ГУРО́Н (Huron),

возера ў Паўн. Амерыцы, у ЗША і Канадзе, другое па велічыні ў сістэме Вялікіх азёр. Пл. 59,6 тыс. км². Даўж. 330 км, шыр. каля 293 км, глыб. да 208 м. Злучаецца р. Сент-Мэрыс і каналам Су-Сент-Мары з Верхнім воз., пралівам Макіна — з воз. Мічыган; сцёк па р. Сент-Клэр у воз. Эры. Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. парты — Сарнія і Мідленд (Канада), Алпіна (ЗША).

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАШЧА́ТЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,83 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 600 м, найб глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 660 км². На Пд упадае р. Турэц, на З выцякае пратока ў воз. Гомель, на якой пабудавана плаціна.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТУРНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванне картаграфічнай сеткі і элементаў (контураў) агульнагеагр. карты. На К.к. паказваюцца без надпісаў, адным колерам: берагавыя лініі мораў, азёр, рэкі, населеныя пункты, палітыка-адм. граніцы і асобныя элементы тэматычных карт. Выкарыстоўваюць у вучэбных мэтах. К.к. — від бланковай карты, дзе нанесены разрэджаная аснова геагр. карты з надпісамі; ужываюць у якасці асновы для спец. і тэматычных карт у археалогіі, геалогіі, метэаралогіі і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́МА-МА́НЫЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,

тэктанічнае жолабападобнае паніжэнне, якое аддзяляе Перадкаўказзе ад Усх.-Еўрап. раўніны. Шыр. 20—30 км, у цэнтр. ч. звужана да 1—2 км. Злучае Кубана-Прыазоўскую і Прыкаспійскую нізіны. У антрапагене — марскі праліў паміж Чорным і Каспійскім морамі. Змяшчае сістэму азёр і вадасховішчаў, Кума-Маныцкі канал. Усх. ч. занята нізоўем р. Кума. Па К.-М.у. праходзіць умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,

жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.

В.​В.​Вежнаеец.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ШАТЛА́НДСКАЕ НАГО́Р’Е.

На Пн Вялікабрытаніі, у Шатландыі. Даўж. з Пн на Пд каля 300 км, шыр. больш за 200 км. Выш. да 1343 м (г. Бен-Невіс у Грампіянскіх гарах). Складзена з гнейсаў, гранітаў, крыштал. сланцаў, пясчанікаў. Пласкагор’і і масівы, расчлянёныя тэктанічнымі ўпадзінамі (найб. Глен-Мор) са старажытналедавіковымі формамі рэльефу, цяснінамі, на З — фіёрдамі. Шмат азёр (Лох-Ломанд, Лох-Нес), балот. Верасоўнікі, лугі, участкі лясоў. Жывёлагадоўля.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, седыментагенныя радовішчы, экзагенныя радовішчы,

паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.),

інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАЗЁРНЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.

Займае цэнтр. ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

каліе́ла

(н.-лац. koliella)

аднаклетачная або ніткаватая зялёная водарасць сям. элакатотрыксавых, якая трапляецца ў планктоне азёр, рэк, у глебе, на снезе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)