ВАШЧА́НКА Васіль Максімавіч, бел. гравёр па дрэве канца 17 — 1-й пал. 18 ст.; прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Сын М.Я.Вашчанкі. Працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні (1694—1730). Большасць твораў звязана з кніжнай графікай. Выканаў ксілаграфіі: загалоўныя лісты ў кнігах «Дыёптра» (1698); «Неба новае» І.Галятоўскага, «Перла мнагацэннае» К.Т.Стаўравецкага (абодва 1699), «Кніга жыцій святых» Дз.Растоўскага (1702, загаловачны ліст з відам на Магілёў); лісты «Іаан Дамаскін», «Нараджэнне Хрыста» для «Асмагласніка» І.Дамаскіна (1730), антымінсы 1694, 1708 («Палажэнне ў труну Хрыста») і 1723 (з Богаяўленскага манастыра ў Полацку). Яго гравюры вылучаюцца па-майстэрску пабудаванай кампазіцыяй, сялянскім тыпажам, дасканаласцю пластычнага малюнка, выразнасцю контурнай лініі.
Літ.:
Шчакаціхін М. Васіль Вашчанка — магілёўскі гравёр канца XVII — пач. XVIII ст.Мн., 1925;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968.
В.Ф.Шматаў.
В.М.Вашчанка. Ілюстрацыя да «Кнігі жыцій святых». Ксілаграфія. 1702.
літоўскі пісьменнік, драматург.Засл. дз. мастацтваў Літвы (1947). Нар. пісьменнік Літвы (1957). Прадстаўнік псіхал. рэалізму ў нац. л-ры. Найб. значны твор ранняга перыяду — апавяданне «Тапельніца» (1909). Мастацкае асэнсаванне лёсу краіны, асобы праз прызму гіст. падзей, сац. і маральныя праблемы, унутраны свет героя ў раманах Венуоліса «Перад днём» (1925), «Ростані» (1932), «Госця з Поўначы» (1933), «Міністр» (1935), «Сядзіба Пуаджунасаў» (1952), п’есах «Змрок» (1936), «1831 год» (1937). Аўтар кн. мемуараў «З маіх успамінаў» (1957) і інш. Выкарыстоўваў матывы груз. (цыкл «Каўказскія легенды», 1905—06), каўк. і літ. паданняў (кн. «Паданні і легенды», 1957). На бел. мову творы Венуоліса перакладалі С.Грахоўскі (у кн.: «Літоўскія апавяданні», 1957), Н.Рыбак (у кн. «Бурштынавыя пацеркі», 1984).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРМІ́СТР (польск. bürmistrz ад ням. Bürgermeister),
выбарная асоба ў магістрат — адм. і судовы орган гар. самакіравання ў гарадах Беларусі, якія мелі магдэбургскае права ў 14—18 ст.Войт і прызначаныя ім выбаршчыкі (12—20 чал.) выбіралі на пасаду бурмістра гараджан з заможных гар. вярхоў (мяшчан). У 16 — 1-й пал. 17 ст. пабольшала роля сходу гараджан у працэдуры выбараў гар. рады і яе галавы. Сход прапаноўваў некалькі кандыдатур, з якіх войт зацвярджаў аднаго, часцей 2 бурмістры тэрмінам на 1 год. Пасля сканчэння паўнамоцтваў бурмістр рабіў справаздачу перад радай. З цягам часу ўстанавіўся прынцып справаздачы бурмістра на агульным сходзе гараджан. У абавязак бурмістра ўваходзіла загадванне гар. скарбам, старшынства на пасяджэннях бурмістраўска-радзецкага суда. У канцы 18 ст. царскі ўрад скасаваў на Беларусі магдэбургскае права, а бурмістр замяніў прызначаемы ўладай гарадскі галава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОНЬ,
вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).
У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз.в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.
