По́рт1 ’прыстань, месца для прыходу і стаянкі караблёў’ (ТСБМ, Ласт.); ст.-бел.портъ ’тс’ (з XVI ст.), што, паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 122; Запазыч., 253), са ст.-польск.port (з 1471 г.), якое ад лац.portus ’тс’ (Банькоўскі, 2, 706). Не выключана другаснае запазычанне праз рус.порт з ням.Port або франц.port ’тс’.
По́рт2 ’льняная, канапляная або баваўняная тканіна ці пража’, ’тканіна з ільняных ці пяньковых нітак’ (ТСБМ, Нас., Уладз., Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС), ’кудзеля, чэсаная напалам — воўна з лёнам’ (Бяльк., Байк. і Некр.), ’пах ад гарэлага адзення з лёну’ (Нас., Байк. і Некр.), ’рэшткі спаленай анучкі’ (Скарбы), ст.-бел.портъ ’тканіна; адзенне’: портъ царскыи (Альтбаўэр, 165), сюды ж по́ртны, по́ртавы ’парцяны’ (хойн., Мат. Гом.; Байк. і Некр.), по́рця ’бялізна’ (гродз., шчуч., Сл. ПЗБ), по́рце ’тс’ (Сцяшк. Сл.); параўн. укр.порт ’канапляная або льняная нітка ў ваўнянай тканіне’, рус.порт ’(льняная або баваўняная тканіна’, ст.-рус.пъртъ ’кавалак тканіны; шматок; пялюшка’, польск.part, parć ’адрэз тканіны на адзенне’, славен.ṕrt ’кавалак палатна; прасціна’, харв.pȑt ’адзенне з лёну’, серб.пр̏тен ’ільняны’, балг.пъртуши́на ’паношаныя апранахі’, ст.-слав.прьтъ ’кавалак палатна’. Прасл.*pъrtъ выводзяць з *porti ’пароць’ (Фасмер, 3, 334): можа разглядацца як аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- з семантыкай выніковасці дзеяння ад *rūti > *ryti/*rъvati > *po‑rъtъ ’тое, што адрэзана, адарвана’ > ’тканевы адрэз, шматок’. Першасным для порт можна дапусціць значэнне ’адрэз сукна’, ці, як падае Сной (511), — ’адарваны кавалак тканіны’. Малаверагодна роднаснасць з літ.spartas ’завязка’ і грэч.σπάρτος ’расліна, з галін якой скручвалі вяроўкі’, параўн. Бязлай, 3, 130.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кагадзе́ ’калісьці’ (БРС), ’толькі што, нядаўна’ (БРС, ТСБМ), капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; ц.-бел. (Узвышша, 1927, 6), кагдзе, кадзе ’толькі што, нядаўна’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), кадзе ’тс’ (Жд. 2; капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; чырв., навагр., КЭС; ганц., карэл., лях., Сл. паўн.-зах.; слонім., кар., Сцяшк.), кадзе ’нядаўна’ (стол., Жыв. сл.), кадзё ’толькі што’ (Жд. 3). Казлова (БЛ, 21, 1982, 60) прыводзіць палес. (усх.-палес.?) кагадзе і адзначае, што прыслоўе ўласціва большасці беларускіх гаворак; з гэтым нельга пагадзіцца. Неабходна адзначыць, што паметы «брэсц.», «гродз.», «палес.» заблытваюць чытача і быццам сапраўды сведчаць аб шырокай геаграфіі. На самой справе «брэсц.» (паводле Казловай) кадзе зафіксавана ў Столінскім раёне і, як сведчыць фанетыка (дзеканне), адносіцца да пераходных або да ўсх.-палес. гаворак і брэсцкім (зах.-палес.) не з’яўляецца. «Гродз.» кагадзе, кадзе вядома больш вузка: навагр., карэліц., слонім. разам з ганц., лях., нясв. і чырв. утварае даволі кампактны арэал, які (далучыўшы патэнцыяльныя ўсх.-палес. фіксацыі) можна некалькі пашырыць на паўд.-усх. частку. Неабходна адзначыць, што Тураўскі слоўнік, вельмі ўважлівы да рарытэтаў, гэтага слова не фіксуе. Па сутнасці вузкарэгіянальнае ўтварэнне; па геаграфіі адпавядае гродзенска-баранавіцка-лунінецкаму пучку ізаглос (Лінгвістычная геаграфія, к. № 13). Лінгвагеаграфія сведчыць аб іншамоўным уплыве (што цяжка дапусціць, паколькі ў такім выпадку, мяркуючы аб уздзеянні балтыйскіх прыслоўяў, давялося б лічыць форму кадзе першапачатковай і невядома як тлумачыць паходжанне г у кагадзе) або аб архаізме. Не выключэнне, аднак, як і ў выпадку іншамоўнага ўплыву ўяўляецца варыянт утварэння «гібрыду» на паграніччы розных гаворак. Рус.росл., смал., трубч., карач., бран., арл.каде ’дзе’ магчыма, сведчыла б на карысць варыянта «архаізм», калі б не верагоднасць таго, што рус.дыял. слова ўтварылася фанетычным спосабам. Цыхун (Бюлетин, 5, 1976, 94) адносіць яго па фармальнаму падабенству да балг.дыял.кагоде ’што-небудзь’, ’колькі-небудзь’, ’калі-небудзь’. Ён лічыць, што, нягдедзячы на розніцу ў семантыцы, агульнае значэнне «нявызначанасці» бел. і балг. утварэнняў патрабуе далейшага вывучэння гэтай паралелі з мэтай высвятлення магчымай іх роднасці. Шуба (Прыслоўе, 60) выводзіць бел.кагадзе са ст.-рус. формы къгдѣ праз ступень кагдзе, кадзе; Цыхун (там жа) мяркуе, што хутчэй чакаўся б адваротны працэс і спасылаецца на заўвагу Якабсона (Word 8, 4, 391), аб тым, што gъda паходзіць з goda аналагічна vьcera < večera і да т. п., падрабязней у Копечнага, ESSJ, 1, 311–313. БЕР (2, 128) лічыць, што балг.дыял.кагоде < ка, дыял. прысл. ’калі, калісьці; з таго часу як’ і часціцы годзе ’‑небудзь’. Звяртае на сябе ўвагу значэнне бел. слова ’калісьці’, засведчанае ў БРС. Калі гэта не памылковае значэнне, можна меркаваць аб магчымай дыялектнай яго аснове і першасным значэнні кагадзе наогул, што дазваляе з большай упэўненасцю параўноўваць бел. і балг. словы. Адносна семантыкі ў такім выпадку параўн. тур.когдышні ’колішні’ і рус.дыял.когда‑ко ’калі-небудзь’. Заўвагу Цыхуна (Бюлетин, 5, 1976, 94) аб агульным значэнні «нявызначанасці» гэтых слоў як магчымым сведчанні іх роднаснасці нельга прыняць па той прычыне, што такое значэнне абумоўлена прыслоўямі (этымалагічна — склонавыя формы пытальнага, адноснага займеннікаў), якія ўваходзяць у склад як гэтых, так і іншых падобных лексем. Аб спробе ўзнавіць прасл.*kagodě‑ прыслоўе часу, гл. Казлова, БЛ, 21, 1982, 60; надзейнасць такой рэканструкцыі невысокая з прычыны прыведзеных вышэй меркаванняў. Аб ка‑ гл. Слаўскі, 2, 8; аб ‑gode‑ Копечны, ESSJ, 1, 312.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калакалу́ша ’чаромха, Prunus padus (= Padus racemosa)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Дэмб., Касп.; віц., гродз., маг., мін., смал., Кіс.; Мат. Гом., Мат. Маг., Янк. 1, Яўс.; слаўг., Яшк.), калакалуха (Бяльк., Мат. Маг., Мядзв.), калакушка (Бяльк.), какалуша (гом., Кіс.). Укр.калакалуша і колоколуша, акаючыя формы, відавочна, сведчаць аб распаўсюджанні слова з паўн.-усх. гаворак, усх.-палес.какалуша, рус.зах.-бран.калакалуша, смал.колоколуша, росл., смал., кур., тульск.колоколуха ’чаромха’ і ’ягады чаромхі’, ’асобы від калючай травы’, адзначаюцца таксама іншыя формы. Звяртае на сябе ўвагу і арл.колокуша ’расліна Rosa tomentosa’, аднак, відаць, сюды гэта лексема не адносіцца (утворана ад асновы колк‑, дэрываты ад якой азначаюць ’розныя калючыя расліны’). У іншых слав. мовах адпаведнікі да бел. слова як быццам не адзначаюцца. Слова не вельмі яснага паходжання. Па сутнасці, нельга з упэўненасцю высветліць першапачатковую фанетыку кала‑ або колокуша. Укр. даныя з’яўляюцца, па сутнасці, двухсэнсоўнымі. У слоўніку Макавецкага шэраг крыніц дубліруюць адна другую, іншыя (перакладныя слоўнікі) нельга прымаць пад увагу з прычыны падазронасці статуса зах.-укр. слова, а што датычыць паўн.-укр. запісаў, параўн. у Бялецкага–Насенкі: «Калакалуша: слово задесенское (белорусское)». Даль падае гэта слова з паметай «зах.» і змяшчае яго ў гняздо «колокол». Больш новыя даныя па рус. нар. гаворках удакладнілі тэрыторыю распаўсюджання слова. Так, сталі вядомымі запісы яго ў кур. і тульск. абласцях, аднак, паколькі іншых матэрыялаў няма, а іншыя запісы паслядоўна ўказваюць на пагранічныя беларускім гаворкі рускай мовы, можна думаць, што гэта або вынік пранікнення слова як тэрміна, або факт, які сведчыць аб міграцыі насельніцтва ў розныя зоны на ўсход. Ствараецца ўражанне, што размова можа ісці толькі аб беларускай інавацыі (іначай гл. Цыхун. Бел.-укр. ізал., 82–83). Калі дапускаць, што зыходнай была форма колоколуша, а падставы для гэтага ёсць, нельга не ўбачыць магчымай сувязі з рус.дыял.колока ’чаромхавы гай’, колок ’невялікі лясок; малады бярозавы гай; вільготнае балоцістае месца ў нізіне, якое зарасло хмызняком’, паўн.-зах.колокол ’малады бярозавы лясок’. Параўн. (СРНГ, 14, 162) «Низменное место вроде чашенки, черемуха там, смородина, березняк. Смородина, а между ней кислица, черемуха, калина в том колке». Параўн. яшчэ бел.гродз.калокавіна ’чаромха’. Калакалуха пры такой версіі вынік рэдуплікацыі формы, адпаведнай да рус.дыял.колка, колки ’зараснікі чаромхі, глогу на полі, у лагчынах’, колк ’невялікае балота, якое зарасло лесам’. Фармальна такую версію можна пацвердзіць прыкладамі дэрыватаў ад асновы колк‑ (рус.дыял.колки — голкі, калючкі і да т. п.): наўг.колкуха ’расліна Xanthium, або, магчыма, Arctium’, колкуша ’расліна Arctium’. Параўн. яшчэ рус.арл.колокуша ’расліна Rosa tomentosa’ і бел.маг.калатуша (Грыг.). У якасці спрэчнай гіпотэзы можна яшчэ прапанаваць этымалогію, паводле якой слова тлумачыцца па бел. глебе. Бел. слаўг. гаворкі ведаюць утварэнне калалужжа ’абшар каля лугу’. Па семантыцы ўтварэнне калакалуша на базе мяркуемай намі формы цалкам магчымае (чаромха — расліна вільготных мясцін). З фармальнага боку яго можна разумець як адваротную дэрывацыю (калакалуга < калакалужжа) з наступнай заменам суфікса. Параўн. крыч.калакалушша ’зараснік калакалушы’, тое ж слаўг. (Яшк.). Аднак недахопы такога тлумачэння (у тым ліку і па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю), нягледзячы на тое што для батанічнага тэрміна можна дапусціць больш-менш шырокую наступную экспансію, відавочныя, і прыняць яго нельга.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Казі́ная барада1 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэл., астр., Сл. паўн.-зах.), казліная барада ’тс’ (астрав., Сл. паўн.-зах.). Матывацыя празрыстая, аднак вобраз мог быць складаным: тут і колер, і падабенства формы, і функцыянальнае падабенства (уласцівасцей). Аб складанасці гэтага тыпу намінацыі сведчыць і адсутнасць дакладных адпаведнікаў на шырокай тэрыторыі, хоць сама структура вядомая ў розных славянскіх і неславянскіх мовах як назва раслін. Так. ва ўкр. мове ёсць лексема бородка для Nardus stricta (Макавецкі. Sł. botan., 238), аднак такая інфармацыя падаецца са слоўніка (траўніка і кветніка) Залесавай і Пятроўкай. У гэтай крыніцы шмат памылак і няпэўнасцей. Рус. адпаведнікаў быццам бы няма, таму бел. лексема ад каза, казіны для Nardus stricta з’яўляецца наватворам.
Каз́іная барада2 ’расліна Valeriana officinalis’ (Сержп. Прымхі, 204). Рус.козья борода ’тс’ вядома з запісаў Анепкава з паметай «заходняе». Паколькі іншых адпаведнікаў няма, то гэта інавацыя. Этымалагічная праблема зводзіцца да тлумачэння матывацыі назвы: сувязь з назвай жывёлы фармальна відавочная, аднак няма надстаў меркаваць аб пераносе па знешняму падабенству. Магчыма, тут перанос назвы з іншай расліны, дзе яна добра матывуецца. У рус. гаворках такую назву носяць розныя віды Tragopogon; матывацыя празрыстая (зааморфныя прыкметы расліны), аднак паміж Tragopogon і Valeriana няма знешняга або функцыянальнага падабенства. Сярод іншых слав. назваў для Valeriana паслядоўна сустракаюцца дэрываты ад асновы kozbl‑: укр.козляк, рус.дыял.козлик (для Valeriana celtica), польск.kozłek, ст.-польск.kozieł і kozlik ’Valeriana’, чэш.мар.kozelec і чэш., ст.-чэш.kozlik. Махэк (Jména rostl.) прыводзіць рус.козелок, козельцовый корень ’Valeriana’, аднак СРНГ іх не падае. На поўдні слав. свету яны таксама невядомыя. Пералічаныя лексемы разглядаюцца як утвораныя ад назвы жывёлы; матывацыя — спецыфічны пах карэнішча расліны (так Махэк, Jména rostl., 224; Слаўскі, 3, 33). Параўн. укр.смердунка ’Valeriana’. Этымалогію гэтых лексем нельга непасрэдна выкарыстаць для тлумачэння бел.казіная барада. Я на, аднак, дазваляе нам дапусціць думку, што дэрываты ад kozьl- на паўн.-слав., а магчыма, і на паўд.-слав. тэрыторыі для Valeriana або іншых пахучых раслін былі вядомы больш шырока, параўн. серб.-харв.kozlačica ’Thalictrum’, kozjačica Thymus’. Што датычыць валяр’яну, то для гэтай расліны назва, утвораная ад заоніма. не магла быць асноўнае паколькі прасл. назвай лічыцца *odolenъ < odoleti: адвар з кораня валяр’яну, ужываўся як прэвентыўны сродак супраць мору і пошасці, гл. Махэк, там жа. Дэрываты ад kozbl‑ маглі ўжывацца паралельна, характарызуючы расліну на моцнаму паху карэнішча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Калды́ба, колдыба ’крывы, кульгавы, які павольна ідзе’ (Нас.), калдыбаць ’кульгаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), калдыбыць і кылдыбаць (Юрч.З жыцця), колдыбаць (Нас.), кылдыбаць (Бяльк.), колдыбайло ’кульгавы’, ’павольны ў рабоце’ (Нас.), сюды ж калдыб ’пра цяжкую хадзьбу пры хворых нагах’ (мсцісл., Нар. лекс.: Нас.). Рус.зах.бран.калдыбать ’ісці павольна, кульгаць’, смал.колдыба ’кульгавы’, колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, колдыб ’дзеянне па дзеяслову колдыбать’, колдыбай ’кульгавы’, колдыбать ’кульгаць’, кур.колдыбать ’тс’, ’павольна ехаць, ледзь цягнуцца’, разан. ’не мець сталага месца’, колдыбащий ’няўстойлівы, непастаянны, які часта мяняецца’: «Моя жизнь колдыбащая…» (СРНГ, 14, 119). Паводле геаграфіі — інавацыя ў сумежных бел. і рус. гаворках. Што датычыць этымалогіі, рус.колдыбай, колдыбатьФасмер (2, 288) лічыў роднасным колдыка ’кульгавы, які ідзе перавальваючыся’, колдыкать, бел.колдыга (гл.), колдыгаць. Апошнюю групу слоў шматлікія этымолагі разглядаюць у сувязі з гоц.halts ’кульгавы’, грэч.κόλος ’абрублены, надламаны’, арм.kał ’кульгавы’, літ-pa ў Фасмера, там жа. Як відаць, і.-е. семантыцы адпавядае смал.колдыбка ’скалечаная нага, кукса’, аднак гэта суфіксальнае ўтварэнне і няма ніякіх падстаў лічыць яго першасным у параўнанні з іншымі лексемамі гэтай групы. Славянскіх паралелей, якія б дазволілі рэканструяваць праславянскую форму, няма. Як здаецца, бел. і рус. словы ўтвораны не па мадэлі ’абрублены, абрэзаны’ → ’куксаты’ → ’кульгавы’. Параўн. рус.валаг.колдыбашить ’балбатаць, пустасловіць’ (< ’боўтаць’), цвяр.колдыбашиться ’калыхацца, вагацца’, разн. колдыбащий ’няўстойлівы’, колдыбацца ’качаваць, матацца’. Аналагічная версія была прапанавана Бернекерам (1, 660), які рус.колдыкать, колдыбашить і пад. уключыў у артыкул kъltajǫ, kъltati, дзе аб’яднаны лексемы са значэннямі ’кульгаць’, ’рухаць’, ’калыхаць; гайдаць’ і да т. п. Структура дазваляе меркаваць аб архетыпе *kl̥t‑ і яго звонкім адпаведніку *kl̥d‑. Статус гэтых форм не зусім ясны: шэраг рус.дыял. фактаў (пск., цвяр., асташк.колтовня ’чалавек, які таргуецца за кожную капейку’, колтыг ’жмінда’, ’шум, сварка’ і колтыга ў абодвух значэннях) сведчыць аб празрыстай сувязі з адпаведнымі вытворнымі ад колот‑ (развіццё семантыкі: ’хістаць’ → ’хістацца’, ’трэсціся’ або непасрэдна ’трэсці’ → ’трэсціся’ → ’дрыжаць’ → ’скупіцца’ і ў прынцыпе можна дапусціць, што разглядаемая лексіка паходзіць іменна ад гэтай асновы. Параўн. яшчэ колты ’плёткі’ (у Даля без геаграфіі). Што датычыць фанетыкі, можна прывесці як прыблізны адпаведнік бел.кальбель < калыбель. Аднак тое ж развіццё семантыкі магло быць цалкам самастойным; значэнне ’кульгаць’ не зафіксавана ў вытворных ад колотить. Такім чынам, прыведзеныя архетыпы цалкам магчымыя, хоць іх усх.-слав. характар відавочны. Параўн. яшчэ калдыга (гл.).
