сцэ́на, ‑ы, ж.

1. Спецыяльная пляцоўка ў тэатры, на якой адбываюцца спектаклі; тэатральныя падмосткі. Ужо ў тэатры, седзячы поруч з Юлькай, Аляксей глядзеў на сцэну, але не разумеў, што там робяць артысты. Даніленка. Сцэна была невялікая, але малюнак дэкарацыі, што вісеў на задняй сцяне, рабіў яе бясконцай. Пальчэўскі. // Тэатр, тэатральная дзейнасць. Майстры сцэны. □ І ўжо нават без сцэны [Мікола] Сам сябе не ўяўляў. Бачыла. На прафесійную сцэну .. [Рыгор Пятрэнка] прыйшоў з мастацкай самадзейнасці. «ЛіМ».

2. Асобная частка акта тэатральнай, п’есы. Фінальная сцэна пятага акта. □ [Зоя:] — Ты разумееш, сядзелі мы з Тамарай пасля першай сцэны ў грыміровачнай, нам выступаць у самым канцы спектакля. Рамановіч.

3. Асобны эпізод, які паказваецца ў п’есе, літаратурным творы, карціне. Некаторыя крытыкі з зайздроснай прастадушнасцю паўтараюць: у Чорнага няма батальных сцэн. Лужанін. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт [Ф. Багушэвіч] выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // Невялікі драматычны твор, які перадае які‑н. асобны эпізод, выпадак. «Сцэны з рыцарскіх часоў» А. С. Пушкіна.

4. Разм. Рэзкая, вострая размова. [Карнейчык:] Тут чалавек жаніцца нарыхтаваўся, а вы перад ім сямейныя сцэны разыгрываеце. Крапіва. [Міхаліна:] — Цераз тыдзень, калі не раней, пачнуцца сцэны рэўнасці, папрокі... Шамякін. // Здарэнне, эпізод, якія можна назіраць у жыцці. [Брат Зосі] намерыўся схаваць сала пад рубашку, але адчыніліся дзверы з пакоя, і Сегенецкая ўбачыла ўсю гэтую сцэну. Чорны. Мне жыва прыгадаліся сцэны тых дзён у нашым шчаслівым пакойчыку. Дуброўскі.

5. перан. Поле, арэна дзейнасці. На гістарычную сцэну выступіў рабочы клас. □ Сышлі са сцэны прэч магнаты. Колас.

[Лац. scaena з грэч.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэа́тр, ‑а, м.

1. Род мастацтва, у якім жыццё адлюстроўваецца праз драматычнае дзеянне, ажыццёўленае акцёрамі перад гледачом. Драматычны тэатр. Тэатр оперы і балета. Музычны тэатр. Тэатр сатыры. □ Беларускі тэатр мае сваю багатую гісторыю развіцця ад першапачатковых форм (скамарохаў, народнай брамы, лялечнага тэатра — «батлейкі») да стварэння ў савецкі перыяд першакласных прафесійных тэатраў Савецкага Саюза. «Беларусь». Паяўленне камедыі «Паўлінка» стала важнай вяхой у гісторыі развіцця беларускага тэатра. Ярош.

2. Установа, арганізацыя, якая мае пэўны састаў артыстаў і ставіць спектаклі. Працаваць у тэатры. □ Усе пагаворваюць аб салігорскім народным тэатры. Можна верыць, што гэты тэатр хутка будзе, бо талентаў тут вельмі многа. Кулакоўскі.

3. Будынак са сцэнай і залай для гледачоў, дзе адбываецца тэатральны паказ, а таксама сам паказ, спектакль. Прыгожа прыбраная вала гарадскога тэатра з раніцы пачала запаўняцца людзьмі. Васілевіч. / у перан. ужыв. Разм. [Сімон:] — Ну, што ж, Арцём!.. Можа і сёння ты будзеш паказваць тэатры і абражаць маё імя перад людзьмі, якія нічога не ведаюць? Самуйлёнак.

