ХОЛ (Hali) Грэнвіл Стэнлі (1.2.1846, г. Ашфілд, штат Масачусетс, ЗША — 24.4.1924),

амерыканскі псіхолаг; адзін з заснавальнікаў педалогіі, прыхільнік эксперыментальнай педагогікі. У 1878—80 вучыўся ў Германіі ў Г.​Т.​Фехнера, В.Вунта і інш. З 1881 праф. ун-та Дж.​Хопкінса (г. Балтымар). У 1889—1920 праф. і прэзідэнт Кларкскага ун-та, дзе стварыў першы ў ЗША ін-т дзіцячай псіхалогіі. Адзін з арганізатараў і першы прэзідэнт (1892) Амер. псіхал. асацыяцыі. Пры даследаванні дзіцячай псіхікі выкарыстоўваў. апытальнікі, у якіх дзеці паведамлялі пра свае пачуцці (маральныя, рэлігійныя і інш.), адносіны да інш. людзей. Методыка такіх апытанняў сустрэла рэзкую крытыку, бо паведамленні дзяцей прызнаваліся за дакладную крыніцу інфармацыі пра саміх сябе. Прытрымліваўся тэорыі рэкапітуляцыі, паводле якой дзіця ў сваім псіхічным развіцці паўтарае стадыі развіцця псіхікі чалавечага роду («Праблемы выхавання», т. 1—2, 1911).

т. 17, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

chancellor [ˈtʃɑ:nsələ] n.

1. ка́нцлер

2. дзяржа́ўная/юрыды́чная асо́ба;

the Chancellor of the Exchequer міні́стр фіна́нсаў (у Вялікабрытаніі);

the Lord Chancellor/the Lord High Chancellor вярхо́ўны суддзя́ (і старшыня палаты лордаў)

3. прэзідэ́нт універсітэ́та

4. рэ́ктар (ганаровы)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),

1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш. дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.

2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.

Г.​А.​Маслыка.

т. 4, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМЛЕ́Й Юліян Уладзіміравіч (21.2.1921, Масква — 4.6.1990),

рускі гісторык-славіст і этнограф. Акад. АН СССР (1976, чл.-кар. 1966), д-р гіст. н. (1965), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі ун-т (1950). З 1966 дырэктар Ін-та этнаграфіі АН СССР. Чл. выканкома (1970—80) і віцэ-прэзідэнт (з 1980) Міжнар. саюза антрапал. і этнагр. навук; чл. Бюро Адміністрацыйнага савета (1968) і віцэ-прэзідэнт (з 1982) Міжнар. т-ва этналогіі і фальклору Еўропы. Даследаваў сярэдневяковую гісторыю Харватыі: «Сялянскае паўстанне 1573 г. ў Харватыі» (1959), «Станаўленне феадалізму ў Харватыі» (1964); тэорыю этнасу і этнічных працэсаў, гісторыю першабытнага грамадства, тэарэт. пытанні і сучасную праблематыку этнагр. навукі: «Сучасныя праблемы этнаграфіі» (1981), «Нарысы тэорыі этнасу» (1983), «Тэарэтычная этнаграфія» (1984, на англ. мове), «Чалавецтва — гэта народы» (з Р.​Р.​Падольным, 1990) і інш. У этнагр. працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. Дзярж. прэміі СССР 1981, 1987.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПА́АР (Spaar) Дзітар (н. 21.9.1933, в. Зальца каля г. Нордгаўзен, Германія),

нямецкі вучоны ў галіне с.-г. навук. Д-р с.-г. н. (1964), праф. (1968). Правадз. чл. Акадэміі с.-г. навук ГДР (1972), замежны чл. УАСГНІЛ (1982), Польскай АН (1988), Рас. акадэміі с.-г. навук (1990), Агр. АН Беларусі (1996). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1958). З 1970 дырэктар Ін-та фітапаталогіі (г. Ашэрслебен). З 1977 віцэ-прэзідэнт, з 1987 прэзідэнт Акадэміі с.-г. навук ГДР. З 1991 дырэктар Берлінскай арг-цыі па сельскай гаспадарцы. Навук. працы па вірусных і бактэрыяльных хваробах раслін Еўропы, раслінаводстве асн. с.-г. культур.

Тв.:

Рус. пер. — Бактериозы культурных растений: Справ. кн. М., 1980 (у сааўт.);

Картофель. 2 изд. Мн., 1999 (у сааўт.);

Яровые масличные культуры. Мн., 1999 (у сааўт.);

Зерновые культуры. 2 изд. Мн., 2000 (у сааўт).

