ПАЛЯ́НЕ (ад поле),

1) усходнеславянскае племянное аб’яднанне, якое жыло на берагах Дняпра, ад Любеча да Родні, а таксама па ніжнім цячэнні рэк Рось, Сула, Стугна, Цецераў, Ірпень, Дзясна і Прыпяць. У 9 ст. П. трапілі пад уладу Хазарскага каганата, плацілі яму даніну. У 880-я г. землі П. захапіў наўгародскі кн. Алег і яны сталі ядром Стараж.-рус. дзяржавы (Кіеўская Русь). Па землях П. праходзіў гандл. шлях «з варагаў у грэкі». Буйнейшыя гарады Кіеў, Пераяслаў, Вышгарад, Белгарад, Канеў і інш. У часы феад. раздробленасці на землях П. узніклі самастойныя Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства і інш. Апошні раз у летапісах назва «П.» згадвалася пад 944.

2) Заходнеславянскае племянное аб’яднанне ў бас. р. Варта ў 8—10 ст. З П. паходзіць дынастыя Пястаў, якая ў 10 ст. аб’яднала пад сваёй уладай усе польскія землі ў Велікапольскую дзяржаву. Першы правіцель П. — Мешка I [960—992]. Племянная назва П. стала асновай для этноніма ўсёй польскай народнасці.

т. 12, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

іма́м

(тур. imam, ад ар. imam = які знаходзіцца наперадзе)

1) правіцель мусульманскай дзяржавы, які спалучае ў адной асобе свецкую і духоўную ўладу;

2) духоўны і свецкі кіраўнік мусульманскай абшчыны;

3) кіраўнік богаслужэння ў мячэці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

штатга́льтэр

(ням. Statthalter, ад statt = замест + Halter = кіраўнік)

1) намеснік манарха ў Нідэрландах у 15—16 ст.;

2) галава выканаўчай улады ў Галандыі да канца 18 ст.;

3) правіцель вобласці ў Германіі да 1918 г.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,

назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст. Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл. Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.

Літ.:

Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́МЕД АЛІ́, Мехмет Алі(1769, Кавала, Грэцыя — 2.8.1849), правіцель Егіпта [1805—48], фактычны стваральнік сучаснай егіп. дзяржавы. Напачатку вядомы як гандляр тытунём, потым на тур. ваен. службе. У 1799—1801 адзін з камандзіраў тур. войска ў франка-тур. вайне ў Егіпце (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1805, знішчыўшы б.ч. егіпецкіх мамлюкаў, захапіў уладу ў Егіпце. Заваяваў Зах. Аравію (1811—18), Усх. Судан (1820—22). У 1824—28 удзельнічаў у барацьбе супраць Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвясціў усю зямлю ў краіне дзярж. маёмасцю. Ліквідаваў старую землеўладальніцкую арыстакратыю, стварыў новую са сваіх паплечнікаў. Для пераймання еўрап. вопыту накіраваў у Еўропу некалькі дэлегацый. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. сістэмы кіравання краінай: стварыў кабінет міністраў, падзяліў Егіпет на правінцыі (мудзірыі). Стварыў рэгулярнае войска на аснове ўсеаг. ваен. абавязку. Застаючыся фармальна васалам Асманскай імперыі, вёў з ёй 2 вайны (1831—33, 1838—41). Заваяваў Палесціну, Сірыю, Ліван, Кілікію, але пад націскам вял. еўрап. дзяржаў быў вымушаны ў ліст. 1840 капітуляваць, захаваўшы пад сваёй уладай толькі Егіпет і Усх. Судан. У 1848 перадаў прастол свайму сыну.

Мухамед Алі.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд. ч. Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж. Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл. Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.

Літ.:

Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;

Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;

Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.

М.​С.​Корзун.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

рэ́гент

(лац. regens- -ntis = які кіруе)

1) часовы правіцель манархічнай дзяржавы, які назначаецца, калі трон незаняты або манарх не можа здзяйсняць уладу з-за хваробы, непаўналецця, працяглай адсутнасці;

2) дырыжор хору, пераважна царкоўнага.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дэ́спат

(с.-лац. despotus, ад гр. despotes)

1) жорсткі правіцель з неабмежаванай уладай у старажытных рабаўладальніцкіх дзяржавах Усходу, у балканскіх краінах перыяду сярэдневякоўя;

2) перан. жорсткі, бязлітасны чалавек, які не лічыцца з чужымі жаданнямі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

дыкта́тар

(лац. dictator)

1) службовая асоба ў Стараж. Рыме, якая прызначалася сенатам у выпадку знешняй або ўнутранай небяспекі для дзяржавы і мела неабмежаваныя паўнамоцтвы;

2) правіцель краіны, які карыстаецца неабмежаванай ўладай;

3) перан. асоба, якая ігнаруе калегіяльнасць, вядзе сябе ўладна і нецярпіма ў адносінах да падначаленых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

наме́снік, ‑а, м.

1. Асоба, якая замяшчае каго‑н. Знайсці сабе намесніка. □ Дзед яшчэ з усходам сонца паехаў у раённы пасёлак па новыя вуллі. А.. [Міхалку] пакінуў сваім намеснікам. Якімовіч.

2. Афіцыйная назва асобы, якая замяшчае кіраўніка. Намеснік дырэктара завода. Намеснік міністра. Намеснік па палітычнай частцы. □ Старшыню і намесніка чакала ў канцылярыі некалькі калгаснікаў. Шахавец.

3. У 14–17 стст. на Беларусі, Украіне і ў Літве — службовая асоба мясцовага кіравання.

4. Пры Кацярыне II — вайсковы начальнік намесніцтва (губерні або некалькіх губерняў).

5. У царскай Расіі 19 і 20 стст. — правіцель ускраінных абласцей краіны, які меў права вярхоўнай улады і кіраваў ад імя цара. Намеснік цара. Каўказскі намеснік.

6. Памочнік настаяцеля манастыра або давераная асоба мітрапаліта.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)