4. перан.; чаго. Месца, дзе разгортваюцца, адбываюцца якія‑н. значныя падзеі, ваенныя дзеянні і пад. За два гады вайны я добра вывучыў геаграфію тэатра ваенных дзеянняў. Навуменка.

5. Кніжн. Сукупнасць драматычных твораў (пісьменніка або літаратурнай школы). Тэатр Астроўскага.

•••

Акадэмічны тэатр — ганаровая назва, якая прысвойваецца ўзорным дзяржаўным тэатрам.

Анатамічны тэатр — памяшканне, у якім праводзяцца заняткі па анатоміі.

Зялёны тэатр — летні тэатр, размешчаны ў зялёнай зоне, парку і пад.

Кірмашовы тэатр гл. кірмашовы.

[Ад грэч. théatron — месца для відовішча; відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́ЙРАН ((Byron) Джордж Ноэл Гордан) (22.1.1788, Лондан — 19.4.1824),

англійскі паэт-рамантык. Атрымаў па спадчыне тытул лорда; з 1809 чл. Палаты лордаў Брыт. парламента. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1808). У 1816 назаўсёды пакінуў Англію. Удзельнік руху карбанарыяў (1817—23) і нац.-вызв. вайны ў Грэцыі (1823—24). Памёр ад ліхаманкі ў ваен. лагеры (г. Місалунгі). Першы зб. «Вольныя часіны» (1807) пазначаны рысамі рамант. светаадчування. У сатыр. паэме «Англійскія барды і шатландскія аглядальнікі» (1809) выступіў як прыхільнік асветніцкага класіцызму. У ліра-эпічнай паэме «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (песні 1—4, 1812—18) расчараванне і горыч суайчыннікаў Байрана, ашуканых вынікамі франц. бурж. рэвалюцыі канца 18 ст., захапленне нац.-вызв. барацьбой народаў супраць захопніцкіх намераў Напалеона I, прыгнёту тур. султана, разважанні пра ход гісторыі і лёс чалавецтва. Пратэст і выклік кіруючым колам Англіі прагучалі ў «Одзе аўтарам біля супраць разбуральнікаў станкоў» (1812), «Песні для лудзітаў» (1816) і інш. У паэмах т.зв. «ўсходняга» цыкла «Гяур» і «Абідоская нявеста» (абедзве 1813), «Карсар» і «Лара» (абедзве 1814), «Асада Карынфа» і «Парызіна» (абедзве 1816) адлюстраваў канфлікт «байранічнага» героя з варожым светам, трагічны зыход бунту. Жанрава разнастайная лірыка Байрана сінтэзавала філасофскія, грамадз. і любоўныя матывы (цыкл любоўна-медытатыўных вершаў па матывах Бібліі «Яўрэйскія мелодыі», 1815; вершы «Бывай!», «Стансы да Аўгусты» і інш.). Душэўны стан паэта-выгнанніка, безвыходная туга і песімізм у вершах «Сон»; «Цемра», напісаных у Швейцарыі (вясна—восень 1816). У філас. драмах «Манфрэд» (1817), «Каін» (1821) бунтарскія матывы «ўсходніх» паэм пераходзяць у багаборніцкія. Свабодалюбствам прасякнуты паэмы «Шыльёнскі вязень» (1816), «Скарга Таса» (1817), «Прароцтва Дантэ» (1819). Рух карбанарыяў і прычыны яго разгрому атрымалі і філас. асэнсаванне ў драмах на гіст. і біблейскія сюжэты «Марына Фальера, дож Венецыі», «Сарданапал», «Два Фаскары» (усе 1821), якія спалучаюць элементы паэтыкі рамантызму і класіцызму. Сатыры «Ірландская аватара» (1821), «Прывід суда» (1822), «Бронзавы век» (1823) — выдатны ўзор паліт. лірыкі 19 ст. У рамане ў вершах «Дон Жуан» (1818—23, не скончаны на 17-й песні), энцыклапедыі еўрап. жыцця на мяжы 18—19 ст., спалучаюцца эпічны размах з лірычнымі адступленнямі, літ. і паліт. палемікай, з’едлівай пародыяй, рамант. тэндэнцыі з рэалістычнымі. Гераічнаму супраціўленню грэч. народа прысвечаны яго апошнія вершы «Песня пра суліётаў», «Апошнія словы пра Грэцыю». Творчасць Байрана моцна паўплывала на развіццё сусв. паэзіі 19—20 ст. На бел. мову творы Байрана перакладалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, П.​Броўка, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, У.​Дубоўка, Г.​Дубянецкая, Е.​Лось, М.​Лужанін, Я.​Семяжон, М.​Танк і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Выбранае. Мн., 1963;