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАЖЫ́ЛАЎ Віктар Віктаравіч (н. 22.9.1939, г. Дзмітраў Маскоўскай вобл.),

бел. спартсмен і трэнер (вадналыжны спорт). Засл. трэнер СССР (1982). Засл. трэнер Беларусі (1972). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь (2000). Скончыў БДУ (1965). З 1964 гал. трэнер зборнай каманды Беларусі па вадналыжным спорце. У 1972—90 гал. трэнер зборнай каманды СССР. Старшыня трэнерскага савета Федэрацыі вадналыжнага спорту СССР (1972—90), віцэ-прэзідэнт Федэрацыі вадналыжнага спорту СССР (1976—90). З 1991 прэзідэнт Федэрацыі вадналыжнага спорту Беларусі. Падрыхтаваў 86 чэмпіёнаў свету і Еўропы, 27 рэкардсменаў свету і Еўропы, 4 засл. майстроў спорту СССР І.Потэс, М.​Басінская, Ю.​Грамыка, В.​Паўлава) і засл. майстроў спорту Беларусі (Т.​Аўдоніна, І.​Турэц). Пад яго кіраўніцтвам зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1998, 2000; электрацяга), 10-разовы чэмпіён Еўропы (8 разоў — электрацяга, 2 разы — класічныя лыжы), уладальніца Кубка свету (1994, электрацяга).

В.В.Наважылаў.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РБЕНС ГУСМА́Н (Arbenz Guzmán) Хакоба (14.9.1913—27.1.1971),

дзярж. і паліт. дзеяч Гватэмалы. У 1945—50 міністр абароны, у 1951—54 прэзідэнт. Урад Арбенса Гусмана праводзіў палітыку абароны нац. інтарэсаў краіны, ажыццявіў шэраг прагрэс. сац.-эканам. рэформаў. Скінуты ў выніку ўзбр. інтэрвенцыі ЗША. У 1957 эмігрыраваў.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́МАЎ Іслам Абдуганіевіч (н. 30.1.1938, г. Самарканд, Узбекістан),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Узбекістана. Канд. эканам. н. Скончыў Сярэднеазіяцкі політэхн. ін-т, Ташкенцкі ін-т нар. гаспадаркі. У 1960—66 працаваў у Ташкенце, у т. л. на з-дзе «Ташсельмаш». У 1966—83 у Дзяржплане Узб. ССР: гал. спецыяліст, пам. старшыні, нач. аддзела, упраўлення, нам. і 1-ы нам. старшыні. У 1983—86 міністр фінансаў Узб. ССР. У 1986 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана Узб. ССР. У 1986—89 1-ы сакратар Кашкадар’інскага абкома Кампартыі Узбекістана, у 1989—91 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана, з 1990 адначасова прэзідэнт Узб. ССР, з вер. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан, у ліст. 1990 — студз. 1992 адначасова старшыня Кабінета міністраў. Чл. ЦК КПСС і Палітбюро ЦК КПСС (1990—91). Дэп. Вярх. Савета СССР з 1984, нар. дэп. СССР (1989 — студз. 1992). Аўтар кнігі «Узбекістан па шляху паглыблення эканамічных рэформаў» (1995).

І.А.Карымаў.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУПІ́НОВІЧ Іван Сцяпанавіч (6.7.1900, в. Шацк Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.10.1968),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі. Акад. АН Беларусі (1947), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1957—61), д-р с.-г. н. (1944), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БСГА (1925). У 1934—38 у Бел. с.-г. ін-це. З 1947 віцэ-прэзідэнт, у 1951 в.а. прэзідэнта АН Беларусі. У 1957—61 прэзідэнт Акадэміі с.-г. навук Беларусі, адначасова (з 1950) заг. кафедры БДУ. Навук. працы па комплексным выкарыстанні Палескай нізіны і с.-г. асваенні асушаных балот. Распрацаваў (у сааўт.) методыку комплекснага прыродна-гіст. раянавання тэр. СССР для с.-г. выкарыстання, склаў карту прыродна-гіст. раянавання СССР.

Тв.:

Торфяно-болотные почвы БССР и их плодородие. 2 изд. Мн., 1958 (разам з Т.​Ф.​Голуб);

Микроэлементы в почвах БССР и эффективность микроудобрений. Мн., 1970 (у сааўт.).

І.С.Лупіновіч.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЭ́ЛА (Mandela) Нельсан Раліхлахла (н. 18.7.1918, г. Умтата, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў ун-т Вітватэрсранда (1942). Юрыст. Чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) з 1944. Узначаліў крыло партыі, якое схілялася да ўзбр. барацьбы супраць рэжыму апартэіду, адзін з заснавальнікаў ваен. арг-цыі АНК. У 1956—61 зняволены ў турме, у 1962 засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пад націскам сусв. грамадскасці вызвалены ў лют. 1990. З сак. 1990 нам., у 1991—97 прэзідэнт АНК. У жн. 1990 афіцыйна адмовіўся ад узбр. барацьбы. Удзельнік перагавораў з урадам ПАР, у выніку якіх выпрацавана канстытуцыя, што паклала канец апартэіду. Прэзідэнт ПАР у 1994—99. Аўтар кніг «Нялёгкі шлях да свабоды» (1965), «Барацьба — маё жыццё» (1978), «Я гатовы памерці» (1979). Нобелеўская прэмія міру 1993 (разам з Ф.В. дэ Клеркам).

Тв.:

Рус. пер. — Нет легкого пути к свободе: Ст., речи, выступления на суде. М., 1968.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)