эканамічны паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг у дзеючых рыначных цэнах. Уваходзіць у сістэму нац. рахункаў. Распрацоўваецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. У адрозненне ад валавога ўнутранага прадукту ВНП пазбаўлены двайнога ўліку (кошту прамежкавай прадукцыі, што ідзе на выраб канчатковай прадукцыі) і таму больш поўна адлюстроўвае ўзровень развіцця грамадства, яго магчымасці для паляпшэння дабрабыту сваіх членаў. ВНП у натуральна-рэчыўнай форме — вырабленыя за пэўны перыяд сродкі вытв-сці, спажывецкія даброты і паслугі, а ў вартаснай — рыначны кошт усіх гатовых тавараў і паслуг, вырабленых за пэўны перыяд усімі фактарамі вытв-сці (капітал, зямля, праца), якія належаць грамадзянам пэўнай краіны незалежна ад іх месца знаходжання. У ВНП уваходзіць таксама знешнегандл. сальда (розніца паміж экспартам і імпартам). Аднак гэты паказчык не ахоплівае прадукты і паслугі, вырабленыя ў дамашняй гаспадарцы, ценявой эканоміцы і інш. Таму ВНП найбольш адлюстроўвае дзелавую актыўнасць і магутнасць нац. эканомікі. Выкарыстоўваецца ВНП на спажыванне, інвестыцыі, экспарт і імпарт. На Беларусі выкарыстоўваецца з 1988. З-за крызісу ў пераходны да рыначнай эканомікі перыяд змяншаецца: у 1995 яго аб’ём склаў прыкладна 2/3 ад узроўню 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЙНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
неарганічныя рэчывы, якія маюць солі калію, растваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць для павелічэння ўрадлівасці і паляпшэння якасці с.-г. прадукцыі пераважна на дзярнова-падзолістых, пясчаных і супясчаных, тарфяна-балотных і лутавых глебах. Асабліва эфектыўныя пры ўнясенні пад бульбу, цукр. буракі, лён, грэчку, бабовыя культуры, сланечнік. Колькасць калію ў К.у. паказваюць у працэнтах аксіду калію K2O.
Найб. пашыранае ўгнаенне — хларыд калію KCl мае 58—62% K2O. ВА«Беларуськалій» вырабляе дробназярністы і грануляваны KCl, які атрымліваюць абагачэннем сільвінітавай руды флатацыйным метадам (прадукт ружовага колеру; гл.Флатацыя) ці метадам растварэння і крышталізацыі (прадукт белага колеру). Для падкормкі раслін, якім патрэбны натрый (напр., цукр. буракі), выкарыстоўваюць змешаную калійную соль (30—40% K2O), што атрымліваюць мех. змешваннем тонказдробненай сільвінітавай руды KCl-NaCl з KCl, і сырыя калійныя солі — здробненая сільвінітавая руда (12—15% K2O). Пад с.-г. культуры (бульба, лён, тытунь і інш.), на якасць якіх адмоўна ўплывае залішняя колькасць хлору ў глебе, уносяць бясхлорныя К.ў. — сульфат калію K2SO4 (46—50% K2O), калімагнезія (падвойны сульфат калію-магнію) K2SO4-MgSO4 (24—27% K2O). Хім.прам-сць выпускае таксама канцэнтраваныя азотнафосфарна-калійныя комплексныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЗА́ЦЫІ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІАкадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь.
