рускі эканаміст. Праф. палітычнай эканоміі Кіеўскага, потым Маскоўскага ун-таў (1846—56), Гал.пед. ін-та (1857—59) і Аляксандраўскага ліцэя ў Пецярбургу (1861—68). Выдаў час. «Экономический указатель» (1857—61) і дадатак да яго «Экономист» (1858—64). У 1867—76 кіраўнік канторы Дзяржбанка ў Харкаве. Аўтар твораў па палітычнай эканоміі, гісторыі эканам. думкі, статыстыцы і мытна-тарыфнай палітыцы. Крытыкаваў прыгонніцтва з пазіцый эканам. лібералізму. У перыяд падрыхтоўкі сял. рэформы 1861 выступаў супраць кабальных умоў вызвалення сялян, супраць капіталізацыі аброку. Абараняў інтарэсы рус.капіталіст.. прамыслоўцаў. Прыхільнік фрытрэдэрскай палітыкі для Расіі, якая прадугледжвала свабоду гандлю і неўмяшанне дзяржавы ў прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць. Ідэолаг буйнога капіталу, законы капіталізму разглядаў як натуральныя і вечныя.
Тв.:
Критико-историческое исследование об итальянской политико-экономической литературе до начала XIX в. М., 1849;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГАРАПАДО́БНЫЯ (Gaviiformes),
атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 1 род, 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пераважна марскія птушкі, на прэсных вадаёмах трапляюцца ў перыяд размнажэння і на пралётах. На Беларусі 3 віды: гагара палярная (Gavia immer) — вельмі рэдкі залётны від; гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — рэдкі пралётны від; гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica) — рэдкі гнездавальны від, занесены ў Чырв. кнігу.
Цела прадаўгаватае, даўж. 66—95 см, маса 1—6,4 кг. Спіна чорная з белымі стракацінамі, бруха белае. Крылы вузкія, завостраныя, хвост кароткі, дзюба прамая, вострая і моцная. Тры пальцы злучаны плавальнымі перапонкамі. Добра плаваюць і ныраюць, па сушы перамяшчаюцца паўзком; узлятаюць толькі з вады. Кормяцца рыбай і воднымі беспазваночнымі. Гнёзды будуюць каля вады, нясуць 1—3 (звычайна 2) яйцы. Шкуркі гагарападобных выкарыстоўваюцца як «птушынае футра».
Да арт.Гагарападобныя. Гагары: 1 — чырвонаваллёвая; 2 — чорнаваллёвая; 3 — палярная (а — у шлюбным, б — у зімовым убранні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЯКАДЫ́ХАЛЬНЫЯ (Dipnoi або Dipneustomorpha),
надатрад лопасцяпёрых рыб. 1 сучасны атр. рагазубападобныя (Ceratodiformes), 2 сям., 6 відаў. Вядомы з сярэдняга дэвону. Жывуць у прэсных слабапраточных вадаёмах, якія перасыхаюць, Паўд. Амерыкі (амерыканскі лускаўнік, або лепідасірэн — Lepidosiren paradoxa), трапічнай Афрыкі (4 віды пратоптэраў — Protopterus) і Паўн.-Усх. Аўстраліі (рагазуб — Neoceratodus forsteri). У засуху лепідасірэн і пратоптэры ўпадаюць у спячку.
Макс. даўж. каля 2 м, маса каля 10 кг. Цела падоўжанае, сціснутае з бакоў ці вугрападобнае У Д. жабернае і лёгачнае дыханне (адсюль назва), замест плавальнага пузыра «лёгкае», што дазваляе дыхаць атм. паветрам. Прымітыўныя асаблівасці: целы пазванкоў адсутнічаюць, хорда захоўваецца ўсё жыццё, сэрца з артэрыяльным конусам, кішэчнік са спіральным клапанам, верхняя сківіца зрошчана з чэрапам (аўтастылія). Ёсць унутр. ноздры (хааны), «лёгачны» кровазварот, ніжняя полая вена, перадсэрдзе часткова падзелена на правую і левую часткі. Нераст у перыяд дажджоў. Кормяцца беспазваночнымі, рыбамі, земнаводнымі. Пратоптэры і лускаўнік — аб’екты промыслу. Рагазуб ахоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),
князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАСКО́П (грэч. hōroskopos літар. які назірае час),
табліца ўзаемнага размяшчэння планет і зорак на пэўны момент часу для зададзенага месца. Па гараскопе робяцца спробы прадказваць лёс чалавека, рысы яго характару, здароўе, кар’еру і інш. Гараскоп складаюць на канкрэтнага чалавека (індывідуальны), на дзяржаву, горад, прадпрыемства (мунданны), на пачатак якой-н. дзейнасці ці каб атрымаць адказ на пэўнае пытанне (характарны), на які-н.перыяд жыцця чалавека (салярны, планетарны, звязаны з Месяцам і інш.).
