ПАЗО́ЎСКІ (Арый Майсеевіч) (2.2.1887, г. Перм, Расія —6.1.1953),
расійскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, клас Л.Аўэра). З 1905 дырыжор у Мінску, пазней у розных оперных т-рах, у т. л.Оперным тэатры Зіміна ў Маскве (1908—10), у петраградскім Нар. доме (1916—18). У 1923—28 (з перапынкам) дырыжор, у 1943—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве, у 1936—43 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. Яго інтэрпрэтацыі рус. класічных опер адметныя тонкім густам і філіграннай апрацоўкай дэталей. Сярод пастановак у Ленінградскім т-ры; «Казка пра цара Салтана» М.Рымскага-Корсакава (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1938), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1939), «Чарадзейка» П.Чайкоўскага (1941), «Емяльян Пугачоў» М.Каваля (1942), «Ноч перад Калядамі» Рымскага-Корсакава (1943); у Вял. т-ры — «Фауст» Ш.Гуно (1924), «Валькірыя» Р.Вагнера (1925), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1927), «Іван Сусанін» (1945). Аўтар кн. «Запіскі дырыжора» (2-е выд., 1968). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.
Літ.:
Крунтяева Т. Дж.Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ФЕСТЫВА́ЛЬ БЕЛАРУ́СКАЙ ПЕ́СНІ І ПАЭ́ЗІІ рэспубліканскі фестываль бел.эстр. песні і паэзіі. Праводзіцца з 1993 штогод у г. Маладзечна Мінскай вобл.
(у 1995 адбыўся ў Мінску). Мае на мэце выяўленне таленавітых маладых спевакоў і інструменталістаў, кампазітараў і паэтаў. У праграмах фестывалю конкурсы маладых выканаўцаў, канцэрты сучаснай бел. песні, джаза, поп- і рок-музыкі. Сярод удзельнікаў: Дзярж. аркестр сімф. і эстр. музыкі (дырыжор М.Фінберг),
вак.-інстр., вак. і фальклорныя ансамблі «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Камерата», «Карусель-2», «Бяседа», «Раство», рок-гурты «Крама», «Мроя», «Новае неба», «Палац», «Уліс» і інш., вядучыя выканаўцы Беларусі, у т. л. В.Вуячыч, В.Дайнэка, Т.Раеўская, А.Ярмоленка і інш. У рамках фестывалю праводзяцца творчыя вечары бел. кампазітараў, сольныя канцэрты бел. спевакоў, аўтарскія вечары і творчыя сустрэчы з бел. пісьменнікамі. Прайшлі прэм’еры опер-песень І.Паліводы «Беларушчына» (на словы Я.Купалы) і «Матчын спеў» (паводле твораў А.Куляшова), канцэрты дзярж. акадэмічных нар. аркестра і нар. хору Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТЭВЕ́РДЗІ ((Monteverdi) Клаўдзіо Джавані Антоніо) (хрышчаны 15.5.1567, г. Крэмона, Італія — 29.11.1643),
італьянскі кампазітар, дырыжор; адзін з першых класікаў оперы. З 1590 чл. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. З 1590 служыў пры двары герцага Мантуанскага. З 1613 капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. Адзін з арганізатараў першага публічнага опернага т-ра (Венецыя). Апіраючыся на прынцыпы фларэнтыйскай камераты, заклаў традыцыі опернай венецыянскай школы. Ператварыў оперу ў муз. драму, развіў оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, арк. інтэрмедыя), увёў у оперу уверцюру, стварыў розныя тыпы рэчытатыву, узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі. Як музыкант-віртуоз выкарыстаў новыя выканальніцкія прыёмы. Стваральнік т.зв. ўсхваляванага стылю, дасягнуў гранічнай драматызацыі мадрыгала, ператварыўшы яго ў драм. сцэну. Аўтар 8 опер, з якіх цалкам захаваліся «Арфей» (паст. 1607), «Вяртанне Уліса на радзіму» (паст. 1640), «Каранацыя Папеі» (паст. 1642) — узоры эмацыянальна-псіхал. напружанай канфліктнай драматургіі. Сярод інш. твораў балет, хар. канцэрты, месы, матэты, каля 150 свецкіх і духоўных мадрыгалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦЭ́ЦІ ((Pizzetti) Ільдэбранда) (20.9.1880, г. Парма, Італія — 13.2.1968),
італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл.Італьян. акадэміі (з 1939). Скончыў Пармскую кансерваторыю (1901), з 1907 яе праф. З 1908 праф. фларэнційскага муз. ін-та, з 1917 яго дырэктар. З 1924 дырэктар Міланскай кансерваторыі, у 1936—58 праф.Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, у 1948—51 яе прэзідэнт. Імкнуўся адрадзіць нац. асновы італьян. музыкі, выкарыстоўваў традыцыі нар. песні, грыгарыянскага харала, музыкі італьян. Адраджэння і барока. Сярод твораў: больш за 10 опер, у т.л. «Федра» (паст. 1915), «Чужаземец» (паст. 1930), «Каліёстра» (паст. 1953), «Забойства ў саборы» (паст. 1958), «Клітэмнестра» (паст. 1965); балетаў; 2 сімфоній (1914, 1940); канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; хораў; музыкі для пастановак п’ес Г. Д’Анунцыо, Эсхіла, Сафокла, У.Шэкспіра, К.Гальдоні і інш. Аўтар кн. «Грэчаская музыка», «Сучасная музыка» (абедзве 1914), «Паганіні» (1940) і інш.
