РАДЫЁСПОРТ,

комплексныя спаборніцтвы з выкарыстаннем прымальнай і перадавальнай радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафіз. практыкаваннямі; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць: скарасны прыём і перадача радыёграм, мнагабор’е радыстаў (прыём і перадача радыёграм, абмен радыёграмамі ў радыёсетцы з 3 радыёстанцый, спарт. арыентаванне на мясцовасці і спарт. радыёпеленгацыя, т. зв. «паляванне на лісоў»), радыёсувязь на кароткіх і ультракароткіх хвалях, радыёаматарскае канструяванне.

Міжнар. радыёаматарскі саюз створаны ў 1925. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1925 (на кароткіх хвалях), Еўропы — з 1956 (на ультракароткіх хвалях), штогод. «Паляванне на лісоў» узнікла ў 1940-я г. (ЗША), чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1961, чэмпіянаты свету — з 1980. Еўрап. чэмпіянаты да 1964 праводзіліся штогод, пазней — 1 раз у 2 гады, з 1980 чаргуюцца з чэмпіянатамі свету. Мнагабор’е з’явілася ў канцы 1950-х г. (Польшча). Па скарасной радыётэлеграфіі чэмпіянаты свету праводзяцца з 1995, 1 раз у 2 гады. Найб. развіты Р. у Аргенціне, Беларусі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Р. развіваецца з 1924, федэрацыя Р. створана ў 1959. Каманда Беларусі — абс. чэмпіён свету (1995), уладальнік Кубка свету (1997). На чэмпіянатах свету 1997 і 1999 бел. спартсмены ў асабістым заліку заваявалі па 35 медалёў з агульных 72. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету А.​Астроўскі (1997), Л.​Барысенка (1995, 1997), А.​Біндасаў (1995, 1996, 1997), Р.​Волкава (1999), В.​Гагарын (1995), Я.​Гаўрылаў і Г.​Карабушчанка (1991), У.​Каралёў (1995); тройчы абс. чэмпіёнка свету І.​Цяцерская (1992, 1995, 1999) і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ФРОНТ,

форма аб’яднання шырокіх нар. мас для супольнай барацьбы супраць фашызму, таталітарызму, вайны, за мір, дэмакратыю, нац. незалежнасць, задавальненне жыццёвых патрэб. Сац. склад Н.ф., яго праграма, тактыка мяняюцца ў залежнасці ад гіст. умоў, расстаноўкі класавых і паліт. сіл унутры краіны і на сусв. арэне. Першыя Н.ф. створаны ў 1930-я г. па ініцыятыве камуніст. партый. Іх сац. аснову складаў рабочы клас, яго саюз з сялянствам, дробнабурж. коламі горада і левай інтэлігенцыяй, аснову тактыкі — распрацаваная на кангрэсах Камуністычнага Інтэрнацыянала тактыка «адзінага фронту» працоўных у барацьбе за мір і свае непасрэдныя жыццёвыя патрабаванні. Упершыню Н.ф. створаны ў Францыі ў 1935 (камуністы, сацыялісты, радыкалы і інш.). Перамога на парламенцкіх выбарах 1936 партый Н.ф. і дзейнасць сфарміраваных імі ўрадаў (1936—38, без удзелу камуністаў) далі магчымасць перашкодзіць устанаўленню фаш. дыктатуры і ажыццявіць захады для паляпшэння становішча працоўных. У 1936 Н.ф. створаны ў Іспаніі (камуністы, сацыялісты, рэспубліканцы і інш., гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39), дзе ён атрымаў перамогу на выбарах 1936 і да 1939 узначальваў барацьбу супраць ісп. фашыстаў і герм.-італьян. інтэрвентаў. У 1935—38 у Польшчы і Заходняй Беларусі ва ўмовах пагрозы вайны па ініцыятыве Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ) разгортваўся масавы Антыфашысцкі народны фронт, але гэты працэс стрымліваўся ўрадавымі рэпрэсіямі і быў фактычна спынены роспускам паводле рашэння Камінтэрна КПП і КПЗБ (1938). У Кітаі ў 1937 на аснове саюзу кампартыі з гаміньданам створаны антыяп. Н.ф., які адыграў значную ролю ў вайне супраць яп. захопнікаў. Урад Н.ф. дзейнічаў у Чылі ў 1938—41. У пач. 2-й сусв. вайны 1939—45 у краінах, акупіраваных фашыстамі, а пазней і ў краінах фаш. блока на аснове тактыкі Н.ф. разгарнуўся рух Супраціўлення. У ваен. і пасляваен. перыяд Н.ф. (у некаторых краінах наз. Айчыннымі франтамі) адыгралі значную ролю ў прыходзе да ўлады левых сіл на чале з камуніст. партыямі ў шэрагу краін Еўропы і Азіі (Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Польшча, Чэхаславакія, Кітай, В’етнам, Югаславія), у заваяванні незалежнасці народамі многіх краін Афрыкі і Азіі. У краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі Н.ф. звычайна выступаў у выглядзе нац. або патрыят. антыімперыял. фронту, яго кіруючай сілай былі рэв. прадстаўнікі інтэлігенцыі, сялянства, нац. буржуазіі. У шэрагу краін функцыі Н.ф. выконвалі ўрадавыя нац.-дэмакр. партыі. На аснове тактыкі Н.ф. прыходзілі да ўлады і дзейнічалі ўрады Нар. адзінства ў Чылі (1970—73) і Сандынісцкага фронту нац. вызвалення ў Нікарагуа (1979—90).

