ВЕЛД, Фелд,

назва плато ў Паўд. Афрыцы, укрытых ксерафітнай злакавай і хмызняковай расліннасцю. Вылучаюць: Высокі Велд (выш. 1200—2000 м) — паміж рэкамі Аранжавая і Вааль; Сярэдні Велд (выш. 1000—1500 м) — паміж вусцем р. Вааль і вярхоўямі р. Оліфанто; Хмызняковы Велд (выш. каля 900 м) — на Пн ад Прэторыі; Нізкі Велд (выш. 300—800 м) — паміж Хмызняковым Велдам і р. Лімпопа. Зніжаюцца плато на У ступенямі (ад 1800 да 300 м) ад плато Басута ў Драконавых гарах да ўпадзіны Калахары. Складзены з пясчанікаў, сланцаў, крышт. парод. Клімат трапічны пустынны. Участкі саваннаў. Радовішчы алмазаў, золата, урану.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ КАНЬЁН (Grand Canyon),

Вялікі Каньён Каларада, каньён у ЗША (штат Арызона), на плато Каларада. Выпрацаваны р. Каларада ў тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў у выніку рачной эрозіі. Даўж. каля 350 км, глыб. да 1800 м (адзін з найглыбейшых у свеце), шыр. 8—25 км на ўзроўні паверхні плато (на выш. 2100—2500 м) і менш за 1 км (на асобных участках да 120 м) каля ўрэзу вады. Характэрны своеасаблівыя формы схілаў (калоны, піраміды, бастыёны), грандыёзныя агаленні горных парод. Нац. парк Гранд-Каньён (з 1919); уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Турызм.

т. 4, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ (Cordillera Occidental),

горны хрыбет, найб. высокі зах. край горнай сістэмы Андаў. Размешчана на тэр. Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, уздоўж чылійска-балівійскай мяжы. Даўж. каля 400 км. Выш. рэльефу ад 2500 м да 5000 м і больш. Найб. выш. 6768 м (г. Уаскаран). Складзена з трыясава-юрскіх вапнякоў, кангламератаў, пясчанікаў, гіпсаў, сланцаў, якія перамяжаюцца вулканічнымі пародамі і пранізаны інтрузіямі гранадыярытаў. Старажытны і сучасны вулканізм, шматлікія дзеючыя і патухлыя вулканы (Чымбараса, 6267 м; Карапуна, 6425 м; Сахама, 6520, і інш.). На самых высокіх вяршынях снежнікі і ледавікі. Радовішчы золата, плаціны, серы, руд медзі і жалеза.

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КСКАЕ НАГО́Р’Е, Каракскі хрыбет,

на ПнУ Сібіры, у Камчацкай і Магаданскай абласцях Расіі. Цягнецца на 880 км ад Анадырскага зал. Берынгава м. да Парапольскага долу на Камчатцы. Складаецца з сярэдневышынных хрыбтоў (Пенжынскі, Рарыткін), град і кражаў (сярэдняя выш. 1000—1800 м, найб. 2562 м — г. Ледзяная). Сучаснае зледзяненне (агульная пл. 259,7 км). Складзена пераважна з пясчанікаў і гліністых сланцаў, пранізаных па лініях разломаў эфузіўнымі пародамі. Радовішчы каменнага вугалю, ртуці і сурмы. Клімат прыакіянічны, халодны. На схілах (да выш. 200—400 м) — зараснікі хмызняковай вольхі і кедравага сланіку, вышэй — травяніста-лішайнікавыя і халодныя камяністыя горныя пустыні і тундра.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАФАТЭ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Lofoten),

архіпелаг у Нарвежскім м., каля паўн.-зах. ўзбярэжжа Скандынаўскага п-ва; тэр. Нарвегіі. Ад паўвострава аддзелены пралівам Вест-фіёрд. Уключае а-вы Эўствагёй, Вествагёй, Флакстадзёй, Москенесёй і шмат дробных. Пл. 1,2 тыс. км². Нас. 27,1 тыс. чал. (1979). Выш. да 1161 м. Берагі ў асноўным скалістыя, парэзаныя фіёрдамі. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сіенітаў, крышт. сланцаў. Клімат акіянічны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. каля 0 °C, ліп. 12 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. Мора каля берагоў не замярзае. Горныя тундры, верасоўнікі. Інтэнсіўнае рыбалоўства (селядзец, траска). Авечкагадоўля. Гал. населены пункт і порт — Свольвер.

