Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́МЦЫ (саманазва дойчэ),
народ, асн. насельніцтва Германіі (74,6 млн.чал.). Агульная колькасць 86 млн.чал. (1992). Шматлікія групы Н. жывуць у ЗША (5,4 млн.чал.), Канадзе (1,2 млн.чал.), Казахстане (958 тыс.чал.), Расіі (843 тыс.чал.), Бразіліі (710 тыс.чал.) і інш. краінах Еўропы, Азіі, Лац. Амерыкі, Паўд. Афрыкі і ў Аўстраліі. На Беларусі — 4805 чал. (перапіс 1999). Гавораць на нямецкай мове. Вернікі — пратэстанты (пераважна лютэране) і католікі. Першыя звесткі пра Н. на Беларусі адносяцца да 12 ст. (гл.Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.). У 1-й пал. 14 ст., калі вял.кн. Гедзімін запрасіў у ВКЛ рамеснікаў з ганзейскіх гарадоў Брэмен і Любек. Ў 16 ст. адбываліся перасяленні Н. у Віцебск і Полацк, дзе існавалі ням. факторыі. Першыя Н.-мігранты даволі хутка асіміляваліся ў масе гар. насельніцтва. Новы этап у гісторыі Н. на Беларусі пачаўся ў 18 ст., калі каля 1790 на тэр. Брэсцкага пав. выхадцамі з Вюртэмберга былі засн. калоніі Нойброў і Нойдорф. Паводле перапісу 1897, больш за 10 тыс. Н. жылі ў Гродзенскай губ. (найб. значная група ў раёне Беластока), больш за 7 тыс. — у Віцебскай губ. (найб. у Віцебску і Віцебскім пав.), да 4 тыс. — у Мінскай губ., да 1,8 тыс. — у Магілёўскай губ. Большасць Н. займалася с.-г. дзейнасцю, у Гродзенскай губ. — таксама апрацоўкай баваўняных вырабаў. Былі сярод іх фабрыканты, аптэкары, служачыя чыгунак, аканомы маёнткаў, рамеснікі і інш. У 1908—10 прайшла новая хваля перасялення Н. з Валыні на Бел. Палессе. Большасць Н. вызнавала лютэранства. Лютэранскія цэрквы (кірхі) былі ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску, Полацку, пры іх існавалі прыходскія ням. школы. У 1910 у Віцебску дзейнічала Ням. дабрачыннае т-ва. У пач. 20 ст. сярод Н. былі таксама прадстаўнікі баптыстаў, евангельскіх хрысціян і асабліва адвентыстаў сёмага дня. У пач. 1-й сусв. вайны многія Н. з Беларусі былі прымусова выселены ў глыб Расіі, аднак пасля вайны большасць з іх вярнулася. У сярэдзіне 1920-х г. у БССР было 7075 Н., з іх 3,5 тыс. ў Мазырскай акрузе. З 1926 існавалі 2 ням.нац. сельсаветы: Бярозаўскі ў Нараўлянскім і Анзельмаўскі (пазней імя Р.Люксембург) у Каралінскім р-нах; дзейнічалі ням.нац. школы. У канцы 1930-х г. нац.-культ. работа згорнута, у 1937 скасаваны нац. сельсаветы. У 1940-я г. ў выніку міграцый ням. насельніцтва значна скарацілася, у пасляваен. час павольна аднаўлялася за кошт перасяленняў з розных рэгіёнаў СССР.
