ДЖО́НСАН ((Jonson) Бенджамін) (Бен; 11.6.1573, Лондан —6.8.1637),
англійскі драматург, паэт, тэарэтык драмы. Вучыўся ў Вестмінстэрскай школе. Першая камедыя «Абставіны змяніліся» (1597). У пралогах п’ес аспрэчваў творчыя прынцыпы сучаснікаў, у т. л. свайго сябра У.Шэкспіра, адстойваў адналінейнае адлюстраванне характараў. Паводле сваёй «тэорыі гумараў», у камедыях «Усякі ў сваім нораве» (1598) і «Усякі не ў сваім нораве» (1599) тлумачыў «гумар» як індывідуальнае дзівацтва, а ў камедыях нораваў «Вальпоне, або Ліса» (1605), «Эпісін, або Маўклівая жанчына» (1609), «Алхімік» (1610) і «Варфаламееўскі кірмаш» (1614) — як сацыяльна-тыповыя заганы арыстакратыі і буржуазіі. Аўтар трагедый «Падзенне Сеяна» (1603) і «Змова Катыліны» (1611), 30 «масак» — п’ес-алегорый на міфалагічныя сюжэты, зб-каў вершаў «Эпіграмы» і «Лес» (абодва 1616).
т. 6, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
тып развітога грамадства, якое базіруецца на буйной машыннай вытв-сці, рэалізацыі дасягненняў навукі ў вытв. і інш. сферах дзейнасці, агульнанац. сістэмы гаспадаркі і развітым рынку. Тэрмін увёў А.Сен-Сімон. У распрацоўку тэорыі І.г. пэўны ўклад зрабілі сацыёлагі А.Конт, К.Маркс, Э.Дзюркгейм, М.Вебер, П.Сарокін. Найб. пашырэнне і папулярнасць канцэпцыя атрымала ў 1950—70-я г. (Ж.Фурасцье, Р.Арон, Д.Бел, У.Ростаў, Дж.Голбрэйт, Р.Дарэндорф, А.Тофлер і інш.). Характэрная асаблівасць сучаснага І.г. — перамяшчэнне насельніцтва з сельскай гаспадаркі і прам-сці ў сферу паслуг. У сацыяльна-паліт. сферы І.г. характарызуецца развіццём сістэмы грамадз. правоў, сац. партнёрства, узмацненнем значнасці заканадаўчага і рэальнага забеспячэння правоў чалавека.
Я.М.Бабосаў.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НКІ (англ. punk падонкі, дрэнь),
саманазва паслядоўнікаў маладзёжнай субкультуры пратэсту, якая ўзнікла ў сярэдзіне 1970-х г. у Вялікабрытаніі. Напачатку яе носьбітамі былі пераважна сацыяльна неўладкаваныя (часта беспрацоўныя) маладыя людзі. Яе прыхільнікі пратэставалі супраць традыцый бурж. грамадства сваім правакуючым і шакіруючым вонкавым выглядам (стракаты колер валасоў, прычоска на ўзор індзейцаў-іракезаў, адпаведнае адзенне) і ўласнай груба агрэсіўнай разнавіднасцю рок-музыкі (панк-рок, аформіўся ў 1977). У 2-й пал. 1980-х г. панк-рок-групы існавалі і ў СССР, яны выступалі пад трагікамічнымі маскамі воінства «нячыстай», «замагільнай» сілы. Ад руху П. 1970—80-х г. адрозніваецца т.зв. рух неапанкаў 1990-х г. — значна камерцыялізаваная форма маладзёжнай культуры («жартаўлівы маладзёжны рух стагоддзя»).
У.Я.Калаткоў.
т. 12, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цыкл, ‑а, м.
1. Заканамернае, рэгулярнае кола якіх‑н. з’яў, дзеянняў, працэсаў. Вытворчы цыкл. Цыкл развіцця лічынкі. □ Увесь цыкл работы экскаватара складаецца з многіх аперацый. «ЛіМ».
2. Шэраг, паслядоўны рад чаго‑н. Цыкл лекцый. □ Сатырычную спадчыну Беднага складае .. вялікі цыкл антырэлігійных вершаў і вершаў на міжнародныя тэмы. «Полымя».
3. Сукупнасць навук, дысцыплін, аб’яднаных па якому‑н. агульнаму прынцыпу. Гістарычны цыкл. □ Дапамагчы студэнтам выпрацаваць матэрыялістычны светапогляд павінны ў першую чаргу кафедры сацыяльна-эканамічнага цыкла. «Звязда».
