ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,

1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.

2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, І.Г.Песталоцы, К.Дз.Ушынскі, П.П.Блонскі, С.Ф.Шацкі, А.С.Макаранка, В.А.Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.С.Бурэ, Г.М.Годзіна, В.І.Логінава. В.Г.Нячаева, Д.В.Сяргеева, А.Д.Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.

Н.У.Літвіна.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ

(франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),

устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.

Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням. паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей

Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б. СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;

Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;

The autoritarian personality. New York, 1950.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

навука аб прынцыпах і метадах вывучэння саставу рэчываў. Уключае тэарэт. асновы хім. аналізу, метады вызначэння кампанентаў у рэчывах ці матэрыялах, сістэм. аналіз канкрэтных аб’ектаў. Тэарэт. асновы аналітычнай хіміі — метралогія хім. Аналізу (апрацоўка вынікаў); вучэнне аб адборы і падрыхтоўцы аналітычных проб, складанні схемы і выбары метадаў, прынцыпах і шляхах аўтаматызацыі аналізу. Аналітычная хімія звязана з дасягненнямі фізікі, матэматыкі, біялогіі, розных галін тэхнікі. Асаблівасць аналітычнай хіміі — вывучэнне індывід. спецыфічных уласцівасцяў і характарыстык аб’ектаў. У залежнасці ад мэты аналізу адрозніваюць якасны аналіз і колькасны аналіз; у залежнасці ад кампанентаў, якія неабходна выявіць — ізатопны аналіз, элементны аналіз, структурна-групавы (у т. л. функцыянальны аналіз), малекулярны і фазавы аналіз; у залежнасці ад прыроды рэчыва — аналіз арган. і неарган. рэчываў. Вызначэнне рэчыва ці кампанента праводзяць хімічнымі (гравіметрычны аналіз, цітрыметрычны аналіз), фізіка-хімічнымі (электрахім., фотаметрычны аналіз, кінетычныя метады аналізу), фізічнымі (спектральныя, ядзерна-фіз. і інш.) і біял. метадамі аналізу. Практычна ўсе метады аналітычнай хіміі заснаваны на залежнасці ўласцівасцяў аб’ектаў, якія можна мераць (маса, аб’ём, святлопаглынанне, эл. ток і інш.), ад іх саставу.

Заснавальнікам аналітычнай хіміі як навукі лічыцца Р.Бойль, які ўвёў паняцце «хімічны аналіз». Класічная аналітычная хімія (17—18 ст.) выкарыстоўвала пераважна гравіметрычны і цітрыметрычны метады аналізу. Да 1-й пал. 19 ст. адкрыты многія хім. элементы, выдзелены састаўныя часткі некаторых прыродных рэчываў, устаноўлены пастаянства саставу закон, кратных адносін закон, масы захавання закон. Распрацаваны сістэматычны аналіз (ням. хімікі Г.Розе, К.Фрэзеніус і рус. хімік М.А.Мяншуткін), створаны цітрыметрычны аналіз арган. злучэнняў (ням. хімік Ю.Лібіх). У канцы 19 ст. складалася тэорыя аналітычнай хіміі, заснаваная на вучэнні аб хім. раўнавазе ў растворах з удзелам іонаў (у асн. В.Оствальд). У 20 ст. з’явіліся метады мікрааналізу арган. злучэнняў (аўстр. хімік Ф.Прэгль), паляраграфіі (чэшскі хімік Я.Гейраўскі), рус. біяхімікам М.С.Цветам адкрыты метад храматаграфіі (1903) і створаны яго варыянты. Развіццё сучаснай аналітычнай хіміі звязана са з’яўленнем мноства фізіка-хім. і фіз. метадаў аналізу (мас-спектраметрычны, рэнтгенаўскі, ядзерна-фізічныя). Прапанаваны плазмавыя крыніцы току для атамна-эмісійнага аналізу, распрацаваны метады фотаметрычнага аналізу, атамна-адсарбцыйнай спектраскапіі. У сувязі з неабходнасцю аналізу ядз., паўправадніковых і інш. матэрыялаў высокай чысціні створаны радыеактывацыйны аналіз, хіміка-спектральны, іскравая мас-спектраметрыя, вольтамперметрыя — метады, што дазваляюць вызначыць дамешкі ў чыстых рэчывах з канцэнтрацыяй да 10​-7—10​-8%. Распрацаваны метады неперарыўнага і дыстанцыйнага аналізу. Перавага аддаецца метадам неразбуральнага кантролю, лакальнага аналізу (рэнтгенаспектральны мікрааналіз, мас-спектраметрыя другасных іонаў і інш.). Лакальным аналізам карыстаюцца пры аналізе паверхневых слаёў цвёрдых матэрыялаў ці ўключэнняў горных парод.

