апошні сейм Рэчы Паспалітай. Праходзіў 17.7—23.11.1793 у Гродне. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23.1.1793 аб другім падзеле Рэчы Паспалітай. На сейм абрана каля 140 дэлегатаў, частка насуперак іх волі. Большасць дэлегатаў складалі прадстаўнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, якія падзяляліся на 2 групоўкі. Групоўка, што гуртавалася вакол караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, імкнулася захаваць цэнтралізаваную дзяржаву; групоўка братоў Ю. і Ш.Касакоўскіх выступала за поўную самастойнасць ВКЛ ад Кароны і нават за аб’яднанне ВКЛ з Расіяй. Рас. пасол Л.Л.Сіверс прапанаваў далучыць да Рас. імперыі бел. і ўкр. землі на У ад лініі Друя — Пінск — Камянец-Падольскі. Прусія выставіла прэтэнзіі на Гнезненскае, Калішскае, Пазнанскае ваяв., частку Кракаўскага ваяв., гарады Гданьск і Торунь. Пад прамой пагрозай сілы (у Гродне стаяў рус. гарнізон) 16 кастр. сейм заключыў «саюзны» дагавор Рэчы Паспалітай з Расіяй і зацвердзіў 2-і падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй і Прусіяй. Канстытуцыя 3 мая 1791 была скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКО́Н (юрыд.),
нарматыўна-прававы акт, прыняты вышэйшым прадстаўнічым органам дзярж. улады або шляхам усенар. галасавання (рэферэндуму). З. рэгулюе найб. важныя грамадскія адносіны, валодае вышэйшай юрыд. сілай у адносінах да нарматыўных актаў усіх інш. органаў дзяржавы. Ён складае аснову сістэмы права дзяржавы. Як самаст. крыніца права З. склаўся яшчэ ў старажытнасці і прыйшоў на змену прававому звычаю. Для З. характэрны асобы парадак прыняцця, спец. заканатворчая працэдура, якая распадаецца на шэраг стадый: заканадаўчую ініцыятыву, абмеркаванне праекта, прыняцце З., абнародаванне закону. Адрозніваюць канстытуцыйны З., які змяняе канстытуцыю, уносіць у яе папраўкі і дапаўненні або па сваёй сутнасці і важнасці рэгулюемых адносін прыраўноўваецца да канстытуцыі, і звычайны З., які выдаецца ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Асн. З. дзяржавы з’яўляецца канстытуцыя. У федэратыўных дзяржавах адрозніваюць З. федэральныя і З. суб’ектаў федэрацыі. Асобную катэгорыю складаюць надзвычайныя З., якімі ў час абвешчанага ў краіне надзвычайнага становішча абмяжоўваюцца правы і свабоды грамадзян і правы юрыд. асоб (гл.Надзвычайнае заканадаўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕДАТЫКА́ЛЬНЫЯ»,
члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-я г. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усе грамадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл.т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА,
сістэма агульнаабавязковых сацыяльных норм, якія ўстаноўлены або санкцыяніраваны дзяржавай і рэгулююць дзеянні, паводзіны і адносіны людзей, іх груповак, дзярж. і грамадскіх органаў, арг-цый і ўстаноў. Найважнейшыя рысы П.: нарматыўны характар; агульнаабавязковасць і ўсеагульнасць; дакладнасць, пэўнасць і абязлічанасць норм; прымяненне роўнага маштабу да розных людзей у аднолькавых сітуацыях; забяспечанасць пагрозы выкарыстання санкцый з боку дзяржавы і інш. Забяспечанасць пагрозы санкцый карэнным чынам адрознівае нормы П. ад інш.сац. норм (напр., ад маральных, рэліг., традыцыйных і інш.). П. належыць вядучая роля ў сац. рэгуляванні ў цывілізаваных дзяржавах. Яно ахоўвае ўладкаванасць і стабільнасць існуючых грамадскіх парадкаў, адносін, іх удасканаленне і змяненне і ў той жа час накіравана на барацьбу са злачыннасцю і інш. правапарушэннямі. Аснову прававой сістэмы краіны складае канстытуцыя. Нормы П. абумоўлены сац.-эканам. фактарамі, характарам і ўзроўнем развіцця духоўнай культуры. Удасканаленне П., яго дэмакратызацыя і гуманізацыя, строгае, няўхільнае і дзейснае прымяненне яго норм, прызнанне прыярытэту закона ў любой сферы грамадскай дзейнасці — неад’емная ўмова для ўсталявання прававой дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА сукупнасць нарматыўна-прававых актаў, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў. На Беларусі асновай П.з. з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, арт. 46 якой абвяшчае грамадзянам права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў з мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя. Нормы П.з. ёсць у большасці кодэксаў краіны (лясным, зямельным, аб нетрах), законах аб ахове здароўя, навакольнага асяроддзя, атм. паветра, ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах, санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва і інш. Крымінальны, адм. і грамадзянскі кодэксы прадугледжваюць адказнасць за парушэнне патрабаванняў П.з. Нормы П.з. таксама змяшчаюцца ў спец. пастановах мясц. і цэнтр. органаў улады, ведамасных распараджэннях, інструкцыях і інш.Гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова прыроды, Ахова раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМ (Radom),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значны прамысл.цэнтр.Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.
