АНДРО́НІКАЎ (Андронікашвілі) Іраклій Луарсабавіч

(28.9.1908, С.-Пецярбург — 11.6.1990),

рускі пісьменнік, літаратуразнавец. Засл. дз. маст. РСФСР (1959). Д-р філал. н. (1956). У літ.-знаўчых працах даследаваў творчасць М.​Ю.​Лермантава. У напаўбелетрыстычных творах («Загадка Н.Ф.І.», 1938; «Тагільская знаходка», 1956, і інш.) расказваў пра архіўныя і тэксталагічныя пошукі. Выступаў з уласнымі вуснымі апавяданнямі, у якіх ствараў партрэты пісьменнікаў, артыстаў. Дзярж. прэмія СССР 1967.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗО́РКІ»,

дзіцячы часопіс. Выдаваўся з лютага 1921 да чэрв. 1922 штомесячна ў Мінску на бел. мове. Рэдактар З.​Бядуля. Публікаваў маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Бядулі, Я.​Журбы, М.​Чарота і інш., матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет, па мастацтве і музыцы. У рубрыцы «Для маленькіх дзетак» змяшчаў пазнавальныя матэрыялы (апісанне гульняў, загадкі, песні з нотамі і інш.), у рубрыцы «Дзіцячая творчасць» — вершы, малюнкі, карэспандэнцыі чытачоў. Выйшла 10 нумароў.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАА́КС (Isaacs) Хорхе (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),

калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ВА Вольга Васілеўна (н. 25.5.1925, Мінск),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1954). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыла БДУ (1948), з 1951 выкладае ў ім. Даследуе творчасць Я.​Коласа (стылістычныя асаблівасці, вобразы народа і інтэлігенцыі, прыёмы і сродкі тыпізацыі ў трылогіі «На ростанях»), праблемы адлюстравання Вял. Айч. вайны ў творчасці Я.​Купалы, М.​Лынькова, Я.​Брыля (увасабленне гераічнага і трагічнага). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981).

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́ЎСКАЯ Таццяна Яўгенаўна (н. 3.7.1947, Мінск),

бел. літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1997). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1969), выкладала ў гэтым ін-це. З 1987 у Бел. пед. ун-це. Даследуе праблемы сучаснай амер. і зах.-еўрап. л-р. Аўтар манаграфій «Творчасць Ірвінга Стоўна» (1983), «Асэнсаванне мінулага ў амерыканскім гістарычным рамане XX ст.» (1993), вучэбных дапаможнікаў для ВНУ па гісторыі л-ры Англіі, ЗША і інш.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КІНТАШ (Mackintosh) Чарлз Рэні (7.6.1868, г. Глазга, Шатландыя — 10.12.1928),

шатландскі архітэктар; прадстаўнік стылю мадэрн. Вучыўся ў Школе мастацтва ў Глазга (1885—92). Працаваў у Глазга і Лондане. Для работ характэрны пластычная выразнасць геаметрызаваных аб’ёмаў, фактурныя эфекты (будынак Школы мастацтва ў Глазга, 1898—1909), функцыян. мэтазгоднасць кампазіцыі і дэкору. Афармляў інтэр’еры, канструяваў мэблю. Творчасць М. істотна паўплывала на развіццё нац.-рамант. плыней і фарміраванне функцыяналізму ў архітэктуры Вялікабрытаніі, Германіі і Аўстрыі.

т. 9, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАШЭ́ВІЧ Баляслаў Цітавіч (1863, в. Колунь Даўгаўпілскага р-на, Латвія — ?),

графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Расіі і Беларусі. Скончыў Пецярбургскую АМ (1886). У складзе археал. камісіі падарожнічаў па Беларусі і Украіне, рабіў замалёўкі нар. побыту і адзення беларусаў. Малюнкі і акварэлі Т. змяшчаліся ў час. «Нива», «Kraj» («Край»), альманаху «Z okolić Dźwiny» («З аколіц Дзвіны»). Сярод твораў «Паляванне на качак», «Сустрэча», «На канікулах», «Беларуска ў нацыянальным касцюме».

Л.​В.​Дробаў.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫГУБО́ВІЧ Віктар Іванавіч (30.11.1935—1995),

расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1963). Творчасць вызначаецца публіцыстычнай накіраванасцю, увагай да розных аспектаў грамадскіх працэсаў. Зняў маст. фільмы: «Спякотны ліпень» (1965), «На вайне як на вайне» (1969), «Старыя сцены» (1974), «Давер» (з Э.​Лайне, 1977), «Адваротная сувязь» (1978), «Сыходзячы — сыходзь» (1980), «Тройчы пра каханне» (1981), «Прахіндзіяда, або Бег на месцы» (1985), «Хмель» (1991) і інш.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́РСА (Štursa) Ян (15.5.1880, г. Нове-Место, Чэхія — 2.5.1925),

чэшскі скульптар. Скончыў Пражскую АМ (1903). Зазнаў уплыў сімвалізму. Стварыў статуі, прасякнутыя пачуццёвым успрыняццем прыгажосці чалавечага цела («Ева», 1908), вострадрам. творы («Паранены», 1920—21), манументы і манум.-дэкар. кампазіцыі (групы «Праца» і «Гуманнасць» для Глаўкава моста ў Празе, 1911—13; помнік С.​Чэху ў Празе, 1921—22), партрэты. Эмацыянальна насычаная яго творчасць паўплывала на развіццё чэш. скульптуры 20 ст.

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў Аляксандр Аляксандравіч (11.1.1921, Масква — 23.3.1985),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Сцэн. творчасць пачаў у самадзейнасці. З 1965 у Дзярж. рускім драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр. Сярод роляў: Кураслепаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Андрэй Размётнаў («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Сарафанаў («Старэйшы сын» А.​Вампілава), Брухаты, Мрачны («Энергічныя людзі» і «А раніцой яны прачнуліся» В.​Шукшына), Навасельцаў («Саслужыўцы» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава), Джэкаб («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Бутон («Мальер» М.​Булгакава).

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)