Лірыка. Мн., 1989;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1981;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1987;

На перепутьях бытия...: Худож. публицистика. М., 1989.

Літ.:

Елистратова А.А. Байрон. М., 1956;

Кургинян М. Джордж Байрон. М., 1958;

Дьяконова Н.Я. Лирическая поэзия Байрона. М., 1975;

Зверев А. Звезды падучей пламень: Жизнь и поэзия Байрона. М., 1988;

Моруа А. Байрон. Мн., 1990.

Дж.Байран.

т. 2, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́ВІЧ (сапр. Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч

(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),

бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел. т-ра. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-ра рэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус. т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп. тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел. тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст. Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел. нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.​Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус. рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел. нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Пасланец» Л.​Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.​Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.​Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.​Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.​Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.

Тв.:

П’есы. Мн., 1957.

Літ.:

Пятровіч С.А. Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978.

С.​С.​Лаўшук, К.​Б.​Кузняцова (тэатр).

Е.А.Міровіч.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел. нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв. маст. культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.​Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел. пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел. т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.

А.​А.​Скарына.

Да арт. Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.​Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».

т. 11, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЛЕ́ВІЧ (Ніл Сымонавіч) (н. 30.9.1931, в. Слабада Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1991). Канд. філал. н. (1963), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1956). У 1960—80 выкладчык кафедры бел. л-ры БДУ, у 1980—89 1-ы сакратар праўлення СП БССР. Старшыня пастаяннай камісіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гіст. спадчыны (1990—96). Друкуецца з 1946. Першая кніга «Песня ў дарогу» (1957). Выдаў зб-кі лірыкі «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, сатыра, гумар, 1979; адзначаны разам з перакладчыцкай дзейнасцю Дзярж. прэміяй БССР імя Я.​Купалы 1980). Асн. змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гіст. вопыту бел. народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыц. формы класічнай паэтыкі, тэмы гіст. повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў (вянок санетаў «Нарач», паэмы «Заручыны», «Сто вузлоў памяці», нізка вершаў «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына»). Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) увабраў у сябе тое, чым жыў, пра што хваляваўся творца. Раман ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сац. і духоўныя каштоўнасці. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Гілевіча апошніх гадоў: кн. «Повязь» (1987), «Незалежнасць» (1991), «Жыта, сосны і валуны» (1992), «На высокім алтары», «Талісман» (абедзве 1994). Гілевіч — аўтар прац па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы: «Акрыленая рэвалюцыяй (Паэзія «Маладняка»)» (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1070), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зб-каў літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Выбар» (1993). Ён стваральнік кніг сатыры і гумару, твораў для дзяцей, зб-ка п’ес «Начлег на буслянцы» (1980), аўтабіягр. аповесці «Перажыўшы вайну» (1988); укладальнік і навук. рэдактар зб-каў фальклору «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983) і інш. Перакладае творы балт. пісьменнікаў (зб. «Балгарскія народныя песні», 1961; анталогіі «Ад стром балканскіх», 1965; «Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень», 1978, і інш.), паасобныя творы югасл., польскіх, рус., укр., сербалужыцкіх паэтаў. Выдаў зб. выбраных перакладаў слав. паэтаў «Роднасць» (1983). Узнагароджаны ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. Лаўрэат Міжнар. прэміі імя Хрыста Боцева (1986). На вершы Гілевіча напісалі музыку М.​Аладаў, А.​Багатыроў, Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, І.​Лучанок, М.​Пятрэнка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1991;

Лісце трыпутніку. Мн., 1968;

Запаветнае. Мн., 1975;

Любоў прасветлая. Мн., 1996.

