пераста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак., звычайна з інф.

Спыніць якое‑н. дзеянне, выйсці з якога‑н. стану. Аркестр перастаў іграць, і пары пачалі выходзіць у парк. Скрыпка. Спіць хлопчык, як забіты, і кашляць перастаў. Гарэцкі. Камунізм перастаў быць толькі навуковай тэорыяй, ён выйшаў на прасторы рэвалюцыйнай практыкі. «Звязда». // Спыніцца, кончыцца (пра дождж, снег, вецер). Дождж перастаў на світанні, і хлопцы зараз жа пачалі рыхтавацца ў дарогу. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́міць, ‑ро́млю, ‑ро́міш, ‑ро́міць; незак., каго-што.

1. Дакараць, выклікаючы пачуццё сораму. Мы спрабавалі сароміць Петрыка за яго выбрыкі, але ён і слухаць не хацеў. Скрыпка. Звычайна за вячэрай яны [Аксана, Савелій і дзеці] збіраліся ўсе разам і вырашалі сямейныя справы. Саромілі Васю за тройкі. Шамякін.

2. Няславіць, ганьбіць. [Маня:] — Не, дзеўка, па-твойму не будзе, а мы не захочам сароміць сябе... Васілевіч.

3. Бянтэжыць, канфузіць. Сароміць дзяўчыну заўвагамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

за́гваздка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Спецыяльны шпень, які ўстаўляецца ў дзірку калёснай восі, каб не спадалі колы. Згубіць загваздку. □ Не праехаў я і вярсты, як з восі выскачыла загваздка, кола скацілася, і конь стаў. Скрыпка. // Такое прыстасаванне для замацавання якой‑н. дэталі.

2. перан. Перашкода, замінка. А ў гэтым якраз і загваздка. Сілы ў руках — хоць адбаўляй, а спрыту да працы аніякага. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заку́ска, ‑і, ДМ ‑кусцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. закусваць ​2 — закусіць ​2.

2. Р мн. ‑сак. Стравы, якія з’ядаюцца для апетыту перад абедам або пасля выпітага віна, гарэлкі. Халодныя закускі. □ Усе падышлі да стала, дзе з-за высока накладзеных усякіх закусак выглядалі бутэлькі са сваімі, калгаснымі наліўкамі. Чорны.

3. Салодкія стравы і фрукты, якія падаюцца пасля асноўнай яды. Пасля супу падалі кашу. А на закуску — кампот. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад змяшаць.

2. у знач. прым. Які ўтварыўся шляхам змешвання, скрыжоўвання. Змешаная кроў. Змешаная парода жывёлы.

3. у знач. прым. Які складаецца з разнародных элементаў, частак; разнародны па складу. Змешаны рэпертуар. Змешаныя ўгнаенні. □ [Артысты] выходзілі ў фае, зліваліся з моладдзю горада, жартавалі на змешаных мовах. Скрыпка. // Спец. Які складаецца з розных народ, відаў дрэў; мяшаны (пра лес). Змешаны лес.

•••

Змешаны лік гл. лік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лямантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. Моцна і працягла крычаць. — Ура, Таня! Ура! — лямантавалі дзяўчынкі, бегаючы па беразе. Скрыпка. — Лаві, лаві яго [зайца]! — лямантавалі хлопчыкі. Рылько. /Пра жывёл, птушак. Раз’юшаны сабака лямантаваў на падворку. Арочка.

2. Галасіць па кім‑н., над кім‑н.; моцна плакаць. Уся ў слязах, маці білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. Карпаў. Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засцерагчы́, ‑рагу, ‑ражаш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце; пр. засцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. засцеражы; зак., каго-што ад каго-чаго.

Загадзя прыняць меры, каб ахаваць каго‑, што‑н. ад небяспекі, непрыемнасцей і пад. Засцерагчы дзяцей ад хваробы. □ — Давай, — сказаў Дзіма, надзеючы акуляры ў металічнай аправе, каб засцерагчы вочы ад іскраў. Скрыпка. Цябе ў жыцці засцерагу Ад небяспек неспадзяваных. Матэвушаў. // З’явіцца аховай, сродкам абароны ад чаго‑н. Прафілактычныя мерапрыемствы засцераглі насельніцтва ад распаўсюджання хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што, чым, на чым.

Разм.

1. Іграць на шчыпковым музычным інструменце. Тромкаць на балалайцы. // Няўмела іграць на такім інструменце. / у вобразным ужыв. А так хочацца яшчэ На сасну на стромкую, Дзе вясна дываны тчэ І ў цымбалы тромкае. Іверс.

2. Гучаць (пра шчыпковыя інструменты). [Якім:] — Твая скрыпка [Сымон] будзе цэла: Я ж гляджу яе тут сам, Граць і тромкаць яе дзела! Ну, больш Хаіму не дам! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́скубці, ‑бу, ‑беш, ‑бе; пр. выскуб, ‑ла; зак., што.

1. Скубануўшы, выцягнуць з агульнай масы частку чаго‑н.; вырваць. Выскубці жменю воўны. □ [Хвядос] патупаў трохі, ні з таго, ні з сяго выскуб жменю сена і панюхаў. Скрыпка. // Павыскубаць. Выскубці ўсё пер’е. □ Гусі выскублі ўсю траву, і наш правулак стаў вельмі непрыгожы. Савіцкі.

2. Разм. Скубучы, зрабіць паглыбленне, выемку ў чым‑н. Выскуб [Саўка] у стозе нару і зашыўся ў настыўшае на холадзе сена. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)