У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі арг-цыі тыпу Н.ф., якія стаялі на антысацыяліст. пазіцыях і з поспехам павялі барацьбу за звяржэнне ўлады камуністаў у Чэхаславакіі (Грамадз. форум), Балгарыі (Саюз дэмакр. сіл), Венгрыі (Дэмакр. форум), Румыніі (Фронт нац. выратавання), Расіі (Дэмакр. Расія) і інш. краінах. Яны выступалі пад лозунгамі дэмакратызацыі грамадскага жыцця і пераадолення эканам. крызісу шляхам пераходу да рыначнай эканомікі. Арг-цыі падобнага тыпу ў нац. рэспубліках СССР (укр. «Рух», літ. «Саюдзіс», Нар. фронт Латвіі, Нар. фронт Эстоніі, Народна-хрысц. дэмакр. фронт Малдовы, Беларускі народны фронт «Адраджэньне», Нар. фронт Азербайджана, Арм. агульнанац. рух, Нар. фронт Грузіі) разам з ідэалогіяй антыкамунізму і антысаветызму шырока выкарыстоўвалі лозунгі нац. незалежнасці, адыгралі значную ролю ў распадзе СССР і стварэнні на яго месцы самаст. дзяржаў на чале з мясц. нац. элітамі.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ВА (Warszawa),

горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц. Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс. ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.

Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст.паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл. Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл. Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.​Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл. Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.

Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.​Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.​Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.​Д.​Яўх, М.​Д.​Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.​Б.​Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.​Завадскі, Я.​Х.​Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.​Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.​Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.​Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.​П.​Айгнер, С.​К.​Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.​Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.​Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.​Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.​Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.​Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.​Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.​Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.​Роўб) і інш.

У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.​Каперніку (1828—30, Б.​Торвальдсен), А.​Міцкевічу (1898, Ц.​Гадэбскі), Ф.​Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.​Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.​Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.​Кастэн, Б.​Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.​Куцма) і інш.

У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка, Гал. б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л. Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.​Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.

Літ.:

Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;

Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;

Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;

Encyklopedia Warszawy. Warszawa, 1994.

І.​В.​Загарэц (эканоміка), Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Да арт. Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.
Да арт. Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт. Варшава. Барбакан. 1548.
Да арт. Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.
У гістарычным цэнтры Варшавы.
Да арт. Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.
Да арт. Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл. Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыя РСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас. яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.