Літ.:

Сіненка Г.Д. Ніл Гілевіч: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. №7;

Бечык В. Любоўю кроўнай... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Быкаў В. Высакароднасць погляду на свет і жыццё // Гілевіч Н. Святлынь. Мн., 1984;

Вярцінскі А. Калі радок хвалюе // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1979;

Калеснік У. Паэт у страі: (Рысы да літ. партрэта Ніла Гілевіча) // Полымя. 1976. №4;

Конан У. Паэтычны голас сумлення // Там жа. 1996. №9;

Ламека Л. Радок чысціні світальнай // Маладосць. 1991. № 9;

Яе ж. Боль і сумленне Бацькаўшчыны // Роднае слова. 1996. № 9.

У.​М.​Конан, М.​У.​Мікуліч.

Н.С.Гілевіч.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛІН (Рыгор Іванавіч) (н. 24.2.1935, в. Гарадок Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, перакладчык. Нар. паэт Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). Працаваў у перыяд. друку, з 1969 у выд-ве «Беларусь», з 1972 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асн. змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959). Выдаў каля 40 кніг лірыкі, сатыры, зб-каў для дзяцей. У ранняй творчасці (кн. лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!», 1961; «Нагбом», 1963; «Неруш», 1966; «Адам і Ева», 1968) данёс да чытача трываласць асноў нар. маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці бел. народа, у яго багатай духоўнасці. У паэзіі асэнсоўвае асн. змест эпохі: вайну, убачаную дзіцячымі вачыма, клопат пасляваен. дачаснага ўзмужнення падлеткаў, сённяшні і заўтрашні дзень планеты. У вершах «Жароўня», «Труба», «Стэарынавая свечка», «Хлебнічак», «Цялушка», «Палата мінёраў», «Скрыпачы» і інш. — старонкі біяграфіі пакалення дзяцей вайны, што вырастаюць да маштабнага асэнсавання трагізму жыцця бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры. Скарбы вуснай нар. творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Барадуліна. У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці нашага народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі. Разам з тым народна-паэтычнае ў творчасці Барадуліна нельга вылучыць з індывідуальнага. Дзякуючы такому сінтэзу паэту ўдаецца ствараць манум. вобразы Маці, Радзімы, Бацькаўшчыны. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах (зб-кі «Маўчанне перуна», 1986; «Самота паломніцтва», 1990; «Міласэрнасць плахі», 1992; «Евангелле ад Мамы», 1995). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы, малітвы за постчарнобыльскае выжыванне і адраджэнне бел. нацыі. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Прынамсі...» (1977), «Амплітуда смеласці» (1983), «Мудрэц са ступаю» (1988) і інш., эпіграм на дзеячаў бел. л-ры і мастацтва (альбом «Няўрокам кажучы», 1971, шаржы М.​Лісоўскага; «Абразы́ без абра́зы», 1985, шаржы К.​Куксо); твораў для дзяцей (зб-кі «Мех шэрых, мех белых», 1963; «Красавік», 1965; «Экзамен», 1969; «Ай! Не буду! Не хачу!», 1971; «Што было б тады б, калі б?», 1977; «Ці пазяхае бегемот?», 1981; «Азбука не забаўка», 1985, і інш.), зб. артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987). На бел. мову пераклаў п’есу «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, зб-кі твораў А.​Вазнясенскага «Небам адзіным» (1980), І.​Драча «Мелодыя каліны» (1981), Г.​Містраль «Ветраліст» (1984), Умара Хаяма «Рубаі» (1989), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), паасобныя творы У.​Шэкспіра, Дж.​Байрана, П.​Нэруды, Н.​Гільена, А.​Міцкевіча, В.​Каратынскага, У.​Бранеўскага, С.​Нерыс, О.​Вацыеціса, С.​Паптонева, С.​Ясеніна, Я.​Еўтушэнкі, Б.​Акуджавы, Б.​Ахмадулінай, М.​Нагнібеды, Р.​Гамзатава і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976 за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1974). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1976 за зб. вершаў «Рум» (1974) і кнігу перакладаў выбр. лірыкі Ф.​Гарсія Лоркі «Блакітны звон Гранады» (1975). Песні на словы Барадуліна напісалі І.​Барсукоў, Г.​Вагнер, З.​Галубіцкая, Я.​Глебаў, У.​Журовіч, М.​Наско, Дз.​Смольскі, М.​Хаўхлянцаў і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1984;