Засн. ў 1947 у Мінску на базе Бел.н.-д. станцыі механізацыі сельскай гаспадаркі (засн. ў 1933 на базе створанага ў 1930 Бел. філіяла Усесаюзнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі). У 1961—93 Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР. З 1994 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: прагназіраванне развіцця механізацыі сельскай гаспадаркі, распрацоўка занальнай сістэмы машын і ацэнка эфектыўнасці выкарыстання с.-г. тэхнікі, матэрыяльных і энергет. рэсурсаў, распрацоўка аўтаматызаваных энергазберагальных тэхналогій і тэхн. сродкаў для экалагічна бяспечнага выкарыстання ўгнаенняў і ядахімікатаў, механізацыі глебаапрацоўкі і паляпшэнняс.-г. угоддзяў, для кормавытворчасці і жывёлагадоўлі, вырошчвання, уборкі і пасляўборачнай апрацоўкі асн.с.-г. культур. У складзе ін-та 13 н.-д. лабараторый і 3 дапаможныя аддзелы, спец. канструктарска-тэхнал. бюро, эксперыментальны завод, доследная вытв-сць у Ждановічах. Аспірантура з 1948. Выдае міжведамасны тэматычны зб. «Механізацыя і электрыфікацыя сельскай гаспадаркі». У ін-це ў розны час працавалі акад.АНБССР Ю.А.Вейс, акад. УАСГНІЛ і АНБССР М.Я.Мацапура, акад. УАСГНІЛ С.А.Лазараў, чл.-кар. УАСГНІЛ М.А.Сазонаў, чл.-кар.АНБССР Ф.А.Алейка, д-ртэхн.н. В.В.Кацыгін; працуюць акадэмікі Рас. акадэміі с.-г. навук і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь М.М.Севярніў, І.С.Нагорскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРА́ЦЫЯ (франц. aération ад грэч. aēr паветра),
1) натуральнае (абмен з атмасферай) або штучнае насычэнне вады атм. паветрам пры дапамозе тэхн. сродкаў у спец. збудаваннях (аэратэнках) або праз устараненне перашкод (лёд, масляная плёнка і да т.п.) натуральнаму доступу паветра да паверхні вады. Ажыццяўляецца распырскваннем вады ў паветры або прадзіманнем яе паветрам з мэтай насычэння атм. кіслародам. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы пітной і тэхн. вады, біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў у мэтах прадухілення замораў рыб і інш. жывых арганізмаў у прыродных і штучных вадаёмах, паляпшэння ўмоў існавання жывых арганізмаў у штучных збудаваннях і асяроддзях.
2) Газаабмен глебавага паветра з атмасферным. Адбываецца прыродным шляхам. Залежыць ад паветрапранікальнасці глебы і яе вільготнасці. Пры аэрацыі кісларод трапляе з атмасферы ў глебу і часткова прадуцыруецца рознымі глебавымі арганізмамі, што забяспечвае дыханне каранёў раслін, глебавых жывёл і аэробных мікраарганізмаў, спрыяе мінералізацыі і засваенню арган. рэчываў. Неабходная для паспяховага росту і развіцця раслін і глебавых жывёл. Паляпшаецца рознымі спосабамі апрацоўкі і меліярацыі глебы (дрэнаж, рыхленне і інш.).
3) Аэрацыя збудаванняў — арганізаваная натуральная вентыляцыя памяшканняў. Забяспечваецца за кошт рознасці шчыльнасцяў вонкавага і ўнутранага паветра, а таксама ўздзеяння ветру на сцены і пакрыцці збудаванняў. Вонкавае паветра паступае ў памяшканне праз вокны (праёмы) у яго ніжняй частцы і выцясняе цёплае і забруджанае паветра праз праёмы і аэрацыйныя ліхтары ў верхняй частцы. Аэрацыя выкарыстоўваецца гал. чынам у вытв. памяшканнях са значным выдзяленнем цеплыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-МІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма вадасховішчаў, каналаў, гідратэхн. збудаванняў, прыродных вадаёмаў і вадацёкаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл. Пабудавана ў 1968—76 для перакідкі вады з р. Вілія (бас. Нёмана) у р. Свіслач (бас. Дняпра) з мэтай водазабеспячэння прам-сці і камунальнай гаспадаркі Мінска і воднага добраўпарадкавання яго прыгараднай зоны. Праходзіць па Нарачана-Вілейскай нізіне і Мінскім узв. Уключае Вілейскае вадасховішча, злучальны канал даўж. 62 км з 5 помпавымі станцыямі магутнасцю да 22 м³/с кожная, якія забяспечваюць пад’ём вады на 75 м да водападзелу каля г.п. Радашковічы, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак р. Свіслач да ўпадзення ў яе р. Волма ніжэй Мінска. У склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ўваходзіць Сляпянская водная сістэма.
