СУРВІ́ЛА (Шыманец-Сурвіла) Івонка

(н. 11.4.1936, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец, мастак, грамадска-паліт. дзеяч у эміграцыі. Дачка бел. мастака У.​Шыманца. З 1944 за мяжой (жыла ў Даніі, Францыі, Іспаніі, цяпер у Канадзе). Скончыла ў Парыжы Вышэйшую маст. школу, потым моўнае аддзяленне Сарбоны (1959). У 1958—65 на Нац. ісп. радыё ў Мадрыдзе, вяла на бел. мове радыёперадачы, якія трансліраваліся на Беларусь. У 1969—97 перакладчыца (англ. і франц. мовы) ва ўрадзе Канады. Удзельнічала ў маст. выстаўках як жывапісец. У 1989 заснавала Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля на Беларусі, яго прэзідэнт да 1997; фонд аказваў гуманіт. дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, арганізоўваў лячэнне і аздараўленне ў Канадзе бел. дзяцей. З 1997 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Л.​У.​Языковіч.

т. 15, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМА́ШКА Мікалай Аляксандравіч (20.9.1874, с. Лівенскае Арлоўскай вобл., Расія — 18.5.1949),

расійскі дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў сістэмы аховы здароўя ў СССР. Акад. АМН СССР (1944) і АПН Расіі (1945). Скончыў Казанскі ун-т (1901). У 1918—30 нар. камісар аховы здароўя Расіі, адначасова з 1921 у Маскоўскім ун-це, з 1930 праф., заг. кафедраў 1-га Маскоўскага мед. ін-та, з 1945 дырэктар Ін-та школьнай гігіены. У 1928—36 гал. рэдактар Вял. мед. энцыклапедыі. Навук. працы ў галіне сац. гігіены, арганізацыі аховы здароўя. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася работа па барацьбе з эпідэміямі, створана сістэма аховы мацярынства і дзяцінства і інш.

Тв.:

Избр. произв. 2 изд. М., 1967.

Літ.:

Петров Б.Д. Н.​А.​Семашко — основоположник советского здравоохранения // Сов. здравоохранение. 1977. № 10.

т. 15, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН ДЫК ТХАНГ (Tôn Đú’c Tháng; 20.8.1888, прав. Лангсюен, В’етнам — 30.3.1980),

в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1912 жыў у Францыі. Служыў у франц. ВМФ, удзельнік паўстання франц. ваен. маракоў у Севастопалі ў 1919. Пасля вяртання ў 1920 у В’етнам удзельнічаў у антыкалан. руху, чл. Т-ва в’етн. рэв. моладзі. У 1929—45 зняволены ў франц. турму, дзе ў 1930 далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (з 1951 Партыя працоўных В’етнама, ППВ). Чл. ЦК ППВ з 1951. З 1949 нам., з 1955 старшыня Пастаяннага к-та Нац. сходу Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ). З 1960 віцэ-прэзідэнт ДРВ, у 1969—76 прэзідэнт ДРВ. З 1976 прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1955.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЛА́К Балгангадхар (23.7.1856, Ратнагіры, штат Махараштра, Індыя — 1.8.1920),

дзеяч інд. нац.-вызв. руху, вучоны. Скончыў Дэканскі каледж (г. Пуна, 1879). Юрыст. З 1881 выдаваў грамадска-паліт. газеты. У 1890-я г. супрацоўнічаў з Індыйскім нацыянальным кангрэсам (ІНК), лідэр яго радыкальнага крыла, т.зв. экстрэмістаў, якія стаялі за сур’ёзныя паліт. рэформы ў Брыт. Індыі, за ўцягванне ў паліт. барацьбу шырокіх нар. мас. За арганізацыю нац.-рэлігійных святкаванняў і паліт. дзейнасць у 1908 брыт. суд асудзіў Т. на 6 год турэмнага зняволення. З 1914 Т. — адзін з лідэраў барацьбы за самакіраванне для Індыі. У 1916 ён падпісаў т.зв. Лакхнаўскі пакт з кіраўніцтвам Мусульманскай лігі пра адзінства з ІНК у барацьбе за незалежнасць Індыі. Аўтар навук. прац, прысвечаных аналізу ранніх этапаў інд. цывілізацыі.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У НУ, Такін Ну (25.5.1907, Вакема, М’янма — 14.2.1995),

дзяржаўны і паліт. дзеяч М’янмы. Скончыў Янгонскі ун-т (1929). За ўдзел у нац.-вызв. руху Ў 1935—41 зняволены брыт. калан. ўладамі. З 1942 міністр замежных спраў, з 1944 — інфармацыі ва ўрадзе М’янмы, створаным пад апекай яп. акупац. улад. З 1945 віцэ-прэзідэнт, у 1947—58 прэзідэнт Антыфашысцкай лігі народнай свабоды. У 1945—47 старшыня Устаноўчага сходу, у 1947—56, 1957—58 і 1960—62 прэм’ер-міністр М’янмы. У 1962 скінуты ваеннымі на чале з ген. Не Вінам; да 1966 зняволены, у 1966—80 у эміграцыі ў Тайландзе і Індыі, дзе стаў будыйскім манахам. У 1980 вярнуўся на радзіму, удзельнік апазіц. руху, з 1988 ганаровы старшыня Саюза за дэмакратыю і мір.

