ДРАЧО́Ў Уладзімір Карпавіч (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж. ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работы прамысл. прадпрыемстваў.
Тв.:
Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;
Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.
т. 6, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ Анатоль Цімафеевіч (н. 13.9.1939, в. Гарадок Смаленскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніцы дрэварыту, у галіне афармленчага мастацтва. Творы адметныя лаканічнасцю выяўл. сродкаў, дынамічнасцю танальных градацый, кампазіцыйнай завершанасцю: гравюры да кнігі «Георгій Скарына» М.Садковіча і Я.Львова (1966), серыі нацюрмортаў «Вакол нас» (1967—83), пейзажы «Мая Беларусь» (1980—82), эстампы «Сажалка ў Вязьніцы» (1982) і інш., экслібрысы. Аформіў інтэр’еры гандл. цэнтра ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на (1975), крамы будматэрыялаў «Еўралюкс» (1995) у Мінску, экспазіцыі фотавыстаўкі «Вялікі пясняр Беларусі — Янка Купала» (1992), выстаўкі «Эканоміка Беларусі» ў г. Прага (Чэхія, 1995, і інш.). Іл. гл. таксама да арт. Дрэварыт.
т. 6, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛО́Ў Валерый Паўлавіч (н. 3.8.1941, в. Баравое Кемераўскага р-на, Расія),
бел. вучоны ў галіне цеплафізікі. Д-р тэхн. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі і оптыкі (1964). З 1966 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, н.-д. і праектна-тэхнал. ін-це арганізацыі і тэхнікі кіравання СССР. З 1975 у выліч. цэнтрах Мінкамгаса і Мінбыта БССР, Ін-це эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. З 1990 у БДУ. Навук. працы па метадах і прыладах неразбуральнага кантролю цеплафіз. уласцівасцей матэрыялаў. Распрацаваў новыя метады рашэння ўраўнення цеплаправоднасці пры змешаных гранічных умовах.
Тв.:
Двумерные осесимметричные нестационарные задачи теплопроводности. Мн., 1986.
П.М.Бараноўскі.
т. 7, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),
выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.Курно (Францыя), І.Цюнен, Г.Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.Джэванс, Л.Вальрас, В.Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.
т. 10, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ І СПРАВЯДЛІ́ВАСЦІ,
палітычная партыя ў Рэспубліцы Беларусь. Створана ў чэрв. 1993. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Палітвыканком. Асн. мэта — стварэнне грамадства эканам. дабрабыту і сац. справядлівасці. Выступае за прафесійны парламент, прэзідэнцкую форму праўлення, мясц. самакіраванне і незалежную судовую ўладу. Партыя лічыць, што ў грамадстве павінна атрымаць развіццё змешаная эканоміка, якая прадугледжвае наяўнасць дзярж. і прыватнай форм уласнасці. У агр. сферы прадугледжвае свабоднае развіццё разнастайных форм гаспадарання і ўласнасці. Выступае за эканам. і знешнепаліт. саюз з Расіяй. Асн. сац. база партыі — людзі фіз. і разумовай працы, навучэнцы, пенсіянеры і інваліды. Друкаваны орган — «Цэнтральная газета» (з 1994). На 1.1.2001 дзейнічалі 9 гар., 16 раённых і 131 пярвічная арг-цыі партыі, якія аб’ядноўвалі 1524 чал.
т. 14, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУ́РУ Сігэта (н. 1912),
японскі эканаміст, прадстаўнік інстытуцыяналізму. Д-р філасофіі (1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1935) і працаваў у ім у 1940—42. З 1944 супрацоўнік МЗС Японіі, у 1947—48 нам. кіраўніка Савета па эканам. стабілізацыі. Займаў пасады дырэктара Ін-та эканам. даследаванняў і рэктара Такійскага ун-та. Даследаваў праблемы макраэканам. дынамікі, цыклічнага развіцця яп. эканомікі, узаемадзеяння доўгачасовых фактараў эканам. росту з інстытуцыйнымі прынцыпамі грамадства. Лічыў, што дзярж. рэгуляванне эканомікі здольнае ўтаймаваць рыначную стыхію; для гэтага, на яго думку, праграмаванне павінна спалучаць у сабе прагназіраванне з антыцыклічным і мэтавым структурным рэгуляваннем. Асн. працы: «Палітыка і эканоміка ў барацьбе супраць забруджвання навакольнага асяроддзя» (1972), «Японскі эканамічны цуд скончыўся» (1978) і інш.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 17, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ФІНА́НСАВА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т імя В.П.Кавалёва.
