СЕЛІХА́НАЎ (Сяргей Іванавіч) (8.3.1917, С.-Пецярбург — 28.9.1976),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1963). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1937). Працаваў у манум. і станковай скульптуры. Манум. творы вызначаюцца выразнай пластыкай, якая дасягаецца свабоднай энергічнай лепкай, яснасцю і дакладнасцю сілуэта, глыбокай змястоўнасцю вобразнага вырашэння: кампазіцыя «Беларусь працоўная» (1950) і фігура Героя Сав. Саюза К.​С.​Заслонава (1951) для бел. павільёна ВДНГ СССР, партрэты вучонага А.​Р.​Сталетава для Маск. ун-та і рус. пісьменніка М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына (абодва 1952), гарэльефная кампазіцыя «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954). Аўтар помнікаў Заслонаву ў г. Орша (1955, арх. Г.​Сысоеў), Герою Сав. Саюза М.​Казею ў Мінску (1958, арх. В.​Волчак), партызанам Л.​Чалоўскай у г. Барысаў (1958), І. і М. Цубам каля в. Вялікі Лес Салігорскага р-на (1961, арх. В.​Занковіч, Л.​Левін), У.​І.​Леніну ў г. Столін (1980, з В.​Палійчуком, арх. Ю.​Казакоў), на магіле ахвяр фашызму ў г. Браслаў (пастаўлены ў 1981), скульпт. кампазіцыя «Няскораны чалавек» у мемарыяльным ансамблі Хатынь (1969), мемарыяльны комплекс у гонар перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне ў в. Старыца Капыльскага р-на (1975). У станковай скульптуры псіхалагізмам і дакладнай перадачай характарных рыс вызначаецца галерэя партрэтаў героя грамадз. вайны Я.​Фабрыцыуса (1959), Герояў Сав. Саюза Р.​Н.​Мачульскага, І.​С.​Жыгарава (абодва 1970), А.​Ф.​Данукалава (1975), У.​Е.​Лабанка (1976), мастака А.​Мазалёва (1956), нар. паэтаў Беларусі Я.​Купалы (1959), Я.​Коласа (1967) і інш. Станковыя кампазіцыі: «К.​Я.​Варашылаў на манеўрах» (1940), «Вызваленне» (1948), «Абаронім дзяцей» (1957), «Апошні бой» (1964), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1965) і інш.

Літ.:

Кавалёў А.Ф. Сяргей Селіханаў. Мн., 1978.

Э.​А.​Петэрсон.

С.І.Селіханаў.
С.Селіханаў. Няскораны чалавек. Скульптурная група мемарыяльнага комплексу «Хатынь». 1969.

т. 14, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-СІМО́Н (Saint-Simon) Клод Анры дэ Руўруа

(de Rouvroy; 17.10.1760, Парыж — 19.5.1825),

французскі мысліцель, сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Са стараж. роду франц. арыстакратаў. Вучань Ж.​Л.​Д’Аламбера. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. У гады франц. рэвалюцыі 1789—94 далучыўся да якабінцаў, але потым адышоў ад іх. З 1797 займаўся навук. дзейнасцю. Асн. творы: «Пісьмы жэнеўскага жыхара да сучаснікаў» (1803), «Аб прамысловай сістэме» (1821), «Катэхізіс прамыслоўцаў» (1823—24), «Новае хрысціянства» (1832), «Нарыс навукі пра чалавека», «Праца пра сусветнае прыцяжэнне» (абодва 1859). Паводле С.-С., грамадства ў сваім развіцці праходзіць шэраг ступеняў — ад першабытнай праз рабства да феад.-саслоўнага ладу. Рухаючай сілай яго выступаюць ідэі (рэліг., метафіз., навук.) і «індустрыя» (эканам. дзейнасць людзей). Кожная ступень грамадства характарызуецца стваральнай («арганічнай») і разбуральнай («крытычнай») стадыямі. На «крытычнай» стадыі феад.-саслоўная сістэма замяняецца новай, т.зв. «прамысловай сістэмай», якая грунтуецца на навук. ведах, планаванні гаспадаркі, размеркаванні па здольнасцях, абавязковай для ўсіх грамадзян працы і г.д. У якасці базавых прынцыпаў функцыянавання ідэальнага грамадства С.-С. прапанаваў навук. арг-цыю працы, адмену права на спадчыну, грамадскую лесвіцу, як строгую «іерархію здольнасцей». Лічыў, што ў выніку радыкальных пераўтварэнняў у паліт. і эканам. сферах мірным шляхам будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця індывід. здольнасцей кожнага чалавека ў адпаведнасці з яго прыродай, будзе выключана магчымасць эксплуатацыі чалавека чалавекам, сфарміруецца адзіны клас — «індустрыялаў»; важную ролю ў пераадольванні сац. супярэчнасцей, кансалідацыі розных сац. слаёў будзе адыгрываць новая рэлігія — «новае хрысціянства».