Калдыба́2 ’цвёрды выступ каля паглыблення на разбітай або мёрзлай дарозе’, ’няроўнае ворыва з ямкамі і выступамі’, ’скіба дзярновай зямлі на раллі’ (слаўг., Яшк.). Рус.разан.колдырь ’вялікі кавалак чаго-н.’, ’нарасць на дрэве’, колтырь ’вялікі кавалак (хлеба і да т. п.)’, да семантыкі параўн. скіба (хлеба) і скіба (зямлі). Аб архетыпе гл. пад калдыба1, семантыка намінацыі не вельмі зразумелая. Магчыма, неабходна суаднесці відавочна ўтвораныя ад асновы колотрус.дыял.колоть ’няроўная, узгорыстая, абледзянелая паверхня дарогі, якая замерзла пасля моцнай адлігі’, ’узгоркі замёрзлай восенню гразі, ледзь пакрытыя снегам’, ’няроўная, ухабістая паверхня дарогі, якая высахла ад летняга спёку’ і да т. п. Параўн. да гэтага пск., асташк., цвяр.колоть ’сумятня, сварка’, празрыстае вытворнае ад колотить ’сварыцца’. Што датычыць словаўтварэння рус. паралелі і семантыкі намінацыі, параўн. яшчэ пск., асташк., цвяр.колотьба ’няроўная, абледзянелая паверхня дарогі’, дыял.колоткой ’ухабісты, гразкі (аб дарозе)’, колотливый ’тс’, ’(пра сэрца), якое моцна калоціцца’. Параўн. яшчэ арханг., халмаг.колотовка ’глыба мёрзлай зямлі’ і назвы розных прылад, утвораных ад колот‑; ленінгр.колотушка ’палка, якой разбіваюць сухія камкі зямлі на ворыве’. У шэрагу рус.дыял., вытворных ад колб‑, адзначаны колдыбнуть ’моцна стукнуць’, колдыбахнуть ’кінуць што-небудзь з шумам у ваду; баўтнуць’, якія, магчыма, сведчаць на карысць апошняга варыянта тлумачэння. Разам з тым праблема з’яўляецца вельмі складанай, паколькі нельга не параўнаць разглядаемае слова і вялікую групу лексікі, якую рэпрэзентуюць такія рус.дыял. лексемы, як колдыбашина ’выбоіна, ухаба’ (параўн. колдыбашный ’ухабісты’), колдыбина, бел.калдыбіна і да т. п. Аднак відавочная розніца ў семантыцы дазваляе меркаваць, што бел. слова — рэгіянальны наватвор ад калдыбаць (?), наконт семантыкі параўн. нашы меркаванні вышэй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ І ВАЕННАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ 1918—20
Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе 25.10(7.11).1917 і звяржэнне Часовага ўрада абвастрылі класавыя супярэчнасці ў Расіі. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў Часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з У.І.Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і аб зямлі. Ні ў адным з прынятых з’ездам дэкрэтаў пабудова сацыялізму не абвяшчалася як першачарговая мэта; стаўка рабілася на сусв. пралетарскую рэвалюцыю. Лідэры бальшавікоў не былі ўпэўнены, што здолеюць утрымаць уладу, калі рабочыя іншых краін не прыйдуць ім на дапамогу і не ўзнімуць паўстанні супраць сваіх урадаў. Перыяд з кастр. 1917 да сак. 1918 Ленін назваў трыумфальным шэсцем сав. улады. Ён характарызаваўся хуткім устанаўленнем амаль на ўсёй тэр.б.Рас. імперыі сав. улады, якая абапіралася на пралетарыят і бяднейшыя слаі сялянства, г.зн. на актыўную частку насельніцтва. У такім выпадку непазбежнай была рэв. дыктатура, якая, на думку бальшавіцкага кіраўніцтва, павінна была абараніць інтарэсы працоўнага народа. Такая дыктатура ажыццяўлялася партыяй бальшавікоў па меры паглыблення супрацьстаяння класавых і паліт. сіл.
25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 утвораны Ваенна-рэв.к-тЗах. фронту (ВРК), які абвясціў сябе ўладаю на тэр. Беларусі і Зах. фронту. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі К-т выратавання Радзімы і рэвалюцыі, што стаў альтэрнатывай бальшавіцкаму органу ўлады. Яго дзеянні падтрымала Вял.бел. рада (ВБР). Паміж гэтымі к-тамі разгарнулася барацьба за ўладу. У паліт. барацьбе бальшавікі зрабілі стаўку на салдат Зах. фронту. 27.10(9.11).1917 Паўн.-Зах.абл.к-тРСДРП(б) накіраваў сваіх упаўнаважаных у к-т 2-й арміі для перакідкі ў Мінск вайск. часцей, зрабіў спробу ўцягнуць у барацьбу з К-там выратавання рэвалюцыі гар. міліцыю. Бальшавіцкая фракцыя к-та 2-й арміі дамаглася адпраўкі ў Мінск атрадаў салдат, бронемашын і браняпоезда пад камандаваннем В.А.Пралыгіна. 2(15).11.1917 у Мінску ўсталявалася сав. ўлада. 3(6).11.1917 ВРКЗах. фронту выдаў загад з патрабаваннем выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. 4(17).11.1917 распушчаны К-т выратавання рэвалюцыі, а яго старшыня Т.М.Калатухін арыштаваны; арыштаваны таксама камісар Зах. фронту В.А.Жданаў; за адмову выконваць распараджэнні сав. ўрада з пасады змешчаны галоўнакаманд. Зах. фронтам ген. П.С.Балуеў. ВРК прыняў шэраг мер: былі закрыты газеты ліберальнага кірунку, устаноўлены кантроль над выданнямі эсэраў, меншавікоў, нац.-дэмакр. партый, тэлеграфам і інш. Барацьба за ўстанаўленне сав. улады на Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага. 26.10(8.11).1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш.дэмакр. партый 4—11(17—24).11.1917 зрабілі спробу стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. 7(20).11.1917 Стаўка прыняла план адпраўкі войск у Петраград і Маскву на дапамогу керанска-красноўскаму мяцяжу, а пасля яго разгрому спрабавала сабраць войскі ў раёне г. Луга для наступлення на Петраград. Сав. ўрад распачаў барацьбу са Стаўкай. Ген. М.М.Духонін быў зняты з пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага. З Петраграда ў Магілёў накіраваны атрады салдат Маск. палка, матросаў Балт. флоту і чырвонагвардзейцаў на чале з С.Д.Паўлавым, з Зах. фронту — атрады пад камандаваннем Р.І.Берзіна і Я.Лысякова. 20.11(3.12).1917 сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам захапілі Стаўку. Падавіўшы супраціўленне антыбальшавіцкіх сіл, бальшавікі ў канцы ліст. 1917 умацавалі сваю ўладу на ўсёй неакупіраванай тэр. Беларусі. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, што праходзілі 20—23.11(3—6.12). 1917, выбралі выканкомы і франтавы к-т, на аснове якога 26.11(9.12).1917 разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў абраны вышэйшы орган улады — Абл. Выканаўчы к-т Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Выканком Савета стварыў абл. выканаўчы орган — Савет Нар. Камісараў (СНК) Зах. вобласці і фронту. Гэтымі рашэннямі быў пацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Зах. вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Аднак паліт. становішча заставалася напружаным.
У выніку Кастр. рэвалюцыі супраціўленне апазіцыйных класаў і грамадскіх груп выяўлялася ў розных, у т. л. ваенных, формах. Становішча ў Сав. Арміі абвастрыла барацьбу сацыяліст., анархічных, ліберальна-дэмакр., рэакцыйна-манархічных сіл за адваяванне ўлады і ўмацаванне сваіх класавых прыярытэтаў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што краіна знаходзілася ў стане вайны з Германіяй.
Брэсцкі мірны дагавор. Акупацыя Беларусі германскімі войскамі. У сувязі з адмовай дзяржаў Антанты ад мірных перагавораў сав. ўрад вырашыў пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2(15).12.1917 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9(22) снеж. ў Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы. Герм. дэлегацыя адмовілася заключыць дэмакр. мір і 10.2.1918 паставіла ультыматыўныя патрабаванні, паводле якіх анексіравалася значная частка тэр.сав. краіны, у т. л. большая частка Беларусі. Выкарыстаўшы адмову кіраўніка сав. дэлегацыі Л.Д.Троцкага падпісаць мірны дагавор на тых умовах, герм. камандаванне 16.2.1918 афіцыйна заявіла пра спыненне перамір’я і аднаўленне ваен. дзеянняў. 18.2.1918 больш за 50 герм. і аўстра-венгерскіх дывізій пачалі наступленне на ўсім рас.-герм. фронце ад Балт. мора да Карпат. На Беларусі (цэнтр. напрамак) дзейнічалі войскі 10-й арміі (11 пях. дывізій) і 6 кав. палкоў, а таксама часці з групы армій ген.-палк. А.Лізінгена. Ім ставілася задача разбіць войскі Зах. фронту, выйсці да «Смаленскіх варот» (у міжрэчча Дняпра і Зах. Дзвіны), заняць Оршу, Жлобін, перарваць зносіны паміж паўд. і паўн. Расій па чыгунцы Кіеў—Петраград і тым самым стварыць пагрозу захопу Масквы. Дэзарганізаваная рас. армія адступала ў беспарадку. Дапаможную ролю выконваў 1-ы польскі корпус Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага, які 20.2.1918 заняў Мінск, пакінуты бальшавікамі. 21.2.1918 герм. войскі ўступілі ў Мінск. У той жа дзень СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!». У яе падтрымку галоўнакаманд. Зах. фронтам А.Ф.Мяснікоў 23.12.1918 выдаў (у Смаленску) загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту (у раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавічаў), якія ўдзельнічалі ў баях супраць наступаючых герм. войск. Іх дзеянні каардынаваў Вярх.ваен. савет па вядзенні партыз. вайны, створаны ў лют. 1918. Партыз. атрады фарміраваліся ў асн. з мясц. сялян, іх камандны састаў складаўся гал.ч. з камуністаў і левых эсэраў. На Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. Мяснікоў) абараняў Віцебск, Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў; Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін) абараняў Жлобін, Калінкавічы, Гомель, прыкрываў камунікацыі на Бранск і Бахмач. Да 27.2.1918 наступленне герм. часцей спынена каля Полацка і Віцебска; на інш. участках фронту сав. войскі працягвалі адыход: 24 лют. яны пакінулі Калінкавічы, 27 — Жлобін, 28 — Рагачоў і Рэчыцу, 1 сак. — Гомель, 3 — Оршу, 5 — Магілёў. У пач.сак. 1918 наступленне герм. войск спынілася на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. Больш за 3/4тэр. Беларусі апынуліся пад уладай герм. акупантаў; яе паўд. частка (большасць Пінскага, Рэчыцкага, Мазырскага і частка Гомельскага пав.) была далучана да гетманскай Украіны. I толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. захавалася сав. ўлада. Інтэрвенцыя Германіі звузіла паліт. базу сав. улады, змяніла суадносіны паліт. сіл на акупіраванай тэрыторыі, адштурхнула левых эсэраў ад супрацоўніцтва з камуністамі.
Сав. ўрад працягваў намаганні па найхутчэйшым заключэнні міру. 3.3.1918 у Брэсце падпісаны мірны дагавор на вельмі цяжкіх умовах, навязаных Герм. кааліцыяй. Тэкст дагавора ва ультыматыўнай форме быў прадыктаваны прадстаўнікамі Герм. кааліцыі і падпісаны без абмеркавання. Брэсцкі мір быў несправядлівы і грабежніцкі, а яго вынікі — цяжкія для насельніцтва Беларусі, якое апынулася пад ням. акупацыяй. Герм. ўрад акупацыю Беларусі ўспрымаў толькі як заклад пад ваен. кантрыбуцыю, якую павінен быў выплаціць рас. бок. У адпаведнасці з дагаворам лёс акупіраваных абласцей павінен быў вырашацца Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пасля заканчэння вайны. Беларусь у дагаворы выступала не як суб’ект міжнар.-прававых адносін, а толькі як аб’ект; яна не прызнавалася самастойным нац. рэгіёнам. Германія не была зацікаўлена ў прызнанні самастойнасці Беларусі, бо планавала яе паўн.-зах. землі ўключыць у склад сваёй тэрыторыі. У выніку Брэсцкага дагавора Сав. краіна панесла вял. страты, але выкарыстала мірную перадышку для арганізацыі абароны, а бальшавікі — для замацавання сваёй улады. Па ўсёй краіне фарміраваліся добраахвотныя часці Чырв. Арміі. У сак. 1918 быў створаны Вышэйшы ваен. савет, які для абароны зах. граніц Сав. Рэспублікі стварыў Зах. ўчастак атрадаў заслоны (ЗУАЗ).
З першых дзён ням. акупацыі падп. дзейнасць разгарнулі бальшавіцкія арг-цыі. 28.2.1918 у Мінску па ініцыятыве групы бальшавікоў адбыўся нелегальны сход, на якім выбраны Мінскі падп.к-т, рэарганізаваны ў крас. 1918 у Мінскі падп. раённы к-т РКП(б). У сакавіку створаны Палескі, у маі — Магілёўскі, у чэрв. 1918 — Гродзенскі падп. к-ты РКП(б). Падп. бальшавіцкія арг-цыі ўзніклі ў Бабруйску, Брэсце, Лунінцы, Пінску, Полацку, Вілейцы, Клецку. Дзейнасць камуніст. арг-цый на акупіраванай тэр. Беларусі каардынаваў Паўн.-Зах.абл.к-т РКП(б), які размяшчаўся ў Смаленску. Пад кіраўніцтвам бальшавікоў разгортвалася рэв. і вызв. барацьба, у авангардзе якой быў рабочы клас Беларусі. Вясной 1918 на заводах і фабрыках акупіраванай тэр. Беларусі пракацілася хваля забастовак і стачак. Напр., забастоўка гомельскіх чыгуначнікаў, аб’яўленая 15.7.1918 у знак салідарнасці з усеаг. забастоўкай чыгуначнікаў Украіны, перарасла ва ўзбр. сутычку; яе падтрымалі рабочыя Магілёва, Жлобіна, Рагачова і інш. Вясной 1918 адбыліся сял. выступленні ў Навагрудскім, Слуцкім, Быхаўскім, Рэчыцкім, Бабруйскім і інш. паветах. Ва ўмовах рэв. ўздыму ў тыле ням. войск пачалася ўзбр.партыз. барацьба. Вызв. рух патрабаваў каардынацыі дзеянняў. 1-я канферэнцыя Беларусі і Літвы (8—11.8.1918, Смаленск) выбрала камісію, якая разам з Паўн.-Зах.абл. к-там РКП(б) стварыла Краявы к-ткамуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, вызначыла гал. задачу падп. бальшавіцкіх арг-цый — стварэнне і ўмацаванне партыз. атрадаў, узбраенне рабочых і сялян з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў варожым тыле. Да восені 1918 баявыя дзеянні партызан разгарнуліся па ўсёй акупіраванай тэрыторыі. У Мінскім, Магілёўскім, Бабруйскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Барысаўскім, Ігуменскім, Слуцкім, Быхаўскім пав. дзейнічала каля 100 партыз. атрадаў. У раёне Полацка супраць акупантаў змагалася амаль 13 тыс. партызан. Асабліва разгарнуўся партыз. рух у паўд. паветах Беларусі. Для аператыўнага кіраўніцтва партыз. атрадамі на З Палесся створаны Палескі паўстанцкі рэўком.