Злучальны канал мае 2 самацёчныя, адносна неглыбокія ўчасткі: падвадны ад Вілейскага вадасх. да 1-й помпавай станцыі і адводны ад 5-й помпавай станцыі да Заслаўскага вадасх. Астатнія 4 участкі канала паміж помпавымі станцыямі маюць глыб. ад 4—6 м у пачатку да 7—8 м і больш у канцы. Для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і выключэння забруджвання вады пры перасячэнні канала з гідрасеткай пабудаваны дзюкеры, акведукі, плаціны, вадаспускі, ліўняспускі і інш. гідратэхн. збудаванні. Адхоны і бермы ўмацаваны жвірам, на асобных участках — інж. замацаваннямі. За год перакідваецца каля 382 млн.м³ вады. Сістэма забяспечвае прам-сць Мінска тэхн. вадой і зберагае падземныя воды для пітнога водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМАТУ́РА (ад лац. armatura узбраенне, амуніцыя),
дапаможныя, звычайна стандартныя прылады, прыстасаванні і дэталі, неабходныя для забеспячэння нармальнай работы абсталявання і трываласці канструкцый. Арматура жалезабетонных канструкцый успрымае пераважна расцягвальныя намаганні і стварае папярэдняе напружанне. Падзяляецца на рабочую (разліковую), мантажную і размеркавальную (канструкцыйную). Арматура павінна быць трывалая, пластычная, вязкая, добра зварвацца.
Найб. пашырана арматура стальная стрыжнёвая (гарачакачаная, умацаваная тэрмічна і выцягваннем) і драцяная (арматурны дрот, пасмы, канаты, тканыя і зварныя сеткі). Дыям. стрыжнёвай арматуры 6—90 мм, драцяной 3—8 мм. Для паляпшэння счаплення арматуры з бетонам ёй надаюць перыядычны профіль. У якасці арматуры жалезабетонных канструкцый выкарыстоўваюць таксама шкловалакно і вырабы з яго, шклапластыкі і інш. Арматура трубаправодная рэгулюе цячэнне вадкасці, паліва, газу, пары па трубах. Падзяляецца на запорную, рэгулявальную, вадазборную і засцерагальную (вентылі, краны, засаўкі, клапаны, рэгулятары ціску, кандэнсатаадводчыкі і інш.). Арматура электратэхнічная — шчыткі, патроны, выключальнікі, штэпсельныя разеткі і вілкі, некаторыя дэталі эл. машын, дэталі і прыстасаванні для мацавання ізалятараў і правадоў і інш. Арматура святлотэхнічная — часткі асвятляльных прыстасаванняў, прызначаныя для размеркавання светлавога патоку і аховы вачэй ад яркіх прамянёў, для падводу эл. току, прымацавання і аховы лямпаў ад пашкоджанняў і інш. Арматура пячная (металургічных пячэй) — сукупнасць метал. частак, якія павялічваюць трываласць печы і ахалоджваюць яе вонкавую паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРТО́ЎКА,
тэрмічная апрацоўка матэрыялаў, якая робіцца іх награваннем і наступным хуткім ахаладжэннем з мэтай фіксацыі (замацавання) высокатэмпературнага стану або прадухілення (падаўлення) непажаданых працэсаў, што адбываюцца пры павольным ахаладжэнні. З. магчыма толькі для рэчываў, раўнаважны стан якіх пры высокай т-ры адрозніваецца ад раўнаважнага стану пры нізкай т-ры (крышт. структурай, канцэнтрацыяй, дэфектнасцю). У выніку З. ствараецца адносна ўстойлівы (метастабільны) стан, які пры награванні пераходзіць у больш стабільны. З. апрацоўваюць металы, іх сплавы, шкло і інш.