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. М.;

Пг., 1923;

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1948.

Літ.:

Плеханов Г.В. Французский утопический социализм XIX в. // Избр. филос. произв. М., 1957. Т. 3;

Волгин В.П. Сен-Симон и сен-симонизм. М., 1961;

Кучеренко Г.С. Сен-симонизм в общественной мысли XIX в. М., 1975.

Т.​І.​Адула.

А.Сен-Сімон.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),

сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх. Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.

Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.

Сланы: 1 — афрыканскі; 2 — індыйскі.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́ЎКА (Пятрусь) (Пётр Усцінавіч; 25.6.1905, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 24.3.1980),

бел. паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1966, чл.-кар. з 1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў БДУ (1931). З 1918 працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім ваен. камісарыяце, справаводам у валвыканкоме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета. У 1925 накіраваны на працу ў Полацкі акр. к-т ЛКСМБ. У 1927—28 адказны сакратар газ. «Чырвоная Полаччына». З 1940 рэдактар час. «Полымя». У 1941—42 працаваў у франтавой газ. «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партыз. друку. З 1943 адказны сакратар СП БССР, з 1945 рэдактар час. «Полымя». У 1948—67 старшыня праўлення СП БССР, у 1967—80 гал. рэдактар выд-ва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».

Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі «Гады як шторм» і «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» (1931). Ранняя лірыка прасякнута матывамі ўслаўлення рэвалюцыі, новай рэчаіснасці. Пераадольваючы пэўную рытарычнасць і рамант. схематызм, паэт авалодваў прынцыпамі канкрэтна-рэаліст. адлюстравання жыцця (зб. «Прыход героя», 1935). У героіка-рамант. паэме «Праз горы і стэп» (1932), прысвечанай падзеям грамадз. вайны, і рэаліст.-быт. Паэме «1914» (1935) канкрэтнасць лірычнага перажывання, праўдзівасць у раскрыцці чалавечых характараў. У зб-ках «Вясна Радзімы» (1937) і «Шляхамі баравымі» (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка. Паэт плённа вучыцца ў Я.​Купалы, арганічна засвойвае асаблівасці нар.-паэт. мыслення, часцей звяртаецца да лірыка-песенных формаў. У гады Вял. Айч. вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэаліст. змест паэзіі Броўкі, узмацняецца яе патрыят. гучанне. Подзвіг народа, тэма вернасці Радзіме, пераемнасці гераічных традыцый атрымалі глыбокае лірычнае і шырокае эпічнае ўвасабленне ў «Паэме пра Смалячкова» (1943), паэмах «Беларусь» (1943) і «Ясны кут» (1944), вершах «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка», «Рана», «Магіла байца», «Будзем сеяць, беларусы!». Многія творы Броўкі пасляваен. часу (паэма «Паланянка», 1945; вершы «Парк Перамогі», «Смерць героя») яшчэ звязаны з яго франтавой лірыкай, але пафас творчасці паэта вызначае тэма мірнай працы (паэма «Хлеб», 1946). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зб-ках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), рамане «Калі зліваюцца рэкі» (1956, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1959; па матывах рамана балет Г.​Вагнера «Святло і цені», паст. 1963). У некаторых творах гэтага часу ілюстрацыйнасць, святочная параднасць, ідэалізацыя дасягненняў. За паэму «Хлеб», вершы «Думы пра Маскву», «Брат і сястра», «Народнае дзякуй», «Каб мне стаць...», «Спатканне» прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1947. У 1960—70-я г. ўзмацнілася ўвага паэта да маральна-этычных, агульначалавечых праблем, шырокае гучанне набыла інтэрнац. тэма. У паэзіі дасягнуў цэласнасці лірычнага характару, гарманічнасці ў выяўленні асабістага і грамадскага. Творчасць Броўкі напоўнілася матывамі, звязанымі з асабістай біяграфіяй, з камсамольскім юнацтвам, маладосцю, авеянымі героікай рэв. барацьбы. Вяршынным дасягненнем творчасці Броўкі сталі зб-кі «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Заўсёды з Леніным» (1967), «Між чырвоных рабін» (1969, Дзярж. прэмія БССР імя Я.​Купалы 1970), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень і ўночы...» і кніга прозы «Разам з камісарам» (1974). У паэме «Голас сэрца» (1960) пранікнёна адгукнулася памяць пра маці, закатаваную ў фаш. канцлагеры. Броўка — паэт высокага грамадз. пафасу, мастак з ярка выяўленай рамант. патэтыкай і песенна-лірычнай накіраванасцю. Яго паэзіі ўласціва адкрытая публіцыстычнасць, маштабнасць, народнасць маст. мыслення, прастата рэаліст. светаадчування. Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны», «Алеся» (з Я.​Рамановічам). На бел. мову перакладаў творы Т.​Шаўчэнкі, У.​Маякоўскага, П.​Тычыны, М.​Бажана, А.​Твардоўскага, М.​Ісакоўскага, А.​Пракоф’ева, У.​Бранеўскага, Дж.​Байрана і інш. Дзярж. прэмія БССР 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—7. Мн., 1975—78;