Сучасная аналітычная хімія карыстаецца аўтам. ці аўтаматызаванымі варыянтамі вызначэння рэчываў. Метады аналітычнай хіміі дазваляюць кантраляваць тэхнал. працэсы і якасць прадукцыі ў многіх галінах вытв-сці, праводзіць пошук і разведку карысных выкапняў. Аналітычная хімія садзейнічала развіццю ат. энергетыкі, электронікі, акіяналогіі, біялогіі, медыцыны, крыміналістыкі, археалогіі, касм. даследаванняў. На Беларусі сістэм. даследаванні па аналітычнай хіміі пачаліся ў 1935 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фіз., хім. і геал. профілю АН, у ВНУ і ведамасных н.-д. установах. Распрацаваны шэраг храматаграфічных метадаў, выдзялення з сумесяў і вызначэння іонаў, комплексаў металаў, алкалоідаў і інш. рэчываў (пад кіраўніцтвам Р.Л.Старобінца); хім. метадаў вызначэння металаў (В.Р.Скараход); даследаваны ўплыў экстракцыйных працэсаў розных тыпаў на функцыянаванне вадкасных і плёначных іонаселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых соляў (Я.М.Рахманько) і сульфакіслот (У.У.Ягораў). Распрацаваны і ўкаранёны: аніён- і катыёнселектыўныя электроды; нітратамер і іонамер; методыкі вызначэння нітратаў, свінцу, кадмію, вісмуту, ртуці, цынку, алкалоідаў, алкілсульфатаў і інш., газахраматаграфічнага вызначэння фенолаў, пестыцыдаў у вадзе, прадуктах харчавання; экстракцыйна-спектральныя і храматаграфічныя метады аналізу с.-г. аб’ектаў; метады аналізу паўправадніковых матэрыялаў, сплаваў, плёнак, ферытаў.

Літ.:

Золотов Ю.А. Аналитическая химия: Проблемы и достижения. М., 1992.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,

расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.М.Мураўёў, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, С.І., М.І.Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».

«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.М.Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.А.Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.

29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.

Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.І.Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва «Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.І.Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.

Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.

Літ.:

Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;

Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;

Декабристы: Биогр. справ. М.. 1988;

Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.

М.А.Тарасава.

т. 6, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

фізічная тэорыя прасторы і часу ў іх сувязі з матэрыяй і законамі яе руху. Падзяляецца на спецыяльную (СТА) і агульную (АТА). СТА створана ў 1904—08 у выніку пераадольвання цяжкасцяў, якія ўзніклі ў класічнай фізіцы пры тлумачэнні аптычных (электрадынамічных) з’яў у рухомых асяроддзях (гл. Майкельсана дослед). Заснавальнікі СТА — Г.А.Лорэнц, А.Пуанкарэ, А.Эйнштэйн, Г.Мінкоўскі.

