ГРЫБКО́ВЫЯ ХВАРО́БЫ СКУ́РЫ, дэрматамікозы,

хваробы скуры і слізістых абалонак, выкліканыя патагеннымі грыбкамі. Крыніца хваробы — хворыя людзі ці жывёлы (цяляты, каты, пацукі). Прычыны: наяўнасць хранічных інфекц. і неінфекц. хвароб (туберкулёз, цукровы дыябет, злаякасныя пухліны і інш.), хранічныя інтаксікацыі (наркаманія, алкагалізм, таксікаманія), пашкоджанні скуры і слізістых абалонак, ужыванне доўгі час антыбіётыкаў, цытастатычных і кортыкастэроідных прэпаратаў, прамянёвая тэрапія і інш. Падзяляюцца на 4 групы: кератамікозы, дэрматафітыі, кандыдозы, глыбокія мікозы.

Кератамікозы (вотруб’епадобны лішай) мала заразныя. Узбуджальнікі іх паразітуюць у паверхневым слоі скуры, запаленне яе не выклікаюць. Дэрматафітыя (трыхафітыя, мікраспарыя, эпідэрмафітыя, фавус) выклікае хваробы скуры, валасоў, пазногцяў, а кандыдоз, акрамя таго, слізістых абалонак. Пры глыбокіх мікозах (какцыдыяідоз, гістаплазмоз, хромамікоз і інш.) пашкоджваюцца не толькі скура і слізістая абалонкі, але і ўнутр органы, нерв. сістэма і касцявы апарат. Лячэнне: прэпараты з фунгістатычным і фунгіцыдным дзеяннем, анілінавыя фарбы.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,

хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).

Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.

А.​У.​Руцкі.

т. 4, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧА́НКА ЧЫРВО́НАЯ,

хвароба з групы калагенозаў (гл. Калагенавыя хваробы). Праяўляецца ў формах: дыскоіднай і дысемінаванай — хранічнае захворванне скуры, сістэмнай — хвароба з расстройствамі і пашкоджаннямі ўнутр. органаў. Формы ваўчанкі чырвонай звязаны паміж сабой: дыскоідная можа пераходзіць у сістэмную. Прычыны захворвання канчаткова не высветлены; значная роля належыць вірусам і аўтаімунным працэсам. Правакуюць развіццё хваробы празмерная інсаляцыя, ахаладжэнне, траўмы, ачагі хранічнай гнойнай інфекцыі, дысфункцыя эндакрыннага апарату.

Ваўчанка чырвоная дыскоідная праяўляецца пашкоджаннем скуры ў выглядзе ацёчнай плямы ці інфільтраванай бляшкі, якія павялічваюцца і пакрываюцца густымі лусачкамі, скура станчаецца і ўтвараецца рубцовая атрафія. Лакалізацыя: скура носа, твару, валасістай часткі галавы, верхняй часткі грудзей, спіны. Пры ваўчанцы чырвонай дысемінавай колькасць ачагоў значна большая, яны не здольныя да перыферычнага росту, найменш інфільтраваныя і не заўсёды ўтвараецца рубцовая атрафія. Ваўчанка чырвоная сістэмная характарызуецца пашкоджаннем суставаў, серозных абалонак, скуры, унутр. органаў, ц. н. с. Лячэнне: антымалярыйныя прэпараты, вітаміны, глюкакартыкоідныя гармоны, фотаахоўныя мазі і крэмы.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],

навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.

Л.​М.​Мажуль.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎЦЬ,

вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЬШЭ́НЬ (Panax ginseng; кіт. «корань жыцця» літар. «чалавек-корань»),

рэліктавая кветкавая расліна роду панакс сям. араліевых. Трапляецца ў цяністых шыракаліста-хвойных лясах Паўн.-Усх. Кітая, Паўн. Карэі і на Д. Усходзе (Прыморскі і Хабараўскі краі).

Занесены ў Чырвоную кнігу СССР (1984). На Беларусі вырошчваецца ў культуры ў некат. гаспадарках і аматарамі.

Шматгадовая травяністая расліна з адзіночным прамастойным сцяблом выш. каля 0,5 м і кальчаком з 3—5 доўгачаранковых пальчата-складаных лістоў у яго верхняй частцы. Корань масай да 400 г стрыжнёвы, слабагалінасты, мясісты, белавата-шэры або жаўтаваты, расце марудна (да 100 і больш гадоў). Кветкі дробныя, зеленавата-белыя, сабраныя ў просты парасонік. Плод — ярка-чырвоная сакаўная касцянка. Вільгацелюбівая, адносна цеплалюбівая расліна, размнажаецца насеннем. Каштоўная лек. расліна (мае ў каранях і карэнішчы трытэрпенавыя кліказіды гліказіды з танізуючым дзеяннем). Прэпараты Ж. выкарыстоўваюць пры сардэчных і нерв. захворваннях, малакроўі, гіпатаніі, рэўматызме, цукр. дыябеце і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Жэньшэнь.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСЕКТЫЦЫ́ДЫ,

хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднымі насякомымі; група пестыцыдаў.

