Мані́ць ’падзываць, клікаць, падклікаць (качак, курэй, сабак)’ (Касп., Шат., Юрч., Сцяшк. Сл.), ’прыцягваць, прынаджваць’, манлі́ву ’прываблівы’ (ТС), беласт. мані́ті ’прывабліваць, спакушаць’ (Сл. ПЗБ); мана́ ’прываба, пахучая прыманю’ (ТС); мані́ць, мані́ці ’хлусіць’, мана́, мына́ ’хлусня, наўмыснае скажэнне ісціны’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Растарг., Яруш., Сцяшк., КЭС, лаг.; ЛАПП, ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Янк. 1), мань, май ’хлусня, хлус’ (кліч., Жыв. сл.; Яруш., Мікуц., Нас., Шат.). Укр. мани́ти, рус. мани́ть ’тс’, паўн. ма́нкий ’спакушальны, прыцягальны’, валаг. манно́ ’прывабліва, прыемна’, алан., наўг., калін. ман ’хлус’, алан., смал., укр. мана ’хлусня’, польск., в.-луж. manić, н.-луж. maniś ’падманваць, ашукваць; прывабліваць, спакушаць, цешыць сябе чым-небудзь’, польск. man ’уведзены ў зман’, ’падман’, manicielstwo ’тс’, ’спакуса’, чэш. ‑maniti: ляш. podmanic ’падбухторыць да нечага’, podmana ’хітры ашуканец’, славац. obmantať ’ашукаць’, umantať ’заваражыць, зачараваць’. Да групы слав. лексем з асновай man‑ трэба яшчэ далучыць бел. мана́ ’пустата’, ’прывід, здань’ (Нас.), ’чары, насланнё’ (Ян.), ’азарт, прыцягальная сіла’ (карэліц., Марц.), ’ахвота, жаданне’ (Сцяшк. Сл.), мані́ць ’трызніць’ (Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), мін. манаецца ’здаецца’ (КЭС) і аналагічныя да іх укр. мана́ ’прывід, здань, ілюзія’, рус. смал. ’насланне, нешта нерэальнае’, ’хмара’; ’прынада, спакуса’ (Даль); тамб. ’слодыч’, наўг. ман ’нячысцік, які жыве ў званіцы, у хаце або ў лазні’, уладз., валаг., наўг. мани́ть, безасаб. ма́нит ’здавацца, мроіцца’, манной ’шалёны’, а таксама польск. man ’ілюзія’, серб.-харв. не̏ман (з адмоўнай прыстаўкай, як, напр., нябога) ’страшыдла, прывід’, ’волат, калос’, ’нячысцік, д’ябал’, у якім (паводле Скока, 2, 366) адбылася дысіміляцыя mm > mn. Ван–Вейк (RÉS, 14, 73) таксама мяркуе, што паўн.-слав. maniti ўтварылася ў выніку дысіміляцыі з mamiti, прадстаўленага на зах.- і паўд.-слав. моўнай тэрыторыі, параўн. польск. mamić ’падманваць, уводзіць у зман’, ’прывабліваць’, чэш. mámiti ’выманьваць, выцягваць’, ’абдурманьваць’, славац. mámiť ’тс’, ’прывабліваць’, mam ’прывід, міраж’; славен. mámiti ’завабліваць, спакушаць’, ст.-славен. mama ’балбатун’, серб.-харв. ма́мити ’заманьваць, прывабліваць’, ’выманьваць’, ’раз’юшваць’, ма̏ма ’дурны’, ’шаленства’, ма̑ма ’прынада’, макед. мами ’хлусіць, ашукваць, махляваць, заманьваць’, балг. ма́мя ’тс’, ’прыручаць’, ’парушыць клятву’, ’вадзіць за сабой’, ’падзываць, клікаць (свойскія жывёлы і птушкі)’, ст.-слав. мамьнъ ’дурны’, ц.-слав. мамити і манити. Махэк₂ (350 і 351) мяркуе, аднак, што зыходнай формай для дзеяслова з’яўляецца прасл. manъ, якое пад уплывам сіноніма klamъ змяніла свой канчатак (‑nъ у ‑mъ) > ‑maniti. БЕР (3, 635) дае дзве прасл. формы дзеяслова: mamiti і maniti. І.‑е. асновай для першай з’яўляецца *ma‑ ’узмах рукою’ > прасл. majati, maxati, літ. móti, лат. mātмахаць, ківаць’ з фармантам ‑mo‑ (параўн. ст.-грэч. μῑμος ’пераймальнік, імітатар, мім’, лац. mīmos ’тс’, месапск. mimeteos (Р. скл.) ’тс’ (Крае, IF, 49, 268; Бязлай, 2, 164–165). Роднаснымі да прасл. maniti будуць: ст.-інд. māyā́ ’чары, падман, ілюзія’, авест. māyā‑, лат. mãnît ’уводзіць у зман, падманваць’, mani, якому адпавядае бел. мань (Карскі, Труды, 456), ст.-в.-ням. mein ’ілжывы, падманлівы’, ст.-ісл. mein ’страта, шкода, няшчасце’, ст.-англ. mān, ст.-сакс. men ’хлусня’, ням. Mein‑eid ’клятвапарушэнне’ (Мюленбах-Эндзелін, 2, 582; Бернекер, 2; Фасмер, 2, 569).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. — Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калаці́ць ’выклікаць дрыжанне чаго-н.; хістаць; трэсці; выклікаць дрыжыкі; часта і моцна стукаць, удараць і да т. п.’ (БРС, ТСБМ; навагр., З нар. сл.; Касп.; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Шат.) ’малаціць’ (БРС; івац., Бір., Працы IM, 6; Мат. Гом., Сцяшк.), да апошняга, відаць, колотить мак — у гульні, дзе намагаюцца пакалаціць (Радч.), і ў Сержпутоўскага (Прымхі) — каб вераб’і не калацілі.., ’абтрэсваць, аббіваць сады’ (Касп., Нік., Оч.), ’упокат абшукваць’ (КЭС, лаг.), калаціць кішэні ’трэсці кішэні’, ’паласкаць (бялізну)’ (гродз., З нар. сл.). Звяртае на сябе ўвагу спецыялізаванае значэнне ’боўтаць, збоўтваць: боўтаць смятану, каб зрабіць масла’ (Вешт., КЭС, лаг.; Яруш.), колотыты ’рашчыняць цеста на бліны’ (бяроз., Шатал.), калаціць зацірку ’круціць калатоўку ў гаршку’ (КЭС, лаг.), ’гатаваць якую-н. страву, размешваючы калатоўкай’ (ТСБМ) у сувязі з тым, што паралелі да гэтага слова ў рус. гаворках з’яўляюцца, па сутнасці, беларускімі: колотить масло (у Растаргуева). Аднак колотовка ’прылада для збівання масла, цеста і да т. п.’ вядома шэрагу рус. гаворак, апрача таго, ёсць укр. колотити ’муціць’ і ’збіваць масла’, калаціцца ’збівацца (аб масле)’, па гэтай прычыне магчымая думка пра бел. семантычную інавацыю не з’яўляецца вельмі надзейнай. Польск. дыял. kłócić ’збіваць масла’. Відаць, тут, як і ў іншых выпадках з гэтым словам, або незалежнае ўзнікненне такіх семем (што наогул для значэння ’калаціць’ натуральна), або адлюстраванне даўняй полісемічнасці лексемы. Укр. колотити ’муціць; збіваць масла; сварыцца; папіхаць; распараджацца’, рус. колотить ’біць, калаціць і да т. п.’, ’малаціць’, ’збіваць (арэхі, чаромху)’, ’замешваць (цеста)’, ’забіваць жывёлу на мяса’, ’забіваць’, ’гаварыць, плявузгаць’, ’пляткарыць’, ’таргавацца, старацца выгадаць у цане’ і інш., польск. kłócić ’боўтаць, трэсці’, ’муціць, выклікаць непакой’, ’прыводзіць да сваркі’, дыял. ’збіваць масла’, ’сварыць, гневацца на каго-н.’ і інш., ’забіваць’, н.-луж. kłośiś ’збіваць, апушваць (з дрэў)’, ’біць’, ’малаціць (аббіваць лён)’, в.-луж. kłócić ’збіваць, струшваць’, чэш. klátiti ’трэсці, струшваць, махаць і інш.’, дыял. (у Юнгмана) ’збіваць масла’, klátiti se яшчэ і ’бадзяцца’, славац. klátiť ’трэсці і інш.’, славен. klátiti ’збіваць фрукты з дрэў’, серб.-харв. кла́тити ’хістаць’, ’стрэсваць фрукты з дрэў’, кла́тити се ’бадзяцца’, дыял. кла́тити ’балбатаць, вярзці лухту, плявузгаць’, макед. клати ’хістаць’ і інш., балг. клатя ’хістаць і інш’. Праслав. koltiti, першаснае значэнне не вельмі пэўнае, магчыма, з самага пачатку полісемантычны дзеяслоў, або, як меркаваў Махэк₁ (201), з kol‑mǫ‑titi, kol‑o‑mǫ‑tati і пад., якія накладваліся на старое слова, роднаснае лац. quatio. Махэк₂ (252) пакінуў толькі супастаўленне з лац. quatio, quatere ’трэсці, біць і да т. п.’ З пункту гледжання фанетыкі такое супастаўленне не вельмі добрае. Паводле традыцыйнай версіі суадносяцца прасл. koltiti і kolti (гл. калоць), гл. Фасмер, 2, 296, са спасылкай на старую літ-ру. Слаўскі (2, 272) далучаецца да гэтай думкі і мяркуе, што значэннем, якое аб’ядноўвае прасл. лексемы, з’яўляецца ’біць’, адкуль ’трэсці і інш.’ Пры гэтым ён звяртае ўвагу на польск. kłócić się ’сварыцца’ (параўн. тое ж бел. калаціцца, укр. колотитися), якое параўноўвае з дэрыватамі ад kolti рус. колоться, славен. kláti se ’біцца, сварыцца’, серб.-харв. кла̏ти се ’біцца і інш.’ Відавочна, аднак, што такім чынам нельга вытлумачыць усю семантыку кантынгентаў слав. koltiti. Што датычыць словаўтварэння (kolti > koltiti), было меркаванне аб прамежкавай ступені: праз *koltъ; koltiti у такім выпадку дэнамінатыў ад гэтага назоўніка. Такое меркаванне азначае яшчэ больш вузкую семантыку першапачатковага ўтварэння. Іншыя версіі адносна паходжання слав. слова не пераконваюць, хоць заслугоўвае ўвагі прыведзеная думка Матцэнаўэра, LF, 8, 170–171, аб магчымай суаднесенасці слав. слова са ст.-в.-ням. *scaltan ’штурхаць’, с.-в.-ням. schalten ’штурхаць, соваць’, ст.-в.-ням. scelten ’сварыць, ганіць’ (калі дапускаць тут s‑mobile).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хоць, злучн. і часціца.