У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (партуг. Ilhas dos Açores Астравы ястрабаў),
архіпелаг у Атлантычным ак., на З ад Пірэнейскага п-ва. Пл. 2,3 тыс.км². Працягваецца з З на У прыблізна на 600 км. Складаецца з 9 буйных а-воў (Сан-Мігел, Тэрсейра, Піку, Сан-Жоржы, Флорыш і інш.) і некалькіх рыфаў. Уваходзіць у склад Партугаліі. Нас. 243,4 тыс.чал. (1981). Астравы вулканічнага паходжання, маюць горны рэльеф з вяршынямі да 2351 м (г. Піку на в-ве Піку), стромкія берагі. Разнастайныя праяўленні сучаснага вулканізму (фумаролы, мінер. і тэрмальныя крыніцы). Частыя землетрасенні. Клімат субтрапічны, акіянскі. Сярэдняя т-растудз. каля 14 °C, ліп. каля 22 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. На схілах субтрапічныя горныя лясы і кусты. Плантацыі бананаў, цытрусавыя, вінаградарства. Цэнтр марскіх і паветраных трансатлантычных ліній паміж Еўропай, Афрыкай і Амерыкай. Найб. гарады і парты: Понта-Дэлгада, Анграду-Эраіжму, Орта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак.Пл. 360 тыс.км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДЗІЧЫ,
вёска ў Навапольскім с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 50 км ад райцэнтра г. Мар’іна Горка, 40 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Рудзенск. 256 ж., 99 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 1600 у Мінскім пав.ВКЛ. У 1766 атрымала прывілей на З кірмашы ў год. У 1769 тут пабудаваны палац і парк, у 1780 — уніяцкая Пакроўская царква (з 1839 правасл.). З 1785 уласнасць Ельскіх. З 1793 у складзе Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 у Д. 300 ж., 30 двароў, царква, млын, 3 карчмы, бат. сад, аранжарэя гарбарны з-д. У 1924—31, 1935—62 цэнтр сельсавета ў Самахвалавіцкім, Смілавіцкім, Рудзенскім, Уздзенскім, у 1931—35 і з 1962 у Пухавіцкім раёнах. Каля вёскі Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Ржаўка. На аўтадарозе Рагачоў—Буда-Кашалёў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 85 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Жлобін. 1145 ж., 471 двор (1996).
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 18 ст. У 1880 мястэчка, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ.; 820 ж., 130 двароў, царква, нар. вучылішча, яўр. малітоўная школа, 3 крамы, 2 кірмашы ў год. Належаў Драбышэўскім, Дашкевічам, Судзілоўскім. З 1924 цэнтр Гарадзецкага раёна і сельсавета, з 1927 у Рагачоўскім р-не. Перад Вял. Айч вайной 1319 ж., 240 двароў. У снеж. 1943 ням.-фаш. акупанты часткова спалілі вёску і загубілі 181 жыхара. У 1970 — 1046 ж., 331 двор.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкія магілы сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ША (Сямён Іванавіч) (каля 1739, в. Беразань, Гомельская вобл. — ?),
кіраўнік паўстанцкіх атрадаў на Украіне і Беларусі ў 1770—80-я г. З прыгонных сялян Мазырскага пав. З 9 гадоў жыў у Запарожскай Сечы. У складзе запарожскага войска ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1768—74. У пач. 1770-х г. арганізаваў паўстанцкі атрад, на чале якога нападаў на панскія маёнткі на Украіне. У 1773 сасланы на катаргу, уцёк адтуль у 1776 і сабраў з запарожскай беднаты новы атрад. У 1778 пасаджаны ў турму, праз год уцёк, на чале атрада нападаў на панскія маёнткі на Украіне і Беларусі. У 1783 арыштаваны на Беларусі, але зноў уцёк і ўзначаліў атрад паўстанцаў. У лют. 1784 арыштаваны ў Ромнах і сасланы на вечную катаргу ў Херсон. Пра Гаркушу як абаронцу прыгнечаных складзена шмат нар. песень і апавяданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЫ́Н, Цзілінь,
правінцыя на ПнУ Кітая. На У мяжуе з Расіяй, на ПдУ — з Карэяй. Нас. каля 30 млн.чал. (1994), пераважна кітайцы, а таксама карэйцы (6%) і маньчжуры (3%). Адм. ц. — г.Чанчунь. Паўд.-ўсх.ч. занята Маньчжура-Карэйскімі гарамі выш. да 2744 м (г. Байтаўшань). На ПнЗ — плоская раўніна Сунляопіньюань. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. да -20 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў на раўніне 400—600 мм за год, у гарах да 1000 мм. Здабыча каменнага вугалю, меднай, свінцова-цынкавай, жал. рудаў, золата. Нарыхтоўка драўніны, лесаперапр., лесахім., папяровая прам-сць. Фынманьская ГЭС на р.Сунгары. Аўтабудаванне, чорная металургія, хім.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, гаалян, сою, цукр. буракі. Гадуюць буйн. раг., жывёлу, свіней, авечак, коней, маралаў. Збор жэньшэню. Транспарт пераважна чыг. і аўтамабільны.