На неакупіраванай тэр. Беларусі найважнейшай задачай стала дапамога Чырв. Арміі, павышэнне баяздольнасці чырвонаармейскіх і інш.рэв. атрадаў. З гэтай мэтай у пач.крас. 1918 створана аператыўнае аб’яднанне атрадаў, куды ўвайшлі Віцебскі, Невельскі, Аршанскі, Рослаўскі, Смаленскі, Бранскі, Курскі атрады. На чале аб’яднання стаяў Ваен. савет, які ажыццяўляў кіраўніцтва ўсімі войскамі, што размяшчаліся ўздоўж дэмаркацыйнай лініі. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК ад 8.4.1918 створаны новы ваенна-адм. апарат: акр., губ., пав. і валасныя камісарыяты па ваен. справах. На неакупіраванай тэр. Беларусі былі ўтвораны 2 губ., 15 пав. і 139 валасных ваен. камісарыятаў. Дзякуючы іх дзейнасці ў 1918 у Віцебскай і Магілёўскай губ. добраахвотнікамі ў Чырв. Армію запісалася больш за 30 тыс. рабочых і салдат, што склала 5 чырвонаармейскіх палкоў: імя Віцебскага Савета, Сенненскі нар. полк, 1-ы Мсціслаўскі нар. батальён, 1-ы рэв. полк Аршанскага Савета. Атрады Чырв. Арміі створаны таксама ў Чавускім, Чэрыкаўскім, Быхаўскім і інш. паветах.
На захопленай ням. акупантамі тэрыторыі значна актывізаваўся бел.нац. рух. Акупац. ўлады забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, што стаялі на платформе сав. улады, затое дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Бел.нац. партыі сацыяліст. кірунку [Бел.сацыяліст. грамада (БСГ) і інш.], хоць і не былі забаронены, аднак не мелі падтрымкі з боку акупац. улад. Такія ж адносіны ўсталяваліся з эсэрамі, меншавікамі, яўр.нац. сацыялістамі. Акупац. адміністрацыя аднавіла прыватную ўласнасць на зямлю, вярнула памешчыкам іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такую палітыку варожа сустрэла бел. сялянства, якое паступова ператваралася ў моцны фактар нац.-вызв. барацьбы бел. народа супраць герм. акупантаў.
Абвяшчэнне БНР. Яшчэ да эвакуацыі з Мінска ў Смаленск Выканкома і СНКЗах. вобласці і фронту (выехалі 19 лют.) кіраўніцтва вядучых бел.нац. партый (БСГ і інш.) імкнулася ўзяць у свае рукі ўладу. Зрабіць гэта меркавалася яшчэ да захопу Мінска герм. войскамі (да 21.2.1918). Такія абставіны не мог не ўлічваць Выканком Рады Усебел. з’езда, які быў утвораны пасля разгону з’езда бальшавікамі [18(31).12.1917] і выступаў як кіруючы цэнтр бел.нац. руху. Выканком Рады Усебел. з’езда 19.2.1918 выдаў загад №1, дзе гаварылася, што ён узяў уладу ў свае рукі. Прызначаны Выканкомам новы камендант Мінска К.Б.Езавітаў 20.2.1918 выдаў загад № 1 па гарнізоне аб тым, што ням. армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае насельніцтва, якое не жадае вайны.
У п. 2 загаду гаварылася пра ўвядзенне ваен. становішча. 21.2.1918 Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся да народаў Беларусі з 1-й Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». 1-я Устаўная грамата заклікала бел. народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасці — на нац.-персанальную аўтаномію. У гэтым дакуменце Выканком абвясціў пра стварэнне ім 20 лют. ўрада — Нар. сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Варонка) — часовага выканаўчага органа нар. улады ў краі. 9.3.1918 Выканком на сваім пасяджэнні прыняў 2-ю Устаўную грамату да народаў Беларусі. Гэтым актам Беларусь абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай (БНР). 1-я і 2-я Устаўныя граматы БНР з’явіліся першымі пастановамі Выканкома, у якіх утрымліваліся асн. прынцыпы, што тычыліся ўладкавання абвешчанай рэспублікі, яе тэрыторыі, правоў і свабод грамадзян, форм уласнасці (адмена прыватнай уласнасці на зямлю і бязвыплатная перадача яе тым, хто апрацоўвае). Формы ўзаемаадносін БНР з Расіяй і інш. дзяржавамі не абумоўліваліся. 18.3.1918 Выканком рэарганізаваны ў Раду (старшыня Я.Серада). Вясной 1918 на акупіраванай тэр. Беларусі ініцыятыва перайшла да БСГ, якая паслядоўна выступала за стварэнне нац. дзяржаўнасці. Не адмаўляючы сацыяліст. выбару, БСГ імкнулася закласці дэмакр. асновы бел. незалежнай дзяржавы. 19.3.1918 Рада БНР прыняла закон «Аб вярхоўнай уладзе Беларускай народнай рэспублікі», які замацоўваў за ёй функцыі заканадаўчага органа.
25.3.1918 Рада па ініцыятыве фракцыі БСГ прыняла 3-ю Устаўную грамату, якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Дэкларуючы поўную самастойнасць і незалежнасць БНР, Рада спрабавала рэалізаваць яе дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. Аднак гэта імкненне поўнасцю не было рэалізавана. Знешні фактар складаўся не на карысць Рады БНР.
Ва ўмовах вайны з Германіяй і распачатай грамадз. вайны ў Расіі ўрады краін Антанты і ЗША не праявілі зацікаўленасці ў БНР, не жадаючы пазбаўляць сябе адчыненай брамы для інтэрвенцыі ў Сав. Расію. Афіц.ням. ўлады ў Берліне таксама разглядалі Беларусь як частку Расіі. Сав. ўрад заняў відавочна адмоўную пазіцыю да БНР як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Адносіны да дзеянняў Рады БНР былі сфармуляваны ў Дэкларацыі «Да беларускіх рабочых і сялян», прынятай 14.4.1918 2-м з’ездам Саветаў Зах. вобласці, у якой абвяшчэнне незалежнасці БНР кваліфікавалася як контррэв. акцыя, а тыя, хто дамагаўся рэалізацыі яе дзярж. суверэнітэту, — як «ворагі савецкай сацыялістычнай улады». На гэтым этапе гал. зместам тактыкі бальшавікоў заставаліся сілавыя прыёмы барацьбы супраць бел. нац.-дэмакр. партый. Бальшавікі не ішлі на згоду нават з левымі групоўкамі і плынямі бел.паліт. руху, бо лічылі іх патэнцыяльнай апазіцыяй. БНР у поўным аб’ёме з’яўлялася толькі зародкам дзярж. ўтварэння, так і не змагла ажыццявіць свае прадстаўнічыя паўнамоцныя функцыі. Нягледзячы на тое, што ў асобе Рады БНР і Нар. сакратарыята была створана пэўная паліт. структура, якая выступала як заканадаўчая і выканаўчая ўлада, яна не мела сістэмы органаў улады на месцах (на губ., пав. і валасных узроўнях). У выніку БНРне магла ажыццявіць сваю юрысдыкцыю на тэрыторыі, дзе яна была абвешчана.
У адносінах да бел.паліт. руху герм.ваен. камандаванне праводзіла асцярожную палітыку. Не выступаючы супраць акцыі абвяшчэння незалежнасці БНР, яно было стрыманым у адносінах з Радай і Нар. сакратарыятам, таму што ў іх складзе пераважалі прадстаўнікі сацыяліст. партый. Адкрыта яно падтрымлівала толькі Мінскае бел.нар. прадстаўніцтва — аб’яднанне ліберальна-бурж. і памешчыцкіх арг-цый (Бел. хрысціянская дэмакратыя, Бел.правасл. саюз, Бел. саюз зямельных уласнікаў, Бел.нар. партыя і інш.), якое выступала канкурэнтам БСГ у барацьбе за ўладу. Герм.акупац. адміністрацыя стрымлівала вырашэнне найважнейшых пытанняў — перадачу Радзе грамадз. улады на акупіраванай тэр. Беларусі, стварэнне ўзбр. сіл БНР і інш. Тым не менш герм.ваен. камандаванне шукала згоды з кіраўнікамі БНР. 27.3.1918 была аб’яўлена Дэкларацыя, у якой прызнаваліся ўсе краявыя структуры ўлады. Ім перадаваліся некаторыя адм. функцыі. Рада атрымлівала поўную самастойнасць у галіне мясц. гандлю, прамысловасці, аховы грамадскага парадку. Для рэгулявання адносін насельніцтва і акупац. улад герм. камандаванне дало згоду на ўтварэнне груп бел. дарадчыкаў пры павятовых камендатурах. Таму Рада БНР вымушана была пайсці на крайні крок — 25.4.1918 накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму II, у якой заявіла пра гатоўнасць «дасягнення дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэстаў у розных колах бел. грамадства. Рост супраціўлення насельніцтва ням.акупац. рэжыму паскорыў паліт. размежаванне ў Радзе БНР. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Супярэчнасці ва «ўрадавым лагеры» прывялі да расколу БСГ і ўтварэння новых партый — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Бел.с.-д. партыі (БСДП), Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Агульнарас. дэмакр. партыі (меншавікі, эсэры), яўр. сацыялісты вялі прапагандысцкую работу ў прафсаюзах, выступалі ў якасці апазіцыі да акупац. адміністрацыі (арганізацыя дэманстрацый, мітынгаў і забастовак рабочых). 1.5.1918 у Мінску адбылася дэманстрацыя рабочых, а на прадпрыемствах Гомеля, Рэчыцы, Мазыра і інш. гарадоў — сходы і мітынгі, на якіх прымаліся рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Летам 1918 забастоўкі адбыліся на прадпрыемствах Мінска, Гомеля, Барысава, Бабруйска. 15.7.1918 пачалася 2-тыднёвая забастоўка салідарнасці гомельскіх чыгуначнікаў з чыгуначнікамі Украіны, у выніку чаго зменшылася магчымасць перакідваць войскі з Германіі, вывозіць з Беларусі нарабаваныя прадукты і матэрыяльныя каштоўнасці. Бальшавікі вымушаны былі некалькі змяніць свае адносіны да меншавікоў, эсэраў і нац.-дэмакр. партый сацыяліст. арыентацыі. Гэта выявілася ў рашэннях 6-й Паўн.Зах. канферэнцыі РКП(б) (4.6.1918, Смаленск). Падп.камуніст. к-там рэкамендавалася падтрымліваць імкненне левых груп гэтых партый да збліжэння з сав. уладай, іх заклікалі да актыўнай барацьбы супраць герм. акупантаў.
Паўн.-Зах.абл.к-т РКП(б) выступіў у ліп. 1918 з ініцыятывай стварэння каардынуючага цэнтра па кіраўніцтве партыз. рухам, зацвердзіў «План арганізацыі партызанскіх дзеянняў у тыле германскіх войск», паводле якога ўся акупіраваная тэрыторыя падзялялася на 12 зон дыслакацыі і баявых аперацый партыз. атрадаў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. знаходзіліся пад сумесным кантролем камуністаў і левых эсэраў. Аднак пасля антыбальшавіцкага выступлення левых эсэраў у Маскве ў ліп. 1918 (на Беларусі такія выступленні адбыліся ў Оршы і Сянне) РКП(б) узяла курс на адхіленне іх ад кіраўніцтва партыз. рухам і пачала ўстанаўліваць свой кантроль над партыз. атрадамі ўсх. Беларусі. Партыя бел. эсэраў, значна пашырыўшы свой уплыў на сял. масы, з лета 1918 стала ўстанаўліваць кантроль над партыз. атрадамі ў Мінскай і Гродзенскай губ. З мэтай стварэння адзінага каардынуючага цэнтра дзеянняў партыз. атрадаў па прапанове Паўн.-Зах.абл.к-та была склікана канферэнцыя камуніст. арг-цый акупіраваных тэр. Беларусі і Літвы (44 дэлегаты ад 300 парт. арг-цый), якая праходзіла 8—11.8.1918 у Смаленску. Яна абрала Краявы к-ткамуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, які зрабіў стаўку на падрыхтоўку ўзбр. паўстання ў тыле герм. войск, чым пацвердзіў рашэнне 1-й падп. канферэнцыі Мінскага р-на (5.6.1918). Гэту ўстаноўку падтрымалі бальшавіцкія падп. канферэнцыі Палескага р-на, Гомельскага, Бабруйскага, Магілёўскага, Рагачоўскага, Ігуменскага, Барысаўскага і інш. паветаў. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух. Толькі на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. дзейнічала каля 100 атрадаў на чале з Л.Я.Адзінцовым, В.А.Аляшкевічам, А.М.Ільіным, А.М.Крыніцкім, І.С.Кузьмічом, М.А.Ляўковым, А.Р.Салаўём, П.М.Серабраковым, А.С.Славінскім, Ш.Ш.Ходашам і інш. У Бабруйскім пав. была ўтворана т.зв. Рудабельская рэспубліка. Значны размах партыз. рух набыў на Палессі, дзе яго каардынаваў Палескі рэўком. Партызаны нападалі на склады, абозы, гарнізоны, учынялі дыверсіі на чыгунцы. Эфектыўна дзейнічалі партызаны і ў зоне Зах. ўчастка атрадаў заслоны (ЗУАЗ), створанага 29.3.1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі на зах. стратэгічным напрамку ад магчымага ўварвання герм. войск у глыб Сав. Расіі. Загадам Рэўваенсавета РСФСР 11.9.1918 ЗУАЗ пераўтвораны ў Зах. раён абароны. Курс бальшавікоў на ўзбр. паўстанне не быў рэалізаваны, бо ён быў задуманы пераважна з мэтай недапусціць раду БНР да ўлады. Бел.нац.дэмакр. партыі выступалі за мірны пераход улады да Рады БНР, і гэта іх пазіцыя паўплывала на фракцыйную барацьбу ў Радзе. Прыход ва ўрад БНР левацэнтрысцкіх сіл (сацыял-дэмакратаў і сацыялістаў-федэралістаў) не здолеў змяніць паліт. арыентацыі Рады БНР на супрацоўніцтва з герм.акупац. адміністрацыяй. Гэта вымусіла кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзець тактыку і перайсці да ўзбр. супраціўлення акупантам. У кастр. 1918 ЦК БПС-Р выдаў 2 адозвы: «Час прабіў — далей чакаць нельга» і «Што рабіць», — у якіх заклікаў бел. сялян, рабочых і нар. інтэлігенцыю правесці па ўсёй тэр. Беларусі выбары ў мясц. органы ўлады — валасныя, пав. і губ. рады і перадаць ім усю ўладу, заявіў пра неабходнасць склікаць 2-і Усебел. з’езд, які б ад імя бел. народа замацаваў незалежнасць БНР. Такія памкненні БПС-Р былі адхілены Паўн.-Зах.абл. к-там РКП(б), які прыняў рашэнне пра падаўленне паліт. ініцыятывы бел. эсэраў. Аналагічную пазіцыю адносна дэмакр. партый (эсэраў, меншавікоў, яўр. сацыялістаў) займалі бальшавікі і на сав.тэр. Беларусі (Зах. вобласць). Паводле рашэння ВЦВК ад 14.6.1918 з Саветаў Беларусі былі выключаны эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты і інш. У рэальнай палітыцы бальшавікоў з лета 1918 усё больш замацоўвалася левакамуніст. мадэль сацыялізму, якая фактычна арыентавалася на ўстанаўленне ў краіне аднапарт. сістэмы. Яна паступова трансфармавалася ў палітыку «ваеннага камунізму», пабудаваную на ідэі сац. роўнасці, метадах прамога прымусу. На сав.тэр. Беларусі пасля нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці летам 1918 нацыяналізаваны чыгункі, прыватныя і каап. банкі, да восені ліквідаваны прыватны гандаль, і ўся сістэма размеркавання перайшла ў рукі дзяржавы.