П.​К.​Башко, М.​В.​Біч, Э.​М.​Савіцкі.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІЯ,

старадаўні магнацкі род герба «Агінец», прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзярж., грамадска-паліт. і культ. жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сваё паходжанне выводзілі ад Рурыкавічаў, у 17 ст. прынялі каталіцтва. У 17 ст. род падзяліўся на 2 галіны — старэйшую (у 17 — пач. 19 ст. карысталася графскім тытулам) і малодшую (страціла княжацкі тытул). Найб. вядомыя з роду Агінскіх:

Аляксандр (каля 1585—1667), сын Багдана, ваявода менскі (1645), кашталян трокскі (1649). Удзельнічаў у войнах супраць шведаў, рускіх, туркаў. Шыман Кароль (каля 1620—99), сын Самуэля, падкаморы віцебскі (1654), мечнік літоўскі (1680), ваявода мсціслаўскі (1685). Марцыян (1632—26.1.1690), сын Аляксандра, ваявода трокскі (1670), канцлер вялікі ВКЛ (1684). Ваяваў супраць шведаў, рускіх. Удзельнік падпісання «Вечнага міру» 1686 з Расіяй. Ян (каля 1625 — 24.2.1694), сын Самуэля, маршалак ваўкавыскі (1657), пісар польны літоўскі (1668), ваявода мсціслаўскі (1672), ваявода полацкі і гетман польны літоўскі (1682). Ваяваў супраць рускіх, туркаў, татараў, удзельнік бітвы пад Венай 1683. Рыгор Антоні (? — 17.11.1709), сын Яна, харужы вялікі літоўскі (1687), староста жмудскі (1698), гетман польны літоўскі (1703), маршалак Трыбунала ВКЛ (1706). У 1700 разбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі. Прыхільнік Аўгуста II Моцнага і Пятра I. У 1700 у час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Ігнацы (каля 1698 — сак. 1775), маршалак Трыбунала ВКЛ (1732), маршалак вялікі ВКЛ (1750), кашталян віленскі (1768). Андрэй (13.4.1740 — 12.10.1787), сын Тадэвуша Францішка, маршалак Трыбунала ВКЛ (1760), мечнік літ. (1762), рэферэндар літ. (1771), сакратар вялікі ВКЛ (1773), кашталян (1778) і ваявода трокскі (1783). Міхал Клеафас, гл. Агінскі М.К. Міхал Казімір, гл. Агінскі М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДЗЁНКА,

аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш. Асн. прычына выхаду аднадзёнак ў Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.

Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр. Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.

Літ.:

Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;

Тое ж // Спадчына. 1994. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУШЭ́ННЕ,

адвод лішніх паверхневых і грунтавых водаў з пераўвільготненых зямель, адзін з відаў меліярацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай асушальнай сістэмы. Дазваляе асвоіць новыя землі, павысіць іх урадлівасць, рацыянальна выкарыстоўваць сродкі механізацыі і хімізацыі. Аб’екты с.-г. асушэння — балоты і забалочаныя або залішне ўвільготненыя (часова ці пастаянна) землі. Праводзіцца таксама пры буд-ве, торфаздабычы, асваенні радовішчаў карысных выкапняў, ахове ад падтаплення населеных пунктаў і прамысл. аб’ектаў, у лясной гаспадарцы, з санітарна-аздараўленчымі мэтамі. Асн. спосабы асушэння: стварэнне адкрытай (каналы) і закрытай сетак (трубчасты, кратовы, шчылінны дрэнаж) з вертыкальным дрэнажом. Дадаткова робяць штучныя лагчыны, нагорныя каналы, закрытыя збіральнікі, самацёчныя свідравіны, абвалаванне, польдэры, пасадкі дрэў і інш.