Зб. тв. Т. 1—9. Мн., 1987—92.

Літ.:

Ярош М. Пятрусь Броўка: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Васілеўскі М.С., Каваленка М.А. Пятрусь Броўка: Бібліягр. паказ. 2 выд. Мн., 1976.

В.​У.​Івашын.

П.Броўка.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існуе ў Гомелі з ліст. 1954. Адкрыўся спектаклем «Гады вандраванняў» А.​Арбузава. Напачатку ставіліся пераважна п’есы сав. драматургаў: «Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава, «Крылы» А.​Карнейчука, «У добры час!» В.​Розава, «Каханне Ані Бярозкі» У.​Пісталенкі і інш. З 1956 у рэпертуары пачалі з’яўляцца бел. творы: «Глыбокая плынь» паводле І.​Шамякіна, «Непрымірымасць» і «У бітве вялікай» А.​Маўзона. Зрэдку ставіліся класічныя п’есы: «Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вегі, «Дон Сезар дэ Базан» А.​Дэнеры і Ф.​Дзюмануара, «Васа Жалязнова» М.​Горкага. Канец 1950 — пач. 1960-х г. у творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Л.Эльстона і Ю.Арынянскага. Сярод значных пастановак: «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка, «Сэрца на далоні» І.​Шамякіна, «Выклік багам» А.​Дзялендзіка, «Угрум-рака» паводле В.​Шышкова, «Інтэрвенцыя» Л.​Славіна, «Перад вячэрай» Розава, «104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага, «Зімовая казка» У.​Шэкспіра. Асабліва плённай была дзейнасць т-ра ў 2-й пал. 1960 — 1-й пал. 1970-х г. (маст. кіраўнік І.Папоў), калі стабілізаваўся акцёрскі калектыў, вырасла выканаўчае майстэрства. Спектаклі вызначаліся творчым пошукам, глыбінёй спасціжэння драматургіі, псіхалагізмам, тонкай распрацоўкай характараў, сцэн. культурай, ансамблевасцю. Сярод лепшых пастановак: «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Разлом» Б.​Лаўранёва, «Пасля пакарання смерцю прашу...» В.​Долгага, «Маё сэрца з табою» Ю.​Чупрына, «Не трывожся, мама!...» Н.​Думбадзе, «Беспасажніца» і «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Атэла» Шэкспіра. Цікавае сцэн. ўвасабленне набылі «Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і Папова, «Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага, «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Грэшнае каханне» і «Амазонкі» Дзялендзіка. Спектаклі «Жыццё ўсяго адно» А.​Маўзона, «Залатая карэта» Л.​Лявонава і «Першы грэх» А.​Каламійца (рэж. усіх Папоў) у 1972 адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі. У 2-й пал. 1970-х г. т-р перажыў перыяд творчай нестабільнасці, істотныя змены адбыліся ў трупе. Канец 1970 — 1-я пал. 1980-х г. звязана з дзейнасцю рэж. В.​Кручкова, які асаблівую ўвагу надаваў знешняй культуры, дынамізму, пластыцы, музыкальнасці пастановак. Сярод іх: «Жывы партрэт» А.​Марэта, «Як вярнуць мужа?» («Ілгуха») Л.​Эніка і А.​Дадэ. Значнымі былі пастаноўкі бел. твораў: «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа, «Ладдзя роспачы» паводле У.​Караткевіча, «Гора і слава» А.​Петрашкевіча, «Узлёт» А.​Дударава. У 2-й пал. 1980 — пач. 1990-х г. т-р зноў апынуўся ў крызісным становішчы. Спектаклі не вызначаліся навізной, маст. вартасцю. З 1993 маст. кіраўнік т-ра У.Караткевіч. Сярод пастановак апошніх гадоў: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Звар’яцелы Альберт» С.​Кавалёва паводле Я.​Баршчэўскага, «Купала» А.​Дударава, «Цудоўная казка — прыгожая песня» А.​Міхайловіча паводле бел. нар. казак «Лёгкі хлеб» і «Музыкі», «Прыгажун-мужчына» А.​Астроўскага, «Тайна адной споведзі» Б.​Васільева, «Гульня і не больш» Д.​Фо. У розныя гады ў т-ры працавалі акцёры: М.​Цурбакоў, Л.​Гамуліна, Л.​Гарбунова, Т.​Скарута, С.​Давыдаў, А.Г. і А.​С.​Каменскія, М.​Маліноўскі, У.​Слаўкоў, М.​Кукліна, Р.​Сувораў, Л.​Усанава, Я.​Дашкоў, Л.​Сторажава, П.​Філіпаў; рэжысёры: С.​Гурыч, Я.​Батурын, Б.​Насоўскі, В.​Шутаў, В.​Яснагародскі, Г.​Вагаў, В.​Бартосік; мастакі: А.​Ясафава, А.​Свішчоў, М.​Гафт, А.​Белазёраў, А.​Кляўзер, Дз.​Мохаў. У складзе трупы (1997): нар. арт. Беларусі Н.​Карнеева, засл. арт. Беларусі Ф.​Іваноў, Л.​Лаўрыновіч, М.​Пало, В.​Чэпелеў, Ю.​Шэфер і інш.

