Раго́жа, раго́жка ’грубая ўпаковачная тканіна’, ’посцілка’, ’тканіна рэдкага перапляцення’ (ТСБМ), рого́жа, рэдка рого́га ’сплеценая з травы посцілка’ (ТС), раго́шка ’мачалка з лубяных палосак’ (Сл. ПЗБ), раво́шка ’мачалка’ (Сцяшк. Сл.), рус. рого́жа, укр. рого́жа, польск. rogoża, чэш. і слав. rohož ’рагожа’, ’пляцёнка з чароту, саломы’, славен. rogóža ’чаротавы верх вазка’, серб. ро̀гожина, харв. rógožina ’цыноўка з рагожы’, балг. рого́жка ’тс’. Прасл. *rogoža вытворане ад *rogozъ ’чарот, трыснёг’ (Фасмер, 3, 490). Махэк₂ (420) адносіць слова разам з нова-в.-ням. Rohr ’камыш’, гоц. raus, герм. *rauza‑ да рэліктаў “праеўрапейскага”. Гл. таксама наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́РБНІЦА, вербная нядзеля,

народная назва хрысц. свята з нагоды ўваходу Гасподняга ў Іерусалім. Адзначаецца ў апошнюю перад Вялікаднем нядзелю, да якой прымеркаваны абрад асвячэння вярбы (адсюль назва). У аснове свята евангельскае паданне пра Ісуса Хрыста, які перад прыняццем пакутніцкай смерці на крыжы прыйшоў у Іерусалім, дзе народ вітаў яго пальмавымі галінкамі. На Беларусі ў праваслаўных і католікаў ролю пальмавых галінак выконвае вярба. Яе ўпрыгожваюць каляровымі стужкамі, засушанымі кветкамі, травамі, каласкамі і інш. Пасля асвячэння вярба лічылася святыняй у хаце (разам з асвячонай на Вадохрышча вадой і грамнічнымі свечкамі). Бытуе павер’е, што вярба валодае магічнымі ўласцівасцямі, здольная адпужваць злых духаў, засцерагаць ад бяды і няшчасцяў; сяляне рабілі «вербнае прывітанне» — датыкаліся вярбой да дзяцей, хворых, адзін да аднаго, што павінна было надаць ім моцы і здароўя; гаспадары абыходзілі з вярбой будынкі для жывёлы, агарод, азімае поле. Вярбу давалі пастухам пры першым выгане жывёлы ў поле, з ёю заворвалі поле і інш. Каб спыніць хваробу, засцерагчы ад згубы, чалавека і жывёлу акурвалі вярбой (нярэдка разам з ядлоўцам).

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРЭ́НКА Рыгор Рыгоравіч (н. 30.11.1950, г. Талас, Кіргізія),

бел. вучоны-генетык. Чл.-кар. АН Беларусі (1996), д-р біял. н. (1991), праф. (1993). Чл. Амерыканскай АН і мастацтваў (Нью-Йорк; 1995). Скончыў Новасібірскі ун-т (1979). З 1982 у Гомельскім ун-це, з 1986 у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі (Гомель). Навук. працы па генетыцы прыродных папуляцый жывёл і раслін, генасістэматыцы, малекулярнай эвалюцыі, радыяцыйнай генетыцы і мутагенезе, кіраванні генет. рэсурсамі прыродных папуляцый у лясных экасістэмах, будове генет. картаў, энтамалогіі. Прэмія АН Беларусі 1995.

Тв.:

Руководство по исследованию хвойных видов методом электрофоретического анализа изоферментов. 2 изд., Гомель, 1989 (разам з У.​Я.​Падутавым, У.​У.​Паценка);

Intra-and interspecific genetic differentiation in closely related Pines from Pinus subsections Sylvestres and Cembrae in the former Soviet Union (разам з А.​Я.​Сіліным, У.​Я.​Падутавым) // Plant systematics and evolution. Vienna, 1992—95;

Allozyme variation in natural populations of Eurasian Pines (з імі ж) // Silvae Genetica. Frankfurt a M., 1993—96. Vol. 42—43, 45.

