Падла́сы ’з белай поўсцю на жываце (звычайна пра карову)’ (ТСБМ, Бяльк., Шат.), ’жаўтаваты, светла-руды’ (Гарэц., Некр., Мал.), ’аб сабаку: плямісты або з белай спіной ці белым жыватом’ (Федар.), подла́сы ’падласы’ (ТС), падла́сівенькі ’тс’ (Сл. ПЗБ). Рус. падла́сый ’цёмна-гняды з падпалінамі’, укр. підла́сий ’з белым жыватом’; далей рус. ла́са ’пляма прадаўгаватай формы, ільсняная пляма; паласа ад праса’, ла́сить ’пакідаць плямы’. Паводле Фасмера (2, 460), роднаснае літ. lãšas ’пляма’, лат. làse ’кропля, пляма, крапінка’ (гл. таксама Бернекер, 1, 691; Міклашыч, 160; Мацэнауэр, 9, 189). Збліжэнне з лат. lãpsa ’месца’ (Мее–Эндзелін, 2, 440); Фасмер (там жа) лічыць менш верагодным.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кары́сць, укр. користь, рус. корысть, чэш. kořist ’здабыча, трафеі’, польск. korzyść ’карысць’, серб.-харв. ко̏рист, славен. korȋst ’здабыча’. Зыходнае значэнне ’здабыча’ (Фасмер, 2, 343). Тады прасл. koristь ад koriti ў значэнні ’пакараць’ (чэш. kořiti, в.-луж. korić, рус. корить і інш.) (Міклашыч, 130), гл. карыць. Аднак гэта версія не мае тлумачэння з пункту гледжання словаўтварэння. Мы не ведаем суфікса ‑stь, з дапамогай якога б фарміраваліся назоўнікі ад дзеясловаў. Вельмі праблематычная версія аб koristati < ko‑ristati (ristati ’гнацца’) (Варбот, Этимология, 1970, 65–70). Іншыя этымалогіі яшчэ менш надзённыя. Агляд версій гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 71–73.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бля́ха. Рус. бля́ха (з XVII ст.), укр. бля́ха, дыял. блє́ха (укр. слова вядома з XV ст.). Запазычанне з польск. blacha ’тс’ < ст.-в.-ням. blëh, с.-в.-ням. blëch. Патабня, РФВ, 1, 262; Міклашыч, 14; Бернекер, 59; Праабражэнскі, 1, 32; Корбут, PF, 4, 427; Фасмер, 1, 180; Брукнер, 28; Шалудзька, Нім., 22; Рыхардт, Poln., 35; Кюнэ, Poln., 45. Памылкова Рудніцкі, 153 (непасрэдна з ням.; аб гэтым Краўчук, ВЯ, 1968, (4), 127). У бел. мове бля́ха засведчана з XV ст. (Булыка, Запазыч.). Вытворныя: бля́хар (Бяльк., Нас., Шат., Касп.), бляха́р (БРС), бляшаны́ (БРС, Шат.), бляша́ны (Нас., Касп.), бля́шанка (Шат.), бляша́нка (БРС, Нас., Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Плашч ’лёгкае паліто пераважна з непрамакальнай тканіны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.). Укр., рус. плащ, польск. płaszcz, н.- і в.-луж. płasć, чэш., славац. plášť, славен. plášč, серб.-харв. пла̑шт, харв. чак. plašć, макед. плашт, балг. плашт(ът), ст.-слав. плащь ’плашч’. Прасл. *plaščь не зусім яснага паходжання. Праабражэнскі (2, 70), Брукнер (420) звязваюць гэтую лексему з плат; больш імаверна суадносіць з плоскі, пла́скі (гл.) (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Міклашыч, 248; Фасмер, 3, 277; Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 618) звязвае з прасл. *plast‑ъ > пласт (гл.), да якога далучаўся суф. *‑jь > *plastjь ’пастухоўская апанча, густа сплеценая з пасмаў воўны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Про́башч ’ксёндз, які стаіць на чале парафіі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), про́баш ’тс’ (Сл. ПЗБ), про́баршч ’плябан (у касцёле)’ (ашм., Стан.). Запазычанне з польск. proboszcz ’тс’. Ужо ст.-бел. пробощь (проборщъ) ’прыхадскі ксёндз’ (1474) < ст.-польск. proboszcz, якое праз ст.-чэш. probošt узыходзіць да ст.-в.-ням. probōst (Булыка, Лекс. запазыч., 174) і, далей, да лац. prōpositus ’які прадстаўлены’ < proponere ’прадстаўляць’ (гл. Голуб-Ліер, 394). Таго ж паходжання і ст.-рус. пробощь, пребощь (з XIII ст.) ’прэлат каталіцкай саборнай капітулы, ігумен’, ’ксёндз’. Гл. яшчэ Міклашыч, 264; Брукнер, 457; Голуб-Копечны, 294; Фасмер, 3, 371; Банькоўскі, 2, 777–778.