Засн. ў 1993 у г. Магілёў В.П.Кавалёвым (гл. Дадатак) як недзярж. фінансава-эканам. ін-т. З 2001 сучасная назва. У 2003/04 навуч. г. адзін фінансава-эканам. ф-т; спецыяльнасці: камерцыйная дзейнасць (спецыялізацыя «Камерцыйная дзейнасць на рынку тавараў народнага спажывання»); фінансы і крэдыт (спецыялізацыя «Фінансы»); эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве (спецыялізацыя «Дзелавое адміністраванне»). Навучанне дзённае і завочнае, на камерцыйнай аснове. У ін-це 1146 студэнтаў, з іх 267 на дзённым аддзяленні. Навуч.-выхаваўчы працэс забяспечвае 71 выкладчык, у т. л. 37 д-роў і канд. навук. Мае камп’ютэрную залу, музей, б-ку. Штогод праводзяцца рэгіянальныя навук.-практ. канферэнцыі (Кавалёўскія чытанні).
т. 18, кн. 1, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ГА́НДАЛЬ,
сукупнасць знешняга гандлю розных краін свету; працэс сусв. гандлю. Зыходныя прынцыпы М.г. сфармуляваў у 1919 шведскі вучоны Э.Ф.Хекшэр, у 1930-я г. развіў яго вучань Б.Олін. Паглыбленне тэарэт. уяўленняў пра М.г. звязана з развіццём у пач. 1950-х г. практычнага эканоміка-матэм. мадэліравання (В.Лявонцьеў, М.Дуглас). На тэарэт. узроўні адрозніваюць аўтаркію (урад краіны стварае такую сістэму абмежаванняў, што знешні гандаль робіцца нявыгадным, настае ізаляцыя краіны ад знешняга свету), і сістэму свабоднага гандлю (адсутнічаюць абмежаванні ў гандлі). Павелічэнне гандл. абмежаванняў, або палітыка пратэкцыянізму, забяспечвае ахову інтарэсаў унутр. вытворцы, а іх зняцце, або лібералізацыя, садзейнічае павелічэнню знешнегандл. абароту краіны і выцясненню неканкурэнтаздольнай прадукцыі імпартнымі таварамі. Выбар форм і спосабаў удзелу краін у М.г. вызначае стратэгію правядзення дзярж. інвестыцыйнай палітыкі.
В.А.Дадалка.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕНКАЎ Аляксандр Іванавіч (н. 5.5.1941, в. Жукаўка Жукаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў Бел. ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1970). З 1993 у Бел. н.-д. канструктарска-тэхнал. ін-це мяса-малочнай прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па эканоміка-матэм. мадэліраванні с.-г. вытв-сці, механізацыі збору і перапрацоўкі гною з жывёлагадоўчых ферм, спосабах зніжэння таксічных выкідаў у атмасферу з аграпрамысл. комплексаў.
Тв.:
Тэарэтычныя асновы працэсу саматранспартавання гною (разам з С.І.Пляшчанкам) // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1993. №2;
Методологические предпосылки расчета экологического ущерба от выбросов неприятно пахнущих газов цеха технических фабрикатов (разам з С.У.Заўялавым, В.А.Басько) // НТИ и рынок. 1996. № 9.
т. 11, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ МЕХА́НІКА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.
Засн. ў 1954 у г. Орша Віцебскай вобл. як вячэрні тэкстыльны тэхнікум. У 1973 пераўтвораны ў механіка-тэхнал. тэхнікум. Сучасная назва з 2002. Навучанне дзённае і завочнае. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй агульнай адукацыяй. На бюджэтнай аснове рыхтуе спецыялістаў сярэдняй кваліфікацыі па спецыяльнасцях: машыны і апараты лёгкай, тэкстыльнай прам-сці і быт. абслугоўвання; першасная апрацоўка лубяных культур; тэхналогія пражы, нятканых матэрыялаў, тканін і тканых вырабаў; тэхналогія машынабудавання; дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання. На бюджэтнай і камерцыйнай аснове ажыццяўляецца навучанне па спецыяльнасцях: бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль; банкаўская справа; эканоміка і арганізацыя вытв-сці; правазнаўства. З 1995 дзейнічае аддзяленне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасцях: бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль, аператар і карыстальнік персанальных ЭВМ.
т. 18, кн. 1, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)