Літ.:
Богоявленский С. Итальянская музыка 1-й половины XX в.: Очерки. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАНЧА́К (Леанід Іванавіч) (н. 12.11.1958, в. Пранчакі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і публіцыст. Скончыў БДУ (1981), Мінскі лінгвістычны ун-т (1999). Працаваў на радыё і тэлебачанні, у друку, у тэатры. Друкуецца з 1972. Паэзія П. (зб-кі «Першапутак», «Ясак любові», абодва 1988; «Вольны птах», «Біблія для каханай», абодва 1998) вызначаецца любоўю да Бацькаўшчыны, перажываннямі за сучасны складаны час, прасякнута адкрытасцю, шчырым замілаваннем жыццём, жаночай прыгажосцю. У кн. «Беларуская Амерыка» (1994) праз інтэрв’ю з грамадз. дзеячамі, пісьменнікамі, музыкантамі, бізнесменамі, рабочымі і інш. расказаў пра Беларусь і беларусаў у свеце, бел. замежжа. Піша для дзяцей (зб-кі «Дзяўчынка-беларуска», 1993; «Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю», 1999; «Цар-царэвіч з Івацэвіч», 2000). Многія вершы П. пакладзены на музыку. Аўтар лібрэта рок-опер «Максім» (паводле М.Багдановіча), «Беларушчына» (паводле Я.Купалы). Выдаў аўдыёальбомы песень «Талака» (1998), «Пяшчота», «Цік-так, ходзікі» (абодва 1999), «Між Нью-Ёркам і Менскам» (2000), кампакт-дыск «Галоўныя словы» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕГЕ́Р ((Honegger) Арцюр) (10.3.1892, г. Гаўр — 27.11.1955),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1938). Буйнейшы майстар франц. музыкі 20 ст. У сваёй яркай, у многім наватарскай творчасці апіраўся на нац. традыцыі. На аснове сінтэзу элементаў розных мастацтваў стварыў новыя разнавіднасці сцэн. жанраў. З 1920-х г. працаваў пераважна ў оперна-аратарыяльным жанры (драм. араторыі «Цар Давід», 1921; «Жанна д’Арк на вогнішчы», 1935, паст. 1938, у Мінску 1971). З 1940-х г. пісаў пераважна сімф. музыку. Аўтар опер «Юдзіф» (паст. 1926), «Антыгона» (паст. 1927), «Арляня» (1937); сцэн. араторый «Крыкі свету» (1932), «Скокі мёртвых» (1938), драм. легенды «Нікала з Флю» (1941); «Каляднай кантаты» (1953); балетаў, аперэт; 5 сімфоній (1930—50); арк. твораў, у т. л. «Пасіфік 231» (1923) і «Рэгбі» (1928); канцэртаў; музыкі для т-ра, радыё і кіно. Адзін з арганізатараў і віцэ-прэзідэнт Міжнар.муз. савета, прэзідэнт Міжнар. федэрацыі і асацыяцыі аўтараў тэатр. музыкі.
Літ. тв.: Рус.пер. — Я — композитор. Л., 1963.
Літ.:
Филенко Г. Онеггер // Музыка XX века: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХ (Bach),
нямецкі род, з якога паходзяць некалькі пакаленняў музыкантаў 16 — пач. 19 ст., у т. л. І.С.Бах і яго сыны: Вільгельм Фрыдэман (22.11.1710, Веймар — 1.7.1784), кампазітар і арганіст. Сярод твораў опера «Лаузус і Лідзія», «Нямецкая меса» (незак.), 21 кантата, 9 сімфоній, 5 канцэртаў для клавесіна, інстр. творы, харальныя прэлюдыі, фугі, каноны для аргана, творы для клавесіна. Карл Філіп Эмануэль (8.3.1714, Веймар — 14.12.1788), кампазітар і клавесініст. Найб. значныя дасягненні ў музыцы для клавіра (каля 50 канцэртаў). З інш.тв.: араторыі, «Страсці», магніфікат, кантаты, сімфоніі, камерна-інстр. творы. Аўтар значных тэарэт. прац аб прынцыпах выканальніцтва (у т. л.кн. «Вопыт правільнага спосабу ігры на клавіры», 1753—62, факс. выд. 1957). Іаган Крысціян (5.9.1735, Лейпцыг — 1.1.1782), кампазітар, арганіст, клавесініст. Жыў у Мілане, Лондане. Сярод тв.: 12 опер, у т. л. «Фемістокл» (1772), «Амадыс дэ Голь» (1779), каля 10 пастыча, арыі і кантаты, каля 50 сімфоній, 13 уверцюр, 31 сімфонія-канцэрт, 37 канцэртаў для фп. і інш.інстр., духоўныя творы. Іаган Крыстоф Фрыдрых (21.6.1732, Лейпцыг — 26.1.1795), кампазітар, клавесініст. Аўтар араторый, духоўных і свецкіх кантат, квартэтаў, твораў для клавесіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙДЭБРЭ́ХТ (Эрнст Давыдавіч) (н. 11.6.1936, с. Прыкумск Стаўрапольскага краю, Расія),
мастак тэатра. Скончыў Алма-ацінскае маст. вучылішча (1966). Працаваў у т-рах Алматы і Екацярынбурга. У 1984—90 гал. мастак Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У бел. т-ры стварыў дэкарацыі да опер «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), вак.-харэаграфічнага прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1984), балетаў «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (1986), «Жызэль» А.Адана (1987), «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988). Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці; шырока выкарыстоўвае стылізацыю і фантастыку, метафары і сімвалы. З 1989 у Германіі.
Літ.:
Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне: (Нататкі з выстаўкі тэатр. мастакоў) // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;
Яе ж. Сцэнограф Эрнст Гейдэбрэхт: Бел. перыяд творчасці // Мастацтва. 1993. № 7.
У.В.Мальцаў.
Э.Гейдэбрэхт. Эскіз дэкарацый да балета «Рамэо і Джульета».