ІДЫЁМА (ад грэч. idiōma своеасаблівы выраз) у мовазнаўстве, складанае па структуры моўнае адзінства з цэласным семантычным зместам. У вузкім сэнсе — фразеалагічнае зрашчэнне (гл. Фразеалагізм). Састаўныя ідыяматычных адзінстваў наз. кампанентамі, у І. яны страчваюць сваё звычайнае значэнне (напр., «сабаку з’есці» — мець вял. навык, вопыт у чым-н.).

Вылучаюцца марфалагічныя І. — словы, значэнне якіх не абумоўлена сукупнасцю значэнняў іх марфем; лексічныя І. — спалучэнні двух і больш слоў пастаяннага лексіка-грамат. складу, злітнае значэнне якіх не вынікае са зместу асобных кампанентаў; сінтаксічныя І. — простыя або складаныя канструкцыі, агульнае значэнне якіх не вынікае з сумы значэнняў форм і ўласцівых ім сінтакс. адносін. І. — сродак выразнасці і вобразнасці мовы. Вывучае І. ідыяматыка.

І.​Р.​Шкраба.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],

рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.​І.​Шмальгаўзенам (1939).

Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр. неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭО́РНЫ ПАТО́К,

сукупнасць метэораў у зямной атмасферы, якія маюць агульнае паходжанне. Траекторыі ўсіх метэораў патоку амаль паралельныя, але, з прычыны перспектывы, назіральніку здаецца, што ўсе яны выходзяць з аднаго пункта нябеснай сферы — радыянта. Назвы гал. М.п. паходзяць ад назваў сузор’яў, у якіх знаходзяцца іх радыянты (гл. табл.). Метэоры патокаў звычайна складаюцца з рэчыва нізкай шчыльнасці, маюць вял. эксцэнтрысітэты і звязаны з каметамі. Распад ядра каметы суправаджаецца размеркаваннем рэчыва ўздоўж арбіты з утварэннем рою каметных часцінак. М.п. ўзнікаюць пры перасячэнні Зямлёй арбіты каметы. Пры размеркаванні рою па ўсёй арбіце М.п. назіраюцца кожны год у пэўную дату, пры размеркаванні рою па частцы арбіты — у гады збліжэння каметы з Сонцам.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЫ́РНІК (Elytrigia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.

Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.

В.​М.​Прохараў.

Пырнік: 1 — паўзучы; 2 — бескарэнішчавы.

т. 13, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭ́НКА (Алена Мікалаеўна) (н. 6.10.1961, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (2000). Скончыла БДУ (1985). З 1985 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1989 у Мінскім лінгвістычным ун-це, з 1995 — у БДУ. Даследуе пытанні сучаснай бел. літ. мовы, яе гісторыю, этымалогію лексікі, слав. мовы, агульнае мовазнаўства. Аўтар кн. «Інтэлектуальныя абазначэнні: функцыянаванне і матывацыя» (1994, з А.​А.​Кожынавай), «Сістэмны рух і гуманітарныя навукі» (1996, з М.​А.​Сакаловай), «Дзеясловы з семантыкай разумовых працэсаў у беларускай мове» (2000), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па бел. мове для школы і інш.

Тв.:

Белорусский язык для русскоязычных. Мн., 1994 (разам з А.​А.​Кожынавай, А.​Г.​Тарасевіч).

М.​Н.​Крыўко.

т. 13, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

іпры́т

(фр. ypérite, ад Ypres = назва бельгійскага горада)

арганічнае злучэнне, бясколернае масляністае рэчыва з гарчычным пахам, якое выклікае нарывы на скуры і агульнае атручэнне арганізма; выкарыстоўваецца як баявое атрутнае рэчыва; гарчычны газ.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Квадра́нец ’чвэрць гадзіны’ (Нас.). Параўн. адпаведнае значэнне квадра (гл.). Бел. і ўкр. квадранец(ь) ’чвэрць гадзіны’ — агульнае запазычанне з польск. kwadraniec < kwadranc < kwadrans. Тут наглядаецца працэс словаўтваральнай адаптацыі лацінскага па паходжанню слова да славянскіх з прадуктыўнай суфіксацыяй *‑ап‑ьcь. Утварэнне праходзіла па мадэлі аддзеяслоўнага дэрывата: kwadrować > kwadraniec; польск. kwadrans — з лац. quadrans ’чвэрць’ (у тым ліку ’чвэрць гадзіны’): Брукнер, 286; Слаўскі, 3, 454; ЕСУМ, 2, 413.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тараба́рскі ’незразумелы, пазбаўлены сэнсу, бязглузды’, тараба́ршчынаагульнае незразумелае гаварэнне, гоман’, тараба́рыць ’займацца пустымі размовамі, балбатаць’ (ТСБМ). Параўн. укр. тараба́рщина, тараба́рити ’тс’, рус. тараба́рский ’незразумелы, пазбаўлены сэнсу’, тараба́рщина ’нешта незразумелае’, тараба́рить ’балбатаць, займацца пустымі размовамі’, ст.-рус. тарабарская грамота (XV ст.) ’сістэма тайнапісу’. У аснове ўтварэнняў спалучэнне тары-бары (гл.), зыходным лічыцца рус. тараба́р ’балбатун’ (Фасмер, 4, 20; Новое в рус. этим., 230), вытворнае ад адпаведнага дзеяслова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тры́братдзеці ‘траюрадныя браты або сёстры’ (дзісн., Бел. дыял. 3). Слова, запісанае Я. Драздовічам у 20‑х гадах XX ст., спалучае лічэбнік тры (гл.) і вядомае ў смаленскіх гаворках словазлучэнне брат‑дети (брад‑дети) ‘дваюрадныя браты і сёстры’ (ССГ), параўн. збратдзетны ‘дваюрадны’ ў адносінах да дзяцей дзядзькі або цёткі (Панюціч, Лексіка, 35), гл. збратдзеці. Агульнае значэнне слова — ‘браты і сёстры ў трэцяй стрэчы’, гл. стрэча2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кампле́кт

(лац. complectus = поўны)

1) поўны набор прадметаў, якія маюць агульнае прызначэнне і складаюць што-н. цэлае (напр. к. падручнікаў, к. музычных інструментаў);

2) пэўная колькасць асоб, устаноўленая па штату (напр. к. вучняў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)