горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мёрт і Мазель. Каля 110 тыс.ж., з прыгарадамі каля 300 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Мёрт і канале Марна—Рэйн. Эканам. цэнтр Латарынгскага індустр. раёна. Прам-сць: эл.-тэхн. і трансп. машынабудаванне, вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла і фаянсу, абутковая, швейная, харчовая. 2 ун-ты.
Вядомы з 10 ст., у 11 ст. тут пабудаваны замак. У 1-й пал. 12 ст. горад стаў рэзідэнцыяй латарынгскіх герцагаў. У 1477 каля Н. адбылася бітва паміж войскамі герцага Рэнэ II Латарынгскага і бургундскага герцага Карла Смелага. У 16—18 ст. горад шмат разоў захоплівалі франц. войскі У 1736—66 у Н. знаходзілася рэзідэнцыя б. караля Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У 1766 канчаткова далучаны да Францыі.
Стары горад з нерэгулярнай планіроўкай размешчаны каля падножжа часткова захаванай цытадэлі. На Пд ад яго — Новы горад, забудаваны паводле рэгулярнага плана ў 17—18 ст. Абодва абнесены кальцом умацаванняў (захаваліся часткова, у т. л.гар. вароты Краф з 2 вежамі, каля 1360). Ансамбль цэнтра Н., які сфарміраваўся ў час праўлення ў Латарынгіі Станіслава Ляшчынскага, з’яўляецца прыкладам франц. горадабудаўніцтва эпохі барока (1751—66, арх. Э.Эрэ дэ Карні). У яго ўваходзяць: плошчы Станіслава I (б. Каралеўская, 1751—55, арх. Эрэ дэ Карні) з ратушай (пач. 18 ст., арх. Ж.Ламур), фантанам (арх. Б.Гібаль) і статуяй Станіслава I (1831), Альянс (1756) з фантанам у стылі ракако (арх. Р.А.Сіфле), Кар’ер з трыумфальнай аркай (1757, арх. Ламур) і Палацам урада (1715, арх. Ж.Бафран, усе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Герцагскі палац (16 ст., цяпер музей). У Новым горадзе — сабор Сен-Жульен (1703—42, арх. Ж.Бето, Ж.Ардоуэн-Мансар, Бафран), касцёл Нотр-Дамдэ-Бон-Секур (1738—41, Эрэ дэ Карні; пахавальні Станіслава Ляшчынскага і яго жонкі). Сярод інш. збудаванняў жылыя дамы 18 і пач. 20 ст. (стыль мадэрн; яго цэнтрам у Францыі быў Н.), атэль Матыньён (18 ст.), будынак т-ра (1755, арх. Эрэ дэ Карні), парк Пепіньер (1767, помнік К.Ларэну, скульпт, А.Радэн), ун-т (пач. 1960-х г., арх. П.Нане), вышынны будынак канторы «Жофр» (1962, арх. А.Пруве). У Н. музеі прыгожых мастацтваў, школы Нансі, гісторыі герцагства Латарынгскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖА́ АСЕ́ЛАСЦІ, мяжа яўрэйскай аселасці,
частка тэр.Рас. імперыі, з якой у 1792—1917 не дазвалялася свабоднае перасяленне яўрэяў у інш. рэгіёны краіны. Першапачаткова ўводзілася з мэтай абараніць інтарэсы рас. купцоў і прадпрымальнікаў ад канкурэнцыі яўр. капіталу з зямель, што былі далучаны да Расіі ў сярэдзіне 17 — пач. 19 ст.: у выніку вайны з Рэччу Паспалітай 1654—67, трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) і войнаў з Турцыяй (1735—39, 1768—74, 1787—91, 1806—12). Ахоплівала пераважна вобласці традыц. рассялення яўрэяў на тэр.б. Рэчы Паспалітай (Беларусь, б.ч. Украіны, Літва, ч. Латвіі) і каланізаваныя яўрэямі стэпавыя раёны Паўн. Прычарнамор’я, што былі адваяваны Расіяй у туркаў і крымскіх татар (паўд. вобласці Украіны і ч. Малдовы). Падставай для ўвядзення М.