Свята пчалы. Мн., 1975;

Белая яблыня грому. Мн., 1979;

Вечалле. Мн., 1980;

Паэмы прызвання. Мн., 1982;

Трэба дома бываць часцей... Мн., 1995.

Літ.:

Гарэлік Л.М. Зямля бацькоў дала мне права. Мн., 1983;

Клышка А. Адзін з майго пакалення // Клышка А. Права на верш. Мн., 1967;

Шклярэўскі І. Жывая душа: Фрагменты да літ. партрэта Рыгора Барадуліна // Полымя. 1970. № 2;

Зуёнак В. Лінія высокага напружання // На стрыжні часу. Мн., 1973;

Яго ж. Неба тваіх вачэй: Маналог з Ушаччыны // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983;

Арочка М. Нагбом з глыбінь // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Бечык В. Неабходнасць прыгожага // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;

Яго ж. Свет увесь жывы табой... // Бечык В. Перад высокаю красою... Мн., 1984;

Караткевіч У. Шчыравала ў бары пчала... // Полымя. 1977. № 1;

Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 74—90;

Сямёнава А. «Шчаслівай зоркі самародак...» // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лойка А. Па законах таленту // Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Семашкевіч Р. Ганчарны круг паэта // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982;

Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін Р. Выбр. тв. Мн., 1984. Т. 1;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 94—110.

Л.​М.​Гарэлік.

Р.І.Барадулін.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАПІ́ВА (сапр. Атраховіч) Кандрат Кандратавіч

(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),

бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад. АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-р філал. н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл. вайне (1939—40). У Вял. Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.​Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г. антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.​Купалы і імя Я.​Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял. Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.​Купалы і імя Я.​Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.​Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.​Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел. тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.​Шэкспіра, І.​Крылова, Л.​Астроўскага, Т.​Шаўчэнкі, А.​Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;

Зб. твораў: У 6 т. Т. 1—2. Мн., 1997.

Літ.:

Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;

Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;

Бугаёў Дз. Зброяй сатыры, зброяй праўды Мн., 1971;

Лаўшук С. Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986;

Сабалеўскі А. Кандрат Крапіва: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1989;

Кандрат Крапіва: Бібліягр. давед. Мн., 1963.

А.​В.​Сабалеўскі.

К.Крапіва.

т. 8, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каб ​1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. — Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб ​2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ́ Я́НКІ КУПА́ЛЫ.

Створаны ў 1920 у Мінску як Бел. дзярж. т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел. дзярж. т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.​Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.​Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.​Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.​Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.​Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.​Галіна, Г.​Глебаў, Г.​Грыгоніс, І.​Ждановіч, У.​Крыловіч, К.​Міронава, В.​Пола, Б.​Платонаў, Л.​Ржэцкая, У.​Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.​Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.​Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца, К.​Буйло, Л.​Родзевіча, Ц.​Гартнага, В.​Гарбацэвіча, М.​Грамыкі, М.​Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.​Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.​Крапіўніцкі, М.​Старыцкі, І.​Катлярэўскі), рус. (М.​Горкі, Чэхаў, У.​Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.​Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.​Ждановіч, арт. А.​Крыніца, драматургі Грамыка, Р.​Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.​Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.​Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.​Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-р рэж. Л.​Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.​Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.​Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.​Бядулем, М.​Клімковічам, Э.​Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял. Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.​Карнейчука, «Рускія людзі» К.​Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.​Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.​Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял. Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.​Крапівы, К.​Губарэвіча, А.​Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял. Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.​Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.​Зорына, «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера, «Нора» Г.​Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.

