пераключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.

1. Аказацца пераключаным (гл. пераключыць у 1 знач.).

2. Перайсці на іншы від працы, змяніць галіну сваёй дзейнасці, пачаць дзейнічаць іначай. Цяпер уся рыбаводная брыгада пераключыцца на сажалкі, бо пара ўжо звярнуць на іх увагу. Чарнышэвіч. І зараз жа хлопцы пераключыліся на бадзёры тон. Карпюк.

3. перан. Накіраваць сваю ўвагу, думкі і пад. на што‑н. іншае. Як толькі маці выйшла, думкі Міколы пераключыліся на калгасныя справы. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераключы́ць, ‑ключу, ‑ключыш, ‑ключыць; зак., што.

1. Адключыўшы ад якой‑н. сістэмы адны элементы, апараты, уключыць другія. Наўроцкі пераключыў хуткасць. Машына рванулася наперад. Чарнышэвіч. // Змяніць напрамак (патоку электрычнай энергіі, вадкасці, газу і пад.).

2. Перавесці на іншы від працы, выкарыстаць іначай. Пераключыць цэх на іншую вытворчасць. Пераключыць лабараторыю на іншую тэматыку.

3. перан. Падаць іншы папрамак чаму‑н. (размове, думкам і пад.). Пераключыць гутарку на іншую тэму. Пераключыць сваю ўвагу на іншы прадмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

травесці́, нескл., н.

Спец.

1. Адно з тэатральных амплуа, мужчынская або дзіцячая роля, якая выконваецца пераадзетай жанчынай, радзей — жаночая роля, якая выконваецца мужчынам. Ірына Ждановіч доўга іграла травесці, спрабавала ролі характарныя, захаплялася імі. Сабалеўскі. // у знач. прым. Пераадзеты ў касцюм другога полу. Актрыса-травесці.

2. Від гумарыстычнай паэзіі, блізкай да пародыі, які характарызуецца тым, што сур’ёзны змест увасабляецца ў камічнай форме. «Энеіда» — арыгінальны твор, які вырас на нацыянальнай глебе, на аснове беларускіх пародый — травесці. Барысенка.

[Фр. travesti.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. чытаць (у 1, 2 знач.).

2. Чытанне ўголас чаго‑н. Даклад аб жыцці і творчасці Сяргея Ясеніна зрабіў адзін з крытыкаў.. Пасля даклада пачалася чытка вершаў. Хведаровіч. Аграном прыступіў да чыткі і абмеркавання прыкладнага статута сельгасарцелі. Брыль.

3. Чытанне акцёрамі п’есы па ролях (від рэпетыцыі). Чытка п’есы. □ Чыткі ў нас часта ператвараліся ў практыкаванні па акцёрскай распрацоўцы характараў герояў рамана ці аповесці. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эстра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Падмосткі для канцэртных выступленняў артыстаў. Больш таго — ім [Алесю і Андрэю] удалося нават сядзець бліжэй да адкрытай эстрады, бачыць яе, спявачкі, прыгажосць, святло яе натхнення. Брыль. У куце, на эстрадзе, размясціўся аркестр з серабрыстым, акаймаваным чырвонымі кутасікамі, барабанам у цэнтры. Хадкевіч.

2. Від сцэнічнага мастацтва, які ўключае малыя формы драматычнага, вакальнага мастацтва, музыкі, харэаграфіі, цырка і пад. // Артысты эстраднага мастацтва. У Гомелі з поспехам прайшлі канцэрты Украінскай рэспубліканскай эстрады. «ЛіМ».

[Фр. estrade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ювелі́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да прадметаў мастацтва і ўпрыгожанняў з каштоўных металаў і камянёў, да іх вырабу, продажу і пад. Ювелірныя вырабы. Ювелірная майстэрня. Ювелірны магазін.

2. перан. Тонкі, дасканалы; такі, як у ювеліра. Ювелірная работа. Ювелірная дасканаласць. // Умела і старанна апрацаваны (пра часткі, дэталі чаго‑н. і пад.).

•••

Ювелірнае мастацтва — від дэкаратыўнага прыкладнога мастацтва, звязанага з вырабам упрыгожанняў, прадметаў быту з каштоўных металаў у спалучэнні з каштоўнымі камянямі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),

від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.

Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.

На Беларусі развіваецца з 1961. Гал. спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш. міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.​Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.​Талкачоў (1969), М.​Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.​Какуева, Парамыгіна, Н.​Пермякова, Н.​Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 у каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.​Івашка, А.​Папоў, А.​Рыжанкоў, В.​Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.

М.​А.​Дубіцкі.

Да арт. Біятлон. Спартсмены на агнявым рубяжы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кака́ва

(ісп. сасао)

1) від тэабромы, з насення якога робяць шакалад; шакаладнае дрэва;

2) парашок з насення гэтай расліны, а таксама прыгатаваны з яго пажыўны напітак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дромеагнаты́зм

(ад лац. dromaeus = назва атрада птушак + гр. gnathos = сківіца)

від будовы паднябення ў птушак, калі косці нерухома зрошчаны паміж сабой (характэрны для страусаў, ківі, нанду).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэгажэ́

(фр. dégagé)

від атакі пры фехтаванні, у час якой рапіра або шпага таго, хто атакуе, адводзіцца ад зброі праціўніка, каб зрабіць укол па найкарацейшай лініі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)