У працы Эйнштэйна «Да электрадынамікі рухомых цел» (1905) сфармуляваны 2 асн. пастулаты СТА; эквівалентнасць усіх інерцыйных сістэм адліку (ІСА), пры апісанні не толькі мех., а таксама аптычных, эл.-магн. і інш. працэсаў (спец. адноснасці прынцып); пастаянства скорасці святла ў вакууме ва ўсіх ІСА; незалежнасць яе ад руху крыніц і прыёмнікаў святла. Пераход ад адной ІСА да ўсякай іншай ІСА адбываецца з дапамогай Лорэнца пераўтварэнняў, якія вызначаюць характэрныя прадказанні СТА; скарачэнне падоўжных памераў цела, запавольванне часу і нелінейны закон складання скарасцей, згодна з якім у прыродзе не можа адбывацца рух (перадача сігналаў) са скорасцю, большай за скорасць святла ў вакууме. СТА — фіз. тэорыя працэсаў, для якіх уласцівы вял., блізкія да скорасці святла c у вакууме скорасці руху. У тым выпадку, калі скорасць v намнога меншая за скорасць свята (v << c), усе асн. палажэнні і формулы СТА пераходзяць у адпаведныя суадносіны класічнай механікі. Раздзелы фізікі, у якіх неабходна ўлічваць адноснасць адначасовасці (з дакладнасцю да v​2/c​2 і вышэй), наз. рэлятывісцкай фізікай. Першай створана рэлятывісцкая механіка, у якой устаноўлены залежнасці поўнай энергіі E і імпульсе p цела масы m ад скорасці руху v: E = m c2 1 v2 / c2 , p = m v 1 v2 / c2 , адкуль вынікае ўзаемасувязь энергіі спакою цела з яго масай: E0 = mc​2. На падставе аб’яднання СТА і квантавай механікі пабудаваны рэлятывісцкая квантавая механіка і рэлятывісцкая квантавая тэорыя поля, якія з’явіліся тэарэт. асновай фізікі элементарных часціц і фундаментальных узаемадзеянняў. Усе асн. палажэнні і прадказанні СТА і пабудаваных на яе аснове фіз. тэорый знайшлі пацвярджэнне ў эксперыментах, выкарыстоўваюцца пры вырашэнні практычных задач ядз. энергетыкі, праектаванні і эксплуатацыі паскаральнікаў зараджаных часціц і г.д. Агульная тэорыя адноснасці (АТА), створаная Эйнштэйнам (1915—16) як рэлятывісцкая (геаметрычная) тэорыя гравітацыйных узаемадзеянняў, вызначыла новы ўзровень навук. поглядаў на прастору і час. Яна пабудаваная на падставе СТА як рэлятывісцкае абагульненне тэорыі сусветнага прыцягнення Ньютана на моцныя гравітацыйныя палі і скорасці руху, блізкія да скорасці святла. АТА апісвае прыцягненне як уздзеянне гравітацыйнай масы рэчыва і поля згодна з эквівалентнасці прынцыпам на ўласцівасці 4-мернай прасторы-часу. Геаметрыя гэтай прасторы перастае быць эўклідавай (плоскай), а становіцца рыманавай (скрыўленай). Гэта азначае, што кожнаму пункту прасторы-часу адпавядае свая метрыка, сваё скрыўленне. Пераўтварэнні Лорэнца ў АТА таксама залежаць ад каардынат прасторы і часу, становяцца лакальнымі, таму можна гаварыць толькі аб лакальным выкананні законаў СТА у АТА. Ролю гравітацыйнага патэнцыялу адыгрывае метрычны тэнзар, які вызначаецца як рашэнне ўведзеных у АТА нелінейных ураўненняў гравітацыйнага поля (ураўненняў Гільберта—Эйнштэйна). У АТА прымаецца, што гравітацыйная маса скрыўляе трохмерную прастору і змяняе працягласць часу тым больш, чым большая гэта маса (большае прыцягненне). У АТА рух цел па інерцыі (пры адсутнасці вонкавых сіл негравітацыйнага паходжання) адбываецца не па прамых лініях з пастаяннай скорасцю, а па скрыўленых лініях з пераменнай скорасцю. Гэта значыць, што ў малой частцы прасторы-часу, дзе гравітацыйнае поле можна лічыць аднародным, створаны ім эфект эквівалентны эфекту, абумоўленаму паскораным (неінерцыяльным) рухам адпаведнай сістэмы адліку. Таму АТА, у якой паняцце ІСА па сутнасці не мае сэнсу, наз. тэорыяй неінерцыйнага руху. Асн. гравітацыйныя эфекты, прадказаныя ў АТА, пацверджаны эксперыментальна. АТА адыграла вял. ролю ў фарміраванні сучаснай касмалогіі.

На Беларусі навук. даследаванні па СТА і АТА пачаліся ў 1928—29 (Ц.Л.Бурстын, Я.П.Громер) і атрымалі інтэнсіўнае развіццё ў АН, БДУ і інш.

Літ.:

Эйнштэйн А. Сущность теории относительноси. М., 1955;

Фок В.А. Теория пространства, времени и тяготения. М., 1961;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теория поля. М., 1967;

Синг Дж.Л. Общая теория относительности: Пер. с англ. М., 1963;

Фёдоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;

Левашев А.Е. Движение и двойственность в релятивистской электродинамике. Мн., 1979;

Иваницкая О.С. Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновской теории тяготения. Мн., 1979.

А.А.Богуш.

т. 1, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне ў СССР. Устаноўлена 27.12.1938 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Герою Сацыялістычнай Працы ўручалі ордэн Леніна, залаты медаль «Серп і Молат» (устаноўлены Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 22.5.1940) і грамату Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Двойчы Героям Сацыялістычнай Працы на радзіме таксама ставілі іх бронзавы бюст. Пастановай Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 22.8.1988 адменены паўторнае ўзнагароджанне Героя Сацыялістычнай Працы залатым медалём і ўстаноўка бронзавага бюста на радзіме. На Беларусі званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 527 чал. (на 1991).

Двойчы Героі Сацыялістычнай Працы:

У.А.Ралько (1958, 1976), В.К.Старавойтаў (1966, 1984), У.Л.Бядуля (1971, 1987).