а. стаў дазвол у студз. 1780 яўрэям Магілёўскага і Полацкага намесніцтваў запісвацца ў гар. купецкае і мяшчанскае саслоўі. Указам ад 3.1.1792 Кацярына II забараніла яўрэям запісвацца ў купецкае саслоўе рас. гарадоў і партоў, а дазволіла мець правы «грамадзянства і мяшчанства» толькі ў межах бел. намесніцтваў і Таўрычаскай вобл. Указам ад 4.10.1794 права аселага жыхарства і купецка-мяшчанскіх заняткаў для яўрэяў дазволена ў 10 новаўтвораных губернях. 14.5.1795 яўрэям-купцам і мяшчанам забаронена перамяшчацца з губерні ў губерню. Паводле Палажэння аб яўрэях 1804 ім дазвалялася пражываць у 13 зах. губернях. У адпаведнасці з палажэннем 1835 у М.а. ўключаны 15 губерняў: Бесарабская, Валынская, Віленская, Віцебская, Гродзенская, Екацярынаслаўская, Кіеўская, Ковенская, Магілёўская, Мінская, Падольская, Палтаўская, Таўрычаская, Херсонская, Чарнігаўская. У межах М.а. яўрэям забаранялася пражываць у вёсках, а таксама ў Кіеве, Севастопалі і Ялце. У Курляндскай губ., на Каўказе, а пазней і ў Сярэдняй Азіі дазвалялася пражываць толькі «мясц. яўрэям». Абмежавальнае заканадаўства не датычыла яўрэяў, якія прымалі праваслаўе. У 1835 яўрэям дазволена па-за М.а. набываць нерухомасць (акрамя маёнткаў, населеных сялянамі), засноўваць земляробчыя калоніі і фабрыкі. З абмежавальнага заканадаўства выключаліся купцы 1-й гільдыі (указ 1859), асобы з вышэйшай (1861) і сярэдняй (1865, 1866, 1872) адукацыяй, рамеснікі, механікі, вінакуры (1865), аптэкары, дантысты, фельчары, павітухі (1879), ваеннаслужачыя па рэкруцкім наборы з сем’ямі (1860, 1867). М.а. і ўсе заканадаўчыя абмежаванні яўрэяў у грамадзянска-маёмасных правах скасаваны пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 паводле закону «Аб адмене веравызнальных і нацыянальных абмежаванняў» (2.4.1917).
Літ.:
Анищенко Е.К. Черта оседлости: (Бел. синагога в царствование Екатерины II). Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́ЦЫЯ (Venezia),
горад на ПнУ Італіі, на астравах у лагуне і на беразе Венецыянскага зал. Адрыятычнага м.Адм. ц. вобласці і правінцыі Венецыя. 306,5 тыс.ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт аўтадарог і чыгунак. Венецыя складаецца з 2 частак: гіст. цэнтра (каля 100 тыс.ж.), размешчанага на 118 невял. астравах Венецыянскай лагуны, падзеленых 150 каналамі і пратокамі (Вял. Канал — гал.трансп. артэрыя), цераз якія перакінута каля 400 мастоў, і прамысл.-партовай мацерыковай часткі (уключае гарады Маргера, Местрэ, Фузіна і інш.). У гіст. цэнтры — суднарамонтная, папяровая, трыкат.прам-сць. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сцьмаст. вырабаў са шкла (гл.Венецыянскае шкло), карункаў, мазаікі, скураных і інш. вырабаў. У мацерыковай ч. — каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., харч., эл.