ПЛАТЭ́І, Платэя (Plataiai, Plataia),

старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕ́ШЧАНІЦКАЕ МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 18.8.1941 да 25.11.1942 у г.п. Плешчаніцы Лагойскага р-на Мінскай вобл. Складалася з груп (23 чал., кіраўнік П.​І.​Адамовіч). Са жн. 1942 дзейнічала пад кіраўніцтвам Барысаўскага падп. міжрайкома ЛКСМБ. Падпольшчыкі па радыё прымалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы, звесткі пра карныя экспедыцыі акупантаў. У 1942 арганізавалі ўцёкі зняволеных з канцлагера, замініравалі будынак жандармерыі, падпалілі ўправу, падарвалі лесапільню. Пасля дыверсій большасць членаў арг-цыі пайшла ў партызаны, 6 падпольшчыкаў фашысты загубілі.

т. 12, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РТСМУЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1905.

Завяршыў руска-японскую вайну 1904—05. Падпісаны 5 вер. ў Портсмуце (ЗША) старшынёй кабінета міністраў Расіі С.Ю.Вітэ і міністрам замежных спраў Японіі Д.​Камура пры пасрэдніцтве прэзідэнта ЗША Т.Рузвельта. Паводле дагавора Расія ўступала Японіі арэндныя правы на Ляадунскі п-аў з гарадамі Порт-Артур і Дальні, Паўд.-маньчжурскую чыгунку ад Порт-Артура да Чанчуня; паўд. ч. в-ва Сахалін (да 50-й паралелі), Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Бакі абавязаліся вывесці свае войскі з Маньчжурыі, Расія згаджалася заключыць з Японіяй канвенцыю па рыбнай лоўлі.

т. 12, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСУ́Я,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на паўн. беразе аднайм. возера. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 164 км ад Віцебска, 7 км ад чыг. ст. Зябкі. 465 ж., 208 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Свята-Троіцкая царква (1996). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Псуеўскі парк. У вёсцы гарадзішча (6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.).

т. 13, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЦЭ́ВІЧ (Аляксандр Маркавіч) (14.3.1898, в. Буда-Лазавая Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.4.1961),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў школу камсаставу Чырв. Арміі (1920). З 1916 у арміі, у 1918—24 у Чырв. Арміі. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір роты асобнай мотастралк. брыгады. З ліп. 1942 камандзір дыверсійнага партыз. спецатрада НКДБ БССР «Храбрацы», які на тэр. Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей правёў 218 дыверсій. У 1945—52 працаваў у КДБ БССР. Яго імем названа вуліца ў г.п. Кіраўск.

А.М.Рабцэвіч.

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГУ́ЛЯ (Іван Лявонцьевіч) (27.9.1895, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.7.1944),

генерал-маёр (1943). Скончыў Вышэйшую аб’яднаную ваен. школу (1923), курсы «Выстрал» (1928) і ўдасканалення вышэйшага нач. саставу (1930). З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Бел. франтах: нач. штаба танк. брыгады, камандзір брыгады, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, Курскай бітвы, вызвалення Украіны і Беларусі. Памёр ад ран. Яго імем названа вуліца ў г. Баранавічы.

т. 13, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (26.8.1916, в. Балгавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1957),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мінскі арх.-буд. тэхнікум (1934), Ленінградскае ваенна-інж. вучылішча (1938). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Сцяпным фронце. Камандзір дэсантна-паромнай пераправы маёр Р. вызначыўся 28.9—6.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра ў раёне г. Крамянчуг (Украіна), дзе пад агнём праціўніка забяспечыў бесперапынную пераправу войск арміі. Пасля вайны да 1956 у Сав. арміі. У в. Папоўцы Капыльскага р-на пастаўлены бюст Р.

А.І.Радкевіч.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКЕ́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (22.2.1904, г. Лагойск Мінскай вобл. — 4.6.1982),

генерал-лейтэнант танк. войск (1954). Скончыў ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1937) і Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік баёў на Зах. фронце 1919—24. З 1924 камандзір танк. ўзвода, роты, нач. штаба і нам. камандзіра танк. брыгады. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Варонежскім, Бранскім, 2-м Далёкаўсх. франтах: камандзір танк. брыгады, корпуса, камандуючы бранятанк. і механіз. войскамі фронту. Да 1959 у войсках і цэнтр. апараце Мін-ва абароны СССР.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́ШКА (Мікалай Васілевіч) (13.10.1913, в. Дусаеўшчына Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 30.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). З 1935 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., 2-м Бел. франтах. Нам. камандзіра зенітнага артыл. палка маёр Р. вызначыўся 30.6.1944 у час абароны чыг. моста і пераправы цераз р. Бярэзіна каля в. Свіслач Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., дзе з яго ўдзелам зенітны полк адбіў некалькі контратак ворага; у баі Р. замяніў камандзіра кулямётнай роты і знішчыў каля 200 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі. На радзіме Р. пастаўлены помнік.

М.В.Рамашка.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАТКЕ́ВІЧ (Іван Адамавіч) (3.7.1898, г. Барысаў Мінскай вобл. — 16.5.1962),

генерал-лейтэнант (1949). Скончыў вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1954). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны на Усх. фронце. З 1941 на выкладчыцкай рабоце ва Узбекістане. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Каўказскім, Сцяпным, 2-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір батальёна, нач. штаба палка, брыгады, дывізіі; удзельнік вызвалення Украіны, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацый. У 1944—57 у Войску Польскім: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)