27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР Дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі абавязваліся пакінуць частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 у выніку паражэння аўстра-герм. блоку ў 1-й сусв. вайне і рэвалюцыі ў Германіі сав. ўрад ануляваў Брэсцкі дагавор, і бальшавіцкія войскі па меры адыходу герм. войск паступова сталі займаць тэр. Беларусі. Бел. нац.-дэмакр. партыі з улікам скарэкціраванай тактыкі выступілі пад лозунгам барацьбы супраць двух акупантаў — Германіі і Расіі. У кааліцыі гэтых партый кіруючая роля належала бел. эсэрам. ЦК БПС-Р заявіў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць, толькі абапіраючыся на «ўласныя сілы беларускага народа», і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе менавіта сваю партыю. Спроба бел. эсэраў дамовіцца з герм.акупац. адміністрацыяй аб перадачы дзярж. улады ў Беларусі Радзе БНРне была задаволена. У гэтых умовах ЦК БПС-Р заклікаў нац.-дэмакр. партыі вярнуць сваіх прадстаўнікоў у Раду і тым самым паставіў задачу зрабіць з яе кіруючы нац.-паліт. цэнтр барацьбы за «адраджэнне дзяржаўнасці беларускага народа». Заклік актыўна падтрымалі Бел. настаўніцкі саюз, прафес. саюзы чыгуначнікаў і паштова-тэлегр. служачых. Бел. эсэры спрабавалі скарыстаць і свае сял. дружыны, але яны з-за арганізац. няўстойлівасці не маглі адыграць рашаючай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Зацвердзіцца ў якасці краявой улады спрабавала і земска-гар. аб’яднанне паліт. партый (меншавікоў, рас. эсэраў, бундаўцаў), якое адмовілася супрацоўнічаць з бел. партыямі. Стварыўшы «Дэмакратычны краявы цэнтр», яно двойчы звярталася да Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі з патрабаваннем перадаць яму грамадз. ўладу на Беларусі. Аднак Савет не прыняў іх патрабаванні і перадаў уладу бальшавікам. Не маючы ўзбр. сілы, земска-гар. аб’яднанне не здолела аказаць ім супраціўленне.
Вызваленне тэр. Беларусі ад ням. войск падштурхнула Раду БНР, якая не мела ўзбр. сіл для замацавання сваёй улады, звярнуцца за дапамогай да інш. дзяржаў. 20.10.1918 яна накіравала пісьмо канцлеру Германіі, у якім прасіла «афіцыйна прызнаць незалежнасць Беларусі» і даць магчымасць бел. ўраду ажыццявіць свае функцыі дзярж. будаўніцтва і кіравання, «арганізаваць узброеную сілу з мэтай самаабароны». У той жа дзень былі накіраваны пісьмы прэзідэнту ЗША Т.В.Вільсану, а таксама інш. нейтральным і ваюючым краінам з просьбай забяспечыць ёй знешнюю недатыкальнасць, прызнаць яе самастойнасць і незалежнасць, дапамагчы Радзе БНР замацаваць. усю грамадз. ўладу на Беларусі. 28.11.1918 дэлегацыя Рады БНР накіравалася ў Лондан, каб заручыцца падтрымкай урада Д.Лойд Джорджа. У гэты ж дзень Рада БНР прыняла 4-ю Устаўную грамату да бел. народа з заклікам «злучыць свае сілы, ствараючы на месцах Беларускія рады» і звязваючы іх з Радай рэспублікі, «бараніць сваю волю і незалежнасць». У гэтай сітуацыі Рада БНРне дабілася станоўчых вынікаў і вымушана была пайсці на перагаворы з СНК РСФСР. Хоць Рада і абвясціла 25.3.1918 незалежнасць БНР, усх.бел. губерні па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй урада РСФСР, якую прызнавала Германія і краіны Антанты. У кастр. 1918 адбылася сустрэча старшыні ўрада БНР А.І.Луцкевіча з прадстаўніком РСФСР Х.Г.Ракоўскім. У ходзе перагавораў Луцкевіч не быў супраць федэрацыі з Сав. Расіяй і ўвядзення ў Беларусі сав. канстытуцыі. Ён пагадзіўся перадаць уладу Саветам, але прасіў выканаць толькі адну ўмову: прызнаць незалежнасць Беларусі. У ліст. 1918 з гэтай мэтай ён зноў накіраваўся ў Маскву. Аднак і гэта паездка была безвыніковай. Спробы Луцкевіча вывесці Раду БНР з паліт. ізаляцыі поспеху не мелі. Кіраўніка Рады падтрымала толькі Літ. Тарыба, у склад якой 27.11.1918 былі ўключаны 6 членаў Віленскай бел. рады, у т. л. І.І.Луцкевіч, В.Ю.Ластоўскі. Адначасова ва ўрадзе Літвы было ўтворана Мін-вабел. спраў, якое пагаджалася ўключыць тэр. Гродзенскай губ. ў склад Літ. дзяржавы. Ваенна-паліт. абставіны прымусілі ўрад РСФСР накіраваць на Беларусь Зах. армію (сфарміравана 15.11.1918 з войск Зах. раёна абароны, 13.3.1919 перайменавана ў Бел.-Літ. армію, а 9.6.1919 — у 16-ю армію Зах. фронту). 10.12.1918 яна заняла Мінск. Мінскі Савет, абраны яшчэ да прыходу сав. войск, абвясціў пра аднаўленне сав. улады. Але фактычна ўлада была сканцэнтравана ў руках ВРК, створанага армейскім камандаваннем. Мінскі ВРК устанавіў кантроль над дзейнасцю паліт. партый, якія арыентаваліся на Раду БНР, што вымусіла частку Рады пакінуць Мінск і пераехаць у Гродна, дзе яна спрабавала стварыць органы мясц. улады. У Гродне члены Рады БНР на нарадзе 21.12.1918 утварылі Савет дзярж. абароны на чале з Ластоўскім. Яму былі перададзены 1-ы Бел.пях. полк, Асобны пях. батальён, Гродзенская камендатура і Бел. гусарскі эскадрон. Яны павінны былі абараняць БНР, аднак зрабіць гэтага не змаглі, бо ў напрамку Гродна пачалі наступаць польскія легіянеры. Эсэраўская фракцыя, якая знаходзілася ў Мінску, у хуткім часе была ізалявана, і яе дзейнасць спынена. Да лют. 1919 часці Зах. арміі замацаваліся на лініі Вільня—Ліда—Слонім—р. Шчара—Агінскі канал—Сарны. 23.12.1918 ВЦВК прыняў рашэнне пра захаванне «Заходняй камуны» (Зах. вобласці) і канчаткова вызначыў яе тэрыторыю ў складзе Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ. Рашэннем ВЦВК яна атрымала статус адм.-гасп. самастойнасці ў межах РСФСР.
Утварэнне БССР. Пад уздзеяннем паліт. працэсаў, што адбываліся на Беларусі з сярэдзіны 1918, бел. партыі і арг-цыі, якія дзейнічалі на сав. тэрыторыі, выпрацавалі ідэю стварэння бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. Пра гэта было заяўлена на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве (17—22.7.1918). Такія ж дэкларацыі прыняты на 1-й канферэнцыі бел. і сав. партый летам 1918 у Петраградзе, на Усерас. канферэнцыі бел. секцый РКП(б) у Маскве (21—23.12.1918). 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. Новая арыентацыя ЦК РКП(б) у нац.-дзярж. будаўніцтве Беларусі была выклікана ўнутр. (існаванне абвешчанай БНР) і знешнім (тэр. прэтэнзіі да Сав. Расіі інш. дзяржаў, найперш Польшчы) фактарамі. У снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.Пілсудскі адкрыта заявіў, што польская дзяржава будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. землі. Імкненне кіруючых колаў Польшчы падтрымлівалі ўрады краін Антанты. БССР стваралася і як будучы плацдарм для наступлення сав. войск з мэтай падтрымкі сусв. пралетарскай рэвалюцыі. Для рэалізацыі парт. дырэктывы аб утварэнні БССР была склікана VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыя РКП(б). Яна прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай». Адначасова канферэнцыя пастанавіла перайменаваць Паўн.-Зах.абл. арг-цыю РКП(б) у Камуніст. партыю (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], было абрана Цэнтр. Бюро КП(б)Б. Па рэкамендацыі ЦК РКП(б) 31.12.1918 ЦБКП(б)Б зацвердзіла персанальны склад Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі на чале з З.Х.Жылуновічам (Ц.Гартным). 1.1.1919 урад апублікаваў Маніфест Часовага рабоча-сял.сав. ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Уся ўлада на тэр. Беларусі пераходзіла да Саветаў рабочых, сял. і салдацкіх дэпутатаў. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэр. Беларусі, асн. сродкі вытворчасці — агульнанар. здабыткам, адмяніў усе загады і распараджэнні акупац. улад, аб’явіў па-за законам Раду БНР. У выніку абвяшчэння БССРЗах. вобласць была скасавана, Аблвыкамзах склаў свае паўнамоцтвы. 5.1.1919 сталіцай БССР стаў Мінск, куды і пераехаў урад рэспублікі. Паколькі пры абвяшчэнні БССР і стварэнні яе дзярж. органаў ЦК РКП(б) і I з’езд КП(б)Б кіраваліся толькі парт. дырэктывамі, узнікла неабходнасць надаць гэтым актам юрыд. аснову. Гэта павінен быў ажыццявіць Усебел. з’езд Саветаў, які меркавалася правесці ў пач.лют. 1919. Аднак у ходзе яго падрыхтоўкі палітыка бальшавіцкага кіраўніцтва адносна бел. дзяржаўнасці змянілася. Хоць БССР і была абвешчана суверэннай дзяржавай, ваенна-паліт. і сац.-эканам. абставіны не спрыялі ўмацаванню яе незалежнасці. Яе тэрыторыя яшчэ не была цалкам вызвалена ад герм. войск, а ўжо рэальнай станавілася інтэрвенцыя з боку Польшчы. У снеж. 1918 камандуючы аб’яднанымі войскамі краін Антанты маршал Ф.Фош запатрабаваў ад герм. камандавання забяспечыць свабодны пропуск польскіх войск у напрамку Гродна і далей на У. Гэта і прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва адмовіцца ад сваёй першапачатковай задумы. Вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыд. афармлення БССР прадвызначылі скасаванне Бел. рэспублікі.
Утварэнне Літоўска-Беларускай ССР. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне ўключыць Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губ. ў склад РСФСР, а на аснове Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. абвясціць Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Літбел). Прапаноўвалася ідэя стварэння больш устойлівай буфернай дзяржавы, якую бальшавіцкае кіраўніцтва разлічвала выкарыстаць для адмежавання РСФСР ад Польшчы з мэтай прадухілення адкрытай вайны з ёю, а таксама для падаўлення ініцыятывы бел. і літ. нац.-дэмакр. партый, якія выступалі за прызнанне незалежнасці БНР і Літ. Рэспублікі. I Усебел. з’езд Саветаў у Мінску (2—3.2.1919) не заняў цвёрдай пазіцыі ў захаванні бел. дзяржаўнасці, а па прапанове Я.М.Свярдлова прыняў рашэнне пра аб’яднанне БССР з Літ. ССР, якое адбылося ў канцы лют. 1919. Аб’яднаўчы з’езд кампартый Літвы і Беларусі, які адбыўся 4—6.3.1919, прыняў рашэнне аб стварэнні Камуніст. партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ]. Старшынёй ЦВК новай дзярж. структуры са сталіцай у Вільні стаў К.Г.Ціхоўскі, а СНК узначаліў В.С.Міцкявічус-Капсукас.
Негатыўныя тэндэнцыі палітыкі «ваеннага камунізму» на Беларусі найперш выявіліся ў адносінах да сялянства. Значная яго частка (гал.ч. заможная) пры перавыбарах валасных Саветаў была пазбаўлена выбарчых правоў, якія даваліся толькі батракам і малазямельным сялянам. Па ўказанні ЦК КП(б)ЛіБпарт. і сав. органы, абапіраючыся на «Палажэнне аб сацыялістычным землеўпарадкаванні і аб мерах пераходу да сацыялістычнага земляробства» (прынята ВЦВК 13.12.1919), адмовіліся надзяляць працоўных сялян канфіскаванай памешчыцкай зямлёй. За карыстанне ёй яны аддавалі 1/2 частку ўраджаю, а па харчразвёрстцы ў іх забралі ўсе «лішкі» прадукцыі. Для барацьбы з антысав. выступленнямі ствараліся працоўныя лагеры для «ворагаў рэвалюцыі», уведзены інстытут заложнікаў. Рашэнне ЦК КП(б)ЛіБ ад 9.5.1919 аб магчымым прыцягненні меншавікоў, рас. эсэраў, яўр. сацыялістаў да гасп. і культ. будаўніцтва не распаўсюджвалася на бел.дэмакр. партыі, супраць якіх праводзілася палітыка ізаляцыі і падаўлення іх ініцыятывы.
Акупацыя Беларусі польскімі войскамі. Вясной 1919 пачалося наступленне на Беларусь польскіх войск, якое ажыццяўлялася па 3 напрамках: Вільня—Ліда—Маладзечна, Баранавічы—Мінск, Кобрын—Пінск. У сак. 1919 яны захапілі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Супраць польскіх войск змагалася Зах. армія, перайменаваная Рэўваенсаветам РСФСР 13.3.1919 у Бел.-Літ. армію.
Асн. сілы Чырв. Арміі накіроўваліся на Усх. фронт, які бальшавіцкі ўрад лічыў галоўным. СНК Літбел не змог арганізаваць эфектыўнае супраціўленне польскім войскам. Барацьба супраць польскіх войск на Беларусі была аслаблена і інш. прычынамі. Сялянства, за выключэннем бяднейшай яго часткі, не падтрымлівала палітыку «ваеннага камунізму», у розных формах аказвала супраціўленне яе ажыццяўленню; адпраўка мабілізаваных з Беларусі на Усх. фронт супраць войск А.В.Калчака ўзмацняла антыбальшавіцкія настроі сярод сялян і чырвонаармейцаў. На хвалі сял. абурэння ўзнікалі частыя мяцяжы, якія праяўляліся гал.ч. у паласе Зах. фронту. Працягам іх стала Стракапытаўскае паўстанне 24—29.3.1919 у Гомелі, падаўленае аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР. Аднак успышкі лакальных сял. выступленняў працягваліся да восені 1919. Польскае камандаванне рыхтавалася да новага этапу вайны. 15.4.1919 у Гродне быў заключаны тайны польска-герм. дагавор, паводле якога польскія легіянеры атрымалі доступ у Гродзенскі ўмацаваны раён. Гэтым польскі генштаб забяспечыў абарону леваму флангу сваіх войск, якія разгортвалі наступленне на Вільню. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, 21.4.1919 — Вільню. Расцэньваючы захоп сталіцы Літбела як ваен. дзеянні супраць сав. краіны, урад РСФСР перарваў перагаворы з прадстаўніком Польшчы ў Маскве А.Вянцкоўскім. 25.4.1919 польскаму боку заяўлена, што РСФСР гатова аднавіць «перагаворы аб пагадненні, як толькі ваенныя дзеянні супраць савецкіх рэспублік будуць спынены». Урад Польшчы пакінуў без увагі гэтыя прапановы. Пасля перагрупоўкі сваіх войск польскае камандаванне ў маі 1919 перайшло да больш актыўных дзеянняў. 26.5.1919 легіянеры занялі чыг. ст. Залессе, чым стварылі сур’ёзную пагрозу для Маладзечна і Мінска. У сувязі з такім ваенна-паліт. становішчам 1.6.1919 у Маскве прынята рашэнне пра перадачу паўнамоцтваў бальшавіцкіх урадаў Украіны, Літбела і Латвіі ўраду РСФСР; Бел.-Літ. армія перайменавана ў 16-ю армію. Польскія войскі 8.8.1919 занялі Мінск, да 28.8.1919 сав. часці пакінулі Бабруйск і адышлі на левы бераг Бярэзіны. У вер. 1919 польскае камандаванне часова прыпыніла рух сваіх войск на ўсход; сав.-польскі фронт стабілізаваўся па лініі ад Дзвінска па р.Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці.
