род кветкавых раслін сям. крыжакветных. Больш за 150 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя К.: пасяўны, або крэс-салата (L. sativum), смеццевы, або вянечнік (L. ruderale, нар. назва ліхаманкавая трава), палявы (L. campestre). Трапляецца на пясчанай глебе, засоленых і засмечаных мясцінах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, часам паўкусты выш. 5—60 (100) см. Сцябло прамое, голае або апушанае. Лісце цэласнае ці рассечанае. Кветкі дробныя, часам без пялёсткаў, белыя, у кароткіх гронках. Плод — стручочак. Некат. віды маюць непрыемны пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Лек., агароднінныя (прыпраўныя), меданосныя, інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСу біялогіі,
адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл. Вылучана каля 60 К. раслін і 80 К. жывёл, прадстаўнікі большасці з якіх пашыраны і на тэр. Беларусі.
Паняцце «К.» уведзена франц. батанікам Ж.Турнефорам (канец 1690-х г.). У К. аб’ядноўваюць сваяцкія парадкі (раслін) або атрады (жывёл). Напр., атрады грызуноў, насякомаедных, драпежных звяроў і інш. аб’ядноўваюць у К. млекакормячых. К., прадстаўнікі якіх маюць агульны план будовы і агульных продкаў, аб’ядноўваюць у аддзелы (раслін) або тыпы (жывёл). Напр., К. аднадольных і двухдольных раслін утвараюць аддзел пакрытанасенных (кветкавых) раслін; К. рыб, земнаводных, паўзуноў і млекакормячых — тып хордавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПЕ́ЛЬКА (Ала Іванаўна) (н. 14.2.1960, в. Небытаў Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1983). Працавала ў Доме літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у Бел. фондзе культуры, у газ. «Беларускае тэлебачанне і радыё», з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1977. Асн. тэмы твораў — драматызм жаночага лёсу, чалавек і прырода: зб. вершаў «Цвет алешыны» (1985). Піша для дзяцей. Адшукала і апублікавала вершы рэпрэсіраванай бел. паэтэсы Лесі Беларускі, якая загінула ў лагеры на Калыме. Пераклала на бел. мову араб. казкі «Тысяча і адна ноч» (1998), асобныя творы балг. пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАРЭ́ЕЧНІК (Phalaris),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (акрамя Аляскі і Канады). На Беларусі як заносныя, інтрадукаваныя і здзічэлыя трапляюцца К. канарскі (Ph. canariensis) і малы (Ph. minor) каля дарог, жылля і інш.
Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі прамастойнымі ці каленчата-ўзыходнымі сцёбламі (саломінамі) выш. да 120 см. Лісце лінейнае або лінейна-ланцэтнае з гладкімі ці шурпатымі пазухамі. Кветкі (па 3) у яйцападобных каласках, сабраных у густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавая (канарэечнае семя), харч., тэхн., алейная, лек. і дэкар. расліна; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛКА (Erigeron),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 200 відаў. Трапляецца на ўсіх кантынентах, пашырана пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. едкая (E. acris, нар. назвы доля, дольнік, загадкі, сіналой, пушкі), К. канадская (E. canadensis, нар. назвы манікта, калатоўка), К. аднагадовая (E. annuus) і 4 інтрадукаваныя. Трапляюцца на палях, засмечаных мясцінах, уздоўж дарог.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, апушаным цвёрдымі валаскамі сцяблом, выш. да 70 см. Лісце чаргаванае, цэласнае, па краі гладкае ці зубчастае. Кветкавыя кошыкі сабраны ў гронкападобныя мяцёлчатыя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулы арган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА, лопасцевая машына,
механічная канструкцыя для пераўтварэння энергіі патоку вадкасці або газу ў энергію вярчальнага вала (гідраўлічная турбіна, газавая турбіна) ці наадварот (цэнтрабежная або восевая лопасцевая помпа, вентылятар).
Асн. рабочы орган Л.м. — рабочае кола, якое складаецца з лапатак, замацаваных на ўтулцы. Л.м. бываюць: адна- і шматступенныя; актыўныя і рэактыўныя (напр., актыўная турбіна, рэактыўная турбіна); восевыя, радыяльна-восевыя (дыяганальныя) і радыяльныя. Прынцып Л.м. вядомы са старажытнасці (паравая турбіна Герона Александрыйскага, рымскія гідраўл. турбіны), здаўна выкарыстоўваліся вадзяныя колы, ветрарухавікі. У канцы 19 ст. створаны восевы кампрэсар. Тэорыю Л.м. распрацоўвалі Л.Эйлер, М.Я.Жукоўскі і С.А.Чаплыгін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ВЕНГУК ((Leeuwenhoek) Антані ван) (24.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 26.8.1723),
нідэрландскі біёлаг-натураліст, заснавальнік мікраскапіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680). Зрабіў лінзы, якія павялічвалі ў 150—300 разоў. З іх дапамогай назіраў і замалёўваў бактэрыі (1683), эрытрацыты, прасцейшых, раслінныя і жывёльныя клеткі, будову мышцаў і інш. часткі і органы больш за 200 відаў раслін і жывёл. Адкрыў сперматазоіды чалавека (1677); лічыў, што ў сперматазоідзе ўтрымліваецца сфарміраваны зародак, а яйцо служыць сілкавальным матэрыялам. Апісаў партэнагенез у тлей. Адзначыў розніцу ў будове адна- і двухдольных раслін. Назіранні апісваў у лістах (каля 300), гал. чынам Лонданскаму каралеўскаму т-ву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАВА (сапр.Няелава) Яўгенія Іванаўна
(26.12.1780—11.4.1869),
руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1799, педагог І.Вальберх). У 1799—1826 у Пецярбургскім імператарскім т-ры. Дасканала валодала тэхнікай класічнага танца і мастацтвам пантамімы. Сярод партый: Ізора («Рауль Сіняя барада» А.Грэтры і К.Каваса), Адэлаіда («Рауль дэ Крэкі...» Каваса і Ц.Жучкоўскага), Медэя («Медэя і Ясон» Ж.Ж.Радольфа), Федра («Федра і Іпаліт» Каваса і П.Турыка), Дзяўчына («Новы Вертэр» С.Цітова). Заснавальніца рус. характарнага танца. Адна з першых у Расіі змяніла пышны стылізаваны касцюм на ант. хітон. Іграла ў оперных і драм. спектаклях.