Героі Сацыялістычнай Працы:

1948. П.Л.Калыска, Е.А.Кухарава, У.І.Пайграй, Ф.А.Саўчык, А.І.Стыкут, Т.І.Шкурко.

1949. Л.В.Аўсеенка, П.М.Аўсеенка, М.Д.Вяленка, Г.С.Гарэцкая, І.А.Глядчанка, У.В.Дубіна, П.Л.Калола, В.М.Качарга, Е.П.Ляснічая, У.П.Мацейка, В.Л.Новік, Р.Н.Пятроўская, Н.К.Рудніцкая, М.Л.Светлік, С.І.Слабадзян, А.А.Шаплыка, М.А.Эзерын.

1950. А.Ф.Гецман, М.В.Дытысаў, М.М.Мацюшонак, М.Я.Мялешчанка, К.А.Мятлушка, Ф.М.Статкевіч, С.Дз.Фешчанка, Н.А.Філіпава, А.Р.Юркевіч, М.Е.Юркевіч.

1951. В.А.Буцэвіч, П.І.Галай, В.І.Дарошка, А.П.Петухоў, А.Б.Сафонава, Р.П.Сушчэня, С.П.Тарашкевіч, К.Л.Шаплыка.

1952. Г.Л.Буднік, А.С.Рудаўскі, І.В.Сітніца.

1958. К.П.Арлоўскі, Л.І.Асіюк, І.М.Барадаўка, Я.І.Будай, Н.І.Букатая, Дз.Р.Булахаў, М.М.Валадзько, В.С.Галубцова, Т.І.Жыгалка, М.В.Занеўская, Т.С.Зубарава, С.П.Ільючык, М.І.Кавалёва, І.П.Камінская, Е.Р.Карачан, В.П.Кароткая, Ф.Ф.Кісялёва, І.І.Магілёўцаў, М.К.Макарэвіч, У.А.Мікуліч, С.М.Місуноў, Х.Ц.Міхнёва, К.К.Нікіцін, В.П.Палавінка, Л.К.Пугаўка, М.В.Рудэнка, А.Р.Сакун, Я.П.Сідарчук, Ц.Я.Смірноў, І.В.Сяргееў, А.М.Тарасевіч, М.Я.Ткачова, У.І.Усошын, Р.І.Шавякоў, С.М.Юргель.

1959. Г.І.Кацяш, І.У.Кулеш, У.А.Окаркаў, П.Дз.Суднікаў, Ф.Р.Фадзееў, А.П.Шабуняеў.

1960. Ф.П.Алексяевіч, Е.С.Белавусава, Г.А.Белявец, А.М.Віташкевіч, М.Я.Ігнатава, П.Н.Кавалёва, Р.Я.Казлова, Г.Д.Каліва, М.І.Мацэнка, Г.П.Назарава, Г.Г.Нікульская, А.Д.Панькова, Р.К.Прусава, М.А.Чэкель, Н.П.Якубовіч.

1962. І.С.Маліноўскі.

1964. І.М.Жыжаль, А.С.Крэмень, А.В.Селіванаў.

1965. І.М.Белічонак, В.Л.Калоша, П.С.Палто, І.М.Сярэдзіч.

