НЯСВІ́ЖСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ, Нясвіжскі касцёл Божага Цела, Нясвіжскі фарны касцёл,
помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1584—93 (арх. Дж.Бернардоні) на ўзор гал. храма ордэна езуітаў Іль Джэзу ў Рыме.
У 1510 у Нясвіжы па фундацыі П.Кішкі пабудаваны драўляны касцёл, у 1555 М.Радзівіл Чорны перадаў яго кальвіністам. У 1581 яго сын М.К.Радзівіл Сіротка пачаў будаваць мураваны касцёл, прызначаны для езуітаў. Будынак храма ў выглядзе грэч. крыжа ў плане (захаваўся чарцёж канца 16 ст.) не задавальняў езуітаў і ў 1586 па ініцыятыве віленскага біскупа Ю.Радзівіла быў разбураны. На месцы разбуранага пастаўлены новы мураваны касцёл — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай, па баках якой размешчаны 2-павярховыя прамавугольныя ў плане сакрысціі, і з 2 сіметрычна размешчанымі гранёнымі капліцамі, прыбудаванымі побач з крыламі трансепта. Бязвежавы гал. фасад вырашаны як самаст. сценка-шырма, завершаны трохвугольным франтонам. Інтэр’ер багата дэкарыраваны размалёўкай у тэхніцы грызайль. Фрэскі выкананы ў 1750—70-я г. з удзелам мастака К.Д.Гескага. У касцёле надмагіллі 17—19 ст. і фамільная пахавальня кн. Радзівілаў. Касцёл пабудаваны ў ансамблі з Нясвіжскай замкавай вежай, Нясвіжскім езуіцкім калегіумам. У 1747 у двары касцёла асобна пастаўлена капліца (арх. М.Педэці).
Т.В.Габрусь, У.А.Чантурыя.
Нясвіжскі касцёл езуітаў і Замкавая вежа (злева).Нясвіжскі касцёл езуітаў. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЕНО́Н (грэч. Parthenōn ад parthenos дзева),
помнікстараж.-грэч. мастацтва эпохі класікі на Афінскім Акропалі; храм багіні Афіны Парфенас; гал. храм афінскага поліса. Узведзены ў 447—438 да н.э. (дойліды Іктын і Калікрат) у гонар перамогі над персамі. Уяўляе сабой мармуровы храм, абкружаны каланадай (перыптэр, памер 30,89 м × 69,54 м, выш. калон 10,43 м). Яго архітэктуры ўласцівы спакойная веліч, дасканаласць форм, гармонія частак, суразмерная маштабу чалавека, выдатнае спалучэнне дарычнага і іанічнага ордэраў. Багатае і строгае скульпт. ўбранне храма, арганічна звязанае з формамі архітэктуры, выканана пад кіраўніцтвам Фідыя (завершана ў 432 да н.э.). Фрыз фасада быў упрыгожаны плітамі-метопамі з выявамі сцэн бітвы амазонак, кентаўраў і гігантаў, франтоны — скульпт. групамі, што ўвасаблялі сцэны нараджэння Афіны (на ўсх. франтоне) і спрэчкі Афіны з Пасейдонам за панаванне ў Атыцы (на зах. франтоне). Вакол гал. памяшкання ішоў фрыз з рэльефнай выявай панафінейскага шэсця афінскіх грамадзян. Скульптура П. сцвярджае ідэю перамогі чалавека над стыхійным, цёмным, «звярыным» пачаткам, дае ўяўленне пра фіз. і духоўную дасканаласць чалавечай сутнасці. Ёй уласцівы велічнасць рытмаў, мяккасць пластычнай мадэліроўкі, свабодны і натуральны рух фігур у прасторы, штучна падначаленых плоскасці сцяны, лёгкая, віртуозная апрацоўка паверхні мармуру. П. разбураны ў 1687 пры аблозе Акропаля венецыянцамі, часткова адноўлены. У 1801—03 уцалелыя скульптуры вывезены ў Вялікабрытанію (з 1812 у зборы Брыт. музея ў Лондане). П. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ АРХІТЭКТУ́РНЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1760—80-я г. ў стылі барока з удзелам італьян.арх. Дж.