МАЛЯНКО́Ў (Георгій Максімілянавіч) (8.1.1902, г. Арэнбург, Расія—14.1.1988),

савецкі дзяржаўны і паліт. дзеяч. Герой Сац. Працы (1943). Удзельнік грамадз. вайны. Чл. ЦК (1939—57), Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1946—57, канд. з 1941), сакратар ЦК (1939—46 і 1948—53) КПСС. У Вял. Айч. вайну чл. Дзяржаўнага Камітэта Абароны СССР (1941—45). у 1946—53 і 1955—57 нам. старшыні, у 1953—55 старшыня СМ СССР. У 1957 разам з Л.М.Кагановічам, В.М.Молатавым і інш. выступіў супраць паліт. лініі М.С.Хрушчова, быў выведзены з Прэзідыума ЦК і ЦК КПСС. У 1957—61 на гасп. рабоце.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНРО́ ДАКТРЫ́НА,

знешнепалітычная праграма ўрада ЗША, абвешчаная ў 1823 у пасланні прэзідэнта Дж.​Манро кангрэсу. Змяшчала 3 асн. палажэнні: неўмяшанне амер. дзяржаў ва ўнутр. справы Еўропы; неўмяшанне еўрап. дзяржаў ва ўнутр. справы Амерыкі; рашучасць перашкаджаць усякім спробам еўрап. дзяржаў пасягаць у якой-н. форме на незалежнасць амер. дзяржаў шляхам іх каланізацыі. М.д. была накіравана супраць экспансіі еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце. У 1840-я г. М.д. і заклікі да кантынентальнай салідарнасці служылі прыкрыццем для далучэння да ЗША больш за палову тэр. Мексікі.

Літ.:

Болховитинов Н.Н. Доктрина Монро (происхождение и характер). М., 1959.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІДА́С (Midas),

цар Фрыгіі (736—696 да н.э.]. Удзельнічаў у кааліцыі супраць цара Асірыі Саргана II, але ў 707 да н.э. прызнаў яго ўладу. З яго імем звязаны шматлікія стараж.-грэч. міфы. Паводле аднаго з іх, Дыяніс надаў М. здольнасць ператвараць у золата ўсё, да чаго ён дакранаўся, паводле другога — самаўпэўнены невук М. прысудзіў перамогу Пану ў яго муз. спаборніцтве з Апалонам. У пакаранне за гэта Апалон надзяліў М. аслінымі вушамі, якія той дарэмна хаваў пад шапкай. Ад гэтага міфа пайшлі выразы «мідасаў суд» — суд невука і «вушы Мідаса» — невуцтва, якое не схаваеш.

т. 10, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛО́ШАВІЧ (Слабадан) (н. 20.8.1941, г. Пажаравац, Сербія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Скончыў Бялградскі ун-т (1964). З 1966 у гар. адміністрацыі Бялграда, прам-сці і сістэме фінансаў, у т. л. старшыня Аб’яднанага банка Бялграда. З 1984 старшыня Бялградскага к-та Саюза камуністаў Югаславіі, з 1986 — чл. ЦК, Прэзідыума ЦК СКЮ, старшыня Прэзідыума ЦК Саюза камуністаў Сербіі. Заснавальнік і лідэр (з 1990) Сацыяліст. партыі Сербіі. Старшыня Прэзідыума (1989—90), прэзідэнт Сербіі (1990—95). Прэзідэнт Югаславіі (з 1996). Праводзіць палітыку ўмацавання дзярж. адзінства Югаславіі, узначальваў барацьбу супраць агрэсіі НАТО і бамбардзіровак Югаславіі (сак.чэрв. 1999).

І.​А.​Чарота.

С.Мілошавіч.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС ((Pearse) Патрык Генры) (10.11.1879, Дублін — 3.5.1916),

ірландскі грамадскі дзеяч, паэт і асветнік. Адзін з кіраўнікоў Гэльскай лігі. Аўтар паэм і драматычных твораў на гэльскай (ірландскай) мове. Удзельнічаў у стварэнні Ірландскага нац. ун-та. З ліст. 1913 чл. выканаўчага к-та ірландскіх валанцёраў, з ліп. 1914 — Вярх. к-та Ірландскага рэспубліканскага брацтва (ІРБ). Пасля пач. 1-й сусв. вайны чл. крыла ІРБ, якое выступала супраць удзелу ірландцаў у вайне на баку Вялікабрытаніі. У час Ірландскага паўстання 1916 прызначаны 24.4.1916 прэзідэнтам часовага ўрада Ірландскай Рэспублікі. Быў узяты ў палон брыт. войскамі і пакараны смерцю.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1633,

выступленне полацкіх гараджан супраць падваяводы Яна Лісоўскага і гар. рады ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. 11.6.1633 на пасяджэнні магістрата Лісоўскі патрабаваў, каб гараджане тэрмінова адрамантавалі вежу Ніжняга замка або далі дрэва на яе рамонт, каб усе жыхары Запалоцця перасяліліся ў Верхні замак, а таксама намерыўся ўвесці войскі ў замак. Гараджане адмовіліся выконваць патрабаванні, перашкаджалі падваяводу і магістрату ўмацоўваць Ніжні замак. У ноч на 13.6.1633 рас. войскі авалодалі Запалоццем і Ніжнім замкам, але Верхняга замка не здолелі ўзяць. Пасля падыходу войск Рэчы Паспалітай разам з рас. войскам горад пакінула шмат жыхароў.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,

частка тэр. Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад да Балт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн. тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.

Р.​Р.​Лазько.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАСЦЯ́К»,

бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. У кампазіцыйнай аснове танца 2 рады выканаўцаў мяшанага складу адзін супраць аднаго сыходзяцца да сярэдзіны танц. пляцоўкі, потым вяртаюцца на месца, выконваючы двайны прытуп з падскокамі на абедзвюх нагах папераменна, у заключэнні фігуры — двайны прытуп без падскокаў. Выконваецца пад гармонік ці інш. муз. інструмент і калект. выкананне прыпевак удзельнікамі абодвух радоў папераменна. Часам выконваецца варыянт асн. фігуры: адзін рад танцуе на месцы, 2-і на яго наступае, потым вяртаецца на месца, і наадварот. Пашыраны на Брэстчыне, Гомельшчыне. Існуе сцэнічны варыянт танца.

В.​З.​Савін.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,

албанская нац. арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЧНА-ПЫ́РНІКАВЫЯ ГІБРЫ́ДЫ,

расліны, атрыманыя скрыжаваннем пшаніцы з пырнікам. Першае скрыжаванне правёў у 1930-я г. М.В.Цыцын з мэтай стварэння больш дасканалых форм пшаніцы. Атрыманы П.-п.г. шмат- і аднагадовыя, зерневага і кармавога кірункаў. Лепшыя аднагадовыя зернекармавыя формы па ўраджаі сена перавышаюць азімае жыта на 45—55%, віка-аўсяную сумесь на 25—35%. Шматгадовыя зернекармавыя гібрыды (новы 56-храмасомны від) вызначаюцца высокай устойлівасцю супраць грыбковых хвароб і маразоў. Шматкветныя і шматзерневыя галінастакаласовыя формы (42-храмасомны від) даюць зерне з высокімі хлебапякарнымі якасцямі, марозаўстойлівыя. На Беларусі вырошчвалі ў 1960-я Г.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)