У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.Рапніна створана ген.Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТО ДЗЁН»,
час другога праўлення Напалеона / у Францыі (20.3—22.6.1815). 1.3.1815 Напалеон на чале атрада каля 1 тыс.чал. уцёк з в-ва Эльба (аддадзенага яму ў пажыццёвае валоданне ў крас. 1814) і высадзіўся на Пд Францыі. Насельніцтва, незадаволенае палітыкай Бурбонаў, якія вярнуліся з эміграцыі, аказала Напалеону падтрымку; каралеўскія войскі на чале з маршалам М.Неем, адпраўленыя супраць б. імператара, перайшлі На яго бок. 13 сак. Напалеон выдаў у Ліёне дэкрэт аб аднаўленні імперыі. 20 сак., не сустрэўшы супраціўлення, ён увайшоў у Парыж. Кароль Людовік XVIII уцёк у Бельгію. 21 чэрв. абвешчана новая канстытуцыя, складзеная ў памяркоўна ліберальным духу. Манархі інш.еўрап. краін адмовіліся прызнаць аднаўленне імперыі Напалеона I. Расія, Вялікабрытанія, Аўстрыя і Прусія стварылі 7-ю антыфранц. кааліцыю і выставілі супраць Францыі войска ў 900 тыс.чал. на чале з А.У.Уэлінгтанам. 18 чэрв. ў бітве пры Ватэрлоо армія Напалеона была разбіта. 22 чэрв. ён другі раз адрокся ад прастола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТО́РЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,
частка зямнога шара, якая знаходзіцца пад суверэнітэтам пэўнай дзяржавы. У склад Т.дз. уваходзяць суша з яе нетрамі, воды і паветр. прастора, што ляжыць над сушай і водамі. Суша — уся сухапутная тэр. ў межах граніц дзяржавы. Водную тэрыторыю складаюць унутр. (нац.) і тэр. воды. Нетры, што знаходзяцца пад сухапутнай і воднай тэр., з’яўляюцца прыналежнасцю дадзенай дзяржавы да тэхнічна даступнай глыбіні. У паветраную прастору ўваходзяць трапасфера, стратасфера, а таксама значная частка вышэйляжачай прасторы. Бакавыя межы Т.дз. вызначаюцца дзярж. граніцамі. У межах сваёй тэр. дзяржава ажыццяўляе сваё вяршэнства, якое называецца тэрытарыяльным і з’яўляецца састаўной часткай дзярж. суверэнітэту. Права на Т.дз. звычайна замацоўваецца канстытуцыямі дзяржаў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 9) абвяшчае тэр. краіны натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту. Тэр. Беларусі, якая складае пл. 207,6 тыс.км², адзіная і неадчужальная; яна падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і інш.адм.-тэр. адзінкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНА-ПЯРЭ́СТАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода малочнага кірунку. Выведзена ў розных рэгіёнах Еўразіі скрыжаваннем мясц. жывёлы з чорна-пярэстымі пародамі галандскага паходжання. Вылучаюць пародныя адгалінаванні (сярэднярус., уральскае, сібірскае і прыбалтыйскае) і групы (Беларусі, Украіны, Расіі і інш.), якія адрозніваюцца экстэр’ерам, надоямі і тлустасцю малака. Бел. пародная група Ч.-п. выведзена ў Бел.НДІ жывёлагадоўлі (М.П.Грынь, А.М.Якусевіч, І.М.Каранец), складае больш за 98% пагалоўя буйн. раг. жывёлы на Беларусі. Асн. племянныя гаспадаркі: «Чырвоная зорка» Клецкага р-на Мінскай вобл., «Рось» Ваўкавыскага р-на і «Карэлічы» Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Жывёлы буйныя. Целасклад прапарцыянальны, канстытуцыя дужая, касцяк і мускулатура добра развітыя. Тулава падоўжанае. Спіна шырокая, шыя сярэдняй даўжыні, тонкая. Вымя прапарцыянальнае, пераважна чашападобнае Масць чорна-пярэстая. Маса быкоў 850—1050 кг, кароў 450—500 кг. Скараспелыя, добрая мясная прадукцыйнасць, забойны выхад 55—57%, надоі малака за год 3000—4000 кг (патэнцыяльна да 7000), тлустасць 3,5—3,6%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дзяржа́ва, ‑ы, ж.
1. Палітычная арганізацыя пануючага класа краіны для захавання існуючага парадку і падаўлення супраціўлення іншых класаў, а таксама краіна з такой палітычнай арганізацыяй. Феадальная дзяржава. Імперыялістычная дзяржава. □ Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ёсць сацыялістычная агульнанародная дзяржава, якая выражае волю і інтарэсы рабочых, сялян і інтэлігенцыі, працоўных усіх нацый і народнасцей краіны.Канстытуцыя СССР.Рабочы клас — нязломны волат: Усемагутнаю рукой Ён адкаваў і серп, і молат У Герб дзяржавы маладой.Бялевіч.
2.Гіст. Эмблема ўлады манарха ў выглядзе шара з каронай або крыжам наверсе. На шыльдзе ў камендатуры сядзеў чорны арол. І хоць не раўня ён быў колішняму царскаму арлу са скіпетрам і дзяржавай, але ўсё ж арол.Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)