Паводле характару пранікнення ў арганізм насякомых падзяляюць на кантактавыя (усмоктваюцца праз вонкавае покрыва пры кантакце з любой часткай цела), кішэчныя (трапляюць з ежай), сістэмныя (пранікаюць у сасудзістую сістэму раслін і робяць іх атрутнымі для насякомых), фуміганты (трапляюць у арганізм насякомага праз органы дыхання). Большасць І. выклікае гібель насякомага ў выніку пранікнення яду некалькімі шляхамі адначасова. У якасці І. выкарыстоўваюць хім. злучэнні розных груп: пірэтроіды (кантактавыя), карбаматы (кантактава-кішэчныя і сістэмныя), хлорарган. злучэнні (у асн. кантактава-кішэчныя). Адна з важнейшых груп І. — фосфарарганічныя злучэнні, якія вызначаюцца высокай біял. актыўнасцю, шырокім спектрам і хуткасцю дзеяння, малой стойкасцю ў навакольным асяроддзі (раскладаюцца з утварэннем нетаксічных прадуктаў). Вырабляюць І. ў выглядзе парашкоў, гранул, раствораў, эмульсій, суспензій.

Многія І. таксічныя для людзей, жывёл і пры няправільным выкарыстанні небяспечныя для навакольнага асяроддзя, таму іх вытв-сць, продаж і выкарыстанне абмежаваны.

С.​І.​Ярчакоўская.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІ́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна медыцынскай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці сінт. вітамінаў, каферментаў і іх прэпаратаў у таблетках, дражэ, ампулах, капсулах, гранулах, канцэнтратах, а таксама вітамінных прэпаратаў з расліннай і жывёльнай сыравіны.

Вітамінная прамысловасць стала развівацца на пач. 20 ст., у СССР была наладжана ў 1930-я г. Спачатку вітамінныя прэпараты выраблялі толькі з прыроднай сыравіны — вітамінаносных раслін, пазней была асвоена вытв-сць сінт. вітамінаў С, D2 і K3, з 1949 — B1, а з 1955 — усіх асн. вітамінаў.

Вітамінныя з-ды і камбінаты — спецыялізаваныя прадпрыемствы са шматстадыйнымі працэсамі, значнай матэрыялаёмістасцю, выкарыстаннем спец. абсталявання для работы з агрэсіўнымі асяроддзямі, высокай чысцінёй прадукцыі. Развітую вітамінную прамысловасць маюць Расія, ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Балгарыя, Венгрыя, Польшча і інш. краіны. На Беларусі выпуск вітамінаў распачаты ў 1994 закрытым акц. т-вам «БАФІ» (г. Мінск). Выпускаюць адаптаваныя да ўмоў тэр. Беларусі полівітаміны «Бафівіт-1», «Антыаксіэф», «Юніэф» і інш., вітамінныя канцэнтраты, прэміксы і вітаміны для с.-г. жывёл.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЕ́Р (Acorus),

род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.

Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.

Аер балотны.

т. 1, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕНГА́ЛІЯ,

штат на У Індыі, каля берагоў Бенгальскага зал., у зах. ч. дэльты Ганга. Пл. 88 тыс. км². Нас. каля 75 млн. чал. (1995), каля 85% — бенгальцы. Адм. і гал. прамысл. цэнтр — г. Калькута. Паверхня — нізінная алювіяльная раўніна (каля 90% пл.), на З — участкі ўзвышшаў, на крайняй Пн — адгор’і Гімалаяў (да 4 тыс. м). Клімат трапічны вільготны (ападкаў 1400—1800 мм за год). Перыяд дажджоў у чэрв.—кастрычніку. Развіта здабыча каменнага вугалю (бас. Ранігандж), чорная металургія, джутавая, металаапр., маш.-буд. (прамысл. абсталяванне, электрапрылады, судны, чыг. цягнікі і вагоны, аўтамабілі, матацыклы), хім. (пластмасавыя і гумавыя вырабы, хім.-фармацэўтычныя прэпараты, лакі і фарбы), баваўняная, трыкат., шкляная, гарбарна-абутковая, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Пад пасяўнымі плошчамі больш за 60% тэр., каля ⅓ з іх арашаецца. Вырошчваюць рыс (каля 80—90% усёй пасяўной плошчы). Агародніцтва, бульбаводства, пладаводства; пасевы гарчыцы, рапсу, бабовых, тытуню, кукурузы, з тэхн. культур — джут (каля палавіны вытв-сці ў Індыі), кенаф, чай (на Пн). Рыбалоўства ў сажалках, рэках, моры. Транспарт чыг. і ўнутр. водны.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)