1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Скуратовіч дачытаў ліст да канца, хоць слухала ўжо толькі палавіна тых людзей, што стаялі тут спачатку. Чорны. Хоць лютуе люта люты — Неба ясніцца вакол. Янішчыц. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў «а», «але», «ды», «аднак», «затое», «усё ж», «тым не менш (меней)» у галоўным сказе. Хоць быў ужо канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Хоць войт і меў прыяцеляў у асобах Бруя і Біркі і начальніцкае падтрыманне з боку пана Крулеўскага, тым не меней ён часамі адчуваў сваю адзіноту і адарванасць ад грамады. Колас. // Далучае ўступальныя звароты. [Уладзік] зняў з ног добрыя яшчэ, хоць з латкамі на насках, боты і на вачах у мамы і Волькі паадбіваў матыкай абцасы, падэшвы і шпурнуў іх пад мяжу. Пальчэўскі. // Ужываецца ў простых сказах з аднароднымі членамі перад словам або групай слоў з уступальным значэннем. Конік яго [Янкаў] хоць і невялікі, але рухавы і на яду непераборлівы. Крапіва. Хоць рэдка, ды метка. Прыказка.

2. злучн. уступальны (звычайна ў спалучэнні з заг. ладам або інф.). Ужываецца ў пачатку даданых сказаў, у якіх выказваецца дапушчэнне, вызначаецца крайняя мяжа, ступень праяўлення чаго‑н., магчымасць якога‑н. выніку. Усім такіх высокіх заробкаў не дадуць, хоць са скуры вылазь. Мыслівец. Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая — хоць ты пальцам на ёй пішы — паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі.. сакваяжы. Караткевіч. [Скуратовіч:] — Бацька.. [пастушка] рад — хоць крыху малы зарабіць. Чорны. // Далучае самастойныя сказы пры ўступальным супастаўленні. [Пятро:] — Мяне паклалі ў вялікім светлым пакоі. Хоць гэта спачатку так здалося, пасля зямлянкі. Шамякін.