1966. С.І.Абужынскі, П.Г.Альсмік, А.А.Анюхоўская, Т.Р.Арда, Н.П.Арсеньева, М.В.Арцёменка, В.М.Асяненка, П.І.Афіцэраў, Н.Ф.Бакунец, А.К.Балабава, П.В.Балюнова, Я.В.Бандак, Дз.І.Барашкін, В.І.Баркоўская, А.І.Барысевіч, В.І.Барысік, У.А.Баўм, А.Д.Богдан, М.В.Букшта, В.В.Буякова, П.Н.Быкава, У.К.Вайцецкі, Л.Т.Валадкевіч, Ф.К.Валасюк, А.М.Варанецкі, Д.І.Варац, Г.К.Васіленка, Т.В.Васількова, П.В.Верабей, І.Ц.Вераб’ёў, Б.Б.Вільчкоўскі, М.Ф.Вішнеўская, Г.К.Вяржбіцкая, З.Дз.Гарачка, А.М.Гарбацэвіч, П.С.Гарбач, В.А.Гардзеева, У.С.Гарнастаеў, Е.М.Гаўрыленка, А.У.Гічан, В.А.Глебка, В.І.Градовіч, А.М.Громаў, П.Я.Грыцук, А.У.Гусакоў, П.П.Дайнека, Р.І.Дарафеенка, М.М.Дземідзенка, В.С.Дзерваед, П.І.Дзянісаў, Н.П.Дудчык, Г.П.Елісеенка, А.В.Ермантовіч, В.А.Жукаў, В.М.Жураў, А.Г.Жураўлёў, А.В.Звераў, М.Р.Іваноўская, Г.Д.Іванюта, М.С.Ісаева, І.В.Ісаенка, А.Дз.Кажамякін, П.Ф.Казлова, У.М.Калачык, Э.С.Каляда, М.А.Каменскіх, П.П.Кандрашоў, П.І.Канопліч, А.С.Каралёў, М.С.Каранеўская, Г.Каргін, К.П.Кармызава, М.М.Карповіч, М.І.Касяк, М.П.Кахавец, М.І.Кац, М.-Х.Ш.Качароўскі, І.У.Кірыновіч, П.Дз.Клімкоў, Я.Л.Клімчанка, М.А.Клімянок, А.А.Клюбко, А.Ф.Клява, П.Козел, У.С.Козыр, У.П.Кот, Г.М.Крупская, В.С.Кудзін, Г.М.Кудзін, У.А.Кукаловіч, А.М.Кулажанка, В.В.Кулінчык, Ц.М.Кушняроў, С.А.Лабко, А.І.Літаш, Т.Ц.Ліцкевіч, Т.П.Лукашэнка, С.Дз.Лямешчанка, К.П.Ляснічая, С.К.Мадалінскі, Н.І.Маёрава, Г.В.Мазала, Н.Я.Марозава, І.Ц.Мартыненка, С.І.Марусіч, Е.Я.Маршалава, М.Г.Маршын, В.К.Мацюшка, Я.А.Мелісевіч, Р.М.Мігай, А.П.Мірутка, Э.Н.Модзін, В.П.Мыслівец, С.К.Наркевіч, М.Ф.Несцер, Г.Е.Нікалаева, Л.Л.Нічыпарук, Л.Я.Падлужны, І.А.Паліўка, С.Т.Пальвінская, К.С.Папко, К.А.Патапава, К.Р.Паўлянковіч, І.Д.Пашкевіч, Г.М.Пінчук, Л.П.Плыгаўка, П.Б.Пракапнёва, А.І.Прытульчык, Р.А.Пускін, В.І.Пятручак, Р.Н.Ракаед, Г.Я.Рамчанка, К.З.Рубіцель, М.С.Рудко, І.М.Рудкоўскі, Я.Л.Рэкуць, І.М.Сакольчык, Ц.Е.Салтановіч, Ф.К.Самусеў, А.Дз.Сарокіна, Г.С.Сарокіна, Д.К.Сасноўская, І.Дз.Сіраж, У.А.Скалуба, Я.К.Скуратовіч, А.І.Слабада, В.Д.Слук, К.В.Смірноў, Г.І.Сухарэбская, М.А.Сухій, Л.З.Сцепукова, У.А.Сцепчанка, М.В.Сядляр, Г.В.Сямёнаў, П.М.Сяркоў, А.Л.Торлін, Н.С.Трускоўская, А.А.Трыгубовіч, В.П.Уласенка, Я.І.Фаменка, М.П.Хаванскі, М.В.Харытановіч, І.Ф.Хмарун, Т.І.Хмялькова, В.М.Хурсан, Э.В.Ціхі, Л.П.Цэд, Г.Я.Цэдрык, Н.К.Чадовіч, Э.П.Шавейка, А.Т.Шакура, М.І.Шалупкіна, К.У.Шаўчук, Т.В.Шпакоўская, Я.К.Шчытоў, Г.С.Шыдлоўская, В.С.Шыкунец, Б.В.Шылец, В.П.Шыманскі, С.Б.Шымусік, М.П.Шынкароў, І.А.Юркоў, Я.І.Юшко, І.Дз.Янкоўскі.

1968. А.І.Казей, А.І.Маніна, С.Ф.Рубанаў.

1969. П.Д.Гарбацэвіч, В.Ф.Купрэвіч, У.Ю.Мірончык, З.П.Цітова, А.І.Шуба, М.П.Яругін.