Асушэнне рабілі за 3 тыс. г. да нашай эры ў Егіпце (Фаюмскі аазіс), ганчарны (Месапатамія) і мураваны (Рым) дрэнаж — за 2 тыс. г. да нашай эры. У 16 ст. нашай эры з’явіліся першыя дрэны з керамічных трубаў (Англія), з канца 18 ст. асушэнне праводзілі адкрытымі каналамі. У 19 ст. ў Еўропе і ЗША пашырыўся керамічны дрэнаж. Найб. асушаных зямель у ЗША, Канадзе, Японіі, Індыі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Польшчы, Венгрыі, Швецыі, Германіі і інш.

У Беларусі асушэнне праводзіцца з канца 18 ст., найперш на Палессі. Асушальная сетка пабудавана на 3,8 млн. га (1994), з іх 2,8 млн. га с.-г. ўгоддзі (40% ворыва, 28 — сенажаць, 27 — паша, 5% інш.).

Найб. асушаных зямель у Брэсцкай (25,3%) і Мінскай (23,6%) абласцях.

Літ.:

Маслов Б.С., Станкевич В.С., Черненок В.Я. Осушительно-увлажнительные системы. М., 1981;

Аношко В.С. Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978.

Б.​Я.​Кухараў.

Да арт. Асушэнне: пракладка асушальнага канала (злева); укладка керамічнага дрэнажу.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Слуцку, Слуцкі беларускі нацыянальны камітэт, Часовы беларускі нацыянальны камітэт Случчыны, прадстаўнічы орган бел. нац. арг-цый Случчыны ў 1918—20. Створаны ў крас. 1918. У кіраўніцтва ўвайшлі Яніслаўскі (старшыня), С.​К.​Петрашкевіч (сакратар), М.​А.​Асвяцімскі (скарбнік). Стаяў на пазіцыях Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Меў на мэце пашырэнне нац. свядомасці беларусаў, арганізацыю бел. школьніцтва, культ.-асв. гурткоў, кааператываў, матэрыяльна падтрымліваў т-ва «Папараць-кветка». У снеж. 1918 стварыў патрыятычную падп. арг-цыю «Саюз абароны краю». Пасля прыходу Чырв. Арміі на нелегальным становішчы, бальшавікі арыштавалі Яніслаўскага, В.​М.​Русака, П.​Я.​Жаўрыда і інш. Аднавіў дзейнасць у студз. 1919. У новае кіраўніцтва выбраны Жаўрыд (старшыня), У.​Дубіна, Русак, А.​Ю.​Бараноўскі і інш. Пры к-це створаны аддзелы: арганізац., культ.-асв., каап., юрыд., дабрачынны. Меў цесную сувязь і фінансаваўся Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Палітычна знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў, падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Кааптаваў сваіх членаў у мясц. органы самакіравання, праводзіў культ.-асв. работу, стварыў гар. і пав. бел. міліцыю. У маі 1920 выступіў з пратэстамі ў адрас Польшчы і Сав. Расіі, у якіх асудзіў тайныя перагаворы пра падзел Беларусі. У час наступлення Чырв. Арміі (ліп. 1920) частка членаў к-та (Петрашкевіч, Бараноўскі, Асвяцімскі, К.​Кецка і інш.) выступіла за супрацоўніцтва з сав. уладай. 1.11.1920 створаны новы склад к-та на чале з А.​Паўлюкевічам, які стаяў на пазіцыях Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На 1-м бел. з’ездзе Случчыны 14.11.1920 перадаў свае паўнамоцтвы абранай Беларускай радзе Случчыны.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІСНА́,

горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс. ж. (1995).

У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл. Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс. ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс. ж. (1959).

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.​Ленскі); паліт. справаздача ЦК КПЗБ і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.​С.​Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш. Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. Лагіновіч, С.​А.​Мертэнс, М.​А.​Блінчыкаў, Арэхва, Е.​І.​Шоламаў, М.​П.​Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.​Брун, Л.​М.​Янкоўская, І.​Ф.​Сяменнікаў, Х.​Р.​Гелер, А.​Раф; канд. ў чл. С.​М.​Малько, М.​М.​Дворнікаў, Ф.​Б.​Пірышка, Э.​К.​Аболіна, М.​С.​Майскі.

Літ.:

В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)