Стабілізацыя на Зах. фронце была абумоўлена ваенна-стратэг. разлікамі польскага камандавання. Пілсудскі пайшоў на перагаворы з урадам РСФСР, каб аблегчыць камандаванню сав. войск разгром у кастр.—ліст. 1919 арміі А.І.Дзянікіна пад Арлом і Варонежам. У выніку перагавораў падпісана часовае перамір’е. Урад РСФСР, які імкнуўся да ліквідацыі сав.-польскага канфлікту, згаджаўся на перадачу Польшчы бел. зямель да р. Бярэзіна (па лініі сав.-польскага фронту). Прыхільнікі Пілсудскага, хоць і былі задаволены такімі ўступкамі, з-за пазіцыі Антанты не жадалі ўступаць у афіц. перагаворы з сав. урадам. Абодва бакі скарысталі перамір’е для падрыхтоўкі да новага этапу вайны, якая несла бел. народу новыя цяжкасці і нягоды. Пачынаючы наступленне на Беларусь, Пілсудскі 22.4.1919 у звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» абяцаў даць насельніцтву свабоду і магчымасці для ўнутр.паліт. развіцця ў вырашэнні сваіх нац. і рэліг. спраў. Свае экспансіянісцкія задумы ён спрабаваў замаскіраваць т.зв. федэралісцкай канцэпцыяй, сутнасць якой у стварэнні самастойных бел., укр. і літ. дзяржаў у падначаленні Польшчы. На самай справе прыхільнікі Пілсудскага мелі на мэце ператварэнне бел. зямель у неад’емную частку Польшчы. Нягледзячы на відавочную агрэсіўнасць польскіх кіруючых колаў адносна Беларусі, шмат лідэраў бел.с.-д. партый паверылі Пілсудскаму і спадзяваліся, што ён дапаможа ім рэалізаваць бел.нац.дзярж. ідэю. Але гэтыя імкненні не падтрымлівалі кіраўнікі БПС-Р і БПС-Ф, якія арыентаваліся на Раду БНР, хоць яе дзейнасць была ўжо паралізавана. Сваю незадаволенасць палітыкай Польшчы на Беларусі яны адкрыта выказалі на Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны ў Вільні (9—10.6.1919). Нягледзячы на гэта, Пілсудскі і яго прыхільнікі рабілі ўсё, каб з’езд падтрымаў ідэю далучэння Беларусі да Польшчы. Але пад уздзеяннем дэлегатаў-эсэраў з’езд выказаўся за ўтварэнне літ.-бел. дзяржавы ў межах б.ВКЛ. Бел. эсэры заявілі, што яны рашуча адмяжоўваюцца ад польскай арыентацыі і будуць абараняць нац. інтарэсы бел. народа. Яны нагадалі дэлегатам рашэнне Усебел. з’езда, які яшчэ ў снеж. 1917 выказаўся за ўстанаўленне рэсп. ладу ў Беларусі. Ідэю рэспублікі, лічылі бел. эсэры, можа ажыццявіць толькі Працоўны кангрэс, які павінен быць абраны на аснове ўсеаг. выбарчага права ўсімі працоўнымі Беларусі. Такім чынам бел. эсэры рабілі крок насустрач бальшавікам, якія лічылі, што гэты кангрэс і ўвогуле ўсе формы парламентарызму несумяшчальныя з задачамі сацыяліст. рэвалюцыі. 11.7.1919 ЦК БПС-Р у газ. «Беларуская думка» апублікаваў дэкларацыю, дзе заклікаў усе паліт. партыі і арганізацыі да аб’яднання і ўтварэння агульнага фронту за вызваленне Беларусі.
Пасля таго як Мінск у жн. 1919 быў заняты польскімі войскамі, Часовы Бел.нац.к-т (ЧБНК), дзейнасць якога накіроўвала БСДП, узяў курс на супрацоўніцтва з польскай акупац. адміністрацыяй — Грамадз. упраўленнем Усх. зямель пры гал. камандаванні польскай арміі (ген. камісар Е.Асмалоўскі). На акупіраванай тэр. Літбела былі ўтвораны Брэсцкая, Валынская, Віленская і Мінская акругі, кожная з якіх падзялялася на паветы і гміны. Улада ў іх належала польскай акупац. адміністрацыі, беларусы ў органы кіравання не дапускаліся. Тым не менш лідэры БСДП спадзяваліся, што польскі сейм выкажа зацікаўленасць да «беларускага пытання». Сярод яго дэпутатаў выявіліся 2 тэндэнцыі: правыя адстойвалі ідэю інкарпарацыі зямель б.ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай, Польская сацыяліст. партыя (ППС) выступала прыхільніцай ідэі уніі (федэрацыі) Беларусі, Літвы і Украіны з Польшчай. З надзеяй на дапамогу ППС бел. сацыял-дэмакраты заявілі аб сваёй прапольскай арыентацыі.
Іх лідэр, старшыня Рады Нар. міністраў БНР А.І.Луцкевіч, уступіў у перагаворы з прэм’ер-міністрам Польшчы І.Падарэўскім аб прызнанні БНР і дамагаўся ад польскай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 дапамогі ў «развязванні беларускага пытання». У вер. 1919 Луцкевіч запрошаны ў Варшаву, дзе ён пагадзіўся на заключэнне уніі Беларусі з Польшчай, але пры ўмове прызнання польскім сеймам спачатку поўнай дзярж. незалежнасці Беларусі. Пілсудскі адмовіўся прызнаць незалежнасць БНР і аддаў загад распусціць Раду БНР, а Луцкевіча інтэрніраваць. Аднак пры садзеянні ППС Луцкевіч быў вызвалены, а Радзе БНР дазволена правесці сесію. Польскі бок згадзіўся і на арганізацыю бел. войска. 22.10.1919 Пілсудскі зацвердзіў дэкрэт аб сфарміраванні бел. батальёнаў, была створана Бел. вайсковая камісія (БВК). Галоўнакаманд. арміяй прызначаны Г.Канапацкі. Анексіянісцкая палітыка кіруючых колаў Польшчы выклікала супраціўленне бел. народа, таму бел.паліт. рух, сярод якога пачала выяўляцца апазіцыя да польскіх акупац. улад, пачаў мяняць сваю арыентацыю. На чале яе былі бел. эсэры. У вер. 1919 кіраўніцтва БПС-Р заявіла, што ідэю дзяржаўнасці Беларусі можа здзейсніць толькі Працоўны кангрэс, абраны на аснове ўсеаг. выбарчага права ўсімі працоўнымі слаямі бел. народа. У яго складзе не павінна быць прадстаўнікоў буржуазіі, памешчыкаў, духавенства. Робячы ўступкі бальшавікам, бел. эсэры выказаліся за стварэнне бел. працоўнай нар. рэспублікі. У кастр. 1919 ЦК БПС-Р заклікаў усе паліт. партыі антыпольскага лагера стварыць «агульны фронт», які павёў бы барацьбу за вызваленне Беларусі. Выявіўшы схільнасць да супрацоўніцтва з бальшавікамі ў барацьбе з польскімі акупантамі, БПС-Р заняла рэзка негатыўную пазіцыю ў адносінах да паліт. сіл, схільных да супрацоўніцтва з польскай акупац. адміністрацыяй (БСДП і інш.). Вострая паліт. барацьба разгарнулася на сесіі Рады БНР у снеж. 1919 у Мінску. Дазволіўшы яе скліканне, польскія правячыя колы меркавалі, што пад уплывам іх прыхільнікаў будзе прынята дэкларацыя аб «уніі Беларусі з Польшчай». Аднак яны недаацанілі паліт. ўплыў бел. эсэраў, якія адкрыта асудзілі гаспадаранне польскай акупац. адміністрацыі на Беларусі і выказаліся за падтрымку 3-й Устаўнай граматы аб незалежнасці БНР. Захапіўшы ініцыятыву на сесіі, фракцыя бел. эсэраў дамаглася перавыбрання Рады БНР, якая зацвердзіла новы склад урада на чале з Ластоўскім. Гэта выклікала рэпрэсіі польскіх улад. БПС-Р вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Члены ўрада і прэзідыума эсэраўскай Рады перабраліся ў Літву. Прыхільнікі польскай арыентацыі стварылі Найвышэйшую Раду, якая падтрымлівала ўрад БНР на чале з А.І.Луцкевічам. Зменены паліт. курс бел. эсэраў наблізіў іх да камуністаў. У снеж. 1919 у Смаленску адбылася нарада прадстаўнікоў гэтых -партый. У падпісаным абодвума бакамі дагаворы адзначалася, што камуністы і эсэры бяруць на сябе абавязак абараняць сац. і нац. інтарэсы бел. народа.
Сутнасць палітыкі Польшчы ў адносінах да Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва арг-цыі «Страж крэсова», якая ў 1919—20 абараняла інтарэсы польскіх памешчыкаў, вяла барацьбу за далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх», г. зн. бел., літ. і ўкр. зямель. У запісцы гаварылася, што «канчатковым вынікам польскай палітыкі ў Беларусі павінна з’явіцца далучэнне апошняй да Польшчы на аснове аўтаноміі». Згодна з гэтай палітыкай дзейнічаў польскі ўрад.
Урад РСФСР неаднойчы прапаноўваў ураду Польшчы мірны шлях урэгулявання ўсіх спрэчных тэр. пытанняў. Не атрымаўшы згоды, 19.2.1919 быў створаны Зах. фронт, а 8.4.1919 Літ.-Бел. ССР аб’яўлена на ваен. становішчы. 19.4.1919 ЦВК і СНК Літбела стварылі на чале з Міцкявічусам-Капсукасам Савет абароны, які ажыццяўляў ваен. і цывільную ўладу на тэр. рэспублікі. Вял. значэнне для арганізацыі адпору інтэрвентам мелі прынятыя ў маі 1919 пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі аб неабходнасці ваенна-паліт. саюза, на аснове якіх ЦВК РСФСР прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні іх ваен. сіл. Да лета 1919 становішча на Зах. фронце значна ўскладнілася. У выніку бесперапынных 4-месячных баёў арміі Зах. фронту панеслі вял. страты. На 15.6.1919 іх асабовы склад не перавышаў 36 тыс.чал., войскі ж польскіх інтэрвентаў на гэтым фронце мелі больш за 96 тыс.чал. У выніку ў пач.жн. 1919 палякі занялі ўсю тэр.Літ.-Бел. ССР.
Партызанскі рух супраць польскіх акупантаў. Устаноўлены на Беларусі жорсткі акупац. рэжым выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва. У гарадах рэв. сілы кансалідаваліся вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал.паліт. сілай выступалі бел. эсэры. У канцы жн. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ утварыў спец.паліт. орган — Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў. Сувязь з камуніст.падп. арг-цыямі (аб’ядноўвалі каля 4 тыс.чал.) ажыццяўлялася праз спец. упаўнаважаных і сувязных. З іх дапамогай на акупіраваную тэр. дасылаліся зброя, прапагандысцкая л-ра, грашовыя сродкі. 3.9.1919 ЦК КП(б)ЛіБ вызначыў асн. кірункі падп. работы. Тэр. Літбела была падзелена на раёны: Тарыбскі (Ковенская і Сувалкаўская губ.), Заходні (Віленская і Гродзенская губ.) і Усходні (Мінская губ.). Перад камуніст. арг-цыямі Усх. раёна ставілася задача разгарнуць шырокі рэв. і партыз. рух, у Зах. раёне — збіраць сілы, весці паліт. работу сярод насельніцтва. Партыз. атрады, створаныя па ініцыятыве ЦК КП(б)ЛіБ, летам 1919 дзейнічалі ў франтавой зоне. У іх фарміраванні ўдзельнічалі армейскія органы і рэўкомы, а таксама сяляне. Іх арганізатарамі выступалі найб.рэв. элементы, якія мелі ваен. падрыхтоўку ці вопыт барацьбы супраць герм. акупантаў. У канцы 1919 створана шырокая сетка партыз. атрадаў, якія абапіраліся на сял. дружыны самааховы і знаходзіліся пад кантролем бел. эсэраў. У снеж. 1919 дзейнічалі 43 партыз. атрады. Акрамя таго, было шмат партызан, не арганізаваных у атрады: яны жылі ў сваіх вёсках, займаліся сельскай гаспадаркай, а ў выпадку неабходнасці ўключаліся ва ўзбр. барацьбу. Існавалі таксама партызаны без пэўнай паліт. арыентацыі, якія дзейнічалі самастойна. Па меры разгортвання партыз. руху ЦК КП(б)ЛіБ зацвердзіў распрацаваны штабам Зах. фронту план арганізац. пабудовы партыз. фарміраванняў, паводле якога тэр. Літбела падзялялася на раёны з паўстанцкімі цэнтрамі — рэв. штабамі. Пад кіраўніцтвам паўстанцкага цэнтра ў раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія і дукорскія партызаны, атрады С.В.Гладкага, І.В.Маслыкі, А.Раманоўскага; у наваколлі мяст. Старыя Дарогі дзейнічалі атрады А.К.Паланейчыка, А.Таміловіча, І.Тышкевіча, Я.Якаўлева. Паўстанцкія цэнтры каардынавалі дзеянні партызан Слуцкага, Барысаўскага і Вілейскага пав.Напр., у Бабруйскім пав. пад кіраўніцтвам паўстанцкага цэнтра на чале з Ляўковым дзейнічалі 90 атрадаў і груп. Найб. буйны з іх — асобны партыз. батальён імя Бабруйскага рэўкома пад камандаваннем С.Л.Вілюгі (700 чал.). Ядро ўзбр. фарміраванняў БПС-2 складала «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Выступленні эсэраўскіх паўстанцкіх фарміраванняў супраць польскіх войск набылі рысы арганізаванага ваен. супраціўлення. Паступова ўсе паўстанцкія і партыз. атрады БПС-Р аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар.ваен. самаабарону (НВС), якая па сутнасці была зародкам бел.нац. арміі. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Бел.камуніст.арг-цыя (БКА), пад кіраўніцтвам якой дзейнічала шырокая сетка партыз. атрадаў. Яны з’яўляліся часткай нар. самааховы. У 1920 дзеянні партызан мелі больш арганізаваны характар. 19.1.1920 ЦК КП(б)ЛіБ па дакладзе В.Г.Кнорына прыняў разгорнутыя тэзісы, у якіх ставілася задача падрыхтоўкі ўсеаг. ўзбр. паўстання. Сумесныя дзеянні бальшавікоў і бел. эсэраў па стварэнні адзінага антыпольскага фронту далі станоўчыя вынікі. Кіраўніцтва БПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавала план узбр. паўстання і стварыла Бел. паўстанцкі к-т (БПК), які па сутнасці выконваў функцыі каардынуючага цэнтра партыз. руху на тэр. акупіраванай Беларусі. Бел. эсэры спадзяваліся ў далейшым на супрацоўніцтва з камуністамі ў справе стварэння бел. дзяржавы. Пытанне пра аднаўленне бел.сав. дзяржаўнасці знаходзілася пад кантролем кіраўнікоў сав. краіны. Працягваючы перагаворы з прадстаўнікамі Пілсудскага, упаўнаважаныя прадстаўнікі ўрада ў студз. 1920 пацвердзілі сваю прапанову пра магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (Полацк, р. Бярэзіна, ст. Пціч, раёны на У ад Ноўгарад-Валынскага да Камянец-Падольска — 300 км на У ад «Керзана лініі»). Аднак польскі ўрад разлічваў заняць усю Беларусь, Украіну, Літву і, падтрыманы Францыяй, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр.ваен. фарміраваннямі С.В.Пятлюры разгарнулі наступленне па ўсім сав.-польскім фронце, пачаўся новы этап вайны. На Беларусі яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл і слабага матэрыяльнага забеспячэння вымушана была адступіць на зыходныя пазіцыі. У сувязі з наступленнем польскіх войск 12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі. На польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З усх. Беларусі паводле парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.10.1920 паслана 1116 бальшавікоў. Паводле няпоўных звестак, у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны налічвалася больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. На Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела каля 40 тыс.чал. (каманд. П.А.Пятраеў); 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем. Асн. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву, часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. фронт — 1-я Конная армія (каманд. С.М.Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. Новае наступленне на Зах. фронце пачалося ў ліп. 1920. Скаардынаванае з партыз. дзеяннямі (6.7.1920 у падпарадкаванне Рэўваенсавета Зах. фронту перайшоў БПК), наступленне Чырв. Арміі паспяхова завяршылася. 11.7.1920 вызвалены Мінск, 14.7.1920 — Вільня. У канцы ліпеня 1920 Чырв. Армія выйшла да этнічных граніц Польшчы, і ваен. дзеянні разгарнуліся на яе тэрыторыі.
Аднаўленне Беларускай ССР. Новае ваенна-стратэг. становішча на Зах. фронце патрабавала вырашэння бел. пытання, аднак пошук шляхоў аднаўлення бел. дзяржаўнасці быў вельмі складаны. Асобныя кіраўнікі ЦК КП(б)ЛіБ (Кнорын, М.І.Калмановіч, І.І.Рэйнгольд і інш.) лічылі магчымым даць беларусам толькі культ.-нац. аўтаномію ў межах Мінскай губ. Такі пункт погляду не падзялялі беларусы-камуністы А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі і інш. Прымаючы пад увагу настрой нар. мас і патрабаванні бел.паліт. партый, ЦК КП(б)ЛіБ 6.7.1920 выказаўся за аднаўленне бел. дзяржаўнасці, якое падтрымаў і ЦК РКП(б). У выніку такога рашэння Мінскі губваенрэўком у канцы ліп. 1920 рэарганізаваны ў ВРК Беларусі. ЦК КП(б)ЛіБ прызнаў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БПС-Р, Бунда, БКА і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі», у якой канстатавалася, што БССР будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах працягу польска-сав. вайны БССР была адноўлена ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн.чал. насельніцтва). Гэта дэкларацыя была разлічана на нейтралізацыю апазіцыі і заспакаенне нар. мас. З гэтым не пагадзіўся ЦК БПС-Р, яго прадстаўнікі адмовіліся падпісаць гэты дакумент. Пачалася адкрытая барацьба паміж БПС-Р і КП(б)Б. У шэрагу валасцей і паветаў Беларусі эсэры дамагліся падтрымкі сваёй палітыкі. Аднак у абставінах польска-сав. вайны яны не здолелі рэалізаваць свае імкненні. Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але іх стомленасць і адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польскай арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі, нанесці ёй паражэнне ў Варшаўскай аперацыі і прымусіць яе адысці. 16.8.1920 польскія войскі перайшлі ў новае наступленне і занялі значную частку Беларусі. Сав. ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы з Польшчай аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога. Шляхам страты значнай часткі тэр. Беларусі і інш. рэгіёнаў бальшавікі змаглі ўтрымаць уладу. У выніку перамір’я Беларусь была падзелена на 2 часткі: усх. знаходзілася пад сав. кантролем, а зах. — пад польскім.