1971. С.П.Агейчык, А.А.Апрышчанка, Г.Ф.Арцёменка, П.Д.Бабак, В.К.Бабіч, Н.М.Баранава, З.І.Баркоўскі, Б.А.Бароўскі, Р.В.Бельскі, А.Р.Бобрык, У.І.Быкоўскі, М.В.Вераб’ёў, М.Б.Вератнёва, У.М.Галка, Г.А.Галубкова, А.І.Ганжа, А.П.Ганчарык, М.М.Герман, Н.Р.Герман, В.М.Гладкоў, Б.М.Голубеў, В.А.Дземянкоў, Т.Я.Дзенісенка, П.І.Дзеншчыкоў, С.М.Дзікун, М.А.Дзмітрыеў, М.К.Дзямешка, А.І.Дубоўскі, К.М.Дубоўскі, П.І.Жаглоў, Ю.Я.Жлоба, Л.Б.Зімнік, М.Р.Змачынскі, М.П.Кавалёў, М.В.Казлова, Л.І.Канановіч, М.Б.Кандраценка, П.А.Карповіч, Н.В.Кастрова, А.С.Керко, Н.І.Куніцкая, Л.Ц.Мазоль, К.С.Макарава, У.А.Макаронак, М.Р.Макарчук, В.А.Малышка, В.Д.Махновіч, Г.Г.Т.Мягкова, Л.А.Навумава, А.Р.Падразенка, В.П.Паклікуха, С.С.Паляшчук, І.Я.Парфененка, В.Г.Пархоменка, Ф.І.Паташкевіч, С.Н.Пацукевіч, В.А.Пінчук, С.Я.Пісклячэнка, У.С.Піскун, І.І.Плаўскі, М.А.Процька, Л.М.Пунтус, І.Р.Пырко, К.Л.Радзевіч, Т.А.Сакалюк, В.М.Саламаха, І.С.Салей, К.П.Саленік, А.Н.Сеўчанка, І.В.Скопін, А.П.Старавойтаў, М.І.Сувораў, Ф.П.Сянько, П.Р.Тур, Р.С.Цакунова, М.Л.Цвяткоў, Р.І.Цітко, У.Т.Чуракоў, М.Я.Чуяшова, Л.В.Шапавалава, Г.П.Шушкевіч, Ф.В.Юданаў, У.Д.Юрчанка, П.І.Якімаў.

1972. А.М.Бабко, П.У.Броўка, В.С.Вачынская, А.А.Жамойцін, М.У.Карповіч, Я.Ф.Мірановіч, К.В.Шавель.

1973. У.Ц.Астрэйка, Т.У.Афанасік, А.А.Байкоў, З.М.Бычкоўская, М.П.Бяганскі, Р.Л.Ваньковіч, А.П.Вашкевіч, А.М.Выскварка, А.Я.Вяргейчык, Н.Ф.Даніленка, І.І.Дзяржынскі, Е.П.Дрозд, Л.М.Журбіла, І.Ф.Зелянкоўскі, М.У.Кошур, У.Ф.Крышталевіч, Л.С.Кучур, А.С.Лучко, Ц.П.Міхасенка, А.М.Мокат, М.Дз.Мухін, І.Я.Палякоў, В.А.Пятрушына, Л.В.Сакоўскі, І.С.Самуйлаў, Л.Е.Сіроткіна, Б.Л.Сцяпанаў, А.М.Тачыла, Т.І.Трафімовіч, А.Г.Хацько, А.А.Цабрук, М.Я.Шарснёў.

1974. С.І.Аўсіевіч, І.А.Беластоцкі, Т.В.Бірыч, А.А.Бужынскі, П.Т.Дземчанка, М.К.Ільін, А.В.Казачок, Г.Г.Калабук, А.А.Падабед, У.П.Пакроўскі, В.С.Палзуноў, І.І.Паўловіч, Я.І.Скурко (М.Танк), М.М.Слюнькоў, П.М.Судзілоўскі, П.П.Цімашэнка, А.У.Шатухіна.

1975. К.К.Атраховіч (К.Крапіва), Я.М.Багданчук, А.Дз.Гатоўчык, І.М.Дзёмін, Г.М.Катляроў, М.М.Купа, Н.З.Курносава, У.К.Марушчак, В.Ц.Марушчанка, І.Л.Сінягуб, К.С.Сямёнава.

1976. А.Я.Андрэеў, І.Е.Анісімаў, А.І.Бялко, Э.І.Валіцкая, Л.П.Варганаў, В.І.Трэсь, М.В.Другакоў, М.К.Дубінка, Дз.Канаплянікаў, М.І.Капцяроў, М.Т.Клімаў, Л.Г.Кляцкоў, Ф.П.Комар, Р.У.Кубліцкая, А.А.Мацкоўскі, Э.П.Ражко, Г.Ф.Сікорская, А.А.Сцепановіч, П.М.Фіткевіч, М.С.Цітоў, Я.Т.Чарвякоў, П.Шапавал.

1977. М.М.Аляксандраў, М.В.Анібраева, М.Я.Баркун, Л.А.Дземчанка, Ц.Я.Кісялёў, В.А.Руды, Л.А.Тозік, Р.Р.Шырма, С.М.Янчэўскі.