У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.​Дзялендзіка, П.​Васілеўскага, С.​Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.​Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.​Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.​Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.​Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.​Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г. т-р на чале з рэж. В.​Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.​Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава і інш. Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял. Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.​Быкава, «Эшалон» М.​Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма, «Характары» паводле В.​Шукшына, «Гульня з кошкай» І.​Эркеня, «Святая святых» І.​Друцэ, «Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.​Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр. нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв. т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.​Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.​Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.​Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г. найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.​Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.​Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.​Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.​Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.​Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.​Кавалёва, «Восеньская саната» І.​Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел. нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.​Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.

У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.​Макарава, П.​Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.​Стома, У.​Уладамірскі, М.​Яроменка, нар. артысты Беларусі С.​Бірыла, М.​Бялінская, Г.​Грыгоніс, П.​Дубашынскі, І.​Ждановіч, П.​Кармунін, Р.​Кашэльнікава, Пола, В.​Філатаў, І.​Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.​Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.​Бараноўскі, А.​Дзянісаў, П.​Іваноў, В.​Краўцоў, Б.​Кудраўцаў, П.​Пекур, Б.​Уладамірскі, М.​Федароўскі, Р.​Філіпаў (нар. арт. Расіі), С.​Хацкевіч, Э.​Шапко, Л.​Шынко, Б.​Янпольскі, арт. Ю.​Авяр’янаў, Б.​Дакальская, Т. і У.​Кін-Камінскія, А.​Уладамірскі і інш., рэжысёры В.​Галаўчынер, Л.​Мазалеўская, М.​Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.​Агамірзян, А.​Андросік, М.​Зораў, Б.​Луцэнка, М.​Міцкевіч, І.​Папоў, І.​Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.​Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.​Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.​Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.​Саннікаў (1948—52), І.​Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.​Простаў (1958—60), В.​Броўкін (1960—62), Г.​Шчарбакоў (1962—64), Б.​Эрын (1964—68), Ц.​Кандрашоў (1969—72); мастакі А.​Марыкс (1922—29, 1934—39), І.​Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.​Галубовіч (1958—62), А.​Грыгар’янц (1962—76), Б.​Герлаван (з 1976).

У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.​Аўсяннікаў, С.​Станюта, В.​Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.​Белахвосцік, З.​Браварская, Г.​Гарбук, Л.​Давідовіч, М.​Захарэвіч, А.​Мілаванаў, А.​Памазан, Г.​Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.​Бальчэўская, З.​Белахвосцік (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.​Варанецкі, Г.​Давыдзька, М.​Зінкевіч, З.​Зубкова, Я.​Кавалёва, Н.​Качаткова, М.​Кірычэнка, У.​Кудрэвіч, Г.​Маляўскі, В.​Манаеў, Т.​Нікалаева, А.​Падабед, У.​Рагаўцоў, А.​Рынковіч, артысты А.​Гарцуеў, М.​Громава, І.​Дзянісаў, А.​Долгая, А.​Ельяшэвіч (засл. арт. Аўт. Рэспублікі Крым), А.​Іваннікава, С.​Краўчанка, Я.​Кульбачная, А.​Лабуш, А.​Луцэвіч, С.​Некіпелава, В.​Няфёдава, В.​Паўлюць, Н.​Піскарова, Т.​Пузіноўская, В.​Рэдзька (засл. арт. Аўт. рэспублікі Крым), А.​Сідарава, І.​Усовіч, Г.​Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар. арт. Беларусі В.​Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.​Савіцкі.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл. Мінскі гарадскі тэатр).

Літ.:

Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;

Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;

Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг. Мн., 1957;

Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.​Купалы. Мн., 1970;

Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;

Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;

Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт. Мн., 1985;

Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг. Мн., 1989;

Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.​Макаёнка.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.​Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.​Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.​Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.​Купалы.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.​Дударава.

т. 11, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)