Найб. пашырана З. сталі. Награваннем вышэй за крытычную т-ру сталь пераводзіцца ў стан аўстэніту — цвёрдага раствору вугляроду і легіравальных элементаў у гама-жалезе, што дазваляе растварыць у аўстэніце карбіды і рэалізаваць уплыў легіравальных элементаў і вугляроду на ўласцівасці сталі. Пры ахаладжэнні з пэўнай скорасцю падаўляецца распад аўстэніту на ферытна-карбідную сумесь і адбываецца бездыфузійнае (зрухавае) пераўтварэнне аўстэніту ў мартэнсіт. Пры гэтым рэзка павялічваецца цвёрдасць, трываласць, магн. насычэнне і зніжаецца пластычнасць сталі. Пасля З. сталі абавязковы водпуск, які забяспечвае зададзенае спалучэнне цвёрдасці, трываласці, вязкасці і пластычнасці. Загартоўваюць таксама старэючыя сплавы (для атрымання перанасычанага цвёрдага раствору, які распадаецца пры старэнні з умацаваннем), вадкасці (для фіксацыі шклопадобнага стану), шкло (для зніжэння дэфектнасці і паляпшэннямех. уласцівасцей) і інш. Пры З. цвярдзеюць толькі сталі, якія загартоўваюцца на мартэнсіт; З. металічных сплаваў (старэючых, накляпаных і інш.) суправаджаецца зніжэннем цвёрдасці.
Літ.:
Курдюмов Г.В. Явления закалки и отпуска стали. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕННЯВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства па вытворчасці насення высокапрадукцыйных сартоў с.-г. культур. Задачы Н.; штогадовае размнажэнне высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў для поўнага забеспячэння с.-г. вытв-сці, зберажэнне яго сартавой чысціні ад засмечвання інш. сартамі і культурамі, падтрымка яго высокіх ураджайных і пасяўных якасцей у час вырошчвання і захоўвання, сартазмена (замена старых і знятых з раянавання сартоў новымі, больш прадукцыйнымі), сортаабнаўленне (замена 5-й і наст. рэпрадукцый насеннем эліты або 1-й рэпрадукцыі). Н. непасрэдна звязана з селекцыяй. Тэарэт. базай Н. з’яўляецца насеннязнаўства. На Беларусі Н. развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пачатак сартавому раянаванню і метадам паляпшэння пасяўных якасцей насення паклаў І.А.Сцебут. У 1921 закладзены асновы стварэння дзярж. фонду сартавога насення. Схема Н.: н.-д. ўстановы (аўтары сартоў) атрымліваюць насенне (арыгінальнае), якое ўключана ў Дзярж. рэестр ці прызнана перспектыўнымі сартамі, і перадаюць яго для вырошчвання насення эліты ў элітныя гаспадаркі (каля 100 эксперым. баз і вучэбна-доследных гаспадарак с.-г.ВНУ), якія забяспечваюць ім раённыя спецыялізаваныя насенняводчыя гаспадаркі. Калект., дзярж., фермерскія і інш. гаспадаркі атрымліваюць ад іх эліту 1—2-й рэпрадукцый у разліку поўнага забеспячэння насеннем таварных пасеваў, страхавых і пераходных фондаў. На пасяўных плошчах на 70—80% выкарыстоўваецца насенне раянаваных бел. сартоў. Створана насенная служба дзярж. кантролю.
Літ.:
Семеноводство посевных культур. Мн., 1994;
Государственный реестр производителей, заготовителей семян. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кры́зіс, ‑у, м.