На Беларусі ў 1990 створана т-ва Н. Беларусі «Адраджэнне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЖСКАЯ ВЯСНА́»,
рух за дэмакратызацыю паліт. і эканам. жыцця, які адбываўся ў Чэхаславакіі ў сак.—жн. 1968. З пач. 1960-х «П.в.» папярэднічаў рух за рэформы ў Кампартыі Чэхаславакіі (КПЧ); крытыка кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК (і прэзідэнтам краіны) А.Новатным, патрабаванне рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій 1940—50-х г. (каля 70 тыс. асуджаных), дэмакратызацыі партыі і дзярж. ін-таў. У студз. 1965 ЦК КПЧ ухваліў план эканам. рэформ, распрацаваны Ін-там эканомікі АН Чэхаславакіі пад кіраўніцтвам О.Шыка (мадэрнізацыя вытв. працэсу шляхам дэцэнтралізацыі, удзел рабочых у кіраванні прадпрыемствамі і інш.). У студз. 1968 пленум ЦК КПЧ адхіліў Новатнага ад пасады 1-га сакратара ЦК (у сак. пазбаўлены і пасады прэзідэнта). Кіраўніцтва партыяй і дзяржавай перайшло да рэфарматараў (А.Дубчак — 1-ы сакратар ЦК, Я.Свобада — прэзідэнт Чэхаславакіі, О.Чэрнік — старшыня СМ). У крас. 1968 пленум ЦК КПЧ прыняў «Праграму дзеянняў», што грунтавалася на плане эканам. рэформ Шыка. Пад уплывам падзей у КПЧ у краіне разгарнулася дыскусія аб рэфармаванні грамадства, ствараліся незалежныя ад КПЧ грамадскія аб’яднанні. У чэрв. 1968 пісьменнік Л.Вацулік выступіў з заявай «2000 слоў», дзе заклікаў народ узяць справу дэмакр. рэформ у свае рукі. 10.8.1968 надрукаваны праект новага статута КПЧ, які прадугледжваў яе дэмакратызацыю, раўнапраўе чэш. і славацкіх камуністаў. КПСС і ўлады СССР бачылі ў «П.в.» небяспеку для сацыяліст. садружнасці і таму аказвалі паліт. і ваен. ціск на кіраўнікоў Чэхаславакіі, якія ў пач.жн. афіцыйна запэўнілі іх у вернасці краіны сацыялізму і Варшаўскаму дагавору 1955. 21.8.1968 па ініцыятыве СССР у Чэхаславакію ўведзены войскі СССР, Балгарыі, Венгрыі, ГДР і Польшчы. Уварванне асудзілі ўсе парт. і дзярж. структуры Чэхаславакіі і XIV з’езд КПЧ (22.8.1968, пазней абвешчаны несапраўдным). Аднак кіраўніцтва КПЧ было вывезена ў Маскву, дзе яго прымусілі да абавязацельства «нармалізаваць» сітуацыю ў Чэхаславакіі, г.зн. ліквідаваць «П.в.». Паступова пад ціскам СССР рэфарматары ў кіраўніцтве КПЧ і Чэхаславакіі (акрамя Л.Свобады) адхілены ад пасад, у т. л. ў крас. 1969 Дубчак, у вер. Чэрнік; з КПЧ выключаны каля 600 тыс. удзельнікаў «П.в.». «П.в.» шмат у чым прадвызначыла шляхі развіцця сацыяліст садружнасці і яе крушэнне, а таксама характар і асаблівасці «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 у Чэхаславакіі.
Літ.:
Чехословакия конца 60-х гг.: Социализм с человеческим лицом. М., 1991;
Млынарж З. Мороз ударил из Кремля: Пер. с чеш. М., 1992;
Майоров А.М. Вторжение. Чехословакия, 1968: Свидетельства командарма. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЦЯГНЕ́ННЕ,
гравітацыя, універсальнае ўзаемадзеянне паміж любымі відамі матэрыяльных аб’ектаў, абумоўленае іх масамі і ўсімі відамі энергіі, што існуюць у фіз. сістэме; імкнецца зменшыць адлегласць паміж целамі. Найб. слабае з вядомых тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл.Гравітацыйнае ўзаемадзеянне), але з прычыны неабмежаванага радыуса дзеяння адыгрывае асн. ролю ў макраскапічных маштабах: вызначае сілу цяжару (вагу цела), паскарэнне свабоднага падзення, рух і будову нябесных цел, структуру і эвалюцыю зорак, галактык і ўсяго Сусвету.