Польска-сав. вайна прынесла цяжкія выпрабаванні бел. народу. Жорсткі гвалт у адносінах да мясц. насельніцтва праяўлялі польскія інтэрвенты. На сав.тэр. Беларусі становішча пагаршалася палітыкай «ваеннага камунізму», якую ў 2-й пал. 1920 камуністы давялі да кульмінацыі, узяўшы курс на пашырэнне камандна-адм. метадаў кіравання (харчразвёрстка, забарона свабоднага гандлю і інш.). Гэта выклікала шырокае незадавальненне працоўных, асабліва сялян. Шмат хто з іх пацягнуўся ў рады «зялёных». На грунце матэрыяльных цяжкасцей пачаліся забастоўкі. У многіх месцах сяляне аказвалі супраціўленне як польскім, так і сав. войскам. Гэта сітуацыя падштурхнула ген.-м. С.Н.Булак-Балаховіча ў ліст. 1920 увесці на Беларусь свае атрады. Аднак яго Рус.нар. добраахвотніцкая армія (з рус. і бел. вайсковых часцей) у хуткім часе была разбіта сав. войскамі, адна яе частка адступіла на польскі бок фронту, другая была раззброена польскімі ўладамі. На канчатковым этапе грамадз. вайны гэта барацьба найб. яскрава праявілася ў Слуцкім паўстанні (ліст.—снеж. 1920). На працягу месяца слуцкія паўстанцы ўтрымлівалі ўладу ў 15 валасцях павета. Бальшавіцкаму рэжыму не адразу ўдалося падавіць узбр. выступленне часткі бел. інтэлігенцыі і сялянства. Толькі пасля дамоўленасці з прадстаўнікамі польскага ўрада сав. войскі ліквідавалі мяцеж. У гэты перыяд узнікла сял.паліт.арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс.чал. на тэр.БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Бел. эсэры падрыхтавалі ўзбр. паўстанне, аднак яно было сарвана. Бел.паліт. рух пацярпеў паражэнне. II Усебел. з’езд Саветаў (13.12.1920) падвёў вынікі сав. будаўніцтва ў БССР і ўхваліў папярэднія ўмовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор (18.3.1921) замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель. Да Польшчы адышла бел. тэрыторыя пл. 108 тыс.км² з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. (гл.Заходняя Беларусь). За БССР захаваліся толькі 6 паветаў Мінскай губ. — Мінскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі (1,6 млн.чал.); Віцебская і Гомельская губ., а таксама зах. паветы Смаленскай губ. заставаліся ў складзе РСФСР.
Літ.:
Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году: (Сб. док...). Мн., 1947;
Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;
Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;
Путем борьбы и труда. Мн., 1989;
Иностранная военная интервенция в Белоруссии, 1917—1920. Мн., 1990;
Наше Отечество: Опыт полит. истории. Т. 1—2. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1994 (рэпр, выд. 1921);
Михутина И.В. Польско-советская война 1919—1920 гг.М., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;
Ціхаміраў А.В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мн., 2003.
М.С.Сташкевіч.
Адукацыя, навука, культура ў 1914—20. У 1-ю сусв. вайну бел. інтэлігенцыя групавалася вакол арганізацый, якія апекаваліся бежанцамі. Так, у Мінску працаваў аддзел Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, праца якога напачатку зводзілася да арганізацыі прытулкаў, сталовак і працоўных месц; быў адкрыты клуб «Беларуская хатка». Інтэлігенцыя Зах. Беларусі ў час ням. акупацыі канцэнтравалася ў Вільні і групавалася вакол Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны. У склад яго к-та ўваходзілі І. і А.Луцкевічы, Я.Салавей, Ф.Аляхновіч, А.Пашкевіч (Цётка), В.Ластоўскі і інш. Прызнанне немцамі раўнапраўнага існавання бел. мовы побач з інш. мовамі, дазвол культ. дзейнасці і выдання газет на роднай мове мелі істотнае значэнне для абуджэння культ.-асв. працы. З лют. 1916 у Вільні пачала выходзіць газ. «Гоман» (рэд. Ластоўскі), якая да 1918 была адзіным бел. выданнем на тэр., акупіраванай герм. войскамі. Пачалі дзейнасць Бел. клуб, пры якім існаваў аматарскі тэатр, бел.б-ка, кнігарня, каап.т-ва «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», выдаваліся падручнікі і школьная л-ра.
Падзеі Лют. рэвалюцыі 1917 парадзілі ў асяроддзі бел. інтэлігенцыі спадзяванні на магчымасць здзяйснення адм. і культ. аўтаноміі Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 творчая інтэлігенцыя ўсх. Беларусі стаяла перад няпростым выбарам: супрацоўніцтва з сав. уладай, выезд за мяжу з надзеяй на хуткае вяртанне, адкрытае супраціўленне палітыцы бальшавікоў. Жорсткія сац. канфлікты вымушалі творчую інтэлігенцыю думаць і пра свой лёс, і пра лёс Радзімы. У новых грамадска-паліт. умовах культуры адводзілася прагматычная роля, у яе аснову ставіўся не мастацкі, а класавы падыход. Яна стала аб’ектам дзярж. ўздзеяння. Бел.нац. сілы гуртаваліся вакол Бел.сацыяліст. грамады, урада БНР і Бел.нац. камісарыята (Белнацкома). Так, дзеячамі БНР у 1918 у перыяд акупацыі герм. войскамі зах. часткі Беларусі адкрыта 89 бел. школ, настаўніцкія курсы ў Вільні і настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Выдаваліся газ. «Гоман», «Беларус», час. «Варта» і інш. Заснаваны шэраг выдавецтваў, бюро для падрыхтоўкі падручнікаў, Бел.навук.т-ва ў Вільні, бел.б-ка і кнігарня, курсы беларусазнаўства, муз. школа, тэатр. трупы, каталіцкая духоўная семінарыя. Культ.-асв. арг-цыі ладзілі для жыхароў гарадоў, мястэчак і вёсак бел. спектаклі, канцэрты. Пасля абвяшчэння БНРНар. сакратарыят прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы.
У лют. 1918 пры Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР быў створаны Белнацком, які напачатку працаваў у Петраградзе, з сак. 1918 — у Маскве. Камісарыят меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Сярод яго супрацоўнікаў былі А.Чарвякоў, А.Грыневіч, І.Дварчанін, К.Душэўскі, З.Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Канчар, Б.Тарашкевіч, Ф.Турук, Ф.Шантыр і інш. Белнацком вёў актыўную паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр.Сав. Расіі, клапаціўся пра бежанцаў, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў 1-ю сусв. вайну, адкрываў бел. школы, клубы («Беларус» у Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе), заснаваў у Маскве Бел.нар.ун-т, садзейнічаў узнікненню культ.-асв. і навук. т-ваў, выдаваў газеты і часопісы. Друкаваным органам камісарыята была газ. «Дзянніца» (рэд. З.Жылуновіч), якая выходзіла ў Маскве і з’яўлялася першай сав. газетай на бел. мове (выйшла 49 нумароў), Петраградскае аддзяленне выдавала час. «Чырвоны шлях», «Белорусская криница». Пасля скасавання Белнацкома яго культ.-асв. аддзелы пераўтвораны ў Бел. пададдзел аддзела асветы нац. меншасцей Нар. камісарыята асветы РСФСР. Пададдзел прымаў удзел у падрыхтоўцы адкрыцця БДУ у Мінску, Бел.драм. студыі ў Маскве.
Рэв. перамены выклікалі энтузіязм не толькі сярод часткі гар. і правінцыяльнай інтэлігенцыі, але і ў асяроддзі навучэнцаў розных навуч. устаноў. Узнікла вял. колькасць культ.-асв. т-ваў і суполак, якія ставілі за мэту выхаванне самасвядомасці беларусаў, гуртаванне іх вакол ідэі нац. вызвалення, вывучэнне бел. гісторыі, эканомікі і культуры, прапаганду бел. літаратуры і мастацтва, дапамогу бел.нац. руху і пашырэнне яго на нар. слаі. Арганізацыі звычайна мелі харавыя і драм. гурткі, стваралі ў паветах маладзёжныя гурткі, б-кі, праводзілі вечарыны, гутаркі. Дзейнічалі мінскія бел. вучнёўская грамада і навукова-пед.т-ва, т-ва «Папараць-кветка» (створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі), беларускія секцыя студэнтаў Горацкага с.-г. ін-та, культ.-асв.т-ва ў Бабруйску, вучнёўскі гурток «Асвета» ў Магілёве, культ.-асв. гурток «Прасвета» пры Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Грамада бел. моладзі ў Гродне, Бел. студэнцкі саюз пры Віленскім ун-це і інш.
Культ.-асв. дзейнасць бальшавікоў была скіравана на выхаванне працоўных у духу марксісцкай ідэалогіі. З 1918 для працы сярод насельніцтва ствараліся агітац. пункты, якія распаўсюджвалі л-ру, арганізоўвалі мітынгі, лекцыі, ставілі агітп’есы і інш. Аднымі з цэнтраў масава-паліт. і культ.-выхаваўчай работы станавіліся клубы, якія павінны былі дапамагаць бальшавіцкай партыі ў правядзенні яе палітыкі, мабілізацыі працоўных на рашэнне ваен. і гасп.-паліт. задач. Пры клубах працавалі гурткі (харавыя, драматычныя, ліквідацыі непісьменнасці), б-кі, дзе таксама праводзіліся лекцыі, даклады, мітынгі. З гэтай жа мэтай у паветы, воласці і вёскі пасылалася вял. колькасць агітатараў.
За 1914—16 колькасць школ у межах Гродзенскай губ. скарацілася на 63%, Мінскай — на 40%, Магілёўскай — на 28%, Віцебскай — на 22%. Будынкі адукац. устаноў займалі вайск. часці, іх маёмасць і інвентар рабаваліся. З наступленнем ням. войск восенню 1915 паводле загаду рас. улад з тэр. Беларусі ўглыб Расіі эвакуіравана больш за 200 навуч. устаноў — пераважна гімназіі, прагімназіі, рэальныя вучылішчы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Значная частка іх пасля заканчэння ваен. дзеянняў і рэв. падзей не была рээвакуіравана на радзіму, хаця праблема ліквідацыі непісьменнасці і арганізацыі школьніцтва стаяла надзвычай востра. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сферы адукацыі былі зняты нац., паліт. і рэліг. абмежаванні. У 2-й пал. 1917 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі ўзніклі першыя асяродкі нац. адукацыі: Слуцкая земская (беларуская) гімназія, бел. пачатковыя школы ў Мінску, у Ігуменскім пав. і інш. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 на ўсх.тэр. Беларусі пачаўся працэс саветызацыі сістэмы адукацыі, які на Міншчыне двойчы перапыняўся герм. і польскай акупацыяй. 16.10.1918 дэкрэтам ВЦВК зацверджаны Дэкларацыя і Палажэнне аб адзінай працоўнай школе. Папярэдні падзел школ (каля 30 тыпаў, якія належалі да 17 ведамстваў) скасоўваўся, уводзілася адзіная школа з падзелам на 2 ступені: 1-ю (5 гадоў навучання) — для дзяцей 8—13 гадоў і 2-ю (4 гады навучання) — 13—17 гадоў. Абвяшчалася права на адукацыю на роднай мове. З навуч. планаў былі выключаны стараж. мовы, Закон Божы, уведзены грамадска-паліт. дысцыпліны, пашыралася выкладанне прыродазнаўчых прадметаў. Навучанне стала бясплатным, незабяспечаным дзецям дзярж. органы павінны былі аказваць матэрыяльную дапамогу (бясплатныя сняданкі, адзенне, абутак, грашовая падтрымка). У школе былі адменены адзнакі, атэстаты, экзамены, выкладанне замежных моў лічылася факультатыўным, школьныя дырэктары і настаўнікі выбіраліся, а контррэвалюцыйна настроеныя выкладчыкі, незалежна ад іх прафес. якасцей, да работы з вучнямі не дапускаліся. Спрасцілася працэдура паступлення ў ВНУ. Ужо ў 1918 у Віцебскай і Магілёўскай губ. быў адкрыты шэраг прафес.-тэхн. школ і курсаў. У 1919 па ініцыятыве Рас.камуніст. саюза моладзі ў шэрагу прамысл. цэнтраў створаны школы рабочай моладзі, з 1920 арганізоўваліся школы фабрычна-заводскага навучання. Паявіліся навуч. ўстановы новага тыпу — рабочыя ф-ты, сав.парт. школы, камуніст. ун-ты. Са снеж. 1917 да лют. 1918 у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. адкрыта больш за 2,3 тыс. пачатковых школ. Паводле дэкрэта СНК «Аб ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва РСФСР» ад 26.12.1919 усе грамадзяне ад 8 да 50 гадоў, якія не ўмелі чытаць і пісаць, абавязаны былі навучацца грамаце на роднай або рус. мове (па жаданні). Вучобу дарослага насельніцтва вялі школы граматы, пункты ліквідацыі непісьменнасці, што ствараліся пры б-ках, чырв. кутках, клубах, хатах-чытальнях, на прадпрыемствах. У ліп. 1920 пры Наркамаце асветы створана Усерас. надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У яе задачы ўваходзілі: падрыхтоўка кадраў выкладчыкаў, выпуск навуч. дапаможнікаў, арганізацыя школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнне кароткатэрміновых курсаў па падрыхтоўцы настаўнікаў для дарослых. Члены камісіі валодалі надзвычайнымі паўнамоцтвамі: маглі прыцягваць у парадку працоўнай павіннасці да работы па ліквідацыі непісьменнасці патрэбных асоб і іх, патрабаванні павінны былі выконвацца тэрмінова і безагаворачна. За першы год працы камісія выдала 39 відаў буквароў (для дарослых, чырвонаармейцаў, нац. школ і інш.). Настаўніцкія ін-ты, што існавалі на тэр. Беларусі (у Віцебску, Магілёве, Мінску), у 1918/19 навуч.г. рэфармаваны ў пед. ін-ты. З мэтай падрыхтоўкі настаўнікаў для сав. школы на базе б. настаўніцкіх семінарый у 1919—20 адкрываліся 3- і 1-гадовыя пед. курсы. У 1919 аднавіў сваю дзейнасць Горацкі с.-г.ін-т, у 1920 на базе Бел. палітэхнікума адкрыты Мінскі політэхн.ін-т.
У зах. частцы Беларусі, якая апынулася пад ням. акупацыяй, з канца 1915 фарміравалася новая сістэма адукацыі, што падпарадкоўвалася загадам галоўнакамандуючага Усх. фронтам і Упраўленню па ўсх. тэрыторыях. На аснове дырэктыў і інструкцый па арганізацыі школьніцтва ў пачатковых класах забаранялася выкладанне на рус. мове, уводзілася навучанне на родных мовах з абавязковым вывучэннем нямецкай. Школьныя падручнікі і навуч. дапаможнікі падлягалі цэнзуры, выкарыстанне ранейшай рус.навуч. л-ры забаранялася. Хаця фармальна школы знаходзіліся ў кампетэнцыі нац. грамадскіх арг-цый (школьнай камісіі Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, польскага Адукац.к-та і інш.), уся школьная дзейнасць вялася пад жорсткім кантролем ням.акупац. адміністрацыі. Зацвярджэнне настаўнікаў у школы адбывалася паводле загаду начальніка раёна. Ад педагогаў патрабавалася выхоўваць і вучыць дзяцей «у духу паслухмянасці законам рэйха, павагі да германскіх улад і ўзброеных сіл». За антыгерм. прапаганду ў школе ці непадпарадкаванне загадам ням. адміністрацыі пагражаў арышт ці штраф. Нешматлікія сярэднія навуч. ўстановы і прафес.-тэхн. школы на акупіраванай тэрыторыі ў большасці не фінансаваліся ням. ўладамі і ўтрымліваліся на сродкі грамадскіх арг-цый. На Віленшчыне і Гродзеншчыне ў гэты час створана каля 150 бел., больш за 300 польскіх, дзесяткі яўр., літ. і ням. школ, дзейнічалі нац. гімназіі, настаўніцкія курсы і семінарыі. Польскія «крэсовыя» арг-цыі пры падтрымцы касцёла арганізоўвалі т.зв. парафіяльныя польскамоўныя школы, якія служылі сродкам паланізацыі дзяцей беларусаў-католікаў. З пашырэннем ням. акупацыі зімой 1918 на цэнтр. частку Беларусі акупац. ўлады на новых захопленых тэрыторыях фактычна не ўмешваліся ў сферу адукацыі, якая знаходзілася пад наглядам органаў мясц. самакіравання (земстваў, гар. і валасных упраў) і грамадскіх арг-цый.