Будынак т-ра ўзведзены ў 1956 (праект 1941, арх. А.​Тарасенка). Прамавугольны ў плане аб’ём мае сіметрычную прасторавую кампазіцыю. Па гал. восі размешчаны цэнтр. ўваход, вестыбюльная група памяшканняў, глядзельная зала партэрна-яруснага тыпу на 800 месцаў, развітая сцэн. каробка. Гал. фасад уяўляе сабой 6-калонны порцік з франтонам, багата дэкарыраваны скульптурай. Калонам карынфскага ордэра адпавядаюць пілястры па перыметры будынка. Інтэр’еры асн. памяшканняў аздоблены лепкай.

А.​В.​Сабалеўскі, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Будынак Гомельскага абласнога драматычнага тэатра.
Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Гора і слава» А.​Петрашкевіча.
Гомельскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Подых навальніцы» паводле І.​Мележа.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯРО́БСТВА,

1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.

У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв. вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн. т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн. т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн. т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн. т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв. вытв-сць склала 283,3 млн. т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).

Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл. табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал. тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб. пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.

2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.

Т.​Л.​Казакова.

Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс. т) у гаспадарках усіх катэгорый
1980 1990 1996
Збожжавыя і зернебабовыя 4108 7035 5786
Ільновалакно 61 52 49
Цукровыя буракі 1122 1479 1011
Бульба 9333 8590 10 881
Агародніна 733 749 1204
Плады і ягады 414 373 439

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вайна́, ‑ы; мн. войны, ‑аў; ж.

1. Адкрытая ўзброеная барацьба паміж дзяржавамі, народамі, плямёнамі або грамадскімі класамі. Першая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна. Вызваленчыя войны. □ Руская рэвалюцыя аб’явіла Еўропе аб адкрытай вайне рускага народа з царызмам. Ленін.

2. перан. Стан варожасці; барацьба з кім‑, чым‑н. Эканамічная вайна. Аб’явіць вайну бракаробам.

•••

Акопная вайна — пазіцыйная вайна.

Грамадзянская вайна — узброеная класавая барацьба ўнутры дзяржавы.

Каланіяльныя войны — войны, якія вядуцца імперыялістычнымі дзяржавамі з мэтай заваявання калоній або захавання свайго панавання над імі.

Прэвентыўная вайна — вайна, якая мае мэтай папярэдзіць або прадухіліць напад праціўніка.