П. ажыццяўляецца пры дапамозе гравітацыйнага поля, якое аднолькава дзейнічае на розныя целы незалежна ад іх масы, хім. саставу і інш.Асн. характарыстыка матэрыяльнага аб’екта як крыніцы П. — яго гравітацыйная маса. Для слабых гравітацыйных палёў і нерэлятывісцкіх скарасцей руху цел выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Класічная тэорыя П. дае магчымасць тлумачыць многія з’явы на Зямлі і ў космасе. рашаць важныя прыкладныя задачы. Аднак яна не тлумачыць прыроду П. і рух перыгелія планеты Меркурый, не ўзгадняецца са спец.адноснасці тэорыяй і непрыдатная ў выпадку моцных палёў П. і руху часціц у гэтых палях са скарасцямі, блізкімі да скорасці святла. Рэлятывісцкае абагульненне ньютанавай тэорыі П. — агульная тэорыя адноснасці створана А.Эйнштэйнам (1915—16). Агульнарэлятывісцкія ўраўненні поля П. (ураўненні Эйнштэйна) звязваюць геам. характарыстыкі прасторы-часу з фіз. характарыстыкамі гравітуючай матэрыі. Паводле эйнштэйнаўскай тэорыі П. гравітацыя ёсць праяўленне скрыўлення прасторы-часу (адхіленне яе геаметрыі ад эўклідавай), якое выклікаецца масай рэчыва і ўсімі ’відамі энергіі, што існуюць у гравітуючай сістэме. Таму П. залежыць не толькі ад размяшчэння цел у прасторы, але і ад характару іх руху, размеркавання ціску і нацяжэнняў у гэтых целах, наяўнасці эл.-магн. і інш.фіз. палёў. З агульнай тэорыі адноснасці вынікае, што рухомая (напр., вярчальная) матэрыяльная сістэма стварае дадатковае поле П., аналагічнае магн. полю рухомых эл. зарадаў, а змяненні (хвалі) гравітацыйнага поля распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. Таму шэраг важнейшых вывадаў тэорыі Эйнштэйна (існаванне гравітацыйнага выпрамянення, гравітацыйнага радыуса, чорных дзір і інш.) якасна адрозніваецца ад вывадаў ньютанаўскай тэорыі П. Асн. палажэнні і назіральныя прадказанні эйнштэйнаўскай тэорыі П. пацверджаны астр. назіраннямі і эксперыментамі ў зямных умовах; агульная тэорыя адноснасці з’яўляецца тэарэт. фундаментам сучасных нябеснай механікі, астраметрыі, астрафізікі і касмалогіі.
Літ.:
Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971;
Вейнберг С. Гравитация и космология: Пер. с англ.М., 1975;
Мизнер Ч., Торн К., Уилер Дж. Гравитация: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1977;
У илл К.М. Теория и эксперимент в гравитационной физике: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫ́НЫ,
княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калбата́ць ’мяшаць, збіваць яйкі з мукой’ (гродз., Мат. АС), калбоціць, калбаціць, калбуціць ’рашчыняць’, ’замешваць’, ’боўтаць’ (гродз., Сл. паўн.-зах.), калбоціцца ’боўтацца, пералівацца’ (Сцяшк. МГ), ’боўтацца, пялёскацца’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Сюды ж і вытворныя: калбочаная яешня, калбатуха ’амлет, страва з малака, мукі, яец, перамешаных і спечаных на сале’ (Сцяшк. МГ), калбатун ’баўтун, неаплодненае яйцо’ (ашм., воран., іўеў., Сл. паўн.-зах.), калбатуха ’непрыгодная для яды страва, бурда’ (смарг., Сл. паўн.-зах.). Паводле фармальнага крытэрыю і лінгвагеаграфіі (слова прадстаўлена толькі на захадзе Гродзенскай вобласці) верагодней суаднесці яго з літ.kalbė́ti ’гаварыць’. Тут цікавы выпадак, калі ў прамым значэнні ’гаварыць’ слова не зафіксавана, ёсць толькі двухсэнсоўныя прыклады, такія, як калбатун ’балбатун’ («Калбатун кажуць на таго, хто многа гаворыць», лід., Сл. паўн.-зах., 2, 371). Двухсэнсоўны прыклад таму, што калбатун ’балбатун’ можа быць наватворам на базе калбатаць ’боўтаць’ > ’балбатаць’, аднак больш імаверна, што дэрыват суаднесены з калбатаць ’гаварыць’ або, дакладней, з экспрэсіўным варыянтам ’гаварыць’ — ’балбатаць’. Тут цікавы выпадак працэсу, пры якім суаднесеныя па адной прыкмеце запазычаны і спрадвечныя дзеясловы ўзаемадзейнічаюць такім чынам, што запазычаны — калбатаць (і інш. формы) атрымлівае прамую семантыку бел.баўтаць. Парадаксальным з’яўляецца тое, што былі суаднесены толькі пераносныя значэнні абодвух слоў, а за літуанізмам замацавана адно з асноўных значэнняў дзеяслова боўтаць. Запазычанае слова да таго ж было па-рознаму адаптавана (гл. формы вышэй), гэта, аднак, можна разглядаць і як пазнейшыя трансфармацыі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́лка1 ’галка, птушка Corvus monedula’ (слонім., Арх. Бяльк.; Сцяшк.Сл. паўн.-зах.). Польск.kawka ’тс’. Фанетыка бел. слова сведчыць аб больш складаным працэсе, хоць сам факт запазычання або ўплыву польск. формы выключыць нельга, аб чым сведчыць і лінгвагеаграфія. Ёсць і іншая магчымасць тлумачэння: калка < галка (апошняя форма адзначана па галоўнай тэрыторыі, Сл. паўн.-зах.) у выніку існавання дублетаў к‑ і г‑ у запазычаных словах, калі форма з к‑ успрымаецца або як адаптаваная, або як спрадвечная. Гэта, аднак, менш верагодна.
