскляк’ (капыл., Нар. словатв.; зэльв., Жыв. сл.), піскля, піскля ’чалавек з пісклівым голасам’ (ТСБМ: драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), пісклівы, пісклівы ’чалавек, у якога голас напамінае нейкі піск’ (Шат., Нас., Варл.). Укр. пискля ’птушанё’, ’малое дзіця’, рус. писклёнок, писклята ’птушаняты, якіх яшчэ корміць маці’, арл. ’куранё’, уладз. пискля пск. пас кляк ’тс’, ’пісклявае дзіця’, ’заморак’; польск. pisklę, piskląt ko ’птушанё’, ’куранё’, piskla, pisklak ’пісклявае дзіця’, ’неаперанае птушанё’, чэш. pisklę ’птушанё’, ’блазнюк’, славац. piskla ’пісклявае птушанё’. Услед за Махэкам₂ (451) можна меркаваць, што першаснай формай гэтых лексем было *pi‑sk‑jь ’пісклявы’, якое на поўначы слав. тэрыторыі змянілася ў pi‑sk‑lb, апошняе, абазначаючы маладых істот, набыло канчатак *-£ (< *-£ > ///-), а па поўдні адбылася палаталізацыя ‑sk‑ > славен. ‑VČ‑. серб.-харв. ‑шЛ‑, балі-.-«/ (славен. piśće, piśćanec ’куранё’, серб. intuthe, харв. кайк. pišče ’куранё’, чак. ’птушка’, балг. /міщене ’піск’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2–3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туркі́-баркі́ — пра вялікі шлях, вялікую адлегласць (Нар. лекс., Вушац. сл., Рэг. сл. Віц.): туркі́‑баркі́ выхадзілі і нічога не знайшлі (Гіл.), туркі́ ‘тс’ (дзісн., Бел. дыял. 3), туркі́‑буркі́ ‘тс’: туркі́‑буркі́ прайшла, а дом найшла (брасл., Ліцв.), сюды ж ту́ркі‑ба‑ту́ркі ‘тс’: ту́ркі‑бату́ркі прайшоў і нічога не знайшоў (пра грыбы) (глыб., Бабін, вусн. паведамл.), з турко́ў барко́ў ‘невядома адкуль’ (полац., Волк.). Сюды ж арэальна блізкае рус. пск. вы́ходить турки́ и борки́ ‘многа хадзіць па лясах, па палях’. Параўн. польск. Turki Mazurki obejść — абысці частку свету (Варш. сл.). Рыфмаванае спалучэнне, у скарочаным варыянце толькі туркі́. Няясна. Польскае спалучэнне падаецца пад Turek ‘турак’, у мн. л. Turcy, аналагічна рус. ту́рка ‘Турэччына’: я поеду в дальню турку (СРНГ), тады ту́ркі ‘тс’, што магло ўспрымацца як ‘далёкая краіна’, а другія часткі — або як бары́ (гл. бор, баро́к) ці ўласныя назвы. Канцавы націск у часткі першых слоў не выключае сувязь з туро́к 2 ‘закавулак’ (гл.). Беразовіч (Язык и традиционная культура, 172) звязвае з *turiti «с семантикой толчка, касания» і варыянтнай агаласоўкай тур‑/тыр‑, параўн. рус. дыял. на закатурках ‘у баку ад чаго-небудзь’, бутырки ‘сялянскі двор па-за сялом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)