1978. З.І.Азгур, А.Г.Антонаў, А.Л.Белякова, В.М.Гарошка, С.Ф.Дубоўскі, Я.Я.Жлоба, А.Ф.Занько, Н.І.Кавалец, М.А.Караткевіч, П.М.Машэраў, Л.К.Тарасевіч, С.І.Шклярэўскі.

1979. М.А.Барысевіч, М.Дз.Дзеруноў, У.М.Кірыленка, Ф.І.Фёдараў.

1981. С.Ф.Акуліч, Л.Дз.Брызга, П.К.Кавалёў, Я.І.Кімстач, Н.І.Ніканава, В.Р.Масюткін, І.П.Шамякін.

1982. Я.І.Галухін, А.Л.Дубко, З.М.Задора.

1983. Т.У.Чубрык.

1984. Я.А.Аляксанкін, В.П.Булава, В.У.Быкаў, З.Дз.Мохарава.

1985. М.У.Даменікан.

1986. А.Р.Андрэеў, А.М.Дудук, М.Б.Дукшта, В.І.Жалязняк, Э.Я.Ляшнеўскі, М.В.Паляўкоў, Я.Я.Сакалоў, І.П.Сянько.

1991. А.А.Паташкін.

т. 5, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА,

навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).

Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст. італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.

У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.Штэйніца, Э.Арціна, Э.Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.І.Мальцаў і А.Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл. Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.

Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш. Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.

Літ.:

Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;

Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр. М., 1963.

Р.Т.Вальвачоў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сістэ́ма, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць заканамерна звязаных паміж сабой элементаў (прадметаў, з’яў, поглядаў, ведаў і пад.), якія складаюць пэўнае цэласнае ўтварэнне, адзінства. Сістэма галактык. // Сукупнасць прынцыпаў, якія з’яўляюцца асновай якога‑н. вучэння. Філасофская сістэма класікаў марксізма-ленінізма. Педагагічная сістэма Макаранкі. // Сукупнасць метадаў, правіл ажыццяўлення чаго‑н. Сістэма кантролю. Сістэма планавання. // Сукупнасць якіх‑н. элементаў, адзінак, якія аб’ядноўваюцца па агульнай прыкмеце, прызначэння). Сістэма гукаў беларускай мовы. □ Нанава наладзіць падпольную сувязь пры дапамозе сістэмы троек было нялёгка. Машара.

2. Парадак, абумоўлены правільным размяшчэннем і ўзаемнай сувяззю частак чаго‑н. Даводзілася ўсе свае веды прыводзяць у сістэму, многа чаго чытаць. Шахавец. // Прадуманы план. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме. Навуменка. // Звычайны, устаноўлены распарадак чаго‑н. [Дыспетчарскія] даклады.. увайшлі ў сістэму, праводзяцца штодзённа. Шынклер. // Прынятае ўстанаўленне, парадак; закон. Сістэма атэстацыі працаўнікоў. Сістэма падаткаў. Сістэма водпускаў. □ [Шыковіч:] — Міна Азаравіч, скажыце, калі ласка, якая ў вас сістэма падбору дакументаў? Шамякін.

3. Форма арганізацыі, будова чаго‑н. (дзяржаўных, палітычных, гаспадарчых адзінак, устаноў і пад.). Дзяржаўная сістэма. Выбарчая сістэма. // Форма грамадскага ладу; фармацыя. Сацыялістычная сістэма. Капіталістычная сістэма. □ Там крызіс лютуе, Там крык безрабоцця — Сістэма старая згніла. Колас.

4. Сукупнасць гаспадарчых адзінак, блізкіх па сваіх задачах і арганізацыйна аб’яднаных у адзінае цэлае. Сістэма аховы здароўя. Сістэма органаў народнай асветы. Працаваць у сістэме ўстаноў Акадэміі навук БССР. □ К гэтаму часу атрад пачаў дзейнічаць ужо ў сістэме часцей Чырвонай Арміі. Чорны.

5. Структура, якая складае адзінства ўзаемна звязаных частак. Сардэчна-сасудзістая сістэма. Каранёвая сістэма расліны. □ Цукар падтрымлівае нервовую сістэму і асабліва карысны пры разумовай працы. Маўр. // Тэхнічнае адзінства, сукупнасць узаемна звязаных збудаванняў, механізмаў і пад., якія дзейнічаюць узгоднена. Вартавыя сістэмы касмічнага карабля. □ Над капустай шэрым алавяным бляскам адсвечвалі трубы арашальнай сістэмы. Ракітны. // Марка, канструкцыя якіх‑н. машын, іх частак. Вінтоўка сістэмы Бердана. □ У калгасе лепш ураблялася зямля, у калгасе былі трактары, плугі навейшай сістэмы. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. прадметаў, прыстасаванняў і пад. аднаго прызначэння. Сістэма штучных спадарожнікаў. □ Ілья Ільіч устаў, паслухмяна падаўся ў сенцы і хоць марудна, але абмацаў сістэму запорак, адчыніў дзверы. Кулакоўскі.