Сака на высокім узгорку берага р. Мядзелка. Быў адм., культ. і гандл. цэнтрам горада. Напачатку забудова была драўляная. На прамавугольнай у плане плошчы (295 × 93 м) цэнтр. месца займалі гандл. рады. На зах. баку плошчы размяшчаліся будынак канцылярыі і суда, абапал яго сіметрычна стаялі па 3 дамы рамеснікаў; іх фланкіравалі дом урача і гасцініца. На ўсх. баку паміж драўлянымі храмамі быў 2-павярховы з вежай будынак школы, на паўд. баку — карчма і сіметрычна ёй 2 аднолькавыя гасцініцы, на паўн. — аўстэрыя і 3 дамы рамеснікаў. Захаваліся дом урача, 3 дамы рамеснікаў, гасцініца, жылы дом. Дом урача — прамавугольны ў плане мураваны 2-павярховы будынак накрыты высокім вальмавым чарапічным дахам. Гал. фасад сіметрычна раскрапаваны нішамі і філёнгамі. Дамы рамеснікаў прамавугольныя ў плане, 1-павярховыя, з мансардамі, накрытыя 2-схільнымі чарапічнымі дахамі. Утвараюць суцэльную забудову. Гасцініца мае ідэнтычную з домам урача аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Жылы дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Сфарміраваны ў выніку аб’яднання і рэканструкцыі ў 19 ст. дамоў рамеснікаў. Гал. фасад атрымаў складаную асіметрычную кампазіцыю з высокімі ступеньчатымі атыкамі, спрошчанай крапоўкай сцен, шатровай вежачкай над адным з прамавугольных аконных праёмаў.
С.Г.Багласаў.
Пастаўскі архітэктурны ансамбль: 1, 2 — дамы рамеснікаў; 3 — дом урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́НАК,
помнік архітэктуры рэнесансу ў Мінску. Засн. ў 1641 на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) А.Сялявам. Першая ігумення К.Сапега пералічыла манастыру 10 тыс. злотых. Напачатку манастыр размяшчаўся ў мураваных жылых дамах, пабудаваных у 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Каля 1650 узведзены мураваны будынак манастырскага корпуса (выкарыстаны скляпы і сцены першапачатковых будынкаў) і прамавугольная ў плане капліца, аб’яднаная з царквой Св. Духа (гл.Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры). Корпус 2-павярховы П-падобны ў плане, меў высокі вальмавы дах з чарапіцы. Тарэц даху ў паўд.-ўсх. крыле быў выкананы ў выглядзе фігурнага шчыта (перароблены ў 19 ст.). Плоскасці сцен фасадаў пазбаўлены дэкору, рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Манастыр быў злучаны з капліцай крытай галерэяй, якая праходзіла над высокай мураванай сцяной (мела 3-пралётны праезд; разбурана ў сярэдзіне 19 ст.). Корпус быў злучаны з царквой Св. Духа. У інтэр’еры быў вял. залачоны драўляны алтар з абразамі Божай Маці, св. Базыля і Ісафата. На ПнУ знаходзіўся манастырскі двор з гасп. пабудовамі, абнесены сценамі. У 1795—99 вядомы як правасл. Петрапаўлаўскі манастыр. У 1-й пал. 19 ст. ў б. манастыры размяшчалася кансісторыя, з 2-й пал. 19 ст. — жылы дом (вул. Энгельса, 1). Будынак на рэстаўрацыі (1999).
У.М.Дзянісаў, Л.У.Іванова.
Корпус Мінскага Святадухаўскага манастыра базыльянак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАВА,
вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл. За 23 км на З ад Ваўкавыска, за 1 км ад чыг. ст. Мсцібава на лініі Ваўкавыск — Бераставіца, 81 км ад Гродна. 364 ж., 182 двары (1999). Базавая школа, б-ка, аптэка, магазін, клуб. Помнік архітэктуры Мсцібаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля. Каля вёскі гарадзішча 12—13 і 15—17 ст.
