ГАЛАДЗЕ́Д Мікалай Мацвеевіч (21.5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 21.6.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. Скончыў рабфак Горацкага с.-г. ін-та. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны. У 1918 уступіў у Камуніст. партыю. У 1921—24 старшыня выканкома Горацкага Савета, старшыня тройкі па барацьбе з бандытызмам. У лют. — маі 1924 чл. Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), з снеж. 1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, з мая 1927 да мая 1937 старшыня СНК БССР. Канд. у чл. ЦК ВКП(б) з 1930. Чл. ЦК КП(б)Б з 1924 і Бюро ЦК КП(б)Б з 1925. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР з 1924, чл. Прэзідыума ЦВК БССР з 1927. 14.6.1937 арыштаваны органамі НКУС у Маскве і накіраваны ў Мінск, дзе выкінуўся з акна будынка НКУС. Рэабілітаваны ў 1956.

М.​Ф.​Шумейка.

М.М.Галадзед.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́Т АБАРО́НЫ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУСІ́ Створаны ў Вільні 19.4.1919 урадам Літ.-Бел. ССР у сувязі з нападам на рэспубліку польскіх войск і цяжкім ваен. становішчам. З 28.4.1919 знаходзіўся ў Мінску. Старшыня В.С.Міцкявічус-Капсукас, чл. І.​С.​Уншліхт, М.​І.​Калмановіч, Я.​Б.​Бош, В.​Г.​Кнорын, К.​Г.​Цыхоўскі. Сканцэнтраваў усю дзярж. і ваен. ўладу і дзейнічаў у кантакце з РВС Літ.-Бел. арміі (з чэрв. 1919—16-й арміі). 2.5.1919 аб’явіў усеагульную мабілізацыю ў армію, 22 мая прыняў пастанову аб тэрміновых мерах па абароне Мінска, 31 мая падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. і паліт. саюза паміж усімі сав. рэспублікамі (1.6.1919 ЦВК Літ.-Бел. ССР ухваліў гэты дагавор). 17.7.1919 Савет скасаваны паводле рашэння ЦК КП(б)Б ЛіБ ад 14.7.1919 у сувязі з акупацыяй большай ч. тэр. рэспублікі польскімі войскамі і перабудовай вышэйшых сав. і парт. органаў Літ.-Бел. ССР. На неакупіраванай тэр. Беларусі ўлада перададзена Мінскаму губ. ваен.-рэв. к-ту і РВС Зах. фронту.

П.​А.​Селіванаў.

т. 14, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́РМАНАЎ Дзмітрый Андрэевіч (7.11.1891, с. Серада, цяпер г. Фурманаў Іванаўскай вобл., Расія — 15.3.1926),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1912—15). У 1918 чл. Іванаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, сакратар Іванава-Вазнясенскага губкома РКП(б); з 1919 камісар 25-й дывізіі Усх. фронту (камандзір В.​І.​Чапаеў), нач. палітупраўлення Туркестанскага фронту, нач. палітаддзела Кубанскай арміі. З 1923 сакратар Маскоўскай арг-цыі РАПП. Друкаваўся з 1910. Першы адметны твор — аповесць «Чырвоны дэсант» (1922). У рамане «Чапаеў» (1923, экранізацыя 1934) стварыў вобраз таленавітага нар. палкаводца. Аўтар рамана «Мяцеж» (1925), «Дзённікаў (1914—1916)» (апубл. 1929), апавяданняў, нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. На Беларусі паводле яго раманаў «Мяцеж» і «Чапаеў» паст. інсцэніроўкі (адпаведна 1927, БДТ-1; 1932, Дзярж. рус. драм. т-р).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1960—61;

Бел. пер. — Чырвоны дэсант. Мн., 1929;

М.​В.​Фрунзе. Мн., 1930;

Чапаеў. 5 выд. Мн., 1950.

Літ.:

Исбах АА Фурманов. М., 1968;

Сотскова М.Н. Дмитрий Фурманов. М., 1969;

Фурмановский сборник. Иваново, 1973.