Р.Р.Ганчарэнка.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛО́Ў Уладзімір Іванавіч (14.12.1902, с. Красны Яр Самарскай вобл., Расія — 31.8.1994),

бел. матэматык. Акад. АН Беларусі (1956), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1951). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі ун-т (1928), дзе працаваў у 1933—56. З 1957 у Ін-це фізікі і матэматыкі, з 1959 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (у 1959—73 нам. дырэктара). Адначасова ў 1957—75 у БДУ. Навук. працы па выліч. матэматыцы, метадах лікавага інтэгравання і інтэгральных пераўтварэнняў. Распрацаваў метады набліжанага вылічэння шэрагу вызначаных і нявызначаных інтэгралаў, даследаваў набліжаныя інтэгральныя пераўтварэнні, спосабы паляпшэння збежнасці шэрагаў і паслядоўнасцей. Развіў метады, заснаваныя на алгебраічным і паказальным інтэрпаляванні. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Приближенные методы высшего анализа. 5 изд. М.; Л., 1962 (разам з Л.​В.​Кантаровічам);

Приближенное вычисление интегралов. 2 изд. М., 1967;

Вычислительные методы высшей математики. Т. 1—2. Мн., 1972—75 (разам з У.​В.​Бабковым, П.​І.​Манастырным);

Вычислительные методы. Т. 1—2. М., 1976—77 (з імі ж);

Математический анализ: Ускорение сходимости. Мн., 1988.

Літ.:

В.​И.​Крылов: Библиогр. указ. Мн., 1982.

У.І.Крылоў.

т. 8, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДА́У Леў Давыдавіч (22.1.1908, Баку — 1.4.1968),

расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы тэарэтычнай фізікі. Акад. АН СССР (1946), чл. АН і навук. т-ваў многіх краін. Герой Сац.

Працы (1954). Скончыў Ленінградскі ун-т (1927). Ў 1927—31 удасканальваў адукацыю ў Даніі, Англіі, Швейцарыі. З 1932 ва Укр. фіз.-тэхн. ін-це ў Харкаве. З 1937 у Ін-це фіз. праблем АН СССР, адначасова праф. Маскоўскага ун-та (1943—47 і з 1955). Навук. працы па квантавай механіцы, фізіцы цвёрдага цела, квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц, фізіцы плазмы, астрафізіцы і інш. Стварыў тэорыі электроннага дыямагнетызму (гл. Ландау дыямагнетызм), ферамагнітнага рэзанансу (1935), фазавых пераходаў 2-га роду (1937), звышцякучасці вадкага гелію (1941) і фенаманалагічную тэорыю звышправоднасці (разам з В.Л.Гінзбургам, 1950), выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў у інш. галінах фізікі. Аўтар (разам з Я.М.Ліфшыцам) шматтомнага «Курса тэарэтычнай фізікі». Нобелеўская прэмія 1962, Ленінская прэмія 1962, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1953.

Тв.:

Собр. тр. Т. 1—2. М., 1969.

Літ.:

Абрикосов А.А. Академик Л.​Д.​Ландау. М., 1965;

Бессараб М.Я. Ландау: Страницы жизни. 4 изд. М., 1990.

Л.Д.Ландау.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ШТВАН Іван Іванавіч (н. 3.11.1932, в. Вялікая Дайнава Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Акад. Нац. АН Беларусі (1980), д-р тэхн. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1956). З 1958 у Калінінскім політэхн. ін-це. У 1973—87 дырэктар Ін-та торфу, у 1990—97 — Ін-та праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі. З 1987 — віцэ-прэзідэнт, з 1992 акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механіцы торфу, фіз.-хім. асновах тэхналогіі вытв-сці торфу, працэсах структураўтварэння і вільгацепераносу ў торфе, надмалекулярных структурах арган. злучэнняў торфу і інш.

