ШАРАШО́ЎСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік 16 ст. У 16—17 і 19 ст. было напрастольным у царкве г.п. Шарашова Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Тэкст напісаны чорным чарнілам, загалоўкі — кінавар’ю. Маст. аздабленне складаецца з 4 мініяцюр з выявамі евангелістаў, выкананых чырв., карычневай і залаціста-зялёнай фарбамі, 5 заставак, малюнкаў на палях (расл. арнаментыка) і ініцыялаў. Зберагаецца ў Нац. маст. музеі Беларусі.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст. Мн., 1980. С. 23—25.

В.​Ф.​Шматаў.

Шарашоўскае евангелле. Мініяцюра «Іаан».

т. 17, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖКО́Ў Яўген Назаравіч (н. 16.6.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1930). У 1945—93 працаваў на Мінскім маст. камбінаце. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу.

Сярод работ: «Судзейская калегія ў парку імя М.​Горкага», «Сплаўная прыстань» (абедзве 1948), «Выезд агранома ў калгас» (1951), «Сакавік» (1957), «Рыбалка на возеры Сялява» (1961), «Наталля» (1976), «Аўтапартрэт» (1999), «Неаніла» (2000), нацюрморты. З 1990 працуе пераважна ў іканапісе.

Літ.:

Яўген Ражкоў: Іканапіс. Жывапіс: [Альбом]. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мініяцю́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мініяцюры (у 1, 2 знач.). Мініяцюрны жывапіс.

2. Маленькі і прыгожы. Побач з важным, шыракаплечым Міхалам Арына здавалася мініяцюрнай, стройнай і маладой. Карпаў. // Вельмі малы. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданскімі пісьменнікамі. Там пілі кофе з мініяцюрных кубачкаў і слухалі канцэрт. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛА́ДАВА Алена Васілеўна (22.5.1907, г. Пружаны — 29.5.1986),

бел. мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Жонка М.І.Аладава. Скончыла БДУ (1928). З 1937 працавала ў музеях Мінска. У 1944—77 дырэктар Дзярж. маст. музея Беларусі. Яе намаганнямі ў пасляваен. гады адноўлены фонд музея, сабраны творы бел., рус., зарубежнага мастацтва (у 1977 больш за 15 тыс. экспанатаў), арганізаваны шматлікія экспазіцыі і выстаўкі. Аўтар кніг пра творчасць І.​Ахрэмчыка, П.​Гаўрыленкі, В.​Цвіркі, пра Дзярж. маст. музей Беларусі (1958), бел. жывапіс (1978) і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА ВЫЯЎЛЕ́НЧАГА МАСТА́ЦТВА ў Мінску.

Заснаваны ў 1997, адкрыты ў 1998. Складаецца з выставачнай залы (пл. 147,7 м²), малой выставачнай залы (пл. 54,2 м²), галерэі (пл. 68,3 м²), хола для фотавыставак (пл. 102,8 м²). У зборы больш за 1450 экспанатаў (2000). Аснову калекцыі складаюць творы бел. мастацтва 20 ст. (жывапіс, графіка, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, фатаграфія), захоўваюцца творы замежнага мастацтва. Праводзіць выстаўкі бел. і замежнага мастацтва, у т. л. ў інш. выставачных залах Беларусі і за яе межамі.

Л.​І.​Дабравольская.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЖА́НТА (Ajanta),

комплекс будыйскіх манастыроў 2 ст. да н.э. — 7 ст. н. э., высечаных у скалах каля пас. Аджанта ў штаце Махараштра ў Індыі. Складаецца з 29 пячорных залаў: 4 «чайцья» (малельныя залы) і 25 «віхар» (квадратныя залы, акружаныя з трох бакоў келлямі). Сусветна вядомая насценная размалёўка пячор вызначаецца багаццем фантазіі, прыгажосцю колеру і рытму. Жывапіс, што захаваўся ў фрагментах, — ілюстрацыі да будыйскай міфалогіі, але ў ім шырока паказана карціна інд. побыту таго часу.

«Чайцья» ў Аджанце.
Да арт. Аджанта. Прынцэса, якая памірае. Фрагмент размалёўкі.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РЦІ (Alberti) Леон Батыста (18.2.1404, Генуя — 25.4.1472),

італьянскі вучоны, архітэктар, пісьменнік, музыкант; адзін з найб. значных гуманістаў эпохі Адраджэння. Атрымаў адукацыю ў Падуі, працаваў у Рыме і Фларэнцыі. Аўтар тэарэт. трактатаў, якія абагульнялі вопыт тагачаснага мастацтва і ўзбагачалі яго вынікамі навукі («Пра жывапіс», «Пра дойлідства», «Пра статую»). Пабудаваныя паводле яго праектаў цэрквы Сан-Франчэска ў Рыміні (1447—68), Сан-Себасцьяна (1460) і Сант-Андрэа (1472—94) у Мантуі былі вызначальным крокам у асваенні ант.

спадчыны архітэктуры ранняга Адраджэння.

Тв.:

Десять книг о зодчестве. Т. 1—2. М., 1935—37.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАНО́ВІЧ Іосіф Іосіфавіч (н. 9.5.1920, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.​Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).

А.​С.​Наркевіч.

І.Белановіч. Сустрэча з мінулым (Поле памяці). 1978.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНАЕ МАСТА́ЦТВА,

галі на пластычных мастацтваў, якая (як архітэктура і дызайн) служыць маст. фарміраванню матэрыяльнага асяроддзя, што ствараецца чалавекам і садзейнічае ўкараненню ў ім эстэт. і ідэйна-вобразнай асновы. Адзін са сродкаў эстэт. выхавання чалавека. Падзяляецца на манументальна-дэкаратыўнае мастацтва (уключае арх. дэкор, дэкаратыўны жывапіс, дэкаратыўную скульптуру), дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, афармленчае мастацтва. Творы Д.м. ствараюцца як элемент ці дэталь кампазіцыі і адыгрываюць істотную ролю ў аб’ёмна-прасторавай арганізацыі ансамбля. Ідэйна-вобразны змест твораў Д.м. найб. поўна раскрываецца пры ўспрыманні іх у тым ансамблі, для якога яны прызначаны.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛАНЭ́ (Delaunay) Рабер (12.4.1885, Парыж — 25.10.1941),

французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва ў Бельвіле. Зазнаў уплывы неаімпрэсіянізму, П.Сезана, кубізму. Заснавальнік (з С.​Тэрк-Дэланэ) плыні арфізм. Дынаміку руху і рытмаў перадаваў з дапамогай вылучаных ім заканамернасцей узаемапранікнення асн. колераў спектра і ўзаемаперасячэння крывалінейных паверхняў. Аўтар абстрактных карцін («Дыск», «Круглыя формы», 1912—13, «Даніна павагі Блерыо», 1914, «Радасць жыцця», 1930—31, «Рытмы», 1930—37), пейзажаў («Чырвоная Эйфелева вежа», 1910), лаканічных нацюрмортаў («Кафейнік, партугальскі нацюрморт», 1915—16), партрэтаў («Ф.​Супо», 1922) і інш. Іл. глядзі ў артыкуле Жывапіс.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)