Рэйкавая вайна — адзін з відаў партызанскай барацьбы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, які праяўляўся ў татэмістычным разбурэнні чыгуначных пуцей у тыле ворага.

Халодная вайна — варожа-агрэсіўная палітыка імперыялістычных дзяржаў у адносінах: да СССР і іншых сацыялістычных краін ва ўмовах афіцыйнага міру.

Бог вайны гл. бог.

Развязаць вайну гл. развязаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамяшацца, пераплесціся ў беспарадку; пераблытацца. Валасы зблыталіся. □ Вада расплёхалася, а кветкі зблыталіся, намоклі. Баранавых. // Пераплесціся, счапіцца з чым‑н. Чорная густая чупрына зблыталася з свежай травою. Бядуля. // перан. Страціць выразнасць, дакладнасць; змяшацца. Думкі зблыталіся. □ І пякучая крыўда, і боль, і страх, што пан можа пакараць за яго бацькоў, — усё зблыталася ў адзін клубок. Пальчэўскі.

2. Разм. Дапусціць памылку ў чым‑н.; збіцца. Зблытацца ў падліку. □ А Лёня не разгубіўся: — Я ж акурат так пачынаў рашаць гэты прыклад, ды толькі крышачку зблытаўся. Васілевіч. // Згубіць сувязь у думках, словах; заблытацца. [Байкоў] прыкметна хваляваўся, глядзеў у паперку, каб не зблытацца. Шамякін.

3. Разм. Звязацца з кім‑н., уступіць у якія‑н. сувязі, адносіны (звычайна ганебныя). Зблытацца з бандытамі. □ Адслужыўшы два гады ва ўланах, .. [Зыгмусь] зблытаўся з жонкай настаўніка гарэліцкай сямігодкі. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамяні́цца, ‑мянюся, ‑менішся, ‑меціцца; зак.

1. Стаць іншым, змяніцца. Характар перамяніўся. Надвор’е перамянілася. □ Многае перамянілася за апошнія два гады ў калгасе. Дуброўскі. Як [Зоня] перамянілася, як папрыгажэла за гэты час!.. Кулакоўскі. // да каго. Змяніць свае адносіны да каго‑, чаго‑н. Да .. [Івана] раптам перамяніліся ўсе дружбакі. Быкаў. Я доўга думаў, што б такое зрабіць, каб мама перамянілася да іх [Алежкі і Федзі], і нават раіўся з сябрукамі. Скрыпка.

2. Разм. Замяніцца, змяніцца іншым, новым. — Не адзін полк за той час у тым горадзе перамяніўся. Чорны. — Яе ж у калгасе сустрэлі ў штыкі .. Перамянілася восем мужыкоў — старшынь, не хапала яшчэ бабы... Васілевіч. // Абмяняцца кім‑, чым‑н. з кім‑н. Чамусьці сюды захацеў перасесці Горык Шаблоўскі. Ён пачаў прасіць Васю Чэпелева перамяніцца з ім месцамі. Сапрыка. // у што. Разм. Пераадзецца. Перамяніцца ў чыстае. Перамяніцца ў будзённае. □ Гальвас, не маючы ўжо і бялізны перамяніцца, стараўся адчапіцца ад свайго слугі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першацве́т, ‑у, М ‑цвеце, м.

1. Аднагадовая або шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна сямейства першакветных з жоўтымі кветкамі, сабранымі ў парасонападобнае аднабокае суквецце, якая цвіце ранняй вясной.

2. Тое, што і прымула.

3. Пра травяністыя расліны, якія пачынаюць цвісці ранняй вясной. Выпаўзаюць на свет Праз вільготны пясок Сінь-пралескі і тварыкі чысцяць... Добры дзень, першацвет! Чарнушэвіч.

4. зб. Цвет, які з’явіўся ўпершыню ў жыцці пэўнай расліны. — А ці помніш цяпер ты, Кандраце, Як калісь першацвет абрывалі мы ў садзе? — Помню, помню, ды з песняй яшчэ, ды з якою: Зацвітаюць сады над Бярозай-ракою. Зарыцкі. // Першы, ранні, свежы цвет. Як над бруістаю быстраю рэчкаю Пахнуць лілеі, аер і чарот, І першацвет далікатны парэчкавы, І чарназём той, што вывернуў крат, Тры гады не удыхаў. Барадулін. Пад кронамі стаіўся вецер; баіцца патрывожыць ён галіны ў душным першацвеце, пчаліны на пялёстках звон. Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)