-тэхн. прам-сць, суднабудаванне, дакладная механіка і оптыка. Ун-т. Акадэмія мастацтваў, Ін-т па вывучэнні Адрыятыкі. Музеі: Галерэя Акадэміі, Археалагічны, Корэр (мастакі 14—16 ст.), сабора св. Марка, на в-ве Мурана — музей шкла і інш. Оперны т-р. Астраўная ч. Венецыі — горад-музей, марскі курорт, цэнтр міжнар. турызму, месца правядзення міжнар. кінафестываляў, маст. выставак. Венецыя церпіць ад навадненняў. Унутрыгар. перавозкі ажыццяўляюцца на катэрах, баржах, гандолах. Венецыя і лагуна занесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Першыя паселішчы на тэр. Венецыі (на астравах лагуны каля паўн. ўзбярэжжа Адрыятычнага м.) узніклі ў 5 ст. да н.э. У перыяд нашэсця варварскіх плямён (4—7 ст.н.э.) колькасць насельніцтва павялічылася за кошт уцекачоў з мацерыковай ч. Італіі. У сярэдзіне 6 ст. астравы былі заваяваны Візантыяй, але фактычна засталіся незалежныя. На астравах узніклі абшчыны, якія ў канцы 7 — пач. 8 ст. ўтварылі рэспубліку на чале з дожам. Горад Венецыя ўзнік на пач. 9 ст. на в-ве Рыальта як цэнтр дуката (герцагства). У 9—10 ст. на Венецыі — буйны пасрэдніцкі цэнтр гандлю Зах. Еўропы з Усходам, развівалася прам-сць, суднабудаванне, апрацоўка металу, дрэва, выраб шоўку, зброі, шкла і інш. У канцы 10 ст. Візантыя разглядала Венецыю як незалежную дзяржаву. Былі далучаны істрыйскія гарады Кападыстрыя, Парэнца, Умага, Равіньё і інш. У 11—12 ст. Венецыя — багатая марская дзяржава. У часы крыжовых паходаў (11—13 ст.) ператварылася ў міжземнаморскую імперыю, авалодала часткай Канстанцінопаля, шэрагам гаваняў на Мармуровым м. і ў пралівах, а-вамі Эўбея, Крыт і інш. З канца 13 ст. рэспубліка Венецыя стала алігархічнай. Дзейнічалі вышэйшыя органы кіравання: Вял. савет (кіраваў усімі дзярж. справамі), Малы савет, ці Сіньёрыя (урад, які ўзначальваў пажыццёва абраны дож), Сенат (займаўся калан. справамі і пытаннямі знешняй палітыкі), Савет сарака (вышэйшы суд. орган). Значнага росквіту Венецыя дасягнула ў 14—15 ст., замацавалася ў Далмацыі, завалодала некалькімі пунктамі ў Албаніі, Іанічнымі а-вамі. У 14 — пач. 16 ст. Венецыя пашырыла свае ўладанні на кантыненце (былі далучаны гарады Падуя, Вічэнца, Верона, Брэшыя, Равена, Крэмона, Рыміні і інш.). Захоп туркамі Канстанцінопаля (1453), перамяшчэнне гандл. шляхоў з Міжземнамор’я на Атлантычны ак. (у выніку Вял.геагр. адкрыццяў) нанеслі ўдар магутнасці Венецыі. У венецыяна-тур. войнах 15—18 ст. яна страціла амаль усе тэр. на Балканах і ва Усх. Міжземнамор’і, што прывяло да паліт. і эканам. заняпаду. У 1797 Венецыя была акупіравана войскамі Напалеона I і паводле Кампафармійскага міру 1797 перададзена Аўстрыі. Паводле Прэсбургскага міру 1805 далучана да Італьян. каралеўства. Венскі кангрэс 1814—15 зноў перадаў Венецыю Аўстрыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ў Венецыі абвешчана (сак. 1848) рэспубліка (кіраўнік Д.Манін), у жн. 1849 пасля гераічнай абароны яна пала пад ударамі аўстр. арміі. Паводле Венскага міру 1866 увайшла ў склад Італьян. каралеўства. У 1943 акупіравана ням.-фаш. войскамі, была цэнтрам руху Супраціўлення. Вызвалена ў выніку нар. паўстання 28—29.4.1945, 30 крас. занята войскамі саюзнікаў.