[Ад грэч. kýklos — круг.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПІ́ДЖЫН (ад скажонага англ. business справа),
лексічна і граматычна спрошчаная мова, што ўзнікае з неабходнасці зносін паміж 2 народамі, калі адсутнічае інш. агульны сродак моўнай камунікацыі. Тэрмін з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст. для абазначэння гібрыднай мовы, што склалася і ўжывалася ў зносінах паміж кітайцамі і еўрапейцамі. П. узнікае ў выпадках, дзе назіраецца працяглае ўзаемадзеянне паміж прадстаўнікамі разнамоўных супольнасцей, і з’яўляецца адным з вынікаў моўных кантактаў. Выкарыстоўваецца ў сацыяльна абмежаваных сферах камунікацыі (гандаль, найманне рабочай сілы і інш.). Пашыраны пераважна ў Паўд.-Усх. Азіі, Акіяніі і Афрыцы. Мовы на аснове П., якія сталі роднымі для пэўнага калектыву іх носьбітаў, наз. крэольскімі.
Літ.:
Holm J. Pidgins and Creoles. Vol. 1—2. New Jork, 1988—89.
А.Я.Міхневіч.
т. 12, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.7.1945, в. Каралішчавічы Мінскага р-на),
бел. фалькларыстка. Канд. філал. н. (1981). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1968). Працавала у выд-вах «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа». З 1977 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор і гісторыю фалькларыстыкі. Аўтар прац «Беларускія сацыяльна-бытавыя песні» (1982), «Не пагасла зорка: Жыццёвы і творчы шлях М.А.Янчука» (1987), «Пачынальнік беларускага народазнаўства М.Я.Нікіфароўскі» (1991). Склала хрэстаматыю па фальклоры для школ «Народная спадчына» (1984, з А.С.Фядосікам), зб-кі «Жывая спадчына» (1988), «Радзіны: Абрад. Песні» (1998, з Г.В.Таўлай). Адна з аўтараў даследавання «Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даследаванне народнай творчасці ў 60-х гг. XIX — пачатку XX ст.» (1989).
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЕ МО́ЙХЕР-СФО́РЫМ (сапр. Шолам Якаў Абрамовіч; 1835/36, г. Капыль Мінскай вобл. — 1917),
яўрэйскі пісьменнік; пачынальнік рэалістычнай яўр. л-ры на ідыш. Жыў у Расіі. Пісаў пераважна на ідыш, публіцыстычныя і больш познія творы — на іўрыце. Дэбютаваў зб. літ.-крытычных артыкулаў «Суд свету» (1860). У аповесцях «Маленькі чалавечак» (1864—65), «Фішка Кульгавы» (1869), «Кляча» (1873), сатыр. драме «Такса» (1869), паэме «Яўрэйчык» (1875), сацыяльна-быт. раманах «Падарожжа Веніяміна Трэцяга» (1878), «Запаветны пярсцёнак» (ч. 1—2, 1888—89) і аўтабіяграфічным — «Шлойме рэб Хаім» (1894—1917) шырокая панарама жыцця яўрэяў у сярэдзіне 19 ст. на Беларусі, Літве, Украіне, абагульнена-гратэскавы вобраз-сімвал яўрэйскага мястэчка. У яго творчай манеры спалучаны прыёмы гратэску, сатыры і гумару, псіхал. і лірычнай прозы.
Тв.:
Рус. пер. — Маленький человечек. Путешествие Вениамина Третьего. Фишха Хромой. М., 1961.
Г.В.Сініла.
т. 10, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЙ БЯСПЕ́КІ І ПРАБЛЕ́М НАДЗВЫЧА́ЙНЫХ СІТУА́ЦЫЙ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Створаны ў 1999 у Мінску на базе НДІ пажарнай бяспекі, заснаванага ў 1998 на базе Рэсп. навук.-практычнага цэнтра пажарнай бяспекі (з 1957).
Асн. кірункі н.-д. і доследна-канструктарскай дзейнасці: стварэнне і ўдасканаленне пажарнай і аварыйна-выратавальнай тэхнікі і амуніцыі, вогнетушыльных саставаў, тэхн. сродкаў бяспекі і выратавання пры надзвычайных сітуацыях; распрацоўка нарматыўнай дакументацыі сістэмы проціпажарнага нарміравання і стандартызацыі, а таксама па тактыцы тушэння пажараў і ліквідацыі аварый, ахове працы, здароўя і сац. засцярогі асабістага саставу; арганізацыйна-кіраўніцкія і сацыяльна-эканам. даследаванні па пытаннях стану пажарнай бяспекі; стварэнне і вытв-сць выпрабавальнага абсталявання па даследаванні параметраў пажарнай небяспечнасці прамысл. прадукцыі, у т. л. буйнагабарытных буд канструкцый.
А.С.Дзмітрачэнка, А.М.Кудрашоў, А.В.Урублеўскі.
т. 11, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
табу́
(палінез. tabu)
1) рэлігійная забарона ў першабытных народаў на якое-н. дзеянне, прадмет, за парушэнне якой вінаваты нібыта караецца звышнатуральнымі сіламі;
2) перан. наогул, што-н. забароненае;
3) забарона на ўжыванне пэўных слоў, абумоўленая гістарычнымі, сацыяльна-палітычнымі, культурнымі, этычнымі фактарамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),
навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.
т. 8, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)