КАРУ́ (Karroo),
паўпустынныя плато і міжгорныя ўпадзіны ў Паўд. Афрыцы, на Пд ад р. Аранжавая (пераважна ў Паўд.-Афрыканскай Рэспубліцы). Адрозніваюць: Малое К. (выш. 300—600 м) — падоўжная даліна ў Капскіх гарах; Вялікае К. (450—750 м) — упадзіна паміж Капскімі гарамі і Вял. Уступам; Верхняе К. (1000—1500 м) — плато паміж Вял. Уступам і р. Аранжавая. Складзена з пясчанікаў і сланцаў. Сухі субтрапічны клімат. Ападкаў да 400 мм за год. Хмызняковая расліннасць, участкі стэпаў.
т. 8, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)