КАНСО́РЦЫУМ (лац. consortium саўдзельніцтва, супольнасць),

часовае пагадненне паміж некалькімі банкамі або прамысл. прадпрыемствамі для сумеснага размяшчэння пазыкі ці ажыццяўлення буйнога прамысл. праекта. Удзельнікамі К. бываюць і прыватныя фірмы, і дзярж. ўстановы. Яны захоўваюць сваю самастойнасць, але падпарадкоўваюцца сумесна выбранаму кіраўніцтву ў той частцы дзейнасці, якая датычыцца мэт К. У міжнар. гандлі К. найчасцей ствараецца для сумеснай барацьбы за атрыманне заказаў і для іх сумеснага выканання. Каб павысіць сваю канкурэнтаздольнасць, фірмы і арг-цыі адной або некалькіх краін аб’ядноўваюцца ў міжнар. К.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НІКІ,

бел. нар. гульня. У сярэдзіне пляцоўкі чэрцяць круг такой плошчы, каб у ім маглі размясціцца ўсе, што гуляюць — «конікі». Выбіраюць «шпака» і становяцца ў круг. «Шпак», скачучы на дзвюх або адной назе, пачынае лавіць «конікаў» і як толькі выйдзе за межы круга, усе пачынаюць перамяшчацца як і ён. Калі «шпак» зловіць ці дакранецца да гульца, той становіцца «шпаком», і гульня працягваецца з тымі ж умовамі.

Я.​Р.​Вількін.

Конікі: 1 — лясны, 2 — лугавы, 3 — палявы, 4 — чырвонаваллёвы (а — самец, б — самка).

т. 8, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. cumulatio павелічэнне, назапашванне),

назапашванне ў арганізме біялагічна актыўнага рэчыва (матэрыяльная К.) або выкліканых ім эфектаў (функцыян. К.). Матэрыяльная К. ўласціва рэчывам, якія запаволена выводзяцца з арганізма ці інактывуюцца ў ім. Паўторнае пападанне іх у арганізм дабаўляецца да той колькасці, якая засталася ад папярэдняга ўвядзення, што можа прывесці да інтаксікацыі. Характэрна для некат. цяжкіх металаў (ртуць), сардэчных, снатворных лекаў і інш. Функцыянальная К. бывае пры паўторным дзеянні рэчываў, якія неабарачальна парушаюць функцыі арганізма (напр., прэпараты свінцу, фосфарарган. злучэнні).

т. 9, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАНАСЦЬ МАГНІ́ТНАГА ПО́ЛЯ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе магн. поле. Роўная геам. рознасці магнітнай індукцыі B→, падзеленай на магнітную пастаянную μ0, і намагнічанасці асяроддзя J→: H→ = B→ / μ0 − J→ . Для ізатропных асяроддзяў H→ = B→ / μμ0 . Калі аднародны і ізатропны магнетык поўнасцю запаўняе ўсю прастору з магн. полем, Н.м.п. не залежыць ад яго магнітнай пранікальнасці і супадае з Н.м.п., створанага той жа сістэмай макраскапічных токаў у вакууме. Адзінка Н.м.п. ў СІ — ампер на метр. Гл. таксама Поўнага току закон.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ,

хімічная рэакцыя, што прыводзіць да замены аднаго спіртавога ці кіслотнага астатку ў малекуле складанага эфіру на другі; адзін са спосабаў атрымання складаных эфіраў. Адбываецца пры ўзаемадзеянні эфіру са спіртам (алкалоліз), карбонавай к-той (ацыдоліз) ці інш. складаным эфірам (падвойны абмен) у прысутнасці каталізатара (алкагаляты, шчолачы, саляная к-та і інш.). Выкарыстоўваюць у прам-сці для атрымання полікарбанатаў, тэрэфталатаў, метылавага і бутылавага эфіраў вышэйшых тлустых кіслот, а таксама для сінтэзу складаных эфіраў, якія нельга атрымаць этэрыфікацыяй (напр., вінілавыя эфіры вышэйшых кіслот).

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКРУ́СТ, Дамаст, Паліпемон,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі знакаміты волат-разбойнік, які падсцерагаў падарожнікаў на дарозе паміж Афінамі і Мегарай. П. зрабіў 2 ложкі; на вял. ложак клаў малых ростам падарожнікаў і біў іх молатам, каб расцягнуць да памераў ложка, на малы — высокіх ростам і адпільваў адпілоўваў* ім тыя ч. цела, якія там не змяшчаліся. П. быў забіты Тэсеем, калі той вызваляў Атыку ад пачвар і злачынцаў. У пераносным сэнсе «пракрустаў ложак» — штучная мерка, якая не адпавядае сутнасці з’явы; гвалтоўныя, недарэчныя абмежаванні.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),

слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.​Багушэвіч:

Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў.
За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЛОКАПІ́РАВАННЕ,

спосаб хуткага капіравання графічных і тэкставых арыгіналаў (чарцяжоў, карт, праектнай дакументацыі і інш.) на святлоадчувальнай паперы. Пры С. святло праходзіць праз празрыстыя месцы арыгінала (напр., калькі), уздзейнічае на святлоадчувальны слой паперы і афарбоўвае яго ў той ці іншы колер. У залежнасці ад спосабу С. атрымліваюць копіі прамыя і люстраныя, пазітыўныя і негатыўныя, чорна-белыя і каляровыя. Пры выкарыстанні дыазапаперы (у яе склад уваходзяць дыазазлучэнні, што разбураюцца пад дзеяннем святла) спосаб наз. дыязакапіраваннем. З 1970-х г. выцеснены электрафатаграфіяй, у прыватнасці ксераграфіяй.

т. 14, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЯРО́ТНАЯ КА́РА,

у заканадаўствах многіх краін свету вышэйшая мера крымінальнага пакарання. У крымінальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь — выключная мера пакарання расстрэл). Прадугледжана за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучальныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях (арт. 59 КК). С.к. не можа быць прызначана: асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў; жанчынам; мужчынам, якія дасягнулі да дня пастанаўлення прыгавору 65 гадоў. С.к. ў парадку памілавання можа быць заменена пажыццёвым зняволеннем. Альтэрнатывай С.к. па справах той жа катэгорыі з’яўляецца пажыццёвае зняволенне.

т. 15, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПРЭД (ад англ. spread расцягваць, расшыраць),

1) адначасовыя купля і продаж ф’ючэрсных кантрактаў на адзін і той жа тавар з рознымі тэрмінамі пастаўкі або на два розныя, але ўзаемазвязаныя тавары.

2) Адначасовая купля і продаж ф’ючэрсных кантрактаў з неўзаемазвязанымі таварамі з мэтай зніжэння спаганяемых падаткаў — падатковы спрэд.

3) Адначасовая купля і продаж апцыёнаў аднаго тыпу, але па розных базісных цэнах ці з розным перыядам да моманту сканчэння апцыёну або па розных базісных цэнах і з розным перыядам.

4) Розніца паміж цэнамі, курсамі, стаўкамі.

т. 15, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)