т. 16, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́БІЙ МА́КСІМ Кунктатар,

Квінт (Quintus Fabius Maximus Cunctator; каля 275—203 да н.э.), старажытнарымскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Паходзіў з патрыцыянскага роду Флавіяў. Консул у 233, 228, 215, 214, 209; у 221 і 217 дыктатар. Пасля паражэння рымлян пры Тразіменскім возеры (217) у перыяд 2-й Пунічнай вайны (гл. Пунічныя войны) распрацаваў стратэгію зацяжной вайны: ухіляючыся ад вырашальнай бітвы, паступова знясільваць армію Ганібала, пазбаўляючы яе харчоў і фуражу (адсюль празваны Кунктатар — марудны). Адмова ад гэтага плана прывяла да паражэння каля Канаў (216). За ўзяцце Тарэнта у 209 удастоены трыумфу.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с лат. М., 1990 Т. 1. С. 321—438;

Ливий Т. Карфаген против Рима. СПб., 1993.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАПЕМЕ́Н (Philopoimen; 253—183 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 222—221 да н.э. ўдзельнічаў у вайне Ахейскага саюза са спартанскім царом Клеаменам III, вызначыўся ў бітве каля Селасіі. З 209 да н.э. гіпарх (начальнік конніцы), з 207 да н.э. стратэг (выбіраўся 8 разоў). Правёў ваен. рэформы, атрымаў шэраг перамог над Спартай. У 193 падпарадкаваў саюзу амаль увесь Пелапанес і ўключыў у яго склад Спарту (192). Змагаўся за незалежнасць Грэцыі ад Македоніі і Рыма, за што празваны «апошнім элінам». У 183 трапіў у палон да месенцаў і атручаны.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. М., 1992.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАНЗАДЗЯ́Н Серо Мікалаевіч (н. 3.12.1915, г. Гарыс, Арменія),

армянскі пісьменнік. Засл. дзеяч культ. Арменіі (1974). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Гарыскае пед. вучылішча (1934). Працаваў настаўнікам. Аўтар раманаў «Людзі нашага палка» (1950), «Зямля» (кн. 1—2, 1954—55), «Мхітар Спарапет» (1961), «Каджаран» (1965), «Світанне над Севанам» (1974), «Загаварыце, горы Арменіі» (1976), «Царыца Арменіі» (1978), «Андранік» (1989), «Нждзе» (1993), мемуараў «Кніга пра былое» (1966), «Тры гады і 291 дзень» (1972), зб-каў навел, кнігі публіцыстыкі «Сказанне пра родны край» (кн. 1—2, 1980—81). На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Ю.​Канэ, М.​Парахневіч, П.​Стэфановіч. В.​Супрунчук, Г.​Шупенька. Дзярж. прэмія Арменіі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Жажду — дайте воды: Повести. Фронтовой дневник. М., 1974.

С.​Арзуманян.

т. 16, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУС Пётр Рыгоравіч (н. 7.1.1939, в. Старына Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1992). Скончыў Ташкенцкае ваен. агульнавайск. каманднае вучылішча (1960), Ваен.-паліт. акадэмію (1973), Акадэмію Генштаба (1980), вышэйшыя акад. курсы пры той жа акадэміі (1989). З 1960 на камандных і штабных пасадах у шэрагу ваен. акруг СССР, у т. л. ў БВА, а таксама ў Цэнтр. групе войск у Чэхаславакіі, у складзе сав. войск у Афганістане. У 1991 нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР, нач. штаба — 1-ы нам. нач. Грамадзянскай абароны СССР. Са снеж. 1991 міністр па справах абароны, у 1992—94 в.а. міністра, нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Да сак. 1995 ваен. саветнік пры СМ Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАМЫ́РДЗІН Віктар Сцяпанавіч (н. 9.4.1938, с. Чорнае Адгор’е Арэнбургскай вобл., Расія),

расійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Політэхн. ін-т у г. Самара (1966), працаваў на Орскім нафтаперапрацоўчым з-дзе. З 1967 у Орскім гаркоме КПСС, з 1973 дырэктар Арэнбургскага газаперапрацоўчага з-да, з 1978 у апараце ЦК КПСС. У 1982—83 нам. міністра газавай прам-сці СССР, з 1983 нач. Усесаюзнага прамысл. аб’яднання па здабычы газу ў Цюменскай вобл., у 1985—89 міністр газавай прам-сці СССР, з 1989 старшыня праўлення Дзярж. газавага канцэрна «Газпрам». У маі—снеж. 1992 нам. старшыні, у снеж. 1992 — сак. 1998 старшыня ўрада Рас. Федэрацыі. У 1990-я г. адначасова лідэр руху «Наш дом Расія». З 2001 пасол Рас. Федэрацыі на Украіне.

т. 17, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)