Ка́лка2, у Доўн.-Зап., 3, 39: «Кидайса, метайса, завиваты не давайса! Кинь калку (кибалку?) хочъ пидъ лаўку, Сама выбежъ на вулоньку!». Далей аўтар адзначае калка кибалка ’жаночы галаўны ўбор’ і спасылаецца на аналагічныя кантэксты ў Янчука і Чубінскага; паводле гэтага можна меркаваць, што слова было вядома на зах. Палессі дастаткова шырока. Этымалогія няясная; можна суаднесці з калка1, паколькі ў шэрагу назваў сустракаюцца падобныя намінацыі; параўн. рус.дыял. тэрміны для жаночага галаўнога ўбору кокошка і сорока. Па розных прычынах гэта меркаванне маланадзейнае; магчыма, неабходна параўноўваць з бел.галка ’круглы, гладкі камень, якім таўкуць перац, гарчыцу’, галкі ’галушкі, клёцкі; печыва з мукі і тоўчанай бульбы’, аб першаснай семантыцы якіх сведчаць бел.галы ’ягадзіцы’, славац.hálka ’шарык’, польск.galka ’шар, булдавешка’ і інш. Падобная семантыка дапускае параўнанне гэтых лексем з разглядаемым словам; аднак паводле фактычнага крытэрыю такое збліжэнне недакладнае.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Калохаць, калохаты ’пужаць’ (драг., З нар. сл.). Іншых фіксацый гэтай лексемы ў бел. гаворках як быццам няма. Адпаведнік да палес. слова ва ўкр. мове — колошкати ’тс’; Грынчэнка (2, 372) прыводзіць цікавы кантэкст з Паўлаградскага павета: «Я гнав овець до старости, а вони два перебігли та й давай мені колошкати овець: кшикають на вівці, одбивають од мене. Я кричу: не полохайте, а вони колошкаюць». Тут ужываюцца разам і колошкати і полохати. Выпадкаў, калі гукі ‑п‑ і ‑к‑ у пачатку суадносяцца, вельмі мала, аднак яны ёсць і выкліканы рознымі прычынамі (метатэзы складу ў слове, кантамінацыя і да т. п.), таму магчымае суаднясенне полохати і колохати ў прынцыпе цалкам натуральнае. З адпаведнікаў звяртае ўвагу рус.калін.колохнуть ’мерзнуць’, аднак прыклад вельмі двухсэнсоўны па ўтварэнню і сюды, відаць, не адносіцца (хоць можна разумець і як першапачатковае ’трэсціся і да т. п.’). Далей, магчыма, сюды адпаведнае па форме да ўкр. прыкладу колошкацца ’корпацца, марудзіць’ (дзятл., Сл. паўн.-зах.), паколькі такое значэнне з’яўляецца агульным для самых розных лексем. Збліжэнне тым больш магчымае, што для бел. дзеяслова можна меркаваць аб розных першапачатковых значэннях, з якіх пазней развілося ’палохаць’. Калі меркаваць па форме ўтварэння, можна бачыць тут архаічную структуру (< *kolxъ). Экспрэсіўнае ўтварэнне (гукапераймальнае) з нерэгулярнай фанетыкай. У такім выпадку звяртае на сябе ўвагу рус.тамб.талашиться ’мітусіцца, кідацца і да т. п.’. Разам з тым супастаўленне гэта не вельмі дакладвае і далейшая гісторыя слоў няясная.