ЛЯХЕ́ВІЧ (Генрых Дзеанісьевіч) (н. 1.9.1939, г. Цюрупінск Херсонскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1960). З 1969 у Бел. тэхнал. ін-це, з 1982 у БПА. Навук. працы па стварэнні тэхнал. працэсаў і абсталявання па перапрацоўцы другасных палімерных матэрыялаў і карысных выкапняў, па тэарэт. аналізе структуры і надзейнасці гідраізаляцыі мастоў, тунэляў і метрапалітэнаў.
т. 9, с. 437
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́ЕЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 24.6. 1952, Мінск),
бел. вучоны ў галіне кардыяхірургіі. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975). З 1980 у Бел. НДІ кардыялогіі, з 1985 адначасова кіраўнік Рэсп. цэнтра хірург. лячэння складаных парушэнняў рытмаў сэрца і электракардыястымуляцыі. Навук. працы па хірург. лячэнні арытмій.
Тв.:
Опыт хирургического лечения наджелудочковых тахиаритмий (у сааўт.) // Актуальные вопросы кардиологии: Сб. науч. тр. Мн., 1997. Вып. 1.
т. 9, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ВЕ (Яўген Барысавіч) (1.9.1908, Варшава — студз. 1989),
бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі 1978. Скончыў Адэскі мед. ін-т (1931). У 1964—83 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па лячэбным пнеўматораксе, патагенезе і клініцы першаснага туберкулёзу, флюараграфіі і туберкулінадыягностыцы.
Тв.:
Туберкулез у лиц молодого возраста. Киев, 1964;
Туберкулинодиагносгика. Мн., 1970.
т. 10, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.
І.К.Германовіч.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАЎ (Рыгор Іванавіч) (6.12.1932, с. Хмелеўка Астраханскай вобл., Расія — 22.6.1990),
бел. вучоны ў галіне стаматалогіі. Д-р мед. н. (1977), праф. (1981).
Скончыў Іркуцкі мед. ін-т (1957). З 1977 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па радыяцыйнай і артапедычнай стаматалогіі.
Тв.:
Профилактика лучевого поражения костной ткани: Метод. рекомендации. Обнинск, 1979 (разам з У.А.Нікіценкам);
Цельнолитые мостовидные протезы: Информ. письмо Мн., 1982.
т. 11, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П,
семнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай П («пакой»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай П («пі»). У старабел. графіку перайшла са стараж.-рус. пісьменства. Абазначала зычныя гукі «п», «п’» («палаць», «праца», «пятно»), мела лічбавае значэнне «восемдзесят». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія выбухныя губна-губныя зычныя гукі «п», «п’» («парог», «праўда», «пясок» — «п’асок»).
А.М.Булыка.
т. 11, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛЕ́СКА»,
навукова-метадычны ілюстраваны часопіс па дашкольным выхаванні. Выдаецца з 1991 у Мінску на бел. мове штомесячна. Разлічаны на работнікаў адукацыйных дашкольных устаноў, бацькоў. Прапагандуе навук. распрацоўкі сучасных пед. і метадычных тэхналогій, асвятляе практычную дзейнасць дашкольных устаноў, пытанні падрыхтоўкі кадраў для іх, сямейнага выхавання, у т. л. з вопыту замежных краін. Друкуе артыкулы вучоных, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, матэрыялы па фальклоры, з пед. спадчыны і інш.
т. 12, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЕ́КА (Альберт Андрэевіч) (н. 28.4.1937, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1985), праф. (1992). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1966 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі (заг. лабараторыі), з 1987 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях туберкулёзу, інш. інфекц. захворванняў с.-г. жывёл.
Тв.:
Микобактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з І.І.Румачыкам).
т. 14, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРОХ КАРАЛЁЎ»,
помнік бел. перакладной л-ры апакрыфічнага характару. Арыгінал напісаны ў 14 ст. ням. манахам Іаганам з Гільдэсгейма на лац. мове. На бел. мову перакладзены ў 2-й пал. 15 ст. У аснове аповесці евангельскі эпізод пра пакланенне немаўляці Ісусу Хрысту трох усх. цароў-язычнікаў, якія пасля сталі шчырымі хрысціянамі. У творы апісваецца іх незвычайнае падарожжа ў «святую зямлю», прырода зямель Б. Усходу, побыт, звычаі, веравызнаўчыя і этнічныя асаблівасці розных народаў, у т. л. грэкаў, сірыйцаў, армянаў, грузінаў. У аповесці многа фантастычнага, авантурна-прыгодніцкага. Яна каштоўная як сведчанне духоўных запатрабаванняў пэўных слаёў бел. чытачоў 15—16 ст., адна з крыніц іх уяўленняў пра краіны Б.Усходу. Пераклад даволі прафесійны, мова без царкоўнаславянізмаў.
В.А.Чамярыцкі.
т. 1, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́НСКІ (Восіп Максімавіч) (12.11.1808, г.п. Варва Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.9.1877),
рускі і ўкр. філолаг-славіст, гісторык і пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Праф. гэтага ун-та (1842—68), сакратар Маскоўскага т-ва гісторыі і старажытнасцяў расійскіх (1845—48, 1858—68). З 1858 рэдактар час. «Чтения Московского общества истории и древностей российских». Аўтар прац па гісторыі, фальклоры і мове славян: «Разгляд розных думак аб старажытнай мове паўночных і паўднёвых русаў» (1835), «Аб народнай паэзіі славянскіх плямёнаў» (1837), «Аб часе паходжання славянскіх пісьмёнаў» (1855), «Кірыла і Мяфодзій...» (1863—66) і інш. Збіраў бел. нар. песні, даследаваў мову «Бібліі» Ф.Скарыны, бел. ананімную паэму «Энеіда навыварат». Адкрыў бел. паходжання Пазнанскі рукапіс. Пісаў вершы (зб. «Нашы ўкраінскія песні», 1835).
М.Г.Булахаў.
т. 2, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)