1. Рэзкі пералом, пераходны стан, абвастрэнне становішча. Адчуваецца крызіс мяшчанскай сям’і, што існуе на маральных асновах старой патрыярхальнай Расіі.«Полымя».
2. Пераломны момант у ходзе хваробы, які вядзе да паляпшэння або пагаршэння стану хворага. Звычайнае запаленне лёгкіх, расказваў доктар, крызіс прайшоў, чалавек, з дапамогай медыцыны, мінуў смяротны рубікон.Ермаловіч.
3. Перыядычная перавытворчасць тавараў у капіталістычнай гаспадарцы, якая вядзе да разарэння дробных вытворцаў, да скарачэння вытворчасці, да павелічэння колькасці беспрацоўных. Эканамічны крызіс. Прамысловы крызіс.
4. Недахоп чаго‑н., цяжкасці з чым‑н. Паліўны крызіс. Жыллёвы крызіс.//Разм. Цяжкае становішча, безграшоўе. Крызіс з грашамі.
•••
Палітычны крызіс — палітычнае становішча, якое характарызуецца рэзкім абвастрэннем класавай барацьбы працоўных супраць пануючай эксплуататарскай вярхушкі і няздольнасцю апошняй кіраваць грамадствам.
Урадавы крызіс — перыяд, калі пытанне аб адстаўцы старога ўраду рашылася, а новы ўрад яшчэ не сфарміраваўся.
[Ад грэч. krísis — рашэнне, прыгавор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЕНЗІ́Н,
прадукт перапрацоўкі нафты — сумесь вуглевадародаў рознай будовы. Бясколерная лятучая вадкасць, мае характэрны пах, tкіп 30—205 °C, шчыльн. 700—780 кг/м³, вогненебяспечны. Атрымліваюць дыстыляцыяй (прамагонны бензін), каталітычным крэкінгам газа-газойлевых і цяжкіх дыстылятных ці каталітычным рыформінгам бензінавых фракцый нафты. Асн. выкарыстанне — паліва для рухавікоў унутранага згарання. Прадпрыемствы па вытв-сці бензіну на Беларусі ёсць у Мазыры, Наваполацку.
У бензіне прамагонным 3—10% араматычных, 12—30% нафтэнавых, 60—80% нармальных парафінавых, 1—2% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне крэкінгу 12—60% араматычных, 12—30% нафтэнавых, да 50% ненасычаных вуглевадародаў і да 0,2% серы; у бензіне рыформінгу ёсць араматычныя і ізапарафінавыя вуглевадароды, практычна няма ненасычаных і серы. Таварныя прадукты — сумесь бензіну з рознай сыравіны, іх маркі вызначаюцца актанавым лікам, эксплуатацыйныя ўласцівасці паляпшаюцца пры ўвядзенні алкілату, ізаактану, талуолу, некаторых прысадак (гл. таксама Антыдэтанатар). Вырабляюць бензін летні, зімовы, неэтыліраваны і этыліраваны (афарбаваны, мае да 1 мл этылавай вадкасці на 1 кг, ГДК 100 мг/м³). Бензін газавы (нафтавы) — вадкая сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць са спадарожных газаў, якія вылучаюцца пры здабычы нафты і яе стабілізацыі, ахаладжэннем ці паглынаннем мінер. маслам з наступнай перагонкай. Газавыя бензіны дабаўляюць да інш. бензіну (у т. л. зімовага) для паляпшэння «пускавых» характарыстык. Бензін з малой колькасцю араматычных вуглевадародаў (не больш як 3%) і серы выкарыстоўваюцца як растваральнікі і прамывачныя вадкасці. Уайт-спірыт — растваральнік і экстрагент для тлушчаў, смолаў, каўчукоў; Бензін «галош» выкарыстоўваецца ў вытв-сці гумавых клеяў.
Літ.:
Гуреев А.А., Жоров Ю.М., Смидович Е.В. Производство высокооктановых бензинов. М., 1981.