П.Лафарг.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЖГІРЭ́ВІЧ (Лідзія Фёдараўна) (н. 1.1.1931, г. Петразаводск),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінер. н. (1989). Скончыла Далёкаўсходні політэхн. ін-т (1954; Уладзівасток). З 1965 на Беларусі, у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це, з 1977 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, з 1994 — у н.-д. прадпрыемстве «Белгеа». Навук. працы па петраграфіі каменнага і бурага вугалю, гаручых сланцаў, паходжанні і размяшчэнні карысных выкапняў, катагенезе, літолага-фацыяльным і фармацыйным аналізе асадкавых тоўшчаў фанеразою Беларусі і інш. рэгіёнаў.

Тв.:

Буроугольная формация кайнозоя Белоруссии. Мн., 1981;

Сланценосная формация верхнего палеозоя Белоруссии. Мн., 1982;

Закономерности размещения и образования горючих ископаемых. Мн., 1986.

Т.​В.​Якубоўская.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКІ КРАЖ,

узвышша на Пд Усх.-Еўрапейскай раўніны, на Украіне і ў Расіі. Распасціраецца з ПнЗ на ПдУ на 370 км. Шыр. 160 км. Выш. да 367 м (г. Магіла-Мячэтная). Складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў і сланцаў, з якімі звязаны радовішчы каменнага вугалю (гл. Данецкі вугальны басейн), поліметал. руд, будматэрыялаў, хім. сыравіны. Для рэльефу характэрна спалучэнне хвалістых міжрэччаў і глыбока ўрэзаных (да 150 м) рачных далін. Ярыстая эрозія, трапляецца карставы рэльеф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6 да -8 °C, ліп. 21—22 °C. Ападкаў 400—500 мм за год. Захаваліся ўчасткі шыракалістых лясоў (дуб, ясень, клён) і стэпаў.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВО́ЛЖА,

тэрыторыя паміж р. Волга, Паўн. Уваламі, Уралам і Прыкаспійскай нізінай, у Расіі. Вылучаюць Высокае З. і Нізкае З. Высокае З. ўключае Верхнекамскае і Бугульмінска-Белебееўскае ўзв. (выш. да 418 м), Вяцкі Увал, Агульны Сырт. Складзена з пермскіх парод: пясчанікаў, сланцаў, глін, мергеляў, вапнякоў, даламітаў, гіпсу; на Пд з мезазойскіх глін і пяскоў. Рэльеф эразійны. Пашыраны карст. Нізкае З. (выш. да 125—150 м) — нізіннае левабярэжжа р. Волга на адрэзку ад г. Казань да г. Камышын, тэктанічны прагін, запоўнены кайназойскімі пясчана-гліністымі адкладамі стараж. Каспія. Ландшафты З. лясныя, лесастэпавыя і стэпавыя з кантынент. кліматам. Радовішчы нафты (гл. Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн).

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ РУМЫ́НСКІЯ ГО́РЫ, Апусені (Munţii Apuseni),

частка горнай сістэмы Карпат на З Румыніі. Абмежаваны на З Сярэднедунайскай раўнінай, на Пн — далінай р. Самеш, на У — Трансільванскім плато, на Пд — далінай р. Мурэш. Вылучаюць цэнтр. платопадобны горны масіў Біхар (выш. да 1848 м), вапняковыя горы Траскэў (да 1370 м) і Металіч (да 1438 м), на З хрыбты Кодру (1112 м), Зэранд і Пэдура-Краюлуй (ніжэй за 1000 м), на Пн — хрыбты Месеш, Плапіш і Фэджэт. Складзены з гранітаў, крышт. сланцаў, вапнякоў і вулканічных парод. Радовішчы каляровых металаў (золата, серабро, поліметалы, ртуць), здабыча мармуру. андэзіту, вапняку. Букавыя, дубовыя і хваёвыя лясы, лугі.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАКА́ЙБА НІЗІ́НА,

тэктанічная міжгорная ўпадзіна на ПнЗ Венесуэлы і часткова (на ПдЗ) у Калумбіі. Пл. каля 60 тыс. км². Акружана хрыбтамі Андаў, на Пн выходзіць да Венесуэльскага зал. Карыбскага м. У цэнтры М.н. возера (лагуна) Маракайба. Складзена з мелавых і палеаген-неагенавых нафтаносных пясчанікаў і сланцаў, перакрытых алювіем. Здабыча нафты і газу (Маракайбскі нафтагазаносны раён). Клімат субэкватарыяльны, гарачы. Сярэднегадавая т-ра 28,5 °C — найвыш. ў Паўд. Амерыцы. Ападкаў на Пд 1500 мм, на Пн 500 мм за год. Паўд. ч. забалочана, укрыта вечназялёнымі лясамі, на Пн летнезялёныя лясы і хмызнякі, якія чаргуюцца з саваннамі, у бок Венесуэльскага зал. пераходзяць у паўпустыню.

т. 10, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)