Маляўнічасць і непаўторнасць Венецыі ствараюць вялікія і шматлікія маленькія каналы, дамы і палацы, што ўзнімаюцца з вады. Найб. значныя арх. ансамблі: пл.св. Марка з аднайм. саборам (829—832) і званіцай; пл. П’яцэта з Венецыянскім Палацам дожаў (9 ст.) і б-кай (1536—54, арх. Я.Сансавіна); пл. Санці-Джавані э Паала з аднайм. царквой (1246—1430), будынкам Скуола Грандэ ды Сан-Марка (1488—90) і помнікам кандацьеру Б.Калеоні (скульптар А.Верок’ё). Іншыя помнікі: склад Фандака дэі Туркі (13 ст.), Палацца Ка д’Ора, Палацца Вендрамін-Калерджы (абодва 15 ст.); цэрквы Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары (14—15 ст.), Санта-Марыя дэі Міраколі (15 ст.), Іль Рэдэнторэ (16 ст.), Скуола Грандэ ды Сан-Рока (16 ст.), царква і манастыр Сан-Джорджа Маджорэ (16 ст., арх. А.Паладыо), Санта-Марыя дэла Салутэ (17 ст., арх. Б.Лангена), мост Рыяльта (16 ст.), палацы Рэдзаніка (17 ст.), Пезара (скончаны ў 1710).
Літ.:
Соколов Н.П. Образование Венецианской колониальной империи. Саратов, 1963;
Всеволожская С.Н. Венеция. Л., 1970.
Да арт.Венецыя. Від з Вялікага канала на царкву Санта-Марыя дэла Салутэ. Арх. Б.Лангена. 1631—81.Панарама цэнтральнай часткі Венецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ БАДАХША́Н, Горна-Бадахшанская аўтаномная вобласць,
вобласць у Таджыкістане. Утворана 2.1.1925. Пл. 63,7 тыс.км². Нас. 167 тыс.чал. (1994), гарадскога нас. 12,5%, жывуць таджыкі (89,5%), кіргізы (6,7%), рускія (каля 2%). Цэнтр — г.Харог. 6 раёнаў.
Прырода. Горны Бадахшан размешчаны ў межах Паміра, дзе горныя вяршыні да 7495 м (пік Камунізму) і буйное горнае зледзяненне (ледавік Федчанкі, даўж. 77 мкм). Тэр. падзяляецца на зах. і ўсх. часткі. Зах.ч. моцна расчлянёная глыбокімі далінамі, над якімі ўзвышаюцца хрыбты на 3000—4000 м і больш. Усх. частка — найвыш. выраўнаванае нагор’е з плоскімі далінамі і катлавінамі, дзе горныя хрыбты ўздымаюцца на 1200—1800 м. Выяўлены радовішчы золата, горнага хрусталю, самацветаў, слюды, азбесту. Шматлікія тэрмальныя крыніцы. Клімат кантынентальны высакагорны. Сярэдняя т-растудз. ад -8 °C на З да -20 °C на У, ліп. адпаведна ад 22 °C да 13 °C. Ападкаў да 240 мм за год на З і 60 мм на У. Вегетатыўны перыяд 223 сут у Харогу, 140 сут у Мургабе. Гал. рэкі: Пяндж (з прытокамі Ванч, Язгулем, Бартанг і інш.), Мургаб. Бяссцёкавыя азёры — Каракуль, Рангкуль, праточныя — Сарэзскае воз., Яшылькуль і Заркуль. Глебава-расліннае покрыва ў зах.ч. мае рысы моцнай ксерафільнасці ва ўсіх паясах: у ніжніх — шэразёмы з палыном, салянкамі, кузініямі; у верхніх — пустынна-стэпавыя глебы з палыном, кавылём, ціпчаком, на вяршынях хрыбтоў — падушачкі (з аканталімонаў) і плямы лугоў з асокамі і кабрэзіяй. Па берагах рэк — гаі з вярбы, таполі, джыды, зараснікі арчы. Ва ўсх.ч. — высакагорныя пустынныя глебы з рэдкімі кустамі цераскета; па схілах гор расліннасць вельмі разрэджаная. Усюды пашыраны воўк, ліс, заяц-талай, снежны барс, горны казёл; шмат буйных драпежных птушак. На З водзяцца рысі, дзікабразы, дзікі, на У — архары; у рэках і азёрах — стронга, галец і інш.
