КАСРАШВІ́ЛІ (Маквала Філімонаўна) (н. 13.3.1942, г. Кутаісі, Грузія),
грузінская і расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. Расіі (1975), нар. арт. Грузіі (1980), нар. арт. СССР (1986). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966). З 1966 салістка Вял. т-ра. Валодае моцным рухомым голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Таццяна, Ліза, Іаланта («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Дэздэмона, Леанора, Амелія («Атэла», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Наташа Растова, Любка, Паліна («Вайна і мір», «Сямён Катко», «Гулец» С.Пракоф’ева), Тамар («Выкраданне месяца» А.Тактакішвілі). У камерным рэпертуары рамансы С.Рахманінава, Чайкоўскага, М. дэ Фалья. 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (Манрэаль, 1973). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.
т. 8, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ПКІНА (Нінель) (Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана).
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЁЛАВА (Марына Мсціславаўна) (н. 8.1.1947, С.-Пецярбург),
расійская актрыса. Нар. арт. Расіі (1987). Скончыла Ленінградскі ін-т т-ра, музыкі і кіно (1969). З 1968 у студыі кінаакцёра кінастудыі «Ленфільм», з 1971 у Т-ры імя Массавета, з 1974 у т-ры «Сучаснік». Творчасці ўласцівы шчырасць і імпульсіўнасць, якія спалучаюцца з майстэрствам дасканалай прапрацоўкі ролі: Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Вераніка («Вечна жывыя» В.Розава), Люба («Фантазіі Фарацьева» А.Сакаловай), Вольга («Спяшайцеся рабіць дабро» М.Рошчына), Анфіса («Анфіса» А.Андрэева), Яўгенія Сямёнаўна («Круты маршрут» паводле Я.Гінзбург) і інш. Здымаецца ў кіно: «Слова для абароны», «Асенні марафон», «Ты ў мяне адна», «Турэмны раман», «Сібірскі цырульнік», тэлефільме «Фантазіі Фарацьева» і інш. Дзярж. прэміі Расіі 1981, 1990.
т. 11, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСЛА́НАВА (Лідзія Андрэеўна) (27.10.1900, с. Чарнаўка Саратаўскай вобл., Расія — 20.9.1973),
расійская эстр. спявачка (кантральта). Засл. арт. Расіі (1942). Выступаць пачала ў 1917. З 1933 артыстка муз.-эстр. ўпраўлення Дзярж. аб’яднання муз., эстр. і цыркавых прадпрыемстваў. У 1945 рэпрэсіравана. З 1953 артыстка Усерас. гастрольна-канцэртнага аб’яднання. Дасканала валодала майстэрствам імправізацыі. Гал. месца ў рэпертуары займалі рус. нар. песні, якія выконвала распеўна, з праніклівай сардэчнасцю, лірызмам і гумарам. Аднавіла (аўтар) многія нар. песні, у т. л. «Валёнкі». Першая выканаўца многіх песень рас. кампазітараў, у т. л. «Кацюшы» М.Блантэра. У 1967 разам з Л.Уцёсавым, К.Шульжэнка і М.Бернесам узначаліла 1-ы Усесаюзны фестываль сав. песні.
Літ.:
Л.Русланова в воспоминаниях современников. М., 1981.
т. 13, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ННА ІВА́НАЎНА (7.2.1693, Масква — 28.10.1740),
расійская імператрыца [1730—40]. З дынастыі Раманавых. Дачка Івана V Аляксеевіча, пляменніца Пятра I. Герцагіня Курляндская (1710—11). Запрошана на прастол Вярхоўным тайным саветам на пэўных умовах («кандыцыях»), якія прадугледжвалі абмежаванне манарх. улады на карысць феад. арыстакратыі. Пры падтрымцы дваранства і афіцэраў гвардыі на пачатку царавання адмовілася ад «кандыцый» і ліквідавала Вярх. тайны савет (4.3.1730). Дала шэраг прывілеяў дваранам (права на валоданне населенымі маёнткамі, абмежаванне тэрміну грамадз. і ваен. службы да 25 гадоў і інш.), заснавала Кабінет міністраў (1731). Пры Ганне Іванаўне заключаны гандл. дагавор паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй (1734), адбылася рус.-тур. вайна 1735—39, у выніку якой Расія набыла крэпасць Азоў. Значную ролю ў кіраванні дзяржавай адыгрываў яе фаварыт граф. Э.І.Бірон (гл. Біронаўшчына).
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),
расійская арфістка, педагог. Нар. арт. Расіі (1966), нар. арт. СССР (1976). Дачка скрыпача Г.Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял. т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.Васіленкі, А.Масалова, санаціны Л.Кніпера, А.Балціна, «Усходні танец» А.Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.Масквіціна, Н.Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.
т. 6, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РВІН-КРУКО́ЎСКАЯ (Жаклар) Ганна Васілеўна
(18.10.1843, Масква — 14.9.1887),
расійская пісьменніца, дзеяч міжнар. сацыяліст. руху. Сястра С.Кавалеўскай. Паходзіла з бел. шляхецкага роду. Першыя апавяданні надрукавала ў 1864 у час. Ф.М.Дастаеўскага «Эпоха». З 1867 у Пецярбургу, зблізілася з членамі рэв. арг-цый. З 1869 жыла ў Германіі, Францыі, выйшла замуж за франц. рэвалюцыянера Ш.В.Жаклара. Чл. Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, вяла перапіску з К.Марксам, пераклала на франц. мову ўрыўкі з т. 1. «Капітала». Удзельніца Парыжскай камуны 1871, прымала ўдзел ў рабоце К-та пільнасці, чл. ЦК Саюза жанчын, заснавальніца і карэспандэнт газ. «La socialiste» («Сацыялістка»). Пасля паражэння Парыжскай камуны жыла ў Швейцарыі, Расіі, займалася літ. дзейнасцю. У 1886—87 свае апавяданні друкавала ў час. «Северный вестник».
І.М.Масляніцына.
т. 8, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛАКО́ВА (Галіна Аляксееўна) (н. 29.4.1942, в. Лагачы Воткінскага р-на, Удмурція),
расійская спартсменка (лыжны спорт), трэнер. Засл. майстар спорту СССР (1970). Чэмпіёнка XI і XII зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія — на дыстанцыях 5 і 10 км і ў эстафеце 3×5 км; 1976, г. Інсбрук, Аўстрыя — у эстафеце 4×5 км). Прызёр X (1968, г. Грэнобль, Францыя, сярэбраны на дыстанцыі 5 км, бронзавы ў эстафеце 3×5 км), XII (бронзавы на дыстанцыі 10 км) і XIII (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША, сярэбраны ў эстафеце 4×5 км) Алімп. гульняў. Чэмпіёнка свету (1970, на дыстанцыі 5 км і эстафеце 3 × 5 км; 1974, на дыстанцыях 5 і 10 км і ў эстафеце 4×5 км). Чэмпіёнка СССР у 1967—81.
т. 8, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕВА (Вольга Мікалаеўна) (н. 25.12.1928, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. Расіі (1973). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава). У 1947—72 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Яе творчасці характэрна экспрэсіўна-графічная манера выканання. Сярод партый: Нікія, Кітры і Вулічная танцоўшчыца («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Адэта—Адылія, прынцэса Фларына («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эгіна, Гаянэ («Спартак», «Гаянэ» А.Хачатурана), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева), Крыўляка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Вакханка («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава). Яе творчасці прысвечаны тэлефільм-канцэрт «Танцуе Вольга Майсеева» (1971).
т. 9, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)