Ва ўмовах польскай акупацыі Беларусі ў галіне адукац. палітыкі адбылася дэсаветызацыя школ, аднаўленне ранейшых форм навуч. устаноў (элементарная школа — вышэйшая элементарная школа або прагімназія — гімназія). На захопленых тэрыторыях адсутнічала цэласная праграма па арганізацыі школьнай справы, гвалтоўна насаджалася польская адукацыя, закрываліся бел. і рускамоўныя школы, чыніліся перашкоды ў адкрыцці новых няпольскіх адукац. устаноў. Тым не менш, дзякуючы дзейнасці Мінскай бел. школьнай рады, Бел.цэнтр. школьнай рады, Часовага бел.нац.к-та і інш. грамадскіх арг-цый у гэты перыяд дзейнічала больш за 200 бел. пачатковых школ, 5 бел. гімназій, 3 бел. настаўніцкія курсы, Мінскі бел.пед.ін-т; выдадзена некалькі тысяч экзэмпляраў бел.навуч. л-ры, распрацаваны праграмы для нац. пачатковай школы. Значнае развіццё атрымала ў гэты час яўр. школьніцтва. У перыяд існавання Сярэдняй Літвы (1920—22) у межах Віленшчыны створана каля 200 бел. пачатковых школ.
Перыядычны друк розных партый стаў дзейсным сродкам у барацьбе за пашырэнне іх ідэй. Выдавалася вял. колькасць газет рознага кірунку, у т. л. рэгіянальныя «Минский курьер», «Витебский листок», «Крестьянское слово» (Магілёў), «Голос народа» (Гомель) і інш. У Мінску, Бабруйску, Мазыры і інш. населеных пунктах Беларусі выходзілі газеты Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Працягвалі дзейнасць бел. партыі, практычна кожная з іх мела свае друкаваныя выданні. Так, Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў выдавала «Беларускую думку» і інш. газеты; Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў — газ. «Бацькаўшчына»; Бел.сацыяліст. грамада — газ. «Грамада». Развіццё бел.нац. руху ў ходзе рэв. падзей 1917 абумовіла з’яўленне выданняў нац.-дэмакр. кірунку. У маі 1917 у Мінску створана Т-вабел. культуры, якое пачало выдаваць штотыднёвік «Вольная Беларусь» (рэд. Я.Лёсік). Бальшавікі свае мерапрыемствы прапагандавалі і папулярызавалі таксама праз сродкі масавай інфармацыі. 27.7(9.8).1917 у Мінску стала выходзіць на рус. мове газ. «Звезда», у студз. 1919 на бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай мовах выдавалася афіц.газ. «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі». 1.2.1920 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газеты на бел. мове «Савецкая Беларусь». Ствараўся ваен. друк, задачамі якога былі паліт. выхаванне малаадукаваных у асн. сваёй масе чырвонаармейцаў, ператварэнне іх у барацьбітоў за сав. ўладу. Ваен. выдавецтвы выпускалі газеты, шматтыражкі, насценгазеты, брашуры, плакаты, адозвы, рабілі сатырычныя і літ.-маст. выпускі. З сярэдзіны 1918 пачалі выходзіць мясц. газеты і бюлетэні — губ. і акруговых ваен. камісарыятаў. З 1919 на франтах, у дзеючых арміях, шэрагу дывізій меліся свае выданні. З-за цяжкіх умоў газеты часта існавалі нядоўга, аб’ядноўваліся, мянялі назвы; іх тыраж і рэгулярнасць выхаду залежалі ад становішча на фронце. Вял. ўвага аддавалася прапагандзе подзвігаў чырвонаармейцаў, былі створаны рубрыкі па навучанні апошніх ваен. справе. Выходзілі спец. газеты, мэтай якіх была арганізацыя партыз. руху. Напр., газ. «Белорусская правда», якая распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэр., акупіраванай польскімі войскамі, змяшчала інфармац.-інструктарскія матэрыялы («Як арганізаваць партызанскі атрад», «У лясы» і інш.). Агітац. кірунак газеты дапаўняўся звесткамі пра жорсткасць акупантаў і заклікамі да помсты. Выпускаліся друкаваныя насценгазеты, разлічаныя на малапісьменнага чытача. Іх асаблівасць — кароценькі тэкст, напісаны сціслымі фразамі, буйны шрыфт («Чырвонаармейская РОСТА»). Так, для ідэалаг. забеспячэння і падняцця баявога духу чырвонаармейцаў у час ліпеньскай аперацыі 1920 у польска-сав. вайну 1919—20 у Мінску выдавалася штодзённая насценгазета на бел. мове Захфронтроста «Работніцка-сялянская Беларусь» (рэд. З.Жылуновіч). Вял. ўздзеянне на псіхалогію людзей мелі плакаты, зразумелыя нават непісьменным (напр., «Ты записался добровольцем?»). Пачалі выдавацца і першыя сав.ваен. часопісы «Красноармеец», «Политработник». У час Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, ням. і польскай акупацый на тэр. Беларусі выдадзена больш за 3 млн.экз. лістовак, пераважна звароты да насельніцтва, дырэктыўныя дакументы сав. улады. Лістоўкі і газеты выпускалі і акупанты.
27.10(9.11).1917 СНК РСФСР зацвердзіў дэкрэт аб друку, у адпаведнасці з якім прадпрымаўся шэраг мер супраць нерэв. выданняў. У 1918—20 прыняты пастановы, згодна з якімі дзяржава брала пад кантроль усе папяровыя запасы і сама размяркоўвала іх па друкарнях і выдавецтвах. Да 1920 большасць прыватных і каап. выд-ваў з-за папяровага крызісу закрыліся. Існаванне апазіцыйных газет станавілася немагчымым. На аснове дэкрэта СНК РСФСР «Аб ахове бібліятэк і кнігасховішчаў» ад 21.7.1918 ва ўласнасць дзяржавы перайшлі буйныя б-кі прыватных асоб і ліквідаваных устаноў. 3.11.1920 У.І.Ленін падпісаў дэкрэт «Аб цэнтралізацыі бібліятэчнай справы ў РСФСР», згодна з якім б-кі розных наркаматаў і ўстаноў уключаліся ў адзіную бібліятэчную сетку і перадаваліся ў падпарадкаванне Галоўпалітасветы. У складзе пазашкольных пададдзелаў Саветаў выдзяляліся бібліятэчныя секцыі, пад кіраўніцтвам якіх ствараліся б-кі на месцах, у т. л. хаты-чытальні. Разгортвалася сетка бібліятэк-перасовак. Да канца 1920 у БССР адкрыта 445 б-к з кніжным фондам больш за 700 тыс. тамоў.
Спрыяльнымі для развіцця бел. л-ры былі абставіны, што склаліся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, калі з абвяшчэннем свабоды слова з’явілася магчымасць друкаваць творы на роднай мове. Аднак развіццю гэтага працэсу перашкаджалі ўмовы ваен. часу: бежанства, удзел літаратараў у баявых дзеяннях, праца ў арг-цыях дапамогі ахвярам вайны. Тым не менш, у гэты час з’явілася значная колькасць бел. мастацкіх, літ.-знаўчых і крытычных твораў, рабіліся пераклады, вялася праца па стварэнні ўласнай навук. і навуч. л-ры (гіст., геагр., сельскагаспадарчай). Два цэнтры бел.нац. руху Мінск і Вільня былі і літаратурнымі цэнтрамі. Існаванне значнай колькасці газет і часопісаў дазваляла часткова вырашыць праблему з выданнем твораў. Так, газ. «Гоман» (Вільня) друкавала творы Я.Купалы, Цёткі, М.Гарэцкага, А.Гурло, Ц.Гартнага, А.Гаруна, З.Бядулі і інш. У газ. «Вольная Беларусь» (Мінск) апублікаваны ўрыўкі з паэм Я.Коласа «Сымон-музыка» і «Новая зямля», яго апавяданні, вершы, п’есы. Газета друкавала таксама творы М.Багдановіча, З.Верас, І.Дварчаніна і інш. Творчасць бел. пісьменнікаў і паэтаў была прасякнута нар. духам, адлюстроўвала грамадскія настроі, выяўляла патрыят. пазіцыі аўтараў. Успрыняцце кастрычніцкіх ідэй у асяроддзі бел. літаратараў ішло даволі складана. Іх творчасць мела нярэдка апазіцыйны да бальшавікоў характар. Разам з тым бальшавіцкая ўлада вымушана была лічыцца з дасягненнямі бел. л-ры. Нар. камісарыят асветы БССР з вер. 1920 выдаваў літ.-крытычны штомесячнік «Вольны сцяг», у якім друкаваліся У.Ігнатоўскі, Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, М.Гарэцкі. У 1918 выдадзена «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча (паралельна кірыліцай і лацінкай), дзе ўпершыню вызначаны правапісныя нормы сучаснай бел. мовы. На аснове гэтай граматыкі пачалі друкавацца падручнікі па бел. мове інш. аўтараў. Працягвалі сваю працу гісторыкі М.Нікольскі, У.Пічэта, У.Ігнатоўскі, мовазнавец і этнограф Я.Карскі, этнограф і фалькларыст А.Сержпутоўскі. Выйшлі навуч. дапаможнікі «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.Ігнатоўскага, «Гісторыя беларускай літаратуры» М.Гарэцкага, «Геаграфія Беларусі» А.Смоліча.
Адной з форм палітыка-асв. працы ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 стала агітац.-масавае мастацтва. Асн. ролю ў ім адыгрывалі такія віды, як плакат, афармленне масавых свят і дэманстрацый, манументальныя і агітац.-дэкаратыўныя размалёўкі (лозунгі, тэматычныя і дэкаратыўныя пано), агітпараходы і агітцягнікі. Агітац.-масавую скіраванасць меў і ленінскі план манументальнай прапаганды. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 12.4.1918 «Аб помніках рэспублікі» да 1.5.1918 былі зняты або закрыты шэраг манархічных помнікаў. Спіс новых помнікаў, якія меркавалася паставіць на ўшанаванне памяці рэвалюцыянераў і прагрэсіўных дзеячаў усіх часоў і народаў (69 імён), зацверджаны СНК РСФСР 30.7.1918. Гал. цэнтрам маст. жыцця Беларусі быў Віцебск, дзе ў 1918 па розных прычынах і найперш таму, што горад знаходзіўся ў баку ад ваен. дзеянняў, апынуліся знакамітыя мастакі з Масквы, Петраграда і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве, як і ў літаратуры, барацьба ішла ў асн. па 2 кірунках: паміж прыхільнікамі традыцыйнай манеры жывапісу і «левымі», якія абвясцілі рэалізм устарэлым, панска-бурж. і заклікалі да поўнага яго адмаўлення. Вял. месца ў дзейнасці апошніх займала прапагандысцка-асв. праца, у якой пераважным кірункам быў т.зв. «рэвалюцыйны стыль». Яго прадстаўлялі мастакі Віцебска М.Шагал і К.Малевіч. Гал. творамі мастацтва з’яўляліся плакаты. Вядомымі былі творы гэтага жанру М.Шагала («Мір хацінам, вайна палацам»), Л.Лісіцкага («Клінам чырвоным бі белых»). Развівалася карыкатура (творы С.Юдовіна). У партрэтах і пейзажах Ю.Пэна, Я.Кругера, М.Станюты, В.Бялыніцкага-Бірулі працягваліся традыцыі рэалізму. Шмат бел. мастакоў знаходзіліся ў гэты час па-за межамі Беларусі: партрэтысты Я.Кругер — у Казані, В.Волкаў — у Пецярбургу, Г.Віер і А.Курбатаў афармлялі агітац. малюнкамі вагоны ваен. цягнікоў. На розных франтах ваявалі пейзажыст М.Дучыц, партрэтыст і скульптар А.Грубэ, партрэтыст і графік М.Гусеў, карыкатурыст К.Елісееў.
Перыяд 1914—20 звязаны са станаўленнем бел.прафес. тэатральнага мастацтва, стварэннем муз.навуч. устаноў у Беларусі. Бел. трупы ставілі спектаклі па творах Э.Ажэшкі «Хам» і «У зімовы вечар», п’есы Я.Купалы «Паўлінка», «У купальскую ноч», «Раскіданае гняздо», Ф.Аляхновіча «На вёсцы», «Бутрым Няміра», К.Каганца «Модны шляхцюк» і інш. З 1916 пры Бел. клубе ў Вільні працаваў аматарскі тэатр пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча. У Мінску ў крас. 1917 пачало дзейнасць 1-е бел.т-ва драмы і камедыі, створанае Ф.Ждановічам пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага, У.Галубка. Пасля заняцця Мінска бальшавікамі ў канцы 1918 з тэатраў Ф.Аляхновіча і Ф.Ждановіча створаны Бел. пралетарскі тэатр, які пазней стаў Бел.сав. тэатрам. 14.9.1920 аддзел мастацтва Наркамата асветы БССР адкрыў у Мінску Бел.дзярж.тэатр. Арганізоўваліся розныя тэатр. і муз. ўстановы і ў інш. гарадах Беларусі. У Віцебску працавалі 4 тэатры, тэатр. студыя, муз. школа, акруговы муз. аддзел, 2 сімф. і 5 духавых аркестраў. Развівалася маст. самадзейнасць. Напр., у Тураўлянскай вол. Полацкага пав. быў адкрыты Нар. дом, дзе сіламі мясц. інтэлігенцыі, рабочых і сялян пастаўлена 6 спектакляў. У 1918 створаны нар. кансерваторыі ў Віцебску і Гомелі, у 1919 — у Мінску. Гал. мэтай гэтых устаноў была папулярызацыя муз. мастацтва. Адкрываліся і муз. школы. Папулярнасцю карысталася кіно. У 1918 пачалі здымацца агітфільмы, якія адлюстроўвалі значныя моманты барацьбы на франтах, у гасп. і культ. будаўніцтве, тлумачылі актуальныя паліт. задачы, мабілізоўвалі народ на барацьбу з праціўнікамі бальшавікоў, інтэрвентамі, голадам, разрухай. Такія фільмы былі разлічаны на рабочых, сялян, чырвонаармейцаў і вызначаліся прастатой, лаканічнасцю, публіцыст. завостранасцю. У 1919 сав. ўлада нацыяналізавала кінематаграфічную прадукцыю і кінатэатры. Кіно ператваралася ў найважнейшы сродак прапаганды, ствараўся адпаведны рэпертуар, а для большага ахопу насельніцтва пачалі працу і кінаперасоўкі. Працягвалі дзейнасць музеі. Магілёўскі музей у 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царк.-археал. музеем, а з 1919 стаў Дзярж.гіст. музеем. 7.11.1919 у Гомелі на базе нацыяналізаваных калекцый кн. І.Ф.Паскевіча створана пастаянная музейная экспазіцыя. 20.1.1919 пачаў працу музей у Мінску. Аснову яго калекцый склалі ўцалелыя пасля вайны матэрыялы дарэв. музеяў Мінска. У канцы 1918 на базе калекцый краязнаўца А.Брадоўскага і музея Віленскага вайск. сходу (эвакуіраваны ў Віцебск у 1-ю сусв. вайну) заснаваны Віцебскі губ. музей, які пазней папоўнены матэрыяламі з калекцый А.Сапунова, Е.Раманава і прыватнага музея В.Федаровіча.
Рэв. і ваен. падзеі з іх велізарнымі матэрыяльнымі і людскімі стратамі, а таксама акупац. рэжымы парушылі пераемнасць у культ. развіцці грамадства, разам з тым выклікалі значны зрух у культ. жыцці на бел. землях, садзейнічалі ўздыму энтузіязму сярод бел.нац. дзеячаў, якія шмат зрабілі для развіцця культуры краю ў новых, вельмі складаных паліт., матэрыяльных і маральных абставінах. Беларусы заявілі пра сябе ў свеце, а бел. культура выявіла свой значны патэнцыял, які стаў добрым грунтам для культ. развіцця ў 1920-я г.
Літ.:
Народное образование в БССР: Сб. док. и материалов. Т. 1 (1917—1928 гг.). Мн., 1979;
Каменская Н.В. Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Мн., 1980;
Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. М., 1987;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. 1917—1941. Мн., 1990;
Ершова Э.Б. Исторические судьбы художественной интеллигенции Белоруссии (1917—1941). М., 1994;
Ляхоўскі У Пачатак тварэння беларускае нацыянальнае школы // Спадчына. 2001. № 1—2;
Glogowska H. Białorus 1914—1929: Kultura pod presją polityki. Białystok, 1996.
І.М.Раманава.
Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.Нямецкія салдаты ў Мінску. 1918.Першая Устаўная грамата БНР. Люты 1918.Газета Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі з тэкстам Маніфеста аб абвяшчэнні БССР. 1919.Фрагменты Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. 1919.Дэлегаты 1-га Усебеларускага з’езда Саветаў. Мінск. 2—3.2.1919.М.І.Калінін праводзіць войскі на Заходні фронт. Мінск. Траецкая плошча. 20.6.1919.Артылерыя на перадавых пазіцыях каля Барысава. На пярэднім плане А.Ф.Мяснікоў. 1920.Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў. 1919—20.Загад камандуючага Заходнім фронтам М.М.Тухачэўскага аб стварэнні ССРБ. 12.8.1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСАЗНА́ЎСТВА,
абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.
Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.
Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш.л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт.Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац. сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел.стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб.«Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).
Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш.бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл.«Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ.«Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).
З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд.навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт.Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт.Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел.навук.т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв.бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял.Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.
За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл.«Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», недапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.
Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казачо́к1 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка для гэтага танца’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; віц., КЭС; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат.). Калі слова — не беларускі наватвор ад казак у гэтым жа значэнні, то, паводле лінгвагеаграфічных даных, можна меркаваць аб уплыве рус. гаворак, аднак аб геаграфіі рус. слова нельга сказаць нічога пэўнага. Даль (2, 177) адзначае: «казачок… известный вид пляски, перенятой у казаков». Аб этымалогіі гл. казак2.
Казачо́к2 ’васьмушка, 1/8 куб. сажня дроў, прыблізна адзін воз’ (Бяльк., Шат.), ’мера каля 2 вазоў’ (Жд. 2) ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Можна меркаваць аб сувязі з каза1 (утваральнай аснове каз‑), параўн. бел.гом.казёл ’мера дроў, 2,5 м³, рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’. Аб тэрміналагічных утварэннях ад такой асновы гл. казак, казакі. Што датычыцца матывацыі ўтварэння, ёсць тэрміны-дэрываты ад каза, казёл, якія абазначаюць спецыяльную (напрыклад, для аховы ад дажджу) укладку снапоў у полі, рус.складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфа на другі сценкай’ (м.-арханг., арл.) і ’складваць цагліны, укладваючы адны плазам, а другія стаўма так, каб паміж імі заставаліся прамежкі для доступу паветра’ (маск.). Матывацыя такая ж, што і тэрмінаў, якія абазначаюць перакладзіны, Т‑падобныя прыстасаванні і сувязь з лексемамі каза, казёл відавочныя. Можна дапусціць, што спецыяльная (для прасушкі) укладка дроў у лесе была аднаго канкрэтнага памеру, што пры ўмове наймення такой укладкі дэрыватам ад каза1 магло прывесці да ўтварэння назвы меры. Зразумелым становіцца і дробнае (ад сажня) значэнне меры. Рус.арханг.козлец ’маленькі воз сена’ можна разумець як аргумент на карысць гэтай жа этымалогіі (< козлец ’укладка снапоў’). Падобны тэрмін мог паходзіць непасрэдна ад козлец (< козел) дзякуючы сваім зааморфным прыкметам (форма палазоў і інш.). Паколькі такога роду ўтварэнні (гл. тэрміны ад каза1 ў бел.) вядомыя, параўн. рус.дыял.казак ’рагуліна, ручка ў сахі, якой араты трымае саху’, можна меркаваць і аб спецыфічнай назве воза, як спецыяльнага, каб вазіць дровы, так і маленькага (які мог атрымаць такое найменне не толькі па яўна зааморфных адзнаках, але і ў кантэксце параўнання з вялікім возам), у тым ліку і ручных санак (саматужак). Што датычыцца апошняй рэаліі, то магчымая сувязь назвы каза, якая адзначана для маленькіх санак, з каза1 магла быць вельмі ўскоснай. Бел.казачок ’мера каля двух вазоў’ можна разглядаць як развіццё значэння слова паводле другой версіі або як аргумент на карысць першай: тады казачок ’укладка дроў, якая размяшчаецца на адным (двух) возе’. Статус бел. слова не зусім ясны — рус. паралелі дазваляюць меркаваць, што намінацыі такога тыпу былі вядомы больш шырока на ўсх.-слав. тэрыторыі. Магчыма, гэта выклікана спецыяльным характарам слова і наступнай яго экспансіяй, аднак аб цэнтры (у сэнсе зыходнага пункта) інавацыі меркаваць як у гэтым, так і ў іншых выпадках такога тыпу вельмі цяжка.
1. Адпусціць, вызваліўшы ад заняткаў, абавязкаў (усіх, многіх). Корзун распусціў дзяцей на тыдзень, пакуль кончыцца разводдзе.С. Александровіч.// Дазволіць, даць магчымасць разысціся, разбегчыся. Праз хвіліну Генрых Візэнер распусціў строй і з трыма салдатамі накіраваўся ў хату.Шамякін.// Расфарміраваць, ліквідаваць (установу, прадпрыемства, арганізацыю і пад.). Калі пачалі галасаваць прапанову Алеся: хто за тое, каб культурна-асветніцкі гурток распусціць і ўсю працу весці ў ячэйцы, — у класе ўзняўся зноў дружны гоман.Галавач.— Таварыш камандзір, Іван Іванавіч распусціў сваю брыгаду.Шчарбатаў.
2. Развязаць, паслабіць (што‑н. завязанае, сцягнутае). Павел з выглядам пераможцы паставіў на траву паўнюсенькі рэчавы мяшок і паволі распусціў зашмаргу.С. Александровіч.У адказ .. [Алесь] распусціў гальштук і пацягнуў з мускулістай і стройнай шыі ланцужок.Караткевіч.// Развязаць, зняўшы завязку. — Ідзі, Люба, у пуню, прынясі пару кулёў, распусці на падлозе людзям спаць.Чорны.// Расплесці (касу). — Як распусціць [пані], бывала, чорныя косы, дык ледзь не да долу звісалі...Колас.// Раскідаць што‑н. вязанае, спусціўшы з петляў. Тады Аграфена Карабанава распусціла па нітцы свой світар.Лупсякоў.// Зрабіць шырэйшым. — Вось тут трэба крышку падрэзаць, а ўнізе распусціць, — казала Ганна Лявонаўна, паказваючы на паясніцу.Корбан.
3. Разгарнуць што‑н. згорнутае, складзенае. Іра адразу ж дастала парасон і распусціла яго, як грыб, над галавой.Сабаленка.// Расправіць, раскласці ў якой‑н. прасторы, на якім‑н. месцы. [Сувязная] была апранута па-сялянску, вялікую цёплую хустку павязала на патыліцы, а махры распусціла на плячах і на грудзях.Новікаў.Дуб галлё распусціў каранасты над ім [курганам], Сухазелле ў грудзі ўпілося.Купала.// Выставіць наверх, выпусціць (кіпцюры). [Кот] грозна натапырыў рэдкія вусы, замурлыкаў і распусціў свае вострыя кіпці...Бядуля.// Раскрыць, разгарнуць (пра пупышкі, лісце і пад.). [Яблыня] распусціла маленькія лісточкі.М. Ткачоў.
4.Разм.Дапусціць да свавольства, зрабіць недысцыплінаваным, знізіўшы патрабавальнасць, аслабіўшы нагляд. Распусціць дзяцей. Распусціць работнікаў. □ — Вы, дзядзька Ліпскі, трымаеце сваю дачку ў добрай строгасці. — А як жа, распусці іх, — прагаварыў Ліпскі.Лупсякоў.— Разгільдзяй той распусціў роту! — Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты.Быкаў.
5. Зрабіць вадкім або напаўвадкім, растапіць. Распусціць масла.//безас. Размачыць, зрабіць гразкім. Была незвычайная бездараж. Дарогі ўсе распусціла.Мележ.Але стэп распусціла, верхні, чарназёмны пласт увесь час сплываў у нізіну, і цяжка было паверыць, каб слупы ўтрымалі напор ветру.Лупсякоў.
6.Разм. Прымусіць разысціся ў якой‑н. вадкасці. Распусціць фарбу ў вадзе.// Распаўсюдзіць вакол сябе. Кнігі сапраўды распусцілі па хаце нейкі свой пах, як і ўсякая рэч, якую даўно не чапалі.Ермаловіч.
7. Расказаць многім (чуткі, плёткі). Гардыенка распусціў чуткі, што Тарас Ігнатавіч сам не ведае матэматыкі.Чарнышэвіч.
8. Распілаваць удоўж. Мусіць, не ўтрымаўся які грамычакін — цішком зрэзаў адно-другое дрэва, а пасля распусціў на шалёўку.Даніленка.
•••
Распусціць вушы — тое, што і развесіць вушы (гл. развесіць).
Распусціць нервы — даць волю пачуццям, настрою. «Старэеш, Андрэй Бабейка, — папракнуў ён сябе, адвязваючы стаенніка і ўсаджваючыся ў брычку. — Старэеш, і нервы распусціў, і язык».Хадкевіч.
Распусціць нюні — расплакацца, разжаліцца. — А гэта чаго сырасць разводзіць? — Віцька кіўнуў галавой на дзяўчыну. — Майстар пасватаўся, вось і распусціла нюні.Асіпенка.— Ты не калека. Толькі абмяк, нюні распусціў.Машара.
Распусціць язык — нагаварыць многа лішняга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даць, дам, дасі́, дасць; дадзі́м, дасце́, даду́ць; пр. даў, ‑ла́, ‑ло́; заг. дай; зак., каго-што, чаго і зінф.
1. Уручыць, перадаць з рук у рукі. Даць кнігу. □ Далі [братавыя] .. [дурню] бохан хлеба, гаршчок капусты і гаршчок кашы ды выправілі ў поле.Якімовіч.// Паднесці, падаць, прапанаваць. Даць есці. Даць закурыць.// Заплаціць якую‑н. суму за што‑н. За каня далі добрыя грошы.
2. Аддаць у карыстанне; забяспечыць чым‑н. Даць кватэру. Даць прытулак.// Паведаміць, перадаць. Даць адрас.// Уступіць, прапусціць уперад. Даць месца. Даць праход. Даць дарогу.
3. Надзяліць чым‑н. Даць права. Даць шчасце. Даць тэрмін. □ — Дам табе, галубок ты мой, работу, — сказаў дзед.Якімовіч.//Разм. Узнагародзіць чым‑н.; прысвоіць. Даць ордэн. Даць званне.//Разм. Вызначыць узрост. Андрэй даў .. [маладзіцы] год дваццаць пяць, але мела яна, напэўна, больш.Адамчык.//Разм. Надаць якую‑н. форму, выраз; паказаць, увасобіць. Часамі Самабыля нават займаюць думкі: у якой паступовасці трэба размяркоўваць самы матэрыял сваркі? Што трэба сказаць наўперад, а што потым? .. Які выраз трэба даць твару?Колас.//Разм. Нанесці ўдар; набіць, адлупцаваць. Даць у зубы. □ — Дзе ж авечкі... Ой, блазнота.. Ну й дадуць табе, браток!Колас.//Разм. Асудзіць, прыгаварыць да зняволення. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер.Ермаловіч.
4. Арганізаваць, наладзіць (баль, абед і г. д.). А ёсць у нас аматары банкетаў. Прычыну ім падай — банкет яны дадуць.Корбан.// Выступіць перад публікай (са спектаклем, пастаноўкай і пад.). Даць канцэрт. Даць спектакль.
5. Прынесці як рэзультат чаго‑н. Даць добры ўраджай. Даць прыбытак. □ Старыя яблыні і грушы не маюць догляду і даюць мала пладоў.Бядуля.// Выпрацаваць што‑н. Палілося святло з усіх вулічных лямп — электрастанцыя дала ток.Чорны.
6. Выявіцца як вынік дзеяння, стану і пад. (пра з’яўленне чаго‑н. у чым‑н.). Даць перакос. Сцены далі асадку. Стрэльба дала асечку.
7. Стварыць умовы для чаго‑н.; дазволіць зрабіць што‑н., адбыцца чаму‑н. Даць паслухаць радыё. Даць зайсці ў хату. Не даць спаць. □ Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню.Чорны.Юркевіч не даў .. [Юзіку] дадумаць да канца сваіх думак.Мурашка.
8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Даць абяцанне (паабяцаць). Даць згоду (згадзіцца). Даць параду (параіць). Даць указанне (указаць). Даць штраф (аштрафаваць).// У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: зрабіць, здзейсніць. Даць залп. □ З папярэдняга танка далі яшчэ адзін гарматы стрэл.Чорны.
9.заг.дай. Разм. Абазначае прапанову зрабіць, выканаць што‑н. Дай я першы пайду. Дай я напішу.
Дай (не дай) бог (божа) — пры пажаданні (непажаданні) чаго‑н.
Дай бог (божа) ногі — пра жаданне хутчэй уцячы адкуль‑н.
Дай бог чутае бачыць — пры пажаданні здзяйснення таго, што паабяцана.
Дай божа кожнаму — пра што‑н. добрае, ад чаго ніхто не адмовіцца.
Даць аб сабе знаць — прыслаць вестку; абазвацца.
Даць бой — рашуча выступіць у абарону сваіх правоў, прынцыпаў, поглядаў і пад.
Даць бярозавай кашыкаму — пакараць, набіць розгамі.
Даць вестку — тое, што і падаць вестку (гл. падаць).
Даць волюкаму-чаму — перастаць стрымліваць чые‑н. дзеянні, пачуцці. Даць волю пачуццям. Даць волю фантазіі. Даць волю языку.
Даць волю рукам — біць каго‑н., біцца.
Даць выхадчаму — даць магчымасць праявіцца.
Даць газ(у) — паскорыць рух, павялічыць наступленне гаручага.
Даць галаву на адрэз (на адсячэнне) — паручыцца сваім жыццём.
Даць (уступіць) дарогукаму — забяспечыць свабоду дзеяння.
Даць (задаць) дзёру (драла, драпака, лататы) — пусціцца наўцёкі; уцячы.
Даць дразда — а) разысціся, разбушавацца, даць жару (у працы, танцы, гульні і пад.). «Чакайце! Я пачаў не з той нагі! Вось зараз разыдуся і дам дразда!» — упіраецца Фама.Корбан; б) тое, што і даць дзёру.
Даць дуба — памерці.
Даць (падвесці, паказаць) дулю — нічога не даць.
Даць (задаць) дыхтукаму — насварыцца, расправіцца.
Даць (задаць) жару — а) моцна насварыцца, прабраць, расправіцца з кім‑н. — Ну, што ж? Натрапіў на такога; А каб наскочыў на другога, Сказаць, хоць бы і на Пшавару: Задаў бы ён там пану жару! — Гавака важна адазваўся.Колас; б) хутка выканаць, зрабіць што‑н. Пачалі працаваць і далі жару.
Даць жахукаму — моцна напалохаць каго‑н.
Даць жыццёкаму — нарадзіць, пусціць на свет.
Даць задні ход — адмовіцца ад сваіх думак, намераў, імкненняў.
Даць зевака — упусціць спрыяльны выпадак, момант; празяваць.
Даць знаць — паведаміць.
Даць зразумець — намякнуўшы на што‑н., даць магчымасць здагадацца аб чым‑н.
Даць круг — прайсці ці праехаць лішнюю адлегласць абходнай дарогай.
Даць лад — прывесці ў парадак, наладзіць што‑н.
Даць (задаць) лазнюкаму — даць наганяй, строгую вымову.
Даць лазыкаму — пакараць, набіць лазовым дубцом.
Даць лупцоўку (бубна)каму — адлупцаваць.
Даць маху — дапусціць памылку.
Даць пачатакчаму — з’явіцца крыніцай, адпраўным пунктам чаго‑н.
Даць па шапцы (шыі, карку, загрыўку) — выгнаць, зняць з работы.
Даць (задаць) перцукаму — насварыцца, даць наганяй.
Даць (задаць) пытлюкаму — усыпаць, адлупцаваць; даць наганяй.
Даць раду(ы)каму-чаму — а) парадзіць, параіць. [Вясна:] Табе раду я дам, Як бяду ашукаць.Купала; б) адолець, управіцца з кім‑, чым‑н. Кабанам цяжка было даць рады, яны раўлі, як звяры, і не хацелі ці не маглі падняцца.Чорны.
Даць слова — а) дазволіць каму‑н. выступіць на сходзе. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач.Мурашка; б) цвёрда паабяцаць каму‑н. што‑н. [Валодзя] кажа: — Я даў чэснае слова і... стрымаю.Рунец.
Даць сябе адчуць — выявіцца на кім‑, чым‑н., падзейнічаць на каго‑, што‑н.
Даць у косці — насварыцца, пабіць, пакараць каго‑н.
Даць (сунуць) у руку (лапу) — даць хабар, падкупіць каго‑н.
Даць фору — пераўзысці, апярэдзіць каго‑н. у чым‑н.
Даць ход — пусціць у дзела.
Даць (задаць) храпака — моцна заснуўшы, пачаць храпець.
Даць цягу — уцячы.
Даць (задаць) чосукаму — прабраць каго‑н. за што‑н.
Дорага б даў (заплаціў) — пра моцнае жаданне дамагчыся чаго‑н.
Не дай гасподзь — няхай не будзе гэтага.
(Не) даць дыхнуцькаму — прымусіць працаваць бесперапынна.
Не даць спускукаму — не зрабіць уступак, строга запатрабаваць.
Не даць у крыўдукаго — заступіцца, абараніць.
Не даць ходукаму — перашкодзіць каму‑н. выявіць свае здольнасці.
Як піць даць — а) напэўна, абавязкова; б) неўзабаве, вельмі хутка. Да прыцемку.. [Галя] праедзе Сялібу, а там, як піць даць, і Закуцце.Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)