Першае паселішча на месцы М. — гарадзішча — сфарміравалася ў 12—13 ст. У 15 ст. велікакняжацкія двор і вёска пад назвай Мсцібогаў. У 1492 згадваецца ў дакументах як М. Ваўкавыскага пав. У 1572 і 1576 у М. адбываліся з’езды шляхты Рэчы Паспалітай, на апошнім з якіх вырашана абраць каралём Стафана Баторыя. У 17—18 ст. цэнтр староства ў Ваўкавыскім пав., складалася з мястэчка і замка. У 1744 атрымала магдэбургскае права. У 1792 каля М. адбылася бітва войска ВКЛ з кааліцыяй рас. войск і атрадаў Таргавіцкай канфедэрацыі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст.дзярж. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1886—1040 ж., 103 двары, 2 царквы, касцёл, сінагога, пошта, багадзельня, 6 крам, 5 корчмаў, 3 кірмашы штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ваўкавыскага р-на. З 28.7.1967 у Гнезнаўскім с/с, у складзе саўгаса «Гнезна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,
вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).
Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.
Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 12—17 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Пабудавана на месцы храма 1-й пал. 12 ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства 12 ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. У час яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З 14 ст. пры храме існаваў мужчынскі правасл. манастыр (з 1624 — жаночы, з 1628 — мужчынскі манастыр базыльян, з 1839 правасл. царква). У пач. 16 ст. і асабліва ў 1-й чвэрці 17 ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі ў стылі позняй готыкі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх верт. калон-лапатак, якія ў верхняй ч. пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. Падлога з квадратных і фігурных паліваных і непаліваных плітак (таўшчыня 4—5 см). У 17 ст. храм быў накрыты паліванай зялёнай і светла-карычневай дахоўкай. У 19 ст. фасады храма цалкам перабудаваны.
Літ.:
Трусов О.А. Борисоглебская церковь XII в. из Новогрудка // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. СПб.;
Псков, 1997. Т. 2.
А.А.Трусаў.
Навагрудская Барысаглебская царква. Выгляд з боку апсіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ РАЁН.
У цэнтр.ч. Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 16.9.1959, адноўлены 30.7.1966. Пл. 1,9 тыс.км²Нас. 49,5 тыс.чал. (1998, без г. Магілёў). Сярэдняя шчыльн. 26 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Магілёў. Уключае 296 сельскіх нас. пунктаў, 16 сельсаветаў: Брылёўскі, Вяйнянскі, Вендаражскі, Дашкаўскі, Заводскаслабодскі, Кадзінскі, Княжыцкі, Мастоцкі, Махаўскі, Нядашаўскі, Палыкавіцкі, Пашкаўскі, Семукацкі, Сідаравіцкі, Сухарэўскі, Цішоўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: 11 сельскіх нас. пунктаў у зоне забруджання радыёнуклідамі ад 5 да 15 Кю/км².