Тв.:

Микро- и макрореология дисперсных систем. Мн., 1975;

Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Физика и химия торфа. М., 1989 (у сааўт.);

Физические процессы в торфяных залежах. Мн., 1989 (разам з Я.​Ц.​Базіным, У.​І.​Косавым);

Массоперенос в природных дисперсных системах. Мн., 1992 (разам з АМ.Абрамцом, М.​У.​Чураевым).

І.І.Ліштван.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮ́ХІН Уладзімір Аляксандравіч (н. 11.6.1931, с. Петрапаўлаўка Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяфізікі. Акад. Нац. АН Беларусі (1995), д-р мед. н. (1965), праф. (1977). Акад. АМН СССР (1986, Расійскай АМН 1992). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1953). З 1978 дырэктар Ін-та фізіялогіі Сібірскага аддз. АМН СССР. З 1988 у Бел. НДІ радыяцыйнай медыцыны (да 1993 дырэктар), з 1994 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па экалогіі, біёніцы, біярытмалогіі, радыяцыйнай медыцыне. Сфармуляваў асн. палажэнні канцэпцыі дынамічнай рэгіянальнай геагр. нормы фізіял. паказчыкаў. Распрацаваў фізіялогію і хронаэкалогію геагр. перамяшчэнняў, звязаных са зменай чалавекам прыродна-кліматычных і сац.-вытв. умоў. Даследуе эколага-фізіял. і эколага-радыяцыйныя праблемы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сістэмы жыццезабеспячэння пасля радыяцыйных катастроф.

Тв.:

Биоклиматология человека в условиях муссонов. Л., 1971;

Физиология перемещений человека и вахтовый труд. Новосибирск, 1986 (разам з С.​Г.​Крывашчокавым, Дз.​В.​Дзёміным);

Энергетика мышечной деятельности ныряющих млекопитающих. Новосибирск, 1988 (разам з Т.​В.​Няшумавай, У.​А.​Чарапанавай).

У.А.Мацюхін.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДЗЯ́НСКІ Барыс Львовіч (10.6.1902, Пекін — 2.12.1945),

бел. сцэнарыст маст. і дакумент. кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). Працаваў на кінафабрыках «Саўкіно», з 1930 «Савецкая Беларусь». Паводле яго сцэнарыяў створаны маст. фільмы «Першы ўзвод» (1933) і «Залатыя агні» (1935); дакумент. фільмы «Канец жывых машын» (1930), «Дырэктар станка» (1931), «Ратуйце мільёны» (1932), «Ураган» (1932, разам з Р.​Кобецам), «Гонар свету» (1933).

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЯНШО́НА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма праектыўнай геаметрыі, якая сцвярджае, што ў кожным шасцівугольніку, акрэсленым вакол канічнага сячэння — эліпса (у прыватнасці, акружнасці), гіпербалы, парабалы, прамыя, якія злучаюць 3 пары процілеглых вяршыняў, праходзяць цераз адзін пункт. Даказана франц. матэматыкам Ш.​Брыяншонам (1806). Цесна звязана з Паскаля тэарэмай, разам з якой устанаўлівае асн. праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.

Да арт. Брыяншона тэарэма.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБАНТО́Н (Daubenton) Луі Жан Мары (29.5.1716, г. Манбар, Францыя — 1.1.1800),

французскі прыродазнавец. Чл. Французскай і замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1776). З 1788 дырэктар Парыжскага бат. сада. Навук. працы па параўнальнай анатоміі і акліматызацыі свойскіх жывёл. Сааўтар (разам з Ж.​Бюфонам) мнагатомнай працы «Натуральная гісторыя» (1749—67). Аўтар дапаможніка па авечкагадоўлі. Вывеў новую пароду мерыносавых авечак.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)