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пятні́к ’гняздо, у якім паварочваецца вось варот’ (Нас., Касп., Нік. Очерки), ’прыстасаванне, пры дапамозе якога дзверы прымацоўваліся да вушакоў’ (Варл.), пя́тнік ’вушак, да якога прымацоўваюцца дзверы завесамі; вушак наогул’ (Бяльк., Мат. Маг.), укр. пʼятни́к ’крук, на які навешваюцца дзверы’, рус. дыял. пятни́к ’прыстасаванне для навешвання дзвярэй, варот’, славен. petník ’завесы ў варотах; вушак; парожак’. Прасл. дыял. *pętьnikъ, якое Бязлай (2, 32) параўноўвае з ц.-слав. пятьно ’шпора, астрога, пыж’, літ. pentìnas ’шпора’, ùžpentis ’шпора ў пеўня’, лат. piêsis ’шпора’. Міклашыч (239) выводзіў з *pęta ’пята’ (гл. пята́), Фрэнкель (571) меркаваў пра кантамінацыю *pęta і *pęti (гл. пяць). Гл. таксама напіта.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сала́ш ’будан’ (ПЗБ, ТС, Яшк.; пух., З нар. сл.). Укр. шала́ш, сала́ш, рус. шала́ш, польск. salasz, славац. salaš ’тс’. Большасць даследчыкаў узводзіць да цюрк., параўн. тур. salaš, азерб. šalaš ’шалаш, палатка’, гл. Міклашыч, 287; Локач, 143; Фасмер, 3, 397 з літ-рай. Паводле Якабсона (IJSLP, 1/2, 1959, 276), розныя славянскія формы запазычаны з розных цюркскіх гаворак. Кіш (ЭИРЯ, 1963, 58–62) крыніцай славянскага слова лічыць венгерскую мову. Беларускае слова непасрэдна магло быць запазычана з украінскай. Падрабязна гл. Супрун, Лекс. тюрк., 68 і наст. Гл. таксама шалаш. Агляд семантыкі і этымалогій гл. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 172 і наст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сан ’званне, звязанае з пачэсным становішчам, з высокай пасадай у дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ). Стараж.-рус. сань, ст.-слав. санъ. У беларускай, відавочна, запазычанне з рус. сан (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 48), якое большасць даследчыкаў (Міклашыч, 288; Брукнер, ZfslPh, 4, 213) лічаць запазычаннем з дунайска-балг., параўн. тур., чагат. san ’вялікая колькасць, сан, слава’, паўн.-цюрк. sanamak ’цаніць’. З іншага боку, параўноўваюць таксама (Траўтман, 250; Праабражэнскі, 2, 250, Бернекер, AfslPh, 38, 263) са ст.-інд. sā́nu сяр. р. ’вяршыня, вышыня, вастрыё’. Гл. таксама Фасмер, 3, 555. Трубачоў, Этимология–1965, 22 супраць супастаўлення з іранскім, лічачы слова чыстым цюркізмам.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сачэ́нь ’выраб з кіслага або прэснага цеста ў выглядзе тоўстага бліна без начыння’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Мядзв., Малч., Шн. 3, Нар. сл.), сачэ́нь, сашэ́нь ’тс’ (Сл. ПЗБ), паўн.-усх. сачэ́нь, цацэ́нь, чачэ́нь (Цыхун, Бел.-рус. ізал., 90), сачэ́нь ’буханка хлеба, абкачаная ў муку’ (рас., Шатал.), ст.-бел. сачень ’праснак’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн.-усх., усх. со́чень ’від перапечкі на канапляным алеі’, пск. соче́нь ’перапечка’, смал. саче́нь, сачни́ ’бліны’. Ад сок 1 (гл.), гл. Міклашыч 313; Фасмер, 3, 730. Сумесная беларуска-руская інавацыя з цэнтрам на рускай тэрыторыі; гл. аб гэтым Цыхун, там жа, 90.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свішч 1 ‘загана ў чым-небудзь у выглядзе дзіркі, шчыліны, сітавіны’, ‘глыбокая гнойная язва ў тканках, органах цела; фістула’ (ТСБМ, Ласт.), ‘шырокая адтуліна паміж двума пярэднімі зубамі’ (Чэрн.). Укр. свищ ‘пусты арэх’, свисту́н ‘тс’, рус. свищ ‘свішч; чарвяточына ў арэху’. З *svistjo‑; да свіст, свістаць; гл. Міклашыч, 331; Фасмер, 3, 582. Параўн. сві́шчык ‘свісток’ (гл.), сьвішчэ́ць ‘свістаць’ (Касп., Сл. ПЗБ).
Свішч 2 ‘кончык бізуна, пугі’ (Мік.), сюды ж сьвішчэ́ ‘маладыя карані сасны’ (Чэрн.). Да свістаць (гл.) на аснове гукавых уражанняў ад замаху, параўн. сві́снуць (сьві́снуць) ‘свіснуць, засвістаць’ і ‘выцяць пугаю, дубцом’ (Бяльк.). Сюды ж таксама сьвішчыпа́лка ‘хто любіць гуляць, не пільнуецца дому’ (Пятк.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)