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, паўн. і паўн.-ўсх.ч. — у межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, 80% тэрыторыі на выш. 170—190 м, найвыш. пункт 200 м (за 2 км на Пн ад Магілёва). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны, суглінкі, мінер. фарба, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 644 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. З Пн на Пд працякае р. Дняпро з прытокамі Вільчанка, Паўна з Лазнёўкай, Дубравенка, Лахва з Лахвіцай і Жыварэзкай. На зах. ускраіне цячэ р. Друць з прытокамі Арлянка і Грэза (вытокі), на У — р. Раста з прытокам Рудзея. Вадасховішчы Рудзея і Зарэсце. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў дзярнова-падзолістыя (59,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,1%). Пад лесам 24% тэр. раёна, з іх 20,6% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пд. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Балоты займаюць 11.3 тыс. га; найб. Буйніцкае і Вял. Укрупскае. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Варацей, Гарадзенка, Загрэбля-Прысленка, Карніца, Пагост, Праворышча, Прусіна, Прыбрэжжа, Раманькі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: крыніца ў в. Палыкавічы, участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі ў Вільчыцкім лясніцтве; мясц. значэння: дубы ў Магілёве, парк у в. Дашкаўка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 119 тыс. га, з іх асушаных 16,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 7 саўгасаў, 51 фермерская гаспадарка, 3 аграфірмы, эксперым. база, саўгас-камбінат «Усход», 3 птушкафабрыкі, зверагаспадарка, дзяржплемпрадпрыемства. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, вырошчванні збожжа, агародніцтве, садаводстве, бульбаводстве, ільнаводстве. Прадпрыемствы металаапр., харч., дрэваапр. і буд. матэрыялаў прам-сці. Магілёў — вузел чыгунак на Асіповічы, Оршу, Крычаў, Жлобін, аўтадарог — на Бабруйск, Мінск, Оршу, Чэрыкаў, Гомель. Суднаходства па Дняпры. У раёне 23 сярэднія, 5 базавых, 8 пач., 11 муз. (11 філіялаў), спарт. школ, вышэйшае прафес. агратэхн. вучылішча ў в. Буйнічы, 32 дашкольныя ўстановы, 37 дамоў культуры і клубаў, 36 б-к, 7 бальніц, паліклініка, 2 амбулаторыі, 41 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры: царква Пакроваў Багародзіцы (2 пал. 19 ст.) у в. Вейна, Успенская царква (1903) у в. Галяні 1-я, сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Дашкоўка, касцёл дамініканцаў (1681) у в. Княжыцы, мемар. капліца (1912) і помнік (1962) на месцы бітвы ў Айч. вайну 1812 каля в. Салтанаўка, капліца (19 ст.) у в. Стайкі, Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Сухары. Помнік гісторыі Буйніцкае поле каля в. Буйнічы. Музей баявой і працоўнай славы ў в. Палыкавічы. Выдаецца газ. «Прыдняпроўская ніва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (БШПР),
рэспубліканскі орган ваен. кіраўніцтва партыз. рухам на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Дзейнічаў з 9.9.1942 да ліст. 1944. Сфарміраваны ў паласе 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, у вёсках Шэйна і Цімохіна Тарапецкага р-на Калінінскай вобласці. З ліст. 1943 размяшчаўся ў Маскве, з мая 1943 — на ст. Сходня пад Масквой, з лютага 1944 — у в. Чонкі Гомельскага р-на, з ліп. 1944 — у в. Лошыца пад Мінскам. Нач. штаба: П.З.Калінін, з кастр. 1944 А.А.Прохараў; нам.нач. штаба: І.М.Арцём’еў, І.П.Ганенка, В.І.Закурдаеў, І.А.Крупеня, А.А.Прохараў, І.І.Рыжыкаў, Р.Б.Эйдзінаў. У сваёй дзейнасці штаб кіраваўся дырэктывамі ЦКВКП(б), Дзярж.к-та абароны СССР і інш. вышэйшых органаў дзярж. і ваен. ўпраўлення. Працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху і ЦККП(б)Б. Штаб распрацаваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па разгортванні партыз. барацьбы, планаваў, арганізоўваў і кантраляваў баявую дзейнасць брыгад і атрадаў, вырашаў пытанні забеспячэння партызанаў сувяззю, зброяй і боепрыпасамі; арганізоўваў авіяперавозкі ваен. грузаў і асабовага складу; праводзіў эвакуацыю параненых у сав. тыл; кіраваў падрыхтоўкай і ўлікам партыз. кадраў. 14.11.1944 расфарміраваны. У в. Чонкі (Гомельскі р-н) у гонар БШПР пастаўлены помнік.
Літ.:
Калинин П.З. Партизанская республика. 3 изд. Мн., 1973;
Артемьев И.Н. В эфире партизаны. М., 1971;
Брюханов А.И. В штабе партизанского движения. Мн., 1980.
А.Л.Манаенкаў.
Мемарыяльная стэла ў гонар Беларускага штаба партызанскага руху ў в. Чонкі Гомельскага раёна.