6. У батаніцы і заалогіі — класіфікацыя, групаванне. Сістэма Лінея.

7. У геалогіі — сукупнасць пластоў горных парод, якая характарызуецца пэўнымі выкапнямі, фаунай і флорай.

•••

Вегетатыўная нервовая сістэма — частка нервовай сістэмы, якая рэгулюе дзейнасць унутраных органаў і абмен рэчываў у арганізмах.

Геацэнтрычная сістэма свету — абвергнутае навукай уяўленне, што Зямля з’яўляецца нерухомым цэнтрам сусвету, вакол якога рухаюцца ўсе планеты і зоркі.

Геліяцэнтрычная сістэма свету — вучэнне, якое даказвае, што Зямля і іншыя планеты рухаюцца вакол Сонца.

Дзесятковая сістэма класіфікацыі — класіфікацыя кніг у бібліятэках, заснаваная на падзеле кніг па зместу на дзесяць асноўных раздзелаў, кожны з якіх у сваю чаргу дзеліцца па дзесяткі.

Другая сігнальная сістэма — гукавая мова як уласцівая чалавеку сістэма ўмоўнарэфлекторных сувязей, што ўзнікаюць пры ўздзеянні моўных сігналаў і служаць асновай абстрактнага мыслення.

Дысперсная сістэма — рэчыва ў выглядзе дробных часцінак разам з тым асяроддзем, у якім яно рассеяна, напрыклад: туман, дым.

Дэцымальная сістэма класіфікацыі — тое, што і дзесятковая сістэма класіфікацыі.

Калідорная сістэма — сістэма размяшчэння пакояў у будынку, калі дзверы з усіх пакояў выходзяць у адзін вялікі калідор.

Картачная сістэма — парадак размеркавання прадуктаў харчавання, тавараў па картачках.

Ланкастэрская сістэма навучання — арганізацыя ўзаемнага навучання, калі старэйшыя вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вучаць малодшых вучняў.

Мажарытарная сістэма — антыдэмакратычная сістэма выбараў у некаторых капіталістычных краінах, пры якой лічацца толькі галасы, пададзеныя за кандыдата партыі, атрымаўшай большасць галасоў у дадзенай акрузе.

Метрычная сістэма мер — міжнародная сістэма адзінак вымярэння, у аснову якой пакладзены адзінка даўжыні — метр і адзінка масы — кілаграм.

Перыядычная сістэма (элементаў) — класіфікацыя хімічных элементаў, створаная Д.І. Мендзялеевым на аснове суадносін паміж іх атамнай вагой і ўласцівасцю рэчываў, якія ўтвараюцца гэтымі элементамі.

Прадметная сістэма навучання — сістэма навучання, пры якой кожны прадмет выкладаецца асобным выкладчыкам.

Прапарцыянальная сістэма выбараў — у буржуазных дзяржавах — парадак вызначэння вынікаў галасавання, пры якім размеркаванне мандатаў паміж партыямі, што вылучылі сваіх кандыдатаў у прадстаўнічы орган, праводзіцца ў адпаведнасці з колькасцю атрыманых імі галасоў.

Рачная сістэма — а) рака са сваімі прытокамі; б) сукупнасць рэк якой‑н. краіны, мясцовасці, часткі свету.

Сістэма роднасці — сукупнасць тэрмінаў для абазначэння розных ступеней роднасці (па крыві і па шлюбу).

Сонечная сістэма — сукупнасць нябесных цел, якая складаецца з Сонца і планет, што рухаюцца вакол яго.

Сусветная сістэма сацыялізма — сацыяльная, эканамічная і палітычная садружнасць свабодных, суверэнных народаў, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі пабудовы камуністычнага грамадства.

Цэнтральная нервовая сістэма — асноўная частка нервовай сістэмы, якая складаецца з галаўнога і спіннога мозга.

Эндакрынная сістэма — сістэма эндакрынных залоз, залоз унутранай сакрэцыі.

[Грэч. systēma — цэлае, складзенае з частак, злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83,

Амерыканская рэвалюцыя, рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.Я.Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА

(Deutsche Demokratische Republik, ГДР),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн. чал. (1985). Сталіца — г. Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр. Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням. нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав. ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац. нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст. ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс. чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд. дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).

Літ.:

Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;

История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;

Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.

В.М.Пісараў.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)