Першыя гараскопы складалі ў Вавілоне ў 5 ст. да н.э. Прадказанні першапачаткова мелі агульны характар. Удасканаленне гараскопа вяло да большай канкрэтызацыі. Цікавасць да складання гараскопа патрабавала добрага ведання астраноміі і стымулявала яе развіццё. Гараскоп змяшчае камбінацыю вял. колькасці элементаў (знакаў задыяка, нябесных дамоў, планет, зорак і інш.), якія знаходзяцца ў неперарыўным руху і, зафіксаваныя ў пэўны момант часу, даюць своеасаблівую матрыцу, што даследуецца астролагамі. Гл. таксама Астралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬМІНТАСПАРЫЁЗЫ,
хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі роду гельмінтаспорый. Часцей пашкоджваюць збожжавыя і тэхн. культуры. На Беларусі пашыраны на пшаніцы, жыце, ячмені, аўсе, радзей на льне, памідорах, злакавых травах. Узбуджальнікі паразітуюць на раслінах у канідыяльнай стадыі, міцэлій развіваецца ў тканках. Распаўсюджваюцца з насеннем і рэшткамі раслін. Развіццю хваробы спрыяюць халоднае і вільготнае надвор’е ў перыяд сяўбы і ўсходаў, павышаная вільготнасць паветра. Гельмінтаспарыёзы праяўляюцца ў выглядзе плямістасці лісця і пладоў, пацямнення зародка, гнілей каранёў і сцёблаў; выклікаюць шчупласць насення, зніжэнне ўраджаю зерня і саломы. Найб. шкодныя гельмінтаспарыёзы: паласатая (узбуджальнік — Helminthosporium gramineum) і сеткавая (H. teres) плямістасці ячменю, цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы, жыта і ячменю (H. sativum), чырвона-бурая плямістасць аўса (H. avenae), гельмінтаспарыёз кукурузы (H. turcicum) і інш.
Да арт.Гельмінтаспарыёзы: 1 — цёмна-буры гельмінтаспарыёз пшаніцы: пашкоджанні ўсходаў, дарослай расліны, зерня і лісця; 2 — паласаты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджаныя ліст і зерне; 3 — сеткаваты гельмінтаспарыёз ячменю: пашкоджанні лісця і ўсходаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ША (Pyrus),
род пладовых дрэў сям. ружавых. Вядома каля 60 відаў. Пашырана ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. На Беларусі груша звычайная, ці лясная (P. communis), — родапачынальнік многіх культ. сартоў, расце ў лісцевых, зрэдку хвойных лясах, на ўзлесках і ў хмызняках. Культывуецца найб. на ПдЗ.
Груша звычайная выш. да 15 м, крона пірамідальная. Лісце яйцападобнае або круглае, востразубчастае ці суцэльнакрайняе, скурыстае, бліскучае. Кветкі белыя, ружаватыя, у шчытках. Плады масай 25—300 г, мясістыя, з камяністымі клеткамі, жоўтыя ці зялёныя, часам з румянцам, маюць цукры, арган. к-ты, дубільныя рэчывы, вітаміны. Меданос. Каштоўная драўніна. Дрэва святлалюбнае, засухаўстойлівае. Пачынае пладаносіць на 6—8-ы год пасля пасадкі. Перыядгасп. выкарыстання 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Лепш расце на сярэдне- і лёгкасугліністых, добра дрэнажаваных глебах. Раянаваныя сарты: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава, Тальсінская прыгажуня; асенне-зімовыя — Бэра лошыцкая, Бэра слуцкая, Масляністая лошыцкая, Бел. позняя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧКА (Fagopyrum),
род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.
Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац.перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.
Літ.:
Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫКА́ТАРЫэкалагічныя,
рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго з мінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца з дапамогай біяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял. колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РТНЫЯ ГА́ЗЫ, высакародныя газы,
хімічныя элементы VIII групы перыяд. сістэмы: гелій He, неон Ne, аргон Ar, крыптон Kr, ксенон Xe, радон Rn. У прыродзе ўтвараюцца ў выніку ядз. працэсаў. Знаходзяцца ў нязначнай колькасці ў паветры (найб. аргону — 0,934%, найменш радону — 6 10−20% па аб’ёме), у прыродных газах і некат. мінералах.
Аднаатамныя газы без колеру і паху. Атамы маюць устойлівую вонкавую электронную абалонку (у He з 2, у астатніх з 8 электронаў), чым абумоўлена іх нізкая рэакцыйная здольнасць. І.г. (акрамя гелію) утвараюць з вадой і арган. растваральнікамі няўстойлівыя клатраты. Здольнасць да ўтварэння хім. злучэнняў павялічваецца ад аргону да ксенону, для якога вядомы ўсе асн. класы хім. злучэнняў. Атрымліваюць (акрамя He) з паветра як пабочны прадукт пры вытв-сці азоту і кіслароду. Выкарыстоўваюць у якасці інертнага асяроддзя ў металургіі, атамнай і ракетнай тэхніцы, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў і інш., як напаўняльнікі ў электроніцы. электратэхніцы і інш.