Гісторыя. Бадахшан — стараж. вобласць на Паміры. У 1895 Горны Бадахшан далучаны да Бухарскага ханства, якое з 1868 было пад пратэктаратам Расіі. Сав. ўлада ўстаноўлена ў 1920. У ліп. 1923 уключаны ў Туркестанскую АССР як самаст.вобл. 2.1.1925 створана Асобая Памірская вобл. у складзе Таджыкскай АССР (з 1929 Таджыкская ССР), у снеж. 1925 перайменавана ў Горна-Бадахшанскую аўт.вобл.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчовая, развіваюцца металаапрацоўка і вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Невял. ГЭС: Харогская, Ванчская і інш. Земляробства паліўное у далінах зах.ч.; вырошчваюць збожжавыя, агародніна-бахчавыя культуры, бульбу, тытунь. Жывёлагадоўля (авечкі, які — ва ўсх.ч.). Пладаводства. Шаўкаводства. Асн. аўтадарогі Ош—Харог і Душанбе—Харог. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс.ж. (1999).
З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав. Смаленскага ваяв.ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв 3 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.С.Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ.БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.А.Каўпака і А.М.Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНІЗА́ЦЫЯ,
сістэма мерапрыемстваў дзярж. органаў, культ. устаноў і каталіцкага духавенства па асіміляцыібел. народа. У правядзенні П. актыўна ўдзельнічалі польскія і паланізаваныя феадалы і шляхта, што жылі на Беларусі, а таксама мясц. пласты насельніцтва пасля прыняцця імі каталіцкай веры. Першыя сімптомы П. абазначыліся пасля Крэўскай уніі 1385, калі ў заснаваных на бел. землях касцёлах асн. набажэнства пачалі весці на лац., а казанні — на польск. мовах. З пашырэннем уплыву каталіцызму на Беларусі ішло паступовае ўмацаванне пазіцый польск. элемента ў сістэме адукацыі, кнігавыдавецкай справе. З 324 кніг, надрукаваных у ВКЛ у 1525—99, 151 выдадзена на лац., 114 — на польск., 50 — на старабел. мовах. П. бел. народа ўзмацнілася пасля Люблінскай уніі 1569. У 1696 усеагульная канфедэрацыя саслоўяў Рэчы Паспалітай прыняла пастанову, у якой зафіксавана, што ў службовым справаводстве ВКЛ «усе рашэнні павінны складацца на польскай мове». Пасля 1696 пачала зніжацца роля бел. мовы ў міжасобасных зносінах людзей, асабліва сярод заможных, прывілеяваных прадстаўнікоў насельніцтва. Гал. прычына істотнай страты беларусамі сваёй культ.-моўнай адметнасці — у свядомай дзейнасці свецкай і духоўнай улад Рэчы Паспалітай. П. беларусаў мела месца і пасля Taro, як іх землі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) былі далучаны да Рас. імперыі. Цяпер такую палітыку ажыццяўлялі гал. чынам каталіцкае духавенства, у якога на Беларусі было шмат касцёлаў, кляштараў і навуч. устаноў, а таксама польск. прафесійныя і прыдворныя тэатры. П. аслабела толькі пасля задушэння паўстання 1863—64, калі ўжо палякам давялося адстойваць сваю культуру і мову ад русіфікацыі. З пач. 1-й сусв. вайны 1914—18, якая прывяла да захопу герм. інтэрвентамі зах. часткі бел. зямель, палітыку П. разам з каталіцкім духавенствам праводзілі розныя шавіністычныя польскія партыі і культ.-асв. рухі. П. ўзмацнілася пасля змены герм. акупацыі Беларусі польскай, і калі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адышла значная частка тэр. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне П. беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, пазіцыя польск. культуры і мовы, якія мелі сталую падтрымку з боку дзяржавы і каталіцкага духавенства, станавілася ўсё больш трывалай на «крэсах усходніх». Перад уз’яднаннем у вер. 1939 Зах. Беларусі з БССР тут ужо амаль не было бел. школ, адсутнічалі ўмовы для развіцця бел. прафесійнай нац. культуры У той ці інш. сферы П. праводзілася на этнічных бел. землях Польшчы і ў пасляваен. перыяд. У наш час у гэтым краі Польшчы далёка не поўнасцю задавальняюцца патрэбы нац.-культ. развіцця беларусаў. Элементы П. назіраюцца і сёння ў практыцы некат. каталіцкіх храмаў на тэр. суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.
Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕА́ПАЛЬ (Napoli),
горад на Пд Італіі, каля падножжа вулкана Везувій. Адм. ц. вобласці Кампанія і прав. Неапаль. У агламерацыі Вял. Н. 3012 тыс.ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт у Неапалітанскім зал. Тырэнскага м.Міжнар. аэрапорт. Найважнейшы эканам. і культ. цэнтр на Пд Італіі. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металургічная, маш.-буд. (суднабудаванне, эл.тэхн., радыёэлектроннае), абутковая, тэкст., мэблевая, харч. (вял. макаронныя ф-кі). Метрапалітэн. Ун-т (з 1224). Кансерваторыя. Абсерваторыі. Бат. сад. Марскі акварыум. Нац. музей, буйнейшы ў Еўропе археал. музей, маст. галерэі. Оперны тэатр «Сан-Карла». Цэнтр міжнар. турызму. Ваен.-марская база.
Засн. каля 600 да н.э. як грэч. калонія выхадцамі з г. Кумы. У 326 да н.э. заваяваны рымлянамі. У канцы 5 ст.н.э. ў складзе остгоцкай дзяржавы. З сярэдзіны 6 ст. тут замацаваліся візантыйцы. У 1139 заваяваны нарманамі і далучаны да Сіцылійскага каралеўства, пасля 1266 яго сталіца. У 1268 захоплены франц. герцагам Карлам Анжуйскім. У 1282—1442, 1501—04 сталіца Неапалітанскага каралеўства. З 1504 у складзе Сіцылій абедзвюх Каралеўства. У 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка. У 1806—15 Н. — сталіца залежнага ад Францыі Неапалітанскага каралеўства, з 1815 — Каралеўства абедзвюх Сіцылій. Н. — адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. Ў 1860 вызвалены войскамі Дж.Горыбальдзі і ўвайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У час фаш. дыктатуры Б.Мусаліні — буйная ваен.-марская база. Пасля выхаду Італіі з 2-й сусв. вайны акупіраваны ў 1943 ням.-фаш. войскамі; вызвалены ў выніку паўстання (т.зв. Чатыры дні Неапаля).
Размешчаны амфітэатрам на прыбярэжных пагорках. У цэнтр.ч. захавалася ант. рэгулярная планіроўка. Сярод помнікаў: раннехрысц. катакомбы з фрэскамі (2—5 ст.), баптыстэрый Сан-Джавані з мазаікамі (5 ст.), замкі Кастэль дэль Ова (з 12 ст.) і Кастэль Нуова (1279—84, перабудаваны ў 1443—53, Г.Сагрэра; трыумфальная арка Альфонса Арагонскага са статуямі і рэльефамі, 1452—67, арх. і скульпт. Сагрэра, скульпт. Ф.Лаўрана, П. да Мілана, рэнесанс), гатычныя касцёлы, часткова перабудаваныя ў стылі барока, — Сан-Ларэнца, Сан-Даменіка (абодва 13 ст.), Санта-Марыя дэль Карміне (1283—1300), сабор (1294—1323); палацы і касцёлы ў стылях рэнесансу і барока; у стылі класіцызму — кляштар Чэртоза ды Сан-Марціна (1325, Ф. ды Віта, Т. ды Камаіна; 1580—1623, Дж.Дозіо, са зборам неапалітанскага і еўрап. жывапісу 17—18 ст.), т-р «Сан-Карла» (1737—1816), касцёл Сан-Франчэска ды Паала (1817—46, П.Б’янкі). З пабудоў 20 ст. вылучаюцца будынак вакзала (1954—60, арх. Дж.Вакара, М.Кампанела, інж. П.Л.Нерві і інш.) і інш. Каля Н. руіны стараж.-рым. гарадоў Пампеі і Геркуланум, Палацца Рэале ў Казерце (з 1752, Л.Ванвітэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,
горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс.ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц.т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л.ун-т.
Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз. Горкі.
З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх. А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх. А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-ра драмы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпер маст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.
Літ.:
Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;
Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССРдалучаныч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССРдалучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.