3. злучн. уступальны. Ужываецца пры супастаўленні сказаў або членаў сказа з узаемным выключэннем. Хоць з ім, хоць без яго. Хоць так, хоць гэтак — ім усё роўна.

4. злучн. супраціўны. Указвае на абмежаванасць таго, аб чым гаворыцца; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «аднак», «але», «між тым». Ведае, хоць не прызнаецца. □ — У Чаромушкі, — сказаў Андрэй шафёру. — Хоць не, спачатку паедзем на Беларускі вакзал. Васілёнак.

5. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Ужываецца ў значэнні: самае меншае, ва ўсякім выпадку. Я хачу хоць прыблізна знайсці тую мясціну і стараюся ва ўяўленні аднавіць вуліцу. Скрыган.

6. часціца ўзмацняльна-абмежавальная (звычайна ў спалучэнні з часціцай «бы»). Ужываецца ў значэнні: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі. Хоць бы глянуць адзін момант На яго [сына], здаецца! Горка беднай, цяжка матцы, Сэрца яе рвецца. Колас. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў.

7. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў значэнні: нават, няхай нават. А разведчыкі ўсё пыталіся [у Сцяпана]: «Ну, калі ты прыдзеш са сваім войскам? Многія ўжо гатовы хоць зараз ісці на паноў...» Пестрак. [Стары:] — Я дажыву сваё і там, хоць у чужых людзей. Кулакоўскі.

8. часціца вылучальная. Ужываецца ў значэнні: напрыклад. — А як жа цябе хоць зваць? — пытаецца Янка. Якімовіч.

9. часціца ўзмацняльная (у спалучэнні з неазначальнымі займ. і прысл.). Ужываецца ў азначальным значэнні: любы, усякі, у любое месца, у любы час. Я цябе хоць дзе знайду.

•••

Мокры, хоць выкруці гл. мокры.

Хоць адбаўляй гл. адбаўляць.

Хоць бы і так гл. так.

Хоць бы (сабе) — тое, што і хоць (у 8 знач.). [Вера:] Ідзіце лепш пачытайце, што тут пра вас пішуць. Ды вось, хоць бы гэты абзац прачытайце. Крапіва. [Антось:] — Возьмем хоць сабе і майго [сына] — зусім ад рук адбіўся. Машара.

Хоць бы што гл. што ​1.

Хоць вады напіся гл. напіцца.

Хоць ваўкоў ганяй гл. ганяць.

(Цёмна) хоць вока выкалі гл. выкапаць.

Хоць воўк траву еш гл. воўк.

Хоць воўкам вый (завый) гл. выць.

Хоць гаць гаці каго-чаго гл. гаціць.

Хоць гвалт (каравул) крычы гл. крычаць.

Хоць граблямі (лапатай) заграбай гл. заграбаць.

Хоць забі гл. забіць.

Хоць заваліся гл. заваліцца.

Хоць закачайся гл. закачацца ​2.

Хоць заліся гл. заліцца ​1.

Хоць залюбуйся гл. залюбавацца.

Хоць зарэж(це) гл. зарэзаць.

Хоць з ветрам пусці гл. пусціць.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Хоць касой касі гл. касіць ​1.

Хоць кол на галаве чашы гл. часаць ​2.

Хоць кроў з носа гл. кроў.

Хоць круць-верць, хоць верць-круць гл. круць-верць.

Хоць куды гл. куды.

Хоць мак сёй гл. сеяць.

Хоць памры гл. памерці.

Хоць пуп развяжа гл. развязаць.

Хоць разарвіся гл. разарвецца.

Хоць расперажыся гл. расперазацца.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Хоць рэпу сёй гл. сеяць.

Хоць тапор вешай гл. вешаць.

Хоць (ты) вушы затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць (ты) да раны (у вуха) кладзі гл. класці.

Хоць (ты) кінь гл. кінуць.

Хоць (ты) махалам махай гл. махаць.

Хоць (ты) нос затыкай гл. затыкаць ​1.

Хоць (ты) у вочы плюнь гл. плюнуць.

Хоць у вір галавою гл. вір.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі гл. класці.

Хоць у жмуркі гуляй гл. гуляць.

Хоць у лоб страляй гл. страляць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)