т. 16, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́МКІН Якаў Рыгоравіч (1898, Адэса — 3.11.1929),

рэвалюцыянер, сав. ваенны дзеяч. Скончыў 4-класную яўр. школу ў Магілёве. З 1914 чл. партыі эсэраў, з 1917 — левых эсэраў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік ВЧК. Праціўнік Брэсцкага міру 1918, адзін з ініцыятараў і непасрэдны ўдзельнік забойства 6.7.1918 герм. пасла В.​Мірбаха, што з’явілася пачаткам леваэсэраўскай спробы дзярж. перавароту. Пасля яе задушэння хаваўся на Украіне, удзельнічаў у падп. барацьбе супраць герм. акупантаў і пятлюраўцаў. 16.5.1919 атрымаў амністыю Прэзідыума ВЦВК. З 1919 на Паўд. фронце (нач. штаба і в.а. камандзіра 79-й брыгады) і ў складзе Каспійскай флатыліі. З 1920 чл. РКП(б). У 1920—21 на спец. курсах у Ваен. акадэміі РСЧА, у сакратарыяце Л.Д.Троцкага. Выконваў спец. заданні АДПУ за мяжой. У крас. 1929 тайна сустракаўся ў Турцыі з высланым з СССР Троцкім і абяцаў яму дапамогу, за што арыштаваны і па прыгаворы судовай калегіі АДПУ расстраляны.

Літ.:

Красная книга ВЧК. 2 изд. М., 1990. Т. 1. С. 310;

Троцкий Л. Портреты революционеров. М., 1991;

Овруцкий Л., Разгон А. Яков Блюмкин: Из жизни террориста // Горизонт. 1991. № 11—12.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКО́ЎСКІ Іван Антонавіч (2.5.1888, в. Чэрчыцы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 27.12.1937),

бел. гісторык. Праф. (1932). Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і 2 курсы духоўнай акадэміі (1914) у Петраградзе. З 1916 вікарый Мазырскага касцёла, у 1918 пазбаўлены духоўнага сану. З 1919 у Чырв. Арміі. У 1920—33 чл. ВКП(б). У 1921 у Аршанскім пав., заг. школы, аддзела агітацыі і прапаганды Сенненскага пав. к-та РКП(б), потым лектар Віцебскіх губкома і губ. сав. парт. школы, прарэктар і выкладчык Віцебскага вет. ін-та. З 1925 у Мінску, выкладчык Камуніст. ун-та імя Леніна, нам. заг. польскага аддзела Інбелкульта АН Беларусі. Нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Ін-та польскай пралетарскай культуры. Адначасова заг. кафедры Мінскага пед. ін-та. У 1933 арыштаваны, адбыў 3 гады зняволення ў г. Марыінск (Сібір). У 1937 арыштаваны паўторна, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. і рэв.-дэмакр. руху на Беларусі, яго сувязей з рэв. рухам у Польшчы і Расіі, паўстання 1863—63 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

У.​М.​Міхнюк.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬТМАН Стафан Лявонавіч (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),

рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНК БССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—29, чл. ЦВК БССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВК БССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬМАН Міхаіл Барысавіч (29.10.1894, г. Кабялякі, Украіна — 27.12.1937),

удзельнік рэв. руху, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1916), Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1927). З 1914 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. З 1916 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага Савета, з мая 1917 старшыня Магілёўскага Савета сял. дэпутатаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 левы эсэр, старшыня выканкома Савета рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Магілёўскай губ., нам. старшыні Бел. абл. к-та. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 чл. РКП(б). З 1918 нам. старшыні Сімбірскага губ. выканкома і ваенкома, старшыня рэўтрыбунала. У 1921—23 супрацоўнік Усх. сектара Выканкома Камінтэрна, старшыня Камісіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1924—25 у Дзяржплане СССР і ў аддзеле друку ЦК ВКП(б). З 1927 дацэнт БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Аўтар прац па эканоміцы. У ліп. 1927 за ўдзел у т.зв. трацкісцка-зіноўеўскім блоку выключаны з ВКП(б); у 1929 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў ссылкі. У 1936 паўторна асуджаны на 5 гадоў зняволення, пазней — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.

Т.​Р.​Воранава, У.​В.​Ляхоўскі.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУ́ЦКІ Вацлаў Антонавіч (парт. псеўд. Шпак, Аляксандр; 1884, мяст. Буракаў каля Варшавы — 19.12.1937),

рэвалюцыянер, парт. і дзярж. дзеяч. Дэлегат V з’езда (1906) СДКПіЛ ад арг-цый Беласточчыны. За рэв. дзейнасць 9 разоў арыштаваны, 4 гады правёў у турмах. У 1910—12 у эміграцыі ў ЗША. У 1-ю сусв. вайну вёў рэв. агітацыю сярод салдатаў. У 1917 адзін з кіраўнікоў Тыфліскай арг-цыі бальшавікоў. У 1918 кіраўнік к-та СДКПіЛ, удзельнік стварэння арг-цый Кампартыі Польшчы ў Беластоку і Гродне, старшыня Гродзенскіх падп. к-та РКП(б) і Савета рабочых дэпутатаў. У 1919—20 старшыня Надзвычайнай камісіі ў Мінску, чл. ЦК і Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ. У 1921 аднаўляў падп. камуніст. арг-цыі ў Зах. Беларусі. У 1922—24 сакратар Цэнтр. Бюро КП(б)Б і нам. старшыні СНК БССР. У 1924—25 прадстаўнік ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкоме Камінтэрна. З 1929 працаваў у ВЦСПС, Прафінтэрне. Чл. ЦВК БССР (1921—24) і СССР (1922—24). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1936.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДАР Карл Іванавіч (17.4.1883, Ліепайскі р-н, Латвія — 29.7.1937),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1905 вёў падп. работу ў Маскве, Пецярбургу, Лібаве, Рызе, Самары, Ніжнім Ноўгарадзе. З 1915 на Зах. фронце, чл. латышскай с.-д. групы ў Мінску. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Мінскага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП(б). Чл. часовага ВРК Зах. фронту па барацьбе з карнілаўшчынай. З вер. 1917 старшыня Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 9.11.1917 старшыня ВРК Зах. фронту, у ліст. 1917 — студз. 1918 — СНК Зах. вобласці і фронту. З мая 1918 нарком дзярж. кантролю РСФСР. З 1920 асобаўпаўнаважаны ВЧК на Паўн. Каўказе і ў Данской вобл., нач. асобага аддзела Каўказскага фронту. У 1921 заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела Маскоўскага к-та РКП(б). З 1922 упаўнаважаны Сав. ўрада пры замежных місіях дапамогі галадаючым у Расіі, у 1923—25 чл. калегіі Наркамата знешняга гандлю СССР, пазней на навук.-літ. і пед. рабоце ў ВНУ Масквы, Ленінграда, Кіева. Чл. ВЦВК у 1917—18 і яго Прэзідыума.

К.І.Ландар.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВІ́НСКІ Платон Фёдаравіч (23.11.1892, в. Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 29.6.1933),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Камуніст. ун-т у Маскве (1930). З 1909 у ЗША. З 1917 у Бабруйску. З 1918 сакратар Бабруйскага пав. к-та РКП(б), чл. Краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, з 1919 чл. Мінскага губ. ВРК, заг. аддзела рэўкома штаба 16-й арміі Зах. фронту. З 1920 старшыня Барысаўскага пав. рэўкома, сакратар Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, з 1921 нач. меліярацыйнага аддзела Наркамзема БССР, з 1925 заг. Бабруйскага акр. зямельнага ўпраўлення. З 1930 заг. аргаддзела ЦКК—НК РСІ БССР, з 1933 1-ы нам. наркома земляробства БССР, сакратар Магілёўскага райкома КП(б)Б, з 1936 нач. упраўлення Наркамата мясц. прам-сці. Чл. ЦКК КП(б)Б і яе Прэзідыума (1930—34), чл. ЦК КП(б)Б (1934—37) чл. ЦВК БССР (1920—21, 1931—37). 9.8.1